wd wp Пошук:

Бортніцтва

Борці ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту

Бортніцтва — лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол-баровак у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. Пачатковая форма культурнага пчалярства.

Гісторыя

Бортніцтва. Выява ў Павучынай пячоры (Іспанія), 8 — 6 тысячагоддзі да н.э.

Развілося бортніцтва з дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова (збіральніцтва), а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэваў, знішчаў агнём пчол і забіраў мёд. Станаўленне бортніцтва як промыслу адбылося ў I ст. н.э. Пераход да класічнай формы бортніцтва адбыўся са з’яўленнем жалезных прылад працы. На тэрыторыі Беларусі і ў суседніх раёнах было найбольш пашырана ў XXVII ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пачатку XX ст.

Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на вышыні ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Каб залучыць пчол, новыя борці ці вуллі з сярэдзіны акраплялі настоем духмяных траў або мёдам, у борці клалі воск ці пустыя соты. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. 3 развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў y малаабжытых раёнах Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Паўднёвай Азіі.

Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло 3 этапы развіцця:

Свайго росквіту яно дасягнула ў XXII ст. Яго ахоўвала звычаёвае, а пазней і «пісанае» права. Статут ВКЛ 1588 года, напрыклад, за крадзеж мёду з борцей прадугледжваў пакаранне ад штрафу да смяротнага прысуду. У сярэднія вякі бортнікі на Беларусі часта аб’ядноўваліся ў бортныя цэхі — карпаратыўна- прафесійныя аб’яднанні з шырокімі правамі самакіравання (вядомы з XIV ст.). У гарадах і мястэчках у такія цэхі аб’ядноўваліся бортнікі з мяшчан і дробнай шляхты. Вытворчая дзейнасць і побыт цэхаў рэгламентаваліся статутам, зацверджаным гарадской радай. Пры паступленні ў цэх бортнікі прымалі прысягу на адданасць, паслухмянства, захоўванне сакрэтаў і выкананне патрабаванняў бортнай юрысдыкцыі. Узначальвалі цэхі выбраныя на штогадовых агульных сходах бортны стараста, падсудак і пісар; пазней у кіраўніцтва ўваходзілі 2 лаўнікі, а падсудка замяніў гаёвы (суддзя). Кожны цэх меў свой статут, пячатку, скарбонку, пратэсу (харугву) з выявамі патрона пчалярства Іаана Златавуста, пчол і бортных рэалій. У час ваенных дзеянняў бортнікі выступалі ў складзе апалчэння пад сваёй цэхавай пратэсай (пячатка і пратэса віленскага бортнага цэха зберагаюцца ў саборы Пятра і Паўла ў Вільнюсе).

На працягу стагоддзяў бортніцтва задавальняла патрэбу ўсходніх славян у мёдзе і інш. прадуктах жыццядзейнасці пчол (воск, пропаліс), якія былі галоўнымі відамі экспарту. У пачатку XVI ст. толькі праз Полацкую чытную камору штогод вывозілі больш за 2 тыс. пудоў воску. У той час на Беларусі было больш за 1 млн. борцей, таварная прадукцыя якіх перавышала 0,5 млн. пудоў мёду штогод. 3 канца XVII ст. ў выніку масавых высечак лясоў на продаж, пад ворыва, для прамысловых мэт пачаўся заняпад бортніцтва. На Беларусі, асабліва на Палессі, бортніцтва існавала да пачатку XX ст.

Паступова бортніцтва замяняецца калодачным, а пасля вынаходніцтва Пятром Пракаповічам у 1814 г. рамавага вулля — рамавым пчалярствам. Па пераемнасці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву і працяглы час называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб калодаў, спосаб догляду пчол, бортны інструмент і тэрміналогія засталіся ранейшымі. Розніца складаецца толькі ў адным: борць выдзёўбвалі ў жывым дрэве, калоду-борць — у спілаваным. Бортніцтва выпрацавала спецыфічныя прылады і прыстасаванні, якія без істотных змен, пад рознымі назвамі альбо ў іх варыянтах вядомы на ўсёй тэрыторыі краіны. Бортная тэрміналогія ў беларусаў, палякаў і ўкраінцаў не мае істотных адрозненняў. Гэта сведчыць пра тое, што бортніцтва ўзнікла ў перыяд агульнаславянскага моўнага адзінства.

Бортнікі

Бортнік (пчаляр) — чалавек, які займаецца бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я і шкоднікаў. Умельства бортніка перадавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.

Сучаснасць

Бортная калода на дубе ля ракі Выдрыца (прыток Бярэзіны), 2010 год

Да XIX стагоддзя бортніцтва было найбольш распаўсюджаным відам пчалярства ва тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на ​​развіццё тэхналогій, гэтая традыцыя добра захавалася ў сельскіх раёнах Паўднёва-Усходняй Беларусі і ў некаторых невялікіх абшчынах Падляшскага раёна Польшчы. Пачынаючы з 2014 года ў Аўгустове праводзіцца Barciowisko — спаборніцтва па вырабе вулляў-калод. У 2016 годзе ў Польшчы было некалькі чалавек, якія маглі назваць сябе носьбітамі традыцый (у спадчыну). Некалькі іх было ў Аўгустоўскай пушчы, а некалькі — у Белавежскай і Курпскай абласцях. Бортніцтва па-ранейшаму было часткай мясцовага фальклору, што знайшло адлюстраванне ў мясцовых святах і традыцыях, якія караняцца ў бортніцтве[1]. 17 снежня 2020 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА вырашыў уключыць сумесную намінацыю Беларусі і Польшчы «Культура бортніцтва» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва[2].

Гл. таксама

Зноскі

  1. greenbelarus.info
  2. blr.belta.by Архівавана 5 снежня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Пчалярства