wd wp Пошук:

Жлобін

Жло́бін[2] (афіц. транс.: Žlobin) — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. Насельніцтва 76 068 чал. (2017)[3].

Гісторыя

Старажытнасць

Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II-е — пачатак І-га тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парка культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены следы пасялення перыяду жалезнага веку[4], якое існавала ў канцы І тысячагоддзя да н. э. — пачатку І тыс. н.э.[5].

У Рэчы Паспалітай

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 г. паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх звестак пра гэты замак не маецца[6].

Паводле археалагічных дадзеных, Жлобінскі замак існаваў у 15 — 17 стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў р. Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3 — 4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча[7]. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі»[8]. Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял 14 — 18 ст.[5]

Герб Хадкевічаў.

У 15 — 16 стст. гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 г. аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).

У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 г., але гэта памылка[9]. Верагодна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV ст. знаходзілася на сумежжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — Рагачова (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хлепень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці)[10]. Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.

З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца[11].

У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква.

У Расійскай Імперыі

З 1793 г., пасля II-га падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай Імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 г. французскія войскі 20 ліпеня 1812 г. занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 г. у Жлобіне 189 двароў.

З 1818 г. Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 г. меў 965 жыхароў. У 1860 г. меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 г. замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 г. 15, у 1889 г. 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 г. працаваў дрожджавы завод, з 1868 г. — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

16 лістапада 1873 г. была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены 1-павярховы драўляны вакзал.

13 мая 1880 г. ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 г. 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 г. ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

Паводле перапісу 1897 г. ў в. Карпілаўка, якая пазней увайшла ў склад Жлобіна — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.

24 снежня 1902 г. адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 г. — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 г. да 2 студзеня 1906 г. адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 г. дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.

У 1909 г. ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 г. жыхары на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 г. адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 — крэдытнае таварыства. У 1915 г. на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, меліся сутыкненні з паліцыяй.

Падчас І сусветнай вайны 13 студзеня 1918 года Жлобін занялі войскі 1-га польскага корпуса генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, у лютым 1918 г. адбываліся ваенныя сутычкі з Чырвонай арміяй. З 2 сакавіка да лістапада 1918 г. акупаваны нямецкімі войскамі.

Апошняе стагоддзе

З 25 сакавіка 1918 года Жлобін — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы. 24 лістапада 1918 г. ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 г. — у Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы Беларусі.

Пры ўтварэнні 27 лютага 1919 года Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і акупацыі заходняй і часткі цэнтральнай Беларусі польскімі войскамі (люты — жнівень 1919) Магілёўская (з красавіка 1919 — Гомельская) губерня, ў тым ліку Жлобін, была ўключана ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 г. пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 г. створана Жлобінская воласць.

У сакавіку 1924 г. Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР (якая была адноўлена 31 ліпеня 1920 г., уваходзіла з 30 снежня 1922 да 26 снежня 1991 у СССР, з 19 верасня 1991 года — Рэспубліка Беларусь)[12].

З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 г. ў Бабруйскай акрузе). У 1924 г. на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 — горад.

У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927—1929 гг. пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 г. — будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 г. працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 г.) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 5 чэрвеня 1931 г. выдавалася раённая газета, а затым чыгуначная шматтыражная газета «Ударнік». У 1937 г. ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы, у 1940 г. — новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938—1939 гг. на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо.

З 20 лютага 1938 г. Жлобінскі раён — у Гомельскай вобласці. З 27 лістапада 1938 г. Жлобін — горад раённага падпарадкавання.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны 4 ліпеня 1941 г. нямецкія войскі захапілі Жлобін. Савецкія войскі 6 ліпеня 1941 г. узялі горад, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка адступілі за Дняпро; 13 ліпеня зноў занялі Жлобін, 14 жніўня 1941 г. пад пагрозай акружэння пакінулі горад, які быў акупаваны да чэрвеня 1944 г. Дзейнічала антыфашысцкае падполле. Акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада). У лютым 1944 г. савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, але да 6 чэрвеня 1944 г. горад не быў вызвалены.

У 1963 г. да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. З 17 сакавіка 1963 г. — горад абласнога падпарадкавання. 30 снежня 1978 г. пабудаваны завод штучнага футра, у канцы 1984 г. — Беларускі металургічны завод.

У 1995 г. узведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы[11].

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай, металургічнай (Беларускі металургічны завод), харчовай, будматэрыялаў прамысловасці, фабрыка інкрустацыі.

Гасцініцы «Славянская», «Юбілейная».

Культура

Спорт

Славутасці

Храм Свяціцеля Васіля Вялікага

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Жлобіна і Ганаровыя грамадзяне Жлобіна Дзеячы навукі, культуры, царквы

Архіепіскап Георгій (Данілаў).

Ваенныя

Спартсмены

С. Мацвейчык.

Іншыя вядомыя асобы

Цікавыя факты

У 1955 г. у Жлобіне здымаўся мастацкі фільм «Зялёныя агні» (рэжысёры С. І. Сплашноў, І. А. Шульман, кінастудыя «Беларусьфільм»). Дзеянне адбываецца на адным з чыгуначных вузлоў Беларусі. Малады машыніст грузавога цягніка Сяргей Чобур на сваю рызыку здзяйсняе першы рэйс з перавышэннем вагавых нормаў. У шляху выяўляецца няспраўнасць машыны. Заняўшыся на хаду рамонтам, брыгада дапускае парушэнне правілаў эксплуатацыі, і Чобура здымаюць з працы. Вопыт Чобура ўдаецца паспяхова паўтарыць, і Сяргея вяртаюць на паравоз. Гэтаму больш за ўсё рады дзве дзяўчыны-чыгуначніцы — інжынер Людміла і дыспетчар Аксана… У масавых сцэнах удзельнічалі многія жыхары Жлобіна, у фільме ёсць прыгожыя здымкі чыгуначнай тэхнікі таго часу[16].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Цісецкая, К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета. 2013, 23 красавіка.
  5. 1 2 Маслюкоў, Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
  6. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 152—153.
  7. Ткачов, М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. М., 1985, с. 407—408. (руск.)
  8. Бабин, В. Археологи изучают старый Жлобин // Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета. 2013. № 27. С. 2. (руск.)
  9. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 178 (гл. спасылку 164).
  10. Спорные вопросы истории Жлобина (историко-краеведческий очерк). (руск.)
  11. 1 2 Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 2004.
  12. Камінскі, М. І. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі / М. І. Камінскі, В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мінск, 1993, с. 54 — 57. ISBN 5-85700-074-2. (бел.)
  13. 1 2 3 4 5 Беларусь, 1995
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  15. https://catholic.by/3/news/belarus/2614-u-kastsjole-my-sustrakaemsya-z-tym-khto-josts-lyubouyu-u-zhlobine-asvechany-novy-kastsjol-abnoulena
  16. Информация о фильме «Зелёные огни» // Кино-Театр.ru. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Населеныя пункты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Населеныя пункты на Дняпры
Мястэчкі Менскага ваяводства
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з польскай
Населеныя пункты Жлобінскага раёна
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Жлобін
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета