Беларуская гравюра ― від мастацтва, які ўзнік у Беларусі ў пачатку XVI стагоддзя. У гісторыі мастацтва з’яўленне гравюры звязваюць з рамёствамі, дзе выкарыстоўваліся прыёмы гравіроўкі.
У 1517 годзе пачалася выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны, які выпусціў у 1517-1519 гг. 23 кнігі Бібліі, «Малую падарожную кніжыцу» (1522) і «Апостал» (1525)[1]. Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена. Усяго ў скарынаўскіх кнігах змешчана 52 гравюры, тысячы ініцыялаў, шмат іншых, выкананых на высокім мастацкім узроўні элементаў кніжнага аздаблення. У двух кнігах («Ісус Сірахаў» і 4-й кнізе «Царстваў») ён змясціў свой гравюрны партрэт. Шмат якія гравюры і застаўкі маюць асабісты знак-сігнет Скарыны, своеасаблівы герб — змешчанымі на шчыце выявамі сонца і месячнага сярпа з чалавечымі тварамі. Па мастацкім асаблівасцям гравюры Скарыны дзеляцца на 3 віды: гравюра-партрэт, сюжэтна-тэматычная (тытульная) ксілаграфія і прадметна-пазнавальныя ілюстрацыі прыкладнага характару[2].
Аб аўтарстве гравюр у кнігах Скарыны мастацтвазнаўцы неадназначна адгукаюцца. Так, Д. А. Равінскі, У. В. Стасаў, П. У. Уладзіміраў, І. П. Каратаеў і М. М. Шчакаціхін дапускаюць, што частка з іх выканана нямецкімі і чэшскімі майстрамі. Але В. Ф. Шматаў, Л. Ц. Баразна, В. М. Шутава і іншыя беларускія даследчыкі лічаць, што аўтар гравюр толькі Скарына. Выключэнне могуць складаць гравюры «Вадохрыша» і «Дыспут у храме», выкананыя ў іншай манеры[3][4][5][6].
Параўноўваючы ксілаграфіі кніг Скарыны з лепшымі венецыянскімі гравюрамі эпохі Адраджэння, У. В. Стасаў адзначаў, што «тая вытанчанасць малюнка, тое майстэрства гравюры, якія на кароткі час прамільгнулі ў выданнях венецыянскіх і скарынаўскіх, ніколі ўжо больш не паўтарыліся ні ў адным выданні царкоўнаславянскага друку на працягу ўсёй другой паловы XVI ― усяго XVII і першай паловы XVIII стагоддзяў»[7].
З часам у кнігах з’яўляюцца гравюры-партрэты: Боны Сфорца, Жыгімонта I (Decius I. L. De vetustatibus Polonorum liber I. De Jagellonum familia liber II. De Sigismundi regis temporibus liber III. Cracoviae, 1521); у выданні А. Гваньіні «Sarmatiae Europeae descriptio» (Spirae, 1581) ― партрэты вялікіх князёў літоўскіх Трайдзеня, Віценя, Міндоўга, Ягайлы, Гедыміна, Вітаўта, Альгерда, Свідрыгайлы, Аляксандра Ягелончыка. У кнізе Яна Астроўскага (сакратара брэсцкага рэферэндарыя Яна Сапегі) ― «Suada latina» ― апублікаваны партрэт Сапегі[8]. У кнізе Мікалая Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва ў Святую зямлю» (1601) ёсць партрэт аўтара ― ксілаграфія Томаша Трэтэра[9].
У 1919 годзе беларускі бібліёграф Рамуальд Зямкевіч у часопісе «Беларускае жыццё» упершыню апублікаваў партрэт-гравюру Васіля Цяпінскага 1576 года, знойдзеную ў бібліятэцы Святаполк-Завадскіх ў Крошыну[10].
У 1579 годзе італьянскі майстар Дж. Кавалерыс вырабіў разцовую гравюру па малюнках пісара кароннай канцылярыі С. Пахолавецкага ― «Карта Полацкай зямлі» і «План Полацка». Нямецкі гравёр Мацыяс Цюнт ― аўтар гравюры на медзі «Выгляд Гродна з выездам у час сойма пры Жыгімонце Аўгусце» (1568) па малюнку Ганса Адэльгаўзера[11].
У канцы XVI стагоддзя гравюра на медзі пачала прымяняцца ў кніжнай ілюстрацыі. Значны ўклад у развіццё беларускай разцовай гравюры унёс нясвіжскі майстар Тамаш Макоўскі ― гравёр, друкар і картограф. Яго першая вядомая гравюра датавана 1601 годам (тытульны ліст да «Паломніцтва» князя Радзівіла Сіроткі). Менавіта Макоўскім быў ажыццёўлены адзін з ранніх вопытаў станковай гравюры: тытульны ліст кнігі Іераніма Більдзікевіча «Divittutelaris patrii Casimiri…» (1610). Макоўскі вядомы таксама як стваральнік панарамнай карты Вільні і гравюр гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У віленскай панараме горад ўспрымаецца як разгортка, сілуэт, які паўтарае форму рэльефу[12].
Нароўні з кніжнай гравюрай, у XVI―XVIII стагоддзях значнага развіцця дасягнула станковая гравюра на дрэве (партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок). У пачатку 1520-х гадоў склалася Віленская школа гравюры (тэрмін уведзены У. В. Стасавым). Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсіх усходнеславянскіх землях. Асноўныя віды гравюры школы ― ксілаграфія (у выданнях кірыліцай) і медзярыт (у лаціна-польскіх кнігах). Пераважалі кніжная гравюра: партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы. Амаль усе дрэварыты XVI стагоддзя ананімныя, медзярыты XVII стагоддзя падпісаныя. Несумненна мастацкая якасць тытульных лістоў «Трыбунала» (1586), «Статута Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Статута» (1617), «Граматыкі» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслове» (1617), выдадзеным друкарняй Мамонічаў. Гравюра на медзі шырока выкарыстоўвалася ў свецкай літаратуры, якая выходзіла у Віленскай акадэміі, ― у гравюры з’явіліся перспектыва і аб’ём ў рысунку прадметаў. Для акадэміі працавалі Аляксандр Тарасевіч («Разарыум» (1672), Лявонцій Тарасевіч, Інакенцій Шчырскі, заходнія гравёры Конрад Гётке, Д. Пельцэльд, Т. Шнопс, Л. Вілатц. Конрад Гётке ― аўтар тытульных лістоў, 9 партрэтаў Кішак, асобных партрэтаў роду Хадкевічаў і Тышкевічаў[13][14].
Каля 1570 года пачалася самастойная выдавецкая дзейнасць Пятра Мсціслаўца, які пераехаў з Заблудава у Вільню. У Мамонічаў ён выдаў тры кнігі: Евангелле напрастольнае (1575), Псалтыр (1576) і Часаслоў (1576). Як і скарынаўскія, гравюры ў кнігах выкананы ў стылі готыкі і Адраджэння. У выцягнутасці, умоўнасці фігур, у выгібах формаў, у трывожным непакоі зморшчын і арнаментыкі адчуваецца ўплыў маньерызму. Вядомы мастацтвазнавец А. А. Сідараў лічыў, што Мсціславец толькі рабіў малюнкі для гравюр, а рэзалі іх нейкія гравёры-іншаземцы[15]. Але па матэрыялах суда Мсціслаўца з Мамонічамі відаць, што менавіта ён быў рэзчыкам[16].
Паліграфічна-выдавецкая дзейнасць Мсціслаўца аказала прыкметны ўплыў на пазнейшае беларускае, рускае і ўкраінскае кнігавыданне. Як адзначае А. Някрасаў, «у гравюры Беларусі ў канцы XVI стагоддзя ўсталяваўся створаны Пятром Мсціслаўцам арыгінальны беларускі дэкаратыўны стыль…». Тэхніку Мсціслаўца асвоілі друкары Вільні, Кіева, Львова, Магілёва, Чарнігава, Куцейны[17].
У пачатку XVII стагоддзя, калі медзярыт атрымаў у Вялікім Княстве Літоўскім дастатковае распаўсюджванне, выдаецца «Панегірык братоў Скарульскіх» (1604), а ў 1621 годзе — серыя эмблематычных ксілаграфій Тамаша Макоўскага. Ксілаграфіі былі створаны для панегірыка Яну Хадкевічу па нагоды закладкі першага каменя ў падмурак касцёла ў жмудскіх Крожах. Традыцыйны 5-прыватны баявы шчыт заключаны ў авальную рамку з гравіраваным тэкстам: «Ян Караль Хадкевіч віленскі ваявода, гетман ВКЛ, Лівонскі губернатар, граф на Шклове, Мышы і Быхаве». Падобныя надпісы рабіліся на межах вакол партрэта. Ля гербаў гравіраваліся па баках ініцыялы ўладальніка. На першым дрэварыце Хадкевіч прадстаўлены ўкленчыўшым перад абразам Багародзіцы ў акружэнні анёлаў-стражнікаў з мячамі. На заднім плане бачны касцёл і пабудовы, абнесеныя сцяной. У верхнім левым куце гравюры хадкевіцкі геральдычны грыфон страляе ядрамі з гакаўніц ў турэцкі паўмесяц[18]. Медзярыт актыўна выкарыстоўваў Лявонцій Тарасевіч, які пачынаў сваю дзейнасць у Беларусі: партрэты падстолія ашмянскага Георгія Землі, К. С. Радзівіла, смаленскага біскупа Багуслава Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х), гравюра з выявай іконы Маці Божай Жыровіцкай (Вільня, 1682). У кнізе віленскага прафесара тэалогіі Яна Дрэўса[pl] «Methodus peregrinationis menstruae Mariana» (1684) аб 12 цудатворных іконах Рэчы Паспалітай, змешчаныя гравюры Л. Тарасевіча[19]. Аляксандр Тарасевіч стварыў медзярытны партрэт (1685) слуцкага кіраўніка Яна Казіміра Кшыштафа Клакоцкага[20][21]. Сярод іканаграфіі Іасафата Кунцэвіча ёсць партрэт-гравюра (1670-е гады) А. Тарасевіча[22].
Традыцыі віленскай школы працягнула куцеінская школа гравюры на базе куцеінскай друкарні (1630-1654) пры Аршанскім Богаяўленскім Куцеінскім манастыры. Пад кіраўніцтвам ураджэнца Магілёўшчыны Спірыдона Собаля выдаваліся пераважна літургічныя, маральна-павучальныя і навучальныя кнігі. Асаблівасць куцеінскай школы ― свецкі, жанравы характар ілюстраваных сцэн, арыгінальнасць трактоўкі, індывідуальнасць ўласцівых гравюр з выявай святых. Сярод гравёраў куцеінскай школы вядомыя М. Антушкевіч, М. Чарняўскі, Я. Стрэльбіцкі[23][24][25].
Традыцыі куцеінскай школы працягнула Магілёўская школа гравюры (1616―1773), якая ўзнікла пры друкарні Магілёўскага богаяўленскага брацтва. Кнігі мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны застаўкамі, ініцыяламі, канцоўкамі. Усе гравюры выкананы ў стылі так званага магілёўскага барока ― злучэнне мясцовых мастацкіх традыцый з рысамі заходнееўрапейскага барока і візантыйскага мастацтва. Характэрнымі рысамі магілёўскай школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата кампазіцыйнай пабудовы, адсутнасць падрабязных дэталяў, перавага формы над архітэктурным фонам. Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: вакол традыцыйнай брамы на фоне расліннага арнаменту размяшчаліся медальён, картушы з выявамі святых, рэлігійныя сюжэты[26][27].
Максім Вашчанка першым у беларускім кірылічным кнігадрукаванні пачаў выкарыстоўваць гравюру на медзі. Даследчыкі адзначаюць як з’яву ў гравюры XVII стагоддзя яго медзярыты да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678) ― цыкл свецкіх гравюр з дэталёвай выявай зброі, ваеннага рыштунку, адзення, жывёл і інш. Гэта ўзорныя копіі гравюр французскіх гравёраў С. Леклерка(фр.) бел., Н. Кашына для парыжскага выдання 1670 года. Рознабаковыя штрыхоўкі падкрэсліваюць аб’ёмы прадметаў. Жанравы характар маюць і 23 гравюры М. Вашчанкі да выдання «Акафісты і каноны» (1693)[28]. Дрэварыты Васіля Вашчанкі адрозніваюцца пластычнасцю фігур, вытанчанасцю штрыхоўкі і разьбы («Дыоптра» (1698), «Перла каляровае» (1699), «Неба новае» І. Галятоўского (1699), «Кнігі жыцій святых» (1702) Дзмітрыя Растоўскага, «Антымінс» (1708). На тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» ― адзін з першых у рэлігійнай кнізе малюнак рэалістычнага магілёўскага гарадскога пейзажу. Вядомыя тры антымінса В. Вашчанкі: адбіткі на палатне з гравіраванай меднай дошкі, зробленыя ў магілёўскай друкарні (1694, 1708, 1723)[29]. Фёдар Ангілейка ― аўтар гравюр у кнігах «Ірмалой або Осмогласнік» (1700) Іаана Дамаскіна, «Часаслов або Паслядоўнасць службы» (1703)[30].
У 1747 годзе гравёр Гірш Ляйбовіч падпісаў з Міхалам Казімірам Рыбанькам дагавор на стварэнне 90 партрэтаў роду Радзівілаў. 165 гравюр на медзі ўвайшлі ў выдадзены нясвіжскі альбом (1758)[31][32][33][34].
У 1950 годзе каля сотні партрэтаў Радзівілаў з нясвіжскай галерэі рашэннем Савета Міністраў БССР перададзены Польшчы. У Беларускім нацыянальным мастацкім музеі маецца 38 партрэтаў Радзівілаў. У 2017 годзе там прайшла выстаўка «Радзівілы: лёс краіны і роду», дзе, разам з маляўнічымі, былі прадстаўлены і партрэты-гравюры са збору музея і прыватнай калекцыі Мацея Радзівіла з Варшавы: 14 князёў з роду Радзівілаў, Марыя Радзівіл, Луіза Радзівіл Гогенцолерн, Людвіка Караліна Радзівіл і гравюра «Прыезд Януша Радзівіла ў Вільну ў 1653 годзе»[35][36].
У XVIII стагоддзі атрымала некаторы распаўсюд станкавая ксілаграфія, прадстаўленая сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэтамі, якія гравіраваліся ў Вільні, Гродне і Нясвіже. З’явіўся народны лубок (дрэварыты Паўла Камара (1740-я) і інш.). Захаваўся народны дрэварыт «Маці Божая кармелітаў на Пяску» П. Камара[37][38].
Хоць у Віленскім універсітэце гравюра карысталася меншай папулярнасцю, чым жывапіс, тым не менш, тут адкрыліся кафедра графікі, кіраваная бярлінцам Ізідором Вейсам, добра ведаўшым тэхніку металагравюры. Працавала літаграфская майстэрня (1819) пад началам Яна Рустэма[39]. Вейс ― аўтар шэрагу партрэтаў, ілюстрацый да кнігі Іераніма Страйноўскага «Nauka prawa przyrodzonego, politycznego, ekonomiki polityczney i prawa narodów» (1805)[40]. Пасля Вейса кафедрай загадваў Джозэф Сандэрс, які да гэтага працаваў гравёрам Эрмітажа. Ён чытаў лекцыі па гісторыі і тэхніцы гравюры, сабраў калекцыю гравюр для навучальнага працэсу. Сам ён у тую пару займаўся гравюрай-рэпрадукцыяй, пераводзячы ў яе жывапісныя партрэты Я. Рустэма. Асаблівасць яго графічнага почырку праявіліся ў ілюстрацыях да казак «Тысяча і адна ноч»[41]. Адным з паспяховых вучняў Сандэрса стаў ураджэнец Аршаншчыны Міхал Падалінскі, аўтар афортаў, партрэтаў прафесараў універсітэта, партрэта канцлера ВКЛ Льва Сапегі, зробленага па маляўнічаму партрэту XVII стагоддзя. Цікавыя яго ілюстрацыі да «Гісторыі валадарання Жыгімонта III» Ю. Нямцэвіча[42]. Іншы вучань Тэафіл Кіслінг, пасля выкладчык малявання ў віцебскай гімназіі, стварыў шэраг сатырычных афортаў, якія паказвалі побыт шляхты. Яны нагадваюць створаныя значна пазней сатырычныя ілюстрацыі рускага мастака А. Агіна. З гістарычных гравюр Кіслінга даследчыкі вылучаюць гравюры: «Сустрэча Аляксандра I з Напалеонам у 1807 годзе», «Граф Ян Панятоўскі на кані», «Каралева Францыі Марыя Луіза»[43]. Мінчанін Ян Клембоўскі ― аўтар партрэтаў прафесароў універсітэта.
Паступова цікавасць да разцовой гравюры аслабела. Ёй на змену прыйшла літаграфія. У Вільні пачалі працаваць некалькі літаграфных майстэрняў, з якіх вылучалася майстэрня мастака Юзафа Азяіблоўскага, вядомага сваімі працамі, у прыватнасці партрэтамі-гравюрамі вялікага князя Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста, літаграфіяй «Славянскі нявольнік» і інш. Першым беларускім літографам, хутчэй за ўсё, з’яўляецца Вінцэнт Славецкі, які навучаўся гэтай тэхніцы ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. З’явіліся літаграфіі не толькі партрэтныя, але і пейзажныя, архітэктурныя, бытавыя. Саздаваліся літаграфіі таксама па малюнкам і акварэлям К. Русецкага, К. Бахматовіча, А. Гротгера, Тадэвуш Дмахоўскага, М. Мікешынаі іншых[44].
Гістарычную і мастацкую каштоўнасць маюць «партрэты» гарадоў Напалеона Орды, які стварыў вялікую серыю малюнкаў і акварэляў беларускіх гарадоў, на аснове якой варшаўскі мастак А. Місуровіч у 1873―1883 гадах выканаў 260 літаграфій[45].
