wd wp Пошук:

Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч

Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч
Экслібрыс Р. Зямкевіча. Добра відаць свастыку

Рамуальд Аляксандравіч Зямкевіч (7 лютага 1881, Варшава — 1943/44, канцлагер Асвенцым; Псеўданімы і крыптанімы: Раман Суніца; Юры Алелькавіч; Саўка Барывой; Шэршань; Р. Зем.; Ром. Зем.; Р-н Сун.; Р. С-ца.) — беларускі бібліёграф, публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў.

Біяграфічныя звесткі

Бацькі паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, атрымаў прафесію інжынера-механіка.

Збіраў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры і культуры, працаваў у бібліятэках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т.л. па Беларусі. Быў звязаны з беларускім нацыянальна-культурным рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнаграфічныя запісы каля Зембіна на Барысаўшчыне. Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1913—14 шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваенным інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах беларускага грамадска-культурнай руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве (усе працы Я. Карскага), літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў. Сярод рарытэтаў яго бібліятэкі былі шматлікія старадрукі, у т.л. «Біблія» Ф. Скарыны, Астрожская Біблія 1581, «Лексікон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Белскага, кітабы 16—17 ст., аўтографы А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш. (рукапіс яго драмы «Злодзей»), Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.

Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры. Яго зборы і бібліятэка прапалі ў разбуранай Варшаве, частка трапіла ў прыватныя рукі.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве» і іншых беларускіх выданнях. Даследаваў беларускую бібліяграфію, старажытную беларускую літаратуру, беларускую літаратуру ХІХ ст., этнаграфію, беларускую народную эстэтыку, фальклор, беларускае мастацтва. Падрыхтаваў і выдаў першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове — «Беларуская бібліяграфія» (1910). Напісаў шэраг прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя на той час звесткі пра В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага, А. Кіркора, А. Ельскага, Я. Лучыну, К. Каганца, М. Багдановіча і інш. Апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), В. Дуніна-Марцінкевіча (1923), Я. Лучыны (1932). У 1919 у часопісе «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага (1576), які адшукаў у бібліятэцы К. Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Дапамагаў матэрыяламі і звесткамі Я. Карскаму, абменьваўся навуковай інфармацыяй з А. Ельскім, А. Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі і рукапісы, успаміны варшаўскаму славісту Ю. Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дуніна-Марцінкевіча.

Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклору, вялікую калекцыю старабеларускіх рукапісаў. У сваіх працах прывёў новыя звесткі і апублікаваў невядомыя рукапісы беларускіх пісьменнікаў ХІХ — пач. ХХ ст.

Большасць яго багатых збораў, а таксама частка ўласных рукапісаў (у прыватнасці, рукапіс кнігі «Кароткі нарыс гісторыі беларускай музыкі») загінулі.

Літаратурная творчасць

У 1942—1943 пад псеўданімам Шэршань друкаваў сатырычныя вершы ў беластоцкай газеце «Новая дарога». Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на беларускую мову творы ўкраінскага пісьменніка В. Стафаніка (друк. ў «Нашай ніве») і француза А. Дадэ.

Рукапісная спадчына

Паасобныя рукапісы і пісьмы зберагаюцца ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбурга.

Бібліяграфія

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
Катэгорыя·Памерлі ў 1944 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1881 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Варшаве
Катэгорыя·Калекцыянеры Беларусі
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Перакладчыкі з французскай мовы
Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 лютага
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы