wd wp Пошук:

Шчупак звычайны

Шчупа́к звыча́йны (Esox lucius) — драпежная рыба сямейства шчупаковых. Аб’ект промыслу i развядзення.

Апісанне

Даўжыня да 1,5 м, маса да 35 кг (звычайна да 1 м i 8 кг). Цела падоўжанае, тарпедападобнае, галава вялікая, пашча шырокая, усеяная вострымі, накіраванымі ўнутр зубамі. Афарбоўка цела плмістая, зменлівая, залежыць ад асяроддзя: шэра-зеленаватая, шэра-жаўтаватая, шэра-бурая, спіна цямнейшая, бакі з буйнымі бурымі ці аліўкавымі плямамі, якія ўтвараюць папярочныя палосы. Спіна цёмная, бруха белаватае з шэрымі крапінкамі. Спінны і анальны плаўнікі аднесены назад. Няпарныя плаўнікі жаўтавата-шэрыя, бурыя з цёмнымі плямамі; парныя — аранжавыя.

Пашырэнне

Шчупак на паштовай марцы Беларусі

Цыркумпалярны від, пашыраны ў прэсных водах Еўразіі i Паўночнай Амерыкі. Жыве ў вялікіх і малых рэках, азёрах, вадасховішчах і сажалках, звычайна ў прыбярэжнай зоне, у водных зарасніках, у непраточных ці слабапраточных водах. На Беларусі трапляецца паўсюдна.

Асаблівасці біялогіі

Жыве асела. Трымаецца неглыбокіх, зарослых воднай расліннасцю месцаў, каля захламленых, з хмызвяком берагоў; буйныя шчупакі — на глыбіні. Невялікія чароды ўтварае ў перыяд нерасту і калі збіраецца на зімоўку.

Шчупак на паляванні

Драпежнік, ахвяру падсцерагае ў засадзе, затаіўшыся на доўгі час сярод зараснікаў, і хапае ў моцным кідку. Злоўленых рыб заглынае з галавы. Корміцца рознымі відамі рыб, пераважна плоткай і акунём; моладзь — зоапланктонам, затым — маляўкамі. Назіраеццца таксама канібалізм, таму ў прыродзе могуць фарміраваца вадаёмы з чыста шчупаковай іхтыяфаўнай. Інтэнсіўнасць кармлення зніжаецца ў перыяд нересту, у сярэдзіне лета, падчас змены зубоў і ў перыяд ледаставу.

Зімуе па глыбіні. Характэрны нераставыя міграцыі ў час вясенняй паводкі. Нераст групавы, каля берагоў. Самка ў залежнасці ад памеру і ўзросту адкладвае ад 5 да 240 тыс. ікрынак дыяметрам каля 2 мм па ўсёй плошчы нерасцілішча. Развіццё ікры працягваецца 8—14 дзён. Лічынка першы час існуе за кошт жоўцевага мяшка, пасля маляўка пераходзіць на харчаванне дробнымі бесхрыбетнымі (дафніі, цыклопы, лічынкі хіранамід), а дасягнуўшы памераў 5 см — поўнасцю на кармленне моладдзю іншых відаў рыб. Пры спрыяльных умовах ужо да канца першага года жыцця маса цела вырастае да 150 г, а ў трохгадовым узрасце дасягае 640 г і больш.

Гаспадарчае значэнне

Мяса шчупака ўтрымлівае 18,4 % бялку, 1—3 % тлушчу, з’яўляецца каштоўным дыетычным прадуктам. Адзін з асноўных прамысловых відаў, ахвотна здабываецца і рыбакамі-аматарамі. У рыбных сажалках шчупак з’яўляецца «біялагічным меліяратарам», выядае дробязь непатрэбных відаў рыб (плоткі, акуня, ярша, дробнага карася і інш.), канкурентаў карпа.

Прыгатаваны шчупак на блюдзе

У продаж паступае ў жывым, ахалоджаным, замарожаным і кансерваваным выглядзе. Мяса касцістае, часам пахне цінай. Вялікую і сярэднюю рыбу часцей за ўсё выкарыстоўваюць рубленай (для рыбных катлетаў, хрыкадэлькі) і фаршыраванай, дробную (дробных шчупакоў масай каля 200—300 грам) адварваюць з вострымі прыправамі: на 1 кг рыбы 0,75 л вады, па 1 карэнняў (морква, пятрушка, селер), 1 цыбуліна, 3 гарошыны чорнага і 1 гарошына духмянага перцу, 1 бабковы ліст; усё разам варыцца 5—7 хвілін, затым у адвар кладуць рыбу і вараць да гатоўнасці (прыкладна 20 хвілін), абавязкова на слабым агні, не дапускаючы моцнага кіпення, затым рыбу вымаюць шумоўкай, выкладваюць на разагрэтае блюда, пасыпаюць зелянінай пятрушкі і падаюць з адварным картапляным і сметанковым маслам. Дробнага шчупака можна таксама смажыць, выкарыстоўваць для юшкі. У англічанаў у сяр. XX ст. шчупак лічыўся самай смачнай і дарагой рыбай. У некаторых краінах і цяпер стравы з шчупака лічацца дэлікатэснымі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Жывёлы на марках
Катэгорыя·Шчупаковыя
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак