wd wp Пошук:

Лазар Саулавіч Ран

Лазар Саулавіч Ран (5 (18) красавіка 1909, Дзвінск5 жніўня 1988, Мінск) — беларускі савецкі графік, жывапісец, скульптар, паходзіў з яўрэяў горада Даўгаўпілс.

Біяграфія

Даваенны перыяд

Калі Лазару споўнілася шэсць гадоў, сям’я пераехала ў беларускі горад Полацк. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1928—1932) у мастакоў Я. С. Мініна, Ф. А. Фогта, М. Г. Эндэ. У годы вучобы дружыў з Анатолем Волкавым, Абрамам Заборавым, Адольфам Гугелем, Раісай Кудрэвіч.

Пасля заканчэння вучобы Лазар Ран працаваў ілюстратарам кніг у Дзяржвыдавецтве БССР у Мінску. З канца 1930-х ён паспяхова ўдзельнічаў у мастацкіх выставах, у асноўным як жывапісец. Жанрам і тэматыкай яго прац былі партрэты, гістарычныя кампазіцыі ў рэалістычным напрамку. Творам уласцівы эмацыйнасць, жыццёвая праўдзівасць, тонкі псіхалагізм.

У лістападе 1932 года быў арыштаваны за антысавецкую агітацыю і потым асуджаны Асобай нарадай пры Калегіі АГПУ. Некалькі месяцаў правеў за кратамі, але быў вызвалены (реабілітаваны Пракуратурай БССР 31 мая 1989)[1]. Пасля выхаду на волю, Лазар Ран з’ехаў у Маскву і быў вымушаны заставацца там да вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. У час вайны мастак маляваў партрэты партызанскіх камандзіраў, падпольшчыкаў, якія прыбылі з-за лініі фронту. Гераічная тэма, тэма Вялікай Айчыннай вайны — традыцыйныя для беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Вядомы яго жывапісныя партрэты і сюжэтна-тэматычныя карціны:

Сябра Саюза мастакоў БССР з 1940 года.

Пасляваенны перыяд

Вярнуўшыся ў 1944 годзе ў Мінск, Лазар Ран пазнаў аб гібелі ў гета сваёй сям’і, усіх родных, што засталіся ў горадзе. Гэта падзея вызначыла тэму ўсёй далейшай творчасці мастака. У сярэдзіне 1950-х гадоў ён пачаў працаваць над серыяй афортаў «Мінскае гета», якія не маюць аналагаў. Мастак на працягу 20 гадоў працаваў над гэтым цыклам, стварая ўсё новыя і новыя варыянты, часам неаднаразова вяртаючыся да адной і той жа кампазіцыі, імкнучыся дамагчыся максімальнай выразнасці і тэхнічнай дасканаласці. Гэты цыкл з’яўляецца аднім з самых пранізлівых твораў, прысвечаных трагедыі Халакоста. У серыю увайшло 17 лістоў, сярод якіх:

Серыя афортаў Лазара Рана «Мінскае гета» доўгія гады не экспанавалася на выставах. У 1979 пры пасярэдніцтве нямецкага мастака Ліі Грундзік альбом гэтых гравюр закупіла Дрэздэнская карцінная галерэя. Толькі ў 1991 годзе афорты былі паказаны на выставе ў Палацы культуры тонкасуконнага камбіната імя Ц. Я. Кісялёва. Пасля гэтага у канцы 90-х гадоў, мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн зноў экспанавала гэтыя творы ў сваёй галерэі «Брама»[2].

Тэму Мінскага гета мастак працягнуў іншымі творамі ў літаграфіі, скульптуры, жывапісу. У якасці мастацкага элемента Лазар Ран уводзіць у літаграфіі «Кажыце, слухайце, памятаеце», «Фашысцкія забойцы» і «Рэквіем» надпісы на мове ідыш, якія даносяць да гледача галоўныя думкі і пачуцці мастака. У адрозненне ад афортаў, дзе пераважае маляўнічае спалучэнне цёмнага і светлага тонаў, літаграфіі выглядаюць як скульптурныя рэльефы. Дзве літаграфіі — «Мадонна з гета» і «Прысвячэнне Абраму Бразеру» выкананы ў выглядзе надмагільных камянёў. Абрам Бразер, беларускі скульптар, жывапісец, графік быў сябрам мастака і загінуў у Мінскім гета разам са сваім сынам.

