wd wp Пошук:

Лявонцій Тарасевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Тарасевіч. Лявонцій Тарасевіч (1650? — 1710?) — беларускі, літоўскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).

Біяграфічныя звесткі

Верагодна, брат Аляксандра Тарасевіча. Як мяркуюць, вучыўся ў Аўгсбургу, у гравёраў Кіліянаў.

Ранні перыяд творчасці звязаны з Беларуссю і Літвой. У 1680-я гады пераехаў на Украіну. У 1688 запрошаны ў Маскву.

Творчасць

Гравюра, зробленная Лявонціем Тарасевічам з абраза Маці Божай з Дзіцяткам, які захоўваўся ў галоўным алтары мінскага касцёла бернардзінак

Творы адметныя жыццёвасцю вобразаў, цэласнасцю кампазіцыі, дакладнасцю малюнка, разнастайнасцю штрыхоўкі. У ранні перыяд створана гравюра «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К. С. Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г. Зямлі, смаленскага епіскапа Б. Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага епіскапа К. Бжастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленне «Служэбніка» (1695). У творах шырока выкарыстаны барочныя сімвалы і алегорыі. У Маскве выканаў партрэт рускай царэўны Соф’і. Значныя творы гэтага перыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702). «Псалтыр» і «Евангелле» (абодва 1703)[2].

Франтыспіс кнігі М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару». 1688

Важны перыяд дзейнасці Л. Тарасевіча звязаны з Віленскай акадэмічнай і Супрасльскай друкарнямі. У выданнях, выпушчаных тут, Л. Тарасевіч паўстае як вопытны майстар, які не толькі выдатна валодае тэхнікай гравіравання, але мае бліскучыя якасці мастака з тонкім густам, свабодна аперыруе складанымі і разнастайнымі кампазіцыйнымі, пластычнымі прыёмамі. Гэта бачна, напрыклад, па вырашэнні франтыспіса і ілюстрацый у кнізе М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару» (Вільня, 1688).[3]

Асабліва яскрава магчымасці мастака адлюстраваліся ў стварэнні тытульнага ліста «Літургіёна, або Служэбніка» (Вільня, Супрасль, 1692—95). Яго адрознівае бездакорнае адчуванне прапарцыянальных суадносін паміж масамі выяўленчых форм і свабодным аб’ёмам аркуша, прызначаным для размяшчэння тэкста. Пластыка аркуша вызначаецца выразнай вытанчанасцю. На крыху высунутых уперад падножжах калон стаяць фігуры святых Васіля Вялікага і Іаана Златавуста. Вышэй над імі паказаны анёлы і Святы Георгій Дваяслоў. 3 пышнай дэкаратыўнай аздобай верхняй часткі аркуша перагукаецца вырашэнне кампазіцыі ўнізе, куды ўваходзяць картуш з гербам у сярэдзіне, прыгожая гірлянда з лістоў, кветак і садавіны[4].

Партрэт Б. Гасеўскага. 1690-ыя г.

Значнай і па-мастацку цікавай часткай спадчыны Лявонція Тарасевіча з’яўляюцца партрэтныя і гербавыя выявы. Яны друкаваліся на асобных аркушах ці ўключаліся ў кнігі, змяшчаліся на франтыспісах, пераўтвараючыся ў своеасаблівыя ілюстрацыі. Напрыклад, у «Літургіёне, або Служэбніку» ёсць партрэт К. С. Радзівіла. Франтыспісы шэрагу кніг упрыгожылі гербы буйных магнацкіх радоў: Агінскіх, Браніцкіх, Сапегаў, Бжастоўскіх. У 1690-я гг. мастак награвіраваў партрэтныя выявы падстолія ашмянскага Георгія Зямлі і будучага епіскапа-суфрагана беларускага Багуслава Гасеўскага. Калі ў першым прыкладзе характарыстыка вобраза дапаўняецца сімвалічнымі ўвасабленнямі «Ісціны», «Разважнасці», персаніфікацыяй «Славы», то ў другім вырашэнне менш складанае. Гэта пышны картуш з партрэтам Б. Гасеўскага. Яго, як і герб, трымаюць анёлы.[5]

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 18 ліпеня 2017.
  2. В. Шматаў
  3. Б. Лазука
  4. Б. Лазука
  5. Б. Лазука

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1710 годзе
Катэгорыя·Мастакі Літвы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1650 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ва Украіне
Катэгорыя·Мастакі Украіны
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ва Украіне