Па ініцыятыве магілёўскага губернатара А. С. Дамбавецкага у 1882―1884 гадах выйшла кніга «Вопыт апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельска-гаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах, з двума картамі губерні і 17 разьбянымі гравюрамі на дрэве відаў і тыпаў»[46].
У пачатку ХХ стагоддзя беларускія мастакі вярнуліся да тэхніцы гравюры. Ужо на вераснёвай мінскай выставе 1921 года былі прадстаўлены амаль усе віды графічнага мастацтва: лінагравюра, ксілаграфія, афорт, літаграфія. У канцы 1919 года ў Гомелі арганізавана мастацкая студыя ім. Міхаіла Урубеля, якой кіраваў Аляксандр Быхоўскі. Прыярытэт у студыі аддаваўся лінагравюры. З лінолеўма рабілі друкаваныя формы для агітацыйных плакатаў. У 1920―1940-я гады ў лінагравюры працавалі Ібрагім Гембіцкі, Аркадзь Астаповіч, Генадзь Змудзінскі, Мікола Тарасікаў, Анатоль Тычына, Саламон Юдовін, Язэп Горыд, Пётра Сергіевіч, Міхаіл Сяўрук, Уладзімір Сакалоў, Язэп Драздовіч, Алексантэры Ахола-Вало, Рыгор Клікушын. На Ўсебеларускай мастацкай выстаўцы 1925 года былі паказаны лінагравюры Анатоля Тычыны і Алексантэры Ахола-Вало. У графіцы 1940-х―1950-х гадоў лінагравюра, спачатку каляровая, а пазней чорная, главенствовала у выстаўках, і толькі ў другой палове 1960-х гадоў амаль знікла, саступіўшы афорту[47].
Пэўнага развіцця дасягнула станковая ксілаграфія: працы Саламона Юдовіна (яўрэйскі побыт, пейзажы Віцебска), Яфіма Мініна (пейзажы Віцебска, партрэты, экслібрысы)[48][49][50].
Пры Віцебскім мастацка-практычным інстытуце адкрылася майстэрня літаграфіі. Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, пейзажы, партрэты, ілюстрацыі і экслібрысы выконвалі мастакі 1920―1940-х гадоў ― Язэп Горыд, Павел Гуткоўскі, Мікола Малевіч, Міхаіл Філіповіч, Фёдар Фогт, Мікалай Чураба[51][52][53].
Зіновій Гарбавец зарэкамендаваў сябе майстрам абрэзнай гравюры. Шэраг літаграфій і малюнкаў стварыў у Віцебску Мсціслаў Дабужынскі[54].
У 1930-я гады ў Віцебску ў розных тэхніках эстампа працавалі Уладзімір Сакалоў, Анатоль Волкаў, Лазар Ран, Леў Лейтман, Меер Аксельрод і інш.[55][56]. Адным з першых звярнуліся да афорта Лазар Ран і Барыс Малкін. У пасляваенны час афортам займаліся Пётр Дурчын і Сямён Герус, які стаў у 1952 годзе пасля заканчэння Вільнюскага мастацкага інстытута кіраўніком графічнага аддзялення ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Пры Беларускім мастацкім фондзе адкрылася эстампная майстэрня[57].
Пасля вайны з’явілася серыя лінарытаў Міколы Тарасікава «Вялікая Айчынная вайна» (1944), Анатоля Тычыны («Падарванае дэпо», «Зруйнаваны Мінск»)[58]. У 1946 годзе ў Мінску адбылася першая пасляваенная мастацкая выстаўка, дзе паказваліся працы Анатоля Тычыны, Сяргея Раманава, Яўгена Ціхановіча, Уладзіміра Сакалова, Лазара Рана, Ібрагіма Гембіцкага, Петра Дурчына.
Беларускі эстамп актыўна развіваецца з 1960-х гадоў. Спачатку гэта адбылося ў лінагравюры, затым у літаграфіі, пазней у афорце. У 1960-х гадах у тэхніцы афорта працавалі Георгій Паплаўскі, Людвіг Асецкі, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі і іншыя[59]. Асабліва вылучаюцца эстампы Арлена Кашкурэвіча[60]. У 1970-х гадах беларускі эстамп звязаны з імёнамі Васіля Шаранговіча, Алесі Паслядовіч, Уладзіміра Савіча, Міколы Селяшчука, Алены Лось, Міколы Купавы, братоў Басалыгаў[61].