У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Пагоня (значэнні).
«Паго́ня» — асабісты герб польскага караля Уладзіслава Ягайлы, пазней агулам роду Гедзімінавічаў, атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім[1] у час валадарства вялікага князя Вітаўта[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў[3]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919) і Рэспублікі Беларусь (1991—1995), пад назвай «Віціс» дзяржаўны герб Літвы.
Уяўляе сабою выяву ўзброенага воіна на белым кані на чырвоным полі шчыта. Вершнік трымае ва ўзнятай правай руцэ меч, у левай — белы, чырвоны або сіні шчыт з залатым шасціканцовым крыжам. На левым баку ў вершніка похвы мяча, з-пад сядла звісае трохканцовая гунька (чапрак)[ru], яе колер ў розныя часы мяняўся ад сіняга да залаціста-жоўтага[4].
14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці[5].
На ўзнікненне герба «Пагоня» і замацаванне яго на землях Вялікага Княства Літоўскага ўплываў шэраг чыннікаў, кожны з іх асобна не быў вырашальным[7]:
Вершнік на пячатцы — спачатку конны партрэт вялікага князя літоўскага, пазней быў пераасэнсаваны як сімвал пагоні — даўняй традыцыі агульнага пераследу ворага. На думку Міхася Ткачова, сімвалізм «Пагоні» сягае ў даўніну да племянной ваеннай арганізацыі, калі кожны быў адказны за жыцці супляменнікаў. У выпадку нападу, кожны мужчына, які мог насіць зброю, быў абавязаны ўдзельнічаць у абароне і пагоні за ворагам. Традыцыя агульнай пагоні з’явілася ў часы ваеннай дэмакратыя, захоўвалася ў часы Кіеўскай дзяржавы і потым Вялікага княства Літоўскага. Пад уплывам еўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх традыцый ідэя абароны Айчыны, спалучаная з традыцыяй агульнай пагоні, увасобілася ў разуменні графічнага сімвала — герба «Пагоня»[9].
Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 года пісаў: «…паводле старажытнага звычаю, праследаванне ворага ёсць абавязак кожнага мужчыны ў нашым краі; такое паспалітае рушэнне дзеля выгнання ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „погоня“ (pogonia)»[10].
Працяглы час герб не меў уласнай назвы і падаваўся апісальна, напрыклад як «чоловека на кони з мечом» у Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцка[11]. Назва герба як «Пагоня» зафіксавана толькі з канца XVI ст.[2]. Версія пра ўжыванне такой назвы ўжо ў 1282 годзе, якую можна сустрэць у літаратуры[12], ідзе ад Тэадора Нарбута.
Наогул, выява конніка гэта адна з найбольш папулярных тэм сімволікі розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам «Пагоні» быў заходнееўрапейскі іканаграфічнае выражэнне тытула князь (dux) XI—XIII ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом ці прапарцом і са шчытом, на кані, які крочыць ці бяжыць галопам[13]. Выкарыстанне сімвала «Пагоня» як дынастычнага герба князёў літоўскіх на землях старадаўняй Беларусі апісваецца ў летапісах, пачынаючы з 1270 — 1290-х гг.
Першы пісьмовы ўспамін пра герб «Пагоня» сустракаецца ў літоўскіх (беларускіх) летапісах пад 1278 годам у сувязі з князем Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):
Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня». Хроніка Літоўская і Жамойцкая[14][15] |
Густынскі летапіс кажа пра ўзнікненне герба «Пагоня» ў часы вялікага князя літоўскага Віценя (1294—1316):
А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня. Густынскі летапіс[16] |
«Пагоня» ўпершыню з’яўляецца[18] на пячатцы «караля Літвы і Русі» Гедзіміна (1316—1341)[19]. Выява герба крыху адрознівалася ад звычайнай: коннік трымае ў руцэ дзіду, а не меч. Гэтая пячатка захоўваецца цяпер у гістарычным музеі Вільні. Таксама выява «Пагоні» ёсць на пячатцы полацкага князя Глеба (Нарымонта), датаванай 1330[20][21] годам. Была «Пагоня» і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён замацаваў дагавор з польскім каралём Казімірам 1366 года (вакол «Пагоні» — рускі надпіс)[22]. Сімвал спярша належаў выключна вялікім князям.
У 14 стагоддзі выява вершніка размясцілася на шчыце і пачала выкарыстоўвацца як герб на пячатках Ягайлы (1386 і 1387) і Вітаўта (1401). Пазней «Пагоня» зрабілася дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. У канцы 14 стагоддзя «Пагоня» таксама ўжывалася як сімвал пінскіх і друцкіх князёў.
Выгляд герба «Пагоня» не быў аднолькавым: спярша коннік глядзеў у левы (геральдычны) бок, але пачынаючы з першай паловы 15 стагоддзя, паводле правілаў еўрапейскай геральдыкі, ён павярнуўся ў правы бок.
Першая выява «Пагоні» з шасціканцовым крыжом, ідэнтычным крыжу Еўфрасінні Полацкай — святыні Полацкай зямлі, з’явілася на гербавым шчыце надмагілля вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы[21]. Хоць пра вытокі гэтага крыжа (так званага «патрыяршага») і выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі, ён адназначна мае хрысціянскае (візантыйскае) паходжанне. Тым часам тлумачэнне крыжа з «Пагоні» як сімвала паганскага бога Ярылы трэба прызнаць не толькі бяздовадным, але і сутнасна немагчымым[2].
Згодна са Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, усе гарады і мястэчкі Літвы мусілі мець пячатку з выявай «Пагоні», якой замацоўваліся гаспадарскія (велікакняжацкія) позвы да абывацеляў (на Жамойць гэта правіла не пашыралася). Ніякія іншыя дакументы, апроч велікакняжацкіх позваў, не маглі замацоўвацца пячаткай з «Пагоняй»:
Тежъ мы, господаръ, даемъ подъ геръбомъ того паньства нашого, великого князства литовъского, «Погонею» печать до кожъдого повету, на которой естъ написани около геръбу имя того повету. А тую печать писаръ земъский присяжный у себе самъ, а не хъто инъшый, ховати маеть, которою печатью и под тытуломъ нашымъ позвы мають быти печатованы и выдаваны. А иные никоторые листы, выписы и сознанья, кроме только самыхъ позвовъ, тою печатю не маеть быть печатованы. АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года |
На працягу 15—18 стагоддзяў «Пагоню» змяшчалі на брамах беларускіх местаў і замкаў[21]. Гэта знайшло адлюстраванне ў гарадской геральдыцы — напрыклад, на гербе Магілёва. Таксама «Пагоня» ўваходзіла ў склад гербаў Беластока, Дрысы, Лепеля, Магілёва, Пулаў, Рэчыцы, Седльцаў і Суража.
Розныя версіі «Пагоні» сталі гербамі шэрага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Мінскага, Берасцейскага, Новагародскага, Мсціслаўