wd wp Пошук:

Алена Георгіеўна Лось

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лось. Алена Георгіеўна Лось (22 лістапада 1933, Вільня, Польшча — 14 ліпеня 2013, Мінск[1]) — беларускі графік.[2]

Біяграфія

Нарадзілася ў Вільні, дзе вучыўся яе бацька, ураджэнец Брэстчыны. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму бацькі, які на працягу 7 гадоў працаваў урачом у Лыскаве. Маці Алены свабодна валодала нямецкай і французскай мовамі і навучыла ім дачку. У Лыскаве Алена пайшла ў польскую школу, аднак бацьку перавялі на працу ў новую бальніцу ў Магілёўцы і сям’я пераехала з ім. Пазней сям’я пераехала ў Ружаны, там з маці і бабуляй Алена перажыла 2-ю сусветную вайну. Бацька быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію з Мінска, дзе на пачатак вайны знаходзіўся на курсах павышэння кваліфікацыі.[3]

У акупацыю сям’я зведала звычайныя цяжкасці таго часу, але дапамагала веданне маці нямецкай мовы, у доме Лосяў кватэравалі нямецкія ляснічыя. Маці працавала ў бухгалтэрыі лясніцтва, разам з іншымі антыфашыстамі ратавала людзей ад вывазу ў Германію, запісваючы ў рабочыя лясніцтва. Дом Лосяў разам з усёй вуліцай немцы спалілі пад час адступлення[4]. Пасля вызвалення органы НКДБ расследавалі супрацоўніцтва маці з акупантамі, паказанні выратаваных людзей дапамаглі ёй апраўдацца. Адразу пасля вайны маці працавала ў банку, а Алена, пасля ваеннага перапынку ў вучобе, пайшла адразу у 6-ы клас. Бацька пасля вайны ў сям’ю не вярнуўся, жыў у Мінску, але дачцэ дапамагаў.[3]

У 1948 годзе Алена скончыла 9 класаў у Ружанах і разам з маці і бабуляй пераехала ў Вільнюс, паступіла ў апошні клас гімназіі[4]. Даволі хутка вывучыла літоўскую мову[4]. Паступіла ў Дзяржаўны мастацкі інстытут Літоўскай ССР, які скончыла ў 1955 годзе[2][4]. Вучылася ў І. Кузьмінскіса і В. Чэрняўскайтэ[4]. Дыпломная работа — ілюстрацыі да казкі «Граф і прачка» П. Цвіркі[4]. У гады вучобы ў інстытуце, падчас гасцявання ў маскоўскіх сябровак-студэнтак, Алена пазнаёмілася з будучым мужам Гары Якубені[5]. У 1956—1957 гадах працавала ў літоўскіх выдавецтва, але заказаў ёй амаль не давалі, бо не літоўка[5]. Працавала мастаком у Вышэйшай партшколе ЛітССР[5]. У гэты час творы А. Лось убачыла Алена Аладава, дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, і, даведаўшыся, што ў мастачкі няма працы ў Літве, запрасіла яе прыехаць у Мінск[5]. Некаторы час А. Лось жыла ў Вільнюсе, а ў Мінск ездзіла па заказы. Урэшце мастачка пераехала ў Мінск, але яе маці засталася ў Вільнюсе[5]. З 1963 года сябра Беларускага саюза мастакоў[1].

Творчасць

Вядома ў асноўным як мастак дзіцячай кнігі[2]. Ілюстравала творы беларускай вуснай народнай творчасці[2]. Працавала таксама ў станковай графіцы і літаграфіі[1].

Між іншага аформіла кнігі беларускіх народных казак «Ох і залатая табакерка» (1967), «З рога ўсяго многа» (1968)[1]. Ілюстравала кнігі Алеся Якімовіча «Вераб’іныя госці» (1960), Васіля Віткі «Дударык» (1965), Змітрака Бядулі «Скарб» (1966), Авяр’яна Дзеружынскага «Кую-кую ножку» (1967), Ніла Гілевіча «Загадкі» (1971), Уладзіміра Ягоўдзіка «Бабуліна варта» (1999) і дзесяткі іншых беларускіх кніг[1]. Стварыла шэраг ілюстрацый для выданняў «Слова пра паход Ігараў» (1986)[6], ёй жа належыць і афармленне гэтай кнігі[1][2], «Залатая яблынька», «Песні заходнік славян» і «Руслан і Людміла» А. С. Пушкіна, «Канёк-Гарбунок» П. Яршова[7]. Агулам Алена Лось аформіла каля 100 выданняў, першыя з іх выйшлі ў 1960-х, апошнія — у 1990-х гадах[7].

Аўтар серый лінарытаў «Дзеці Белавежы» (1966), «Людзі на Прыпяці» (1973), «Радасць працы» (1976) і іншых[1]. Таксама аўтар цыклу каляровых літаграфій па матывах беларускага фальклору[1], «Ляўкоўскага цыклу» па матывах творчасці Янкі Купалы[7], цыклу «Казкі жыцця» па матывах творчасці Якуба Коласа[7], цыклу па матывах уласных палескіх падарожжаў[1].

Аўтар кнігі для дзяцей пра Палессе «Дзесяць дзён у Барку» (1984)[8].

Спадчына

Творы Алены Лось захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», Літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Мінску, у Галереі Алены Георгіеўны Лось у Мінскай дзіцячай бібліятэцы № 2, мемарыяльным музеі Аляксандра Пушкіна ў Маскве, фондах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, іншых музеях і галерэях, прыватных калекцыях.[1]

Прызнанне

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Чыгрын С. Не стала мастачкі…
  2. 1 2 3 4 5 6 7 Булахов М. Г. Лось…
  3. 1 2 Шарангович, 2011, с. 209.
  4. 1 2 3 4 5 6 Шарангович, 2011, с. 210.
  5. 1 2 3 4 5 Шарангович, 2011, с. 211.
  6. Слова пра паход Ігаравы / Склад. В. А. Чамярыцкі. — Мн.: Маст. літ., 1986.
  7. 1 2 3 4 Шарангович, 2011, с. 208.
  8. Лось А. Дзесяць дзён у Барку (для дашк. узросту). — Мн.: Юнацтва, 1984.
  9. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 лістапада 2003 г. № 526

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Вільнюскай мастацкай акадэміі
Катэгорыя·Мастакі СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў 2013 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1933 годзе
Катэгорыя·Члены Саюза мастакоў Беларусі
Катэгорыя·Графікі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 14 ліпеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Графікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Члены Саюза мастакоў БССР
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 лістапада