wd wp Пошук:

Стаўбцоўскі раён

Стаўбцоўскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Мінскай вобласці Беларусі. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Пасля ліквідацыі Баранавіцкай вобласці ў студзені 1954 года ўвайшоў у склад Мінскай вобласці. У сучасных граніцах існуе з 1965 года. Падзелены на 16 сельскіх саветаў.

Геаграфічнае становішча

Раён на захадзе Мінскай вобласці. Мяжуе з Валожынскім, Дзяржынскім, Уздзенскім, Нясвіжскім і Капыльскім раёнамі Мінскай вобласці, з Карэліцкім, Навагрудскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці.

Прырода

Значная частка раёна занятая Стаўбцоўскай раўнінай, якая на паўночным захадзе пераходзіць у Верхнянёманскую нізіну, на паўночным усходзе размешчаная частка Мінскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 180—200 м, максімальная 340 м (гара Дубовая каля вёскі Вірлавічы).

Галоўная рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса і Альхоўка. Найвялікшае возера — Кромань.

Беларускімі геолагамі адкрыта Аколаўскае радовішча жалезных руд, таксама распрацоўваюцца радовішчы будаўнічага пяску і гліны.

Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,4 °C, ліпеня 17,7 °C. Сярэднягадавая колькасць ападкаў складае 635 мм. Вегетацыйны перыяд — 190 дзён.

Лясы (44 % тэрыторыі раёна) хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаалешнікавыя. На паўночным захадзе раёна частка Налібоцкай пушчы. Ландшафтны заказнік дзяржаўнага значэння Налібоцкі (частка).

Гісторыя

Стаўбцоўскі раён ў складзе Баранавіцкай вобласці. 1940

Стаўбцоўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Цэнтр — горад Стоўбцы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Апечкаўскі, Аталезаўскі, Варацішчанскі, Гавезнаўскі, Задворскі, Залужскі, Засульскі, Мікалаеўшчынскі, Навасвержанскі, Пагарэлецкі, Ператоцкі, Старынскі, Шашкоўшчынскі, Ячонскі. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Апечкаўскі і Пагарэлецкі сельсаветы. 26 жніўня 1961 года Задворскі сельсавет перайменаваны ў Слабадскі. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Літвенскі, Прудскі, Рубяжэвіцкі, Хотаўскі сельсаветы скасаванага Івянецкага раёна, 25 снежня 1962 года — гарадскі пасёлак Івянец, Волменскі, Зарачанскі, Падневіцкі сельсаветы скасаванага Валожынскага раёна. 8 чэрвеня 1963 года Ячонскі сельсавет перайменаваны ў Заямнаўскі, Прудскі — у Налібацкі. 4 студзеня 1964 года скасаваны Ператоцкі і Старынскі сельсаветы. 27 кастрычніка 1964 года Гавезнаўскі сельсавет перайменаваны ў Вішнявецкі. 6 студзеня 1965 года гарадскі пасёлак Івянец, Волменскі, Зарачанскі, Падневіцкі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Валожынскаму раёну. 5 сакавіка 1981 года Хотаўскі сельсавет перайменаваны ў Хатаўскі. 14 снежня 1983 года з часткі Літвенскага і Хатаўскога сельсаветаў утвораны Цясноўскі сельсавет. 29 чэрвеня 2006 года з часткі Слабадскога сельсавета ўтвораны Наваколасаўскі сельсавет. 30 кастрычніка 2009 года скасаваны Слабадскі сельсавет[4]. 24 снежня 2011 года Залужскі сельсавет перайменаваны ў Старасвержанскі[5]. 28 мая 2013 года скасаваны Аталезскі, Варацішчанскі, Засульскі і Цясноўскі сельсаветы[6].

Насельніцтва

Нацыянальны склад насельніцтва Стаўбцоўскага раёна (па выніках перапісу 2009 г.)
Размеркаванне насельніцтва Стаўбцоўскага раёна па гутарковай мове (па выніках перапісу 2009 г.)

Стаўбцоўскі раён налічвае 201 населены пункт, у якіх пражывае 43,7 тыс. чал. (2008). Гарадское насельніцтва складае 35 %, сельскае — 65 %. Статыстыка мінулых гадоў:

Гаспадарчая дзейнасць

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і вырошчванні буракоў. Вырошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, бульба. Працуюць прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, паліўнай, машынабудаўнічай прамысловасці.

Транспарт

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгунка і аўтамабільная дарога Мінск — Брэст, аўтамабільная дарога Івянец — Стоўбцы — Нясвіж, газаправоды Таржок (Расія) — Мінск — Івацэвічы (з адгалінаваннямі на Стоўбцы, Новы і Стары Свержань), Ямал (Расія) — Заходняя Еўропа.

Сродкі масавай інфармацыі

Мясцовая прэса прадстаўлена праз грамадска-палітычную і інфармацыйна-рэкламную газету «Прамень». Наклад — каля 6 тыс. асобнікаў, заснавальнік — Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт. Падпісны індэкс — 64334.

У эфір выходзіць праграма радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы».

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Стаўбцоўскага раёна На Стаўбцоўшчыне знаходзіцца 17 помнікаў архітэктуры, 70 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку Двор Свержань.

Археалагічныя помнікі

НазваДатаваннеМесцазнаходжаннеКатэгорыя
Стаянка перыяду неаліту3-е тысячагоддзе да н.э.1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Кругліца, на правым беразе р. Нёман, у лесе, урочышча Лысая Гара3
Курганны могільнікX-XIII стагоддзі2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Кругліца, у лесе, абапал дарогі ў в. Заямнае3
Курганны могільнікX-XIII стагоддзі0,4 км на паўночны захад ад вёскі Кругліца, у лесе, каля дарогі ў в. Жукаў Барок3
Стаянкі перыяду каменнага і бронзавага вякоў3-2-е тысячагоддзі да н.э.0,3-1,5 км на захад, на поўнач і на ўсход ад вёскі Русаковічы3
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага векуV стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.1 км на паўночны захад ад вёскі Сула, у лесе, на левым беразе р. Сула3

Вядомыя асобы

У сяр. XIX ст. ў вёсцы Залучча жыў польскі і беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля. Са Стаўбцоўшчынай цесна звязана дзейнасць паэта і драматурга, вучонага-моваведа Каруся Каганца.

На тэрыторыі раёна нарадзіліся:

Тут пачыналі свой творчы шлях такія вядомыя паэты, пісьменнікі і літаратуразнаўцы як Генрых Далідовіч і Казімір Камейша, Алесь Рыбак і Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі і Яўген Хвалей, Аляксей Пяткевіч, Уладзімір Мархель і інш.

Стаўбцоўшчына мае 40 заслужаных работнікаў розных галін. Дала 18 дактароў навук і прафесараў, 45 кандыдатаў навук, 4 Герояў Сацыялістычнай Працы, 36 пісьменнікаў і паэтаў, з іх 28 — ураджэнцы раёна.

Зноскі

  1. http://stolbtsy.gov.by/rukovodstv/rajonnyj-ispolnitelnyj-komitet/predsedatel
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 25 кастрычніка 2020.
  5. Решение Минского областного Совета депутатов 24 декабря 2011 г. № 134 О переименовании сельсоветов Столбцовского района Архівавана 20 лістапада 2020.
  6. Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 19 верасня 2020.
  7. Беларусь, 1995

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Раёны, утвораныя ў 1940 годзе
Стаўбцоўскі раён
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных