wd wp Пошук:

Ашмянскае ўзвышша

Ашмянскае ўзвышша (2001)
Ашмянскае ўзвышша (1977)
Ашмянскае ўзвышша на поўнач ад в. Лоск, Валожынскі раён

Ашмянскае ўзвышша (літ.: Ašmenos aukštuma), Ашмянскія грады — заходняя частка Беларускай грады, марэннае ўзвышша ў Беларусі і Літве.

Апісанне

Ашмянскае ўзвышша працягнулася паміж Маладзечнам і Вільнюсам, з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 110 км, з поўначы на поўдзень на 30-40 км, плошча 3,2 тыс. км². Найвышэйшы пункт узвышша — гара Мілідаўская (320 м над узроўнем мора) каля вёскі Мілідаўшчына Смаргонскага раёна). На тэрыторыі Літвы называецца Мядзінінкскім узвышшам (літ.: Medininkų aukštuma).

У сучаснай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі Ашмянскае ўзвышша адносіцца да Цэнтральнай акругі Беларускай грады Заходне-Беларускай правінцыі[1]. Займае частку Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага раёнаў Гродзенскай вобласці, Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў Мінскай вобласці. На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай, на ўсходзе — з Мінскім узвышшам, на паўднёвым захадзе — з Верхнянёманскай нізінай, на паўночным захадзе — з Лідскай раўнінай. Усходнюю частку — Валожынскае ўзвышша, — якое адчляняецца далінай Бярэзіны, некаторыя даследчыкі адносяць да Мінскага ўзвышша.

Над суседнімі нізінамі ўзвышаецца на 75-100 м. У рэльефе ўзвышша вылучаецца пяць град, выцягнутых у выглядзе дуг (кожная града шырынёй ад 1—1,5 да 5—7 км), што чаргуюцца з глыбокімі (да 40-50 м) паніжэннямі, на якіх трапляюцца озы. Разарана 30 %, пад лясамі больш за 35 % узвышша.

Узвышша фарміравалася на працягу чатырох зледзяненняў. Найбольшы ўплыў зрабілі ледавікі сожскага зледзянення.

Рэкі, якія працякаюць у межах узвышша, адносяцца да басейна Нёмана. Найбольшыя з іх Заходняя Бярэзіна (з прытокам Альшанка), Ашмянка (з прытокам Лоша), Клява (прыток Гаўі).

Ашмянскае ўзвышша вызначаецца маляўнічымі краявідамі, асабліва прыгожымі каля Кушлян Ашмянскага раёна, дзе пабудаваў сабе дом і жыў беларускі паэт Францішак Багушэвіч.

Зноскі

  1. Фізіка-геаграфічнае раянаванне (бел.)  // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 18. Кн. 2. — С. 76—81. — ISBN 985-11-0295-4.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Геаграфія Маладзечанскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Смаргонскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Ашмянскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Астравецкага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Валожынскага раёна
Катэгорыя·Узвышшы Літвы
Катэгорыя·Узвышшы Беларусі