wd wp Пошук:

Калінкавічы

Калі́нкавічы[2] (трансліт.: Kalinkavičy) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Калінкавіцкага раёна. Размешчаны за 122 км ад Гомеля, за 275 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч (Украіна) і аўтамабільных дарог на Гомель, Парычы, Жыткавічы, Оўруч. Насельніцтва 40 315 чал. (2017)[3].

Гісторыя

Старажытнасць

Выяўленыя археолагамі гарадзішчы бронзавага і ранняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра засяленне мясцовасці ў далёкай старажытнасці.

Вялікае Княства Літоўскае

Фрагмент апісання воласці Мазырскага замка 1552 г.
Каленкавічы ў межах усходняга анклава Багрымавіцкага староства ў канцы XVIII ст.

Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісанні Мазырскага замка 1552 года. Прычым Каленікавічы[upper-alpha 1] ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з-за малалюднасці, названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі[upper-alpha 2] Мазырскай воласці[5]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і Каленкавічы[6]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Каленкавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 30 чэрвеня і 22 жніўня 1582 года вёска згаданая ў справе размежавання ўгоддзяў Мазырскага[upper-alpha 3] староства і добраў Гарбавічы, падараваных на вечнасць каралём Стэфанам Баторыем пану Стэфану Лавейку, суддзі земскаму мазырскаму[8]. 18 мая 1657 года кароль Ян Казімір, па смерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладзіслаў Шмелінг[9].

Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[10]. У 1789 годзе ў складзе яго, прыналежнага панам Аскеркам, названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[upper-alpha 4][11]. 16 мая 1774 г. складзены акт размежавання вёсак Гулевічы і Каленкавічы. У 1778 г. цэнтр Каленкавіцкага прыхода; у сяле 25 хат.

У складзе Расійскай імперыі

З 1793 г., пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі, мястэчка Рэчыцкага павета, да 1805 г. належала князю Шахоўскаму. У 1795 г. мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і в. Новыя Каленкавічы, на паштовым тракце Бабруйск — Мазыр. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць[upper-alpha 5] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 яўрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания»[12]. У 1856 г. узведзены будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1827 г.). У 1864 г. адкрытае народнае вучылішча. У 1866 г. налічвалася 100 двароў. Памешчык Галалобаў у 1876 г. меў у наваколлях 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. Са здачай у эксплуатацыю ў 1886 г. чыгункі Лунінец — Гомель пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Паводле перапісу 1897 г. мястэчка ў Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Былі 2 майстэрні па апрацоўцы скураў, завод колавай мазі, 27 лавак, 3 карчмы, 3 пастаялыя двары. У сяле Каленкавічы ў гэты час былі царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1916 г., калі закончылася будаўніцтва чыгункі Жлобін — Оўруч, Каленкавічы сталі важным транспартным вузлом.

Найноўшая гісторыя

У красавіку 1917 г. створаны валасны Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З красавіка 1919 г. у Рэчыцкім павеце Гомельскай губерні.

З сакавіка да пачатку ліпеня 1920 года Калінкавічы заняты польскімі войскамі.

З мая 1923 г. да красавіка 1924 г. цэнтр Каленкавіцкай воласці, у склад якой увайшлі тэрыторыі скасаваных Аўцюцевіцкай і Дудзіцкай валасцей.

З ліпеня 1924 г. у складзе БССР. З 1925 г. горад. У 1924—1930 гг. цэнтр раёна. У 1920—1930 гг. дзейнічала рамеснае таварыства, працавалі паравы млын з лесапільняй, бачарня, кузня, электрастанцыя, цагельня, ткацкая, шавецкая, кравецкая майстэрні, тэлефонная станцыя. З лютага 1938 г. у Палескай вобласці. З 1939 г. — цэнтр раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупаваныя нямецка-фашысцкімі войскамі. Найменне «Калінкавіцкіх» прысвоена 21-й часці і злучэнню. Адна з вуліц горада носіць імя генерала-палкоўніка П. А. Бялова, кавалерыйскі корпус якога ўдзельнічаў у вызваленні Калінкавічаў. Усталяваныя помнікі на брацкіх магілах, помнік-танк у гонар вызвалення горада, мемарыяльны знак на могілках ахвяраў фашызму. З студзеня 1954 г. у Гомельскай вобласці. У 1961 годзе на тэрыторыі знойдзены Калінкавіцкі скарб. З сакавіка 1963 г. горад абласнога падпарадкавання. Працуюць мясакамбінат, хлебазавод, фабрыкі мэблевая і побытавай хіміі, Палескі хімлясгас, камбінат хлебапрадуктаў, іншыя прадпрыемствы і ўстановы. У канцы 1993 г. у горадзе адкрытая царква ў імя Казанскай Багародзіцы. З 1994 г. працуе Калінкавіцкі краязнаўчы музей.

Насельніцтва

Рэлігія

Касцёл

Эканоміка

Прадпрыемствы хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Дружба».

Культура

Вуліца Міру

Калінкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музей.

Спорт

Вядомыя асобы

Заўвагі

  1. Гэтая, найбольш ранняя форма назвы, Калениковичи, пераконвае, што яна паходзіць ад імя Каленік. У наступнай польскамоўнай згадцы 1560 г. літара і ўжо адсутнічае — Kalenkowicze.
  2. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялілася воласці, як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замку. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці[4].
  3. Укладальнікі калінкавіцкай кнігі «Памяць», змясціўшы ўрывак з адказу сужэнства Рафала і Марыі Аскеркаў, зусім недарэчна датавалі яго 1582 годам. Сёння тое можна прачытаць і ў энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». На самой жа справе стражнік польны літоўскі Рафал Міхал, сын Яна Мікалая, Аскерка, жанаты з Марыяй, дачкой яго дзядзькі старосты багрымавіцкага Антонія Яўхіма Аскеркі, нарадзіўся каля 1761, а спачыў у 1818 годзе[7]; па бацьку валодаў, акрамя іншага, і Гарбавічамі. Пра Багрымавіцкае староства на 1560 год запісана ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», але яго ў XVI ст., а магчыма, у адрозненне ад Загальскага, і на працягу большай часткі XVII ст. яшчэ не было. У дакуменце Аскеркаў староства адвольна названа таксама Каленкавіцкім, бо менавіта Каленкавічы мелі агульную мяжу і адпаведныя праблемы з Гарбавічамі ды непасрэдную сувязь з большасцю паселішчаў староства. Аднак, відавочна, на думку тагачасных урадоўцаў, Багрымавічы, якія здаўна атачалі шляхецкія маёнткі, мусілі і надалей заставацца намінальным цэнтрам каралеўшчыны, што складалася з двух анклаваў.
  4. На карце Вялікага гістарычнага атласа Беларусі пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
  5. Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
  5. Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 635—636
  6. Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 477, 481—482
  7. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. — Poznań, 1882. Rocznik IV. S. 204, 205; Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 206, 208; Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С.Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 329, 330, 332
  8. Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 53
  9. Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 102
  10. Насевіч, Вячаслаў. Мазырскае стараства. // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: К — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. С. 259—260
  11. Сьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
  12. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 6
  13. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Калінкавічы
Населеныя пункты Калінкавіцкага раёна
Населеныя пункты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Мястэчкі Менскага ваяводства