У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Тамкоў. Леў Мікалаевіч Тамкоў (2 жніўня 1937, г. Жлобін, Гомельская вобласць[1] або в. Селіванава, Крапівенскі раён, Маскоўская вобласць, РСФСР[2][3] — 31 сакавіка 1997) — беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар Беларусі (1976).
Скончыў у 1960 годзе Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Архітэктура». З 1960 года працаваў у інстытуце «Гомельграмадзянпраект» архітэктарам, у 1961—1962 гадах старэйшым архітэктарам, у 1962—1967 гадах галоўным архітэктарам праектаў, у 1967—1969 гадах в. а. начальніка, у 1969—1971 гадах в. а. галоўнага архітэктара, у 1971—1979 гадах галоўным архітэктарам, у 1979—1984 гадах намеснікам дырэктара інстытута па архітэктуры. З 1984 года начальнік Упраўлення па будаўніцтве і архітэктуры Гомельскага аблвыканкама[3].
Член Саюза архітэктараў СССР з 1965 года. Член КПСС з 1977 года. Пражываў у Гомелі[2].
Асноўныя работы: у Гомелі — праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў і жылых раёнаў № 1, Фестывальны і інш. (1960—1970-я гг., у сааўтарстве), рэстаран «Беларусь» (1967, з С. Б. Гінзбергам[2]), аэравакзал (1969), Інстытут механікі металапалімерных сістэм АН БССР (1972, з В. І. Ціхавай[2]), жылыя дамы па вуліцах Савецкай і Кухара (1979) і інш., мемарыяльны комплекс на брацкіх магілах байцоў народнага апалчэння ў парку культуры і адпачынку імя Луначарскага (1975, у сааўтарстве), 14-павярховыя жылыя дамы па вул. Кожара[2] (1980—1982); у г. Хойнікі — помнік Смутку да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1996), скульптар Л. Заграбаева). Сярод іншых работ: мемарыяльнай дошкі акадэміку С. А. Чуніхіну (1995), псіхолагу Л. С. Выгоднаму (1997, абедзве са скульптарам Дз. Паповым).
Узнагароджваўся граматамі інстытута, граматамі Гомельскага гарвыканкама, медалём «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» (1970), Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1969). Заслужаны архітэктар БССР (1976)[3].