Пасля вайны Ран звярнуўся да графікі, да новых для яго тэхнікам афорта і літаграфіі. З гэтага часу графіка стала адным з асноўных відаў яго творчасці. Мастак стварыў серыі афортаў:

Лазар Ран таксама вядомы як жывапісец і скульптар. У яго бронзавых рэльефах «Загінулым ў гета прысвячаецца», «Музыка», «Памяці Януша Корчака», выкананага да 100-годдзя з дня нараджэння педагога, які загінуў разам з дзецьмі ў канцлагеры, выкарыстаны сімвалы яўрэйскіх святыняў і тэксты на мове ідыш. Бронзавая скульптура задумвалася мастаком як помнік загінулым у Мінскім гета. Некаторыя жывапісныя палотны — «Хворая маці», «Музыка», «У схроне» паўтараюць кампазіцыі афортаў і бронзавых рэльефаў, прысвечаных Мінскаму гета. Мастак у творчасці ўвесь час вяртаўся да трагедыі свайго народа.

Працягваў таксама ілюстраваць кнігі: «Муму» І. Тургенева (1953 г.), «Дзіцячы сад» А. Велюгина, «Джым-ліфцёр» Н. Кальмі (1954 г.) і іншыя.

«Ідышэ шрайбер»

У цыкл літаграфій «Яўрэйскія пісьменнікі» ўвайшлі партрэты вядомых пісьменнікаў і паэтаў, якія жылі ў розныя эпохі і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё яўрэйскай культуры. Больш за 20 партрэтаў усёй серыі размешчаны на традыцыйных разьбяных надмагільных камянях — мацейвах. На загалоўнам лісце серыі намалёван камень з ільвом (сюжэт традыцыйнага яўрэйскага народнага арнаменту, сімвал адвагі), які трымае запаленую свечку над надпісам «Яўрэйскія пісьменнікі». Лазар Ран зрабіў вобразы класікаў яўрэйскай літаратуры, на творах якіх ён быў выхаваны: Шолам-Алейхем, Мендэле Мойхер-Сфорым, Шалом Ан-скі, Шауль Чарніхоўскі, Іцык Лейбуш Перац. Працягнулі цыкл партрэты сучаснікаў мастака: Ісака Бабеля, Ізі Харыка, Пераца Маркіша і іншых. Партрэты пісьменнікаў рэалістычныя і вядомыя. Для раскрыцця іх вобразаў, пры стварэнні сюжэтаў і дэталяў, мастак выкарыстоўваў разнастайныя прыёмы. Адным з такіх стылістычных прыёмаў сталі надпісы на мове ідыш імёнаў і прозвішчаў персанажаў цыклу, якія раскрываюць стаўленне майстра да творчасці пісьменнікаў. У некаторыя партрэты майстар ўключыў дадатковыя тэксты, урыўкі з вершаў (І. Харыка, П. Маркіша, Ш. Галкіна), асобныя выразы (Шалом Алейхем), назвы твораў (Ш. Ан-скі). Некаторыя партрэты мастак змясціў на пабітыя камяні. Першапачаткова яны складалі асобную серыю «Разбітыя надмагіллі» («Цуброхене мацейвес»). Пазней Ран аб’яднаў усе партрэты ў агульны цыкл «Яўрэйскія пісьменнікі». У арыгіналах ўсе творы цыклу выкананы ў спалучэнні двух колераў — чорнага і залатога.

Памяць

У лістападзе 2009 года ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы мастацтваў адкрылася выстаўка «Расстрэляная літаратура». Яўрэйскія пісьменнікі ў графіцы Лазара Рана». Выстаўка была арганізавана бібліятэкай сумесна з Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі (Мінск). У экспазіцыі было прадстаўлена 16 арыгінальных графічных работ Лазара Рана з цыклу «Яўрэйскія пісьменнікі».

Творы мастака захоўваюцца, у асноўным, у прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, а таксама у сям’і сына мастака.

Зноскі

  1. Источник: Белорусский “Мемориал”
  2. МІШПОХА Іна Герасімава. «Галоўная тэма Лазара Рана»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Даўгаўпілсе
Катэгорыя·Яўрэйскія мастакі
Катэгорыя·Члены Саюза мастакоў БССР
Катэгорыя·Вучні Фёдара Фогта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
Катэгорыя·Графікі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1909 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1988 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Мастакі СССР
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 красавіка
Катэгорыя·Памерлі 5 жніўня
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных