Кро́шын[1] (трансліт.: Krošyn, руск.: Крошин) — аграгарадок[2] у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на правым беразе ракі Шчара. Адміністрацыйны цэнтр Крошынскага сельсавета. Размешчаны за 15 км на паўночны ўсход ад Баранавіч, за 2 км ад аўтамабільнай дарогі Баранавічы — Мінск. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Мінск. Насельніцтва 697 чал. (1998).
Упершыню Крошын успамінаецца пад 2 жніўня 1442 годам, калі пан Юшка Гойцавіч фундаваў у гэтым сваім сяле касцёл, сярод сведкаў быў і яго брат Федзька. У 1499 годзе вял.кн. Аляксандр надаў Крошын кіеўскаму намесніку кн. Дзмітрую Пуцяцічу, з 1506 года належаў яго сваякам князям Друцкім-Пуцяцічам. Пад 1512 годам Крошын называецца мястэчкам. Паводле адміністрацыйнай рэформы 1565 года, у складзе Наваградскага павета Навагрудскага ваяводства.
З 1570 года належаў Валовічам, з канца XVI ст. — Радзівілам. Станам на 1580 год 39 двароў. У цэнтры мястэчка была гандлёвая плошча, дзе раз на тыдзень адбываўся торг. Працавалі млын і карчма, 4 рамеснікі.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, Стваловіцкая воласць Навагрудскага павета. У 1818 годзе пабудаваны новы драўляны касцёл. З 1822 года ва ўладанні Юрагаў, з 1843 — Завадскіх. У 1828 годзе адбыўся сялянскі бунт супраць спробы запрыгоньвання іх Станіславам Юрагам.
У 1-й палове 1880-х у мястэчку 77 двароў, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом. На пачатку XX ст. — 160 двароў, касцёл, народнае вучылішча. Побач з мястэчкам быў аднайменны маёнтак Крошын (2 двары).
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, Сталовіцкая гміна Баранавіцкага павета. Станам на 1921 год 79 дамоў, побач з мястэчкам аднаіменны фальварак Крошын (1 дом).
З 1939 года ў складзе БССР, з 12 кастрычніка 1940 цэнтр сельсавета, вёска. Станам на 1972 года 56 двароў, на 1 студзеня 1998 — 192.
У Крошыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, дом культуры, бібліятэка, пошта. Працуе прыпыначны пункт Крошын, за 2 км ад аграгарадка знаходзіцца прыпыначны пункт Альсевічы.
Помнік на магіле Паўлюка Багрыма, мемарыяльнай дошка ў гонар паэта на месцы былой сядзібы, памятны знак на месцы, дзе размяшчалася яго кузня.