wd wp Пошук:

Гірш Ляйбовіч

Партрэт Вайшунда работы Гірша Ляйбовіча

Гірш (Гершка, Гершак, Гіршак) Ляйбовіч (? — пасля 1786) — беларускі гравёр і ювелір яўрэйскага паходжання. Прыбыў на службу да князёў Радзівілаў з г. Сакаль каля Львова разам са сваім бацькам, гравёрам Лейбам Жыскялёвічам. Жыў, відаць, у Міры.

Экслібрыс Нясвіжскай бібліятэкі

Паводле кантракта ад 16 кастрычніка 1747 г., падпісанага ў Мірскім замку, Ляйбовіч з бацькам пачалі працу над 90 партрэтамі для альбома князёў Радзівілаў, якую скончылі ў 1756 г. Па-за кантрактам у 17541756 гг. выканалі яшчэ 15 партрэтаў. Альбом «Выявы роду князёў Радзівілаў» — выдатны помнік беларускай графікі. Уключае 165 партрэтаў. Першы партрэт (Вайшунда) і апошні (К. С. Радзівіла Пане Каханку) маюць подпісы Ляйбовіча. Альбом ствараўся ў 3 этапы рознымі майстрамі на працягу 17451768 гг. У 1745 г. невядомыя гравёры выканалі 18 партрэтаў, а гравёры з заходнеўкраінскага г. Жоўква (відаць, Лейзер, і іншыя) — 16 аркушаў. У 1758 г. альбом выйшаў накладам 50 экз. у Нясвіжскай друкарні. Паўторна выдадзены ў Санкт-Пецярбургу з арыгінальных дошак у XIX ст. У мастацкім выкананні альбома вылучаюцца 3 стылі. 1-ы вызначаецца дасканаласцю і адносіцца да 1745 г. 2-і і 3-і адносяцца да часу працы над альбомам Ляйбовіча і яго бацькі і адпавядаюць манерам мастакоў, якія рыхтавалі эскізы партрэтаў для гравіравання. Вядома пра 15 «адтушаваных» для гэтай мэты партрэтах 1747 г. прыдворнага мастака Радзівілаў Ф. К. Д. Гескага. Прыгатаваныя ім партрэты адрозніваюцца рэльефным рысункам з моцнымі кантрастамі святла і ценю. сярод іншых графічных твораў Ляйбовіча гравюра «Катафалк Ганны з Сангушкаў Радзівілаў», які быў устаноўлены ў езуіцкім касцёле ў Нясвіжы паводле праекта М. Педэцы (17471750 гг.); ілюстрацыі ў кнізе «Казанні і прамовы на пахаванні Ганны з Сангушкаў Радзівіл» (Вільня, 1750); 3 варыянты экслібрыса Радзівілаў для нясвіжскай бібліятэкі; герб Радзівілаў к кнізе «Артыкулы ваенныя» (Нясвіж, 1754); карта Літоўскай правінцыі бернардзінцаў з выявамі кляштараў і постацямі святых Бернарда і Казіміра. Апошні задакументаваны твор Ляйбовіча — дэкарыраванне саркафагаў Радзівілаў у крыпце езуіцкага касцёла ў Нясвіжы. Драўляныя труны былі абабіты меднымі гравіраванымі дошкамі з надпісамі і арнаментам.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Гравёры Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1786 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Ювеліры Беларусі
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта