wd wp Пошук:

Гомельская вобласць

Гомельская вобласць — адна з шасці абласцей БССР і Рэспублікі Беларусь. Адміністрацыйны і культурны цэнтр вобласці – горад Гомель. З’яўляецца найвялікшай з абласцей Беларусі па плошчы (40,4 тыс. км²) і па колькасці насельніцтва (1 420,6 тыс. чал.[2]). Размешчана на паўднёвым усходзе краіны, мяжуе з Расіяй і Украінай.

Гісторыя

Гомельская вобласць БССР у студзені 1940 года

Вобласць створана 15 студзеня 1938 г., узбуйнена ў 1954 г.. Падзяляецца на 21 раён.

У 1984 г. на тэрыторыі вобласці знаходзілася 17 гарадоў, 13 гарадскіх пасёлкаў, 4 рабочыя пасёлкі.

У 1995 г. колькасць насельніцтва склала 1594,2 тыс. чал. У вобласці налічвалася 17 гарадоў у т.л. 8 абласнога падпарадкавання, 18 гарадскіх пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.

Геаграфія

Гомельская вобласць размешчана на паўднёвым усходзе Беларусі і мяжуе з Расіяй і Украінай. Па плошчы (40,4 тыс. км²) саступае толькі Мінскай вобласці. Большая частка тэрыторыі размешчана ў межах Палескай нізіны. Паўднёва-ўсходняя і ўсходняя часткі ляжаць на Прыдняпроўскай нізіне. На правабярэжжы Прыпяці размешчана Мазырская града, каля вёскі Ніжнія Жары — самы паўднёвы пункт Беларусі. Гомельская вобласць вылучаецца разнастайнасцю карысных выкапняў. Тут ёсць нафта (больш за 60 радовішчаў, пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах), калійная і каменная соль, буры вугаль, гаручыя сланцы, а таксама торф, будаўнічы камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, гліны, каалін, мінеральныя (нават поліметалічныя) воды.

Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і цёплым летам. Рэкі належаць да басейна Дняпра, які цячэ па тэрыторыі вобласці з поўначы на поўдзень на працягу амаль 400 км. 3 прытокаў Дняпра найбольшымі з’яўляюцца Прыпяць, Бярэзіна і Сож. У Прыпяць упадаюць Случ, Пціч, Сцвіга, Убарць і інш. Прытокі Сажа — Іпуць і Беседзь. Самае вялікае Чырвонае возера з’яўляецца трэцім па велічыні ў Беларусі. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, большасць мінеральных глеб складаюць глебы лёгкага механічнага складу. Балоты займаюць 4 % тэрыторыі, яны пераважна нізінныя і большасцю асушаны. Лесам занята 49 % тэрыторыі вобласці, але на захадзе і поўдні лясістасць значна большая. У вобласці створаны Нацыянальны парк «Прыпяцкі».

Амаль 70 % плошчы Гомельшчыны забруджана радыенуклідамі з працяглым тэрмінам паўраспаду. Найбольш забруджана паўднёвая частка, дзе створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце такога тыпу. У ім вывучаюцца і захоўваюцца ў прыродным стане тэрыторыі, якія зведалі радыёактыўнае ўздзеянне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Сярод карысных выкапняў, якія маюць асаблівую значнасць для народнай гаспадаркі вобласці, — паліўна-энергетычная сыравіна.

Разведана амаль 1500 радовішчаў торфу.

У 1964 годзе паблізу Рэчыцы была здабыта першая прамысловая нафта. Сёння яе атрымана больш як 100 млн тон. Штогод здабываецца 1,8 млн тон.

Трэць тэрыторыі вобласці пакрыта лясамі. Па запасах лесу Гомельская вобласць займае першае месца ў Беларусі.

У паўднёва-ўсходняй частцы Прыпяцкай упадзіны разведаны паклады каменнага вугалю.

У Ельскім раёне выяўлена радовішча гаручых сланцаў.

У 100 млн тон ацэньваюцца запасы бурага вугалю ў Жыткавіцкім і Брынёўскім радовішчах.

Разведаныя запасы каменнай солі перасягаюць 22 млрд тон. На базе Мазырскага радовішча створана буйнейшая ў рэспубліцы вытворчасць па выпуску солі (ААТ «Мазырсоль»).

У вобласці ёсць перадумовы для выяўлення і падрыхтоўкі да прамысловага асваення новых відаў сыравіны — гіпсу, базальтавых валокнаў, мінеральных сарбентаў, ёдабромных расолаў.

Прырода

Паверхня вобласці раўнінная, пераважае нізінны рэльеф. Клімат умерана кантынентальны.

Праз тэрыторыю Гомельскай вобласці цячэ Дняпро і яго прытокі: Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найбольшае па плошчы возера Чырвонае.

Асноўную частку сельскагаспадарчых зямель складаюць дзярнова-падзолістыя глебы (супясчаныя і пясчаныя), а таксама дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы і тарфяна-балотныя глебы, у далінах рэк распаўсюджаны поймавыя глебы.

Амаль палову тэрыторыі Гомельшчыны пакрываюць лясы. Самая высокая лясістасць (больш за 70 %) у Лельчыцкім раёне. Галоўная лесаўтваральная парода — хвоя звычайная, характэрны таксама бяроза павіслая, вольха чорная, дуб звычайны. Поймы рэк займаюць нізінныя лугі. Балоты, пераважна нізінага тыпу, большай часткай асушаныя.

На тэрыторыі вобласці знаходзяцца Прыпяцкі нацыянальны парк і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Насельніцтва

Для вобласці характэрна змяншэнне колькасці насельніцтва:

Гарадское насельніцтва:

2003 — 69,8 % 2008 — 71,7 % Гарады з найбольшай колькасцю насельніцтва (01.01.2017): Гомель (535 229 чал.), Мазыр (111 801), Жлобін (76 068), Светлагорск (68 550), Рэчыца (66 009)[2].

Нацыянальны склад насельніцтва (1999): беларусы — 84,2 %, рускія — 11,0 %, украінцы — 3,3 %.

Гаспадарка

У гаспадарчым комплексе важнае месца займае прамысловасць. Гомельская вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты і каменнай солі, вытворчасці прадукцыі нафтаперапрацоўкі, чорнай металургіі, асобных галін машынабудаўнічай, хімічнай, дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай прамысловасці.

На Гомельшчыне вырошчавюцца збожжавыя (ячмень, жыта, пшаніца, кукуруза), кармавыя культуры, бульба, гародніна. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак.

У структуры перавозак важнейшае месца займаюць чыгуначны і аўтамабільны, а таксама трубаправодны транспарт. Ажыццяўляецца суднаходства па рэках.

Большая частка тэрыторыі вобласці забруджана радыёнуклідамі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Культура

Сімволіка

Зноскі

  1. http://gomel-region.gov.by/ru/sovetdeputatov-ru/
  2. 1 2 3 4 Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа
  3. Афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ на 14-10-2009
  4. Афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ на 1-08-2011

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
З’явіліся ў 1938 годзе
Гомельская вобласць