wd wp Пошук:

Сямён Пятровіч Герус

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Герус. Сямён Пятровіч Герус (21 лістапада 1925, в. Кунічна, цяпер Навагрудскі раён — 1998) — беларускі мастак-графік.

Біяграфія

Скончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1945), Вільнюскі мастацкі інстытут (1952). У 1953 годзе па запрашэнні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту пераехаў з Вільнюса ў Мінск для стварэння кафедры графікі і эстампнай майстэрні. С. Герус быў першым выкладчыкам графічнага аддзялення мастацкага факультэта, навучаў тэхнікам графічнага мастацтва — лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту, сухой іголцы, акватынце і інш., заахвочваў звяртацца да гістарычнай тэматыкі. Працаваў у інстытуце да 1967 года. Сярод вучняў Сямёна Геруса — Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі і інш.

Калі ў 1991 годзе пры Саюзе мастакоў Беларусі стваралася мастацкая суполка «Пагоня», С. Герус адным з першых падаў заяву на ўступленне. Аднак, таксама графік, Яўген Кулік прапанаваў не прымаць яго ў суполку, матывацыі не даў, але прапанову прынялі аднагалосна.

Творчасць

Працаваў у станковай графіцы. Першым сярод беларускіх мастакоў у паваенныя гады ўзняў гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве. Цыкл графічных твораў С. Геруса, прысвечаных К. Каліноўскаму і Ф. Скарыну, быў заўважаны. Графічны твор «Кастусь Каліноўскі» (1953), выкананы вуглём, адзін з найбольш удалых і лепшых у гэтай серыі. Постаць Каліноўскага паказана на фоне паўстанцаў-касінераў, у вобразе падкрэслены моц, воля, рашучасць і мужнасць. Удала выкарыстаны на аркушы эфект асвятлення, які надае малюнку трывожны настрой. У 1965 годзе С. Герус паўтарае гэтую работу з адпаведнымі дапаўненнямі і перапрацоўкай у лінагравюры, а ў 1985 — у аўталітаграфіі[1]. Графічны партрэт Ф. Скарыны, створаны вуглём у 1954 годзе вылучаецца дакладнасцю перадачы і глыбінёй псіхалагічнага вобраза асветніка, паказвае яго засяроджаным у час працы ў друкарні. У другім партрэце Ф. Скарыны (1967), зробленым у той жа тэхніцы, мастак хаця і засяроджвае ўвагу на іканаграфічным падабенстве, але стварае свой вобраз друкара.[2]

У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты К. Каліноўскага (1953), Ф. Скарыны (1954), Я. Цікоцкага (1957), П. Броўкі (1967), А. Русака (1971), М. Танка (1975), А. Міцкевіча (1977), М. Багдановіча (1981), Я. Коласа (1982), А. Бембеля (1983), Н. Арсенневай, Л. Геніюш, С. Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусветнага фестывалю студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, серыя), пейзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Мінск» (1995-96, серыя), тэматычныя кампазіцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.

Зноскі

  1. Кастусь Каліноўскі і Студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі. — Мн., 1989. — С. 8;
  2. Францішак Скарына і яго час. — Мн., 1989. — С. 14-15;

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Графікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1925 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Мастакі СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 лістапада
Катэгорыя·Памерлі ў 1998 годзе
Катэгорыя·Дэканы БДАМ
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі Навагрудскага педагагічнага вучылішча
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Вільнюскай мастацкай акадэміі
Катэгорыя·Графікі Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Навагрудскім павеце (1921—1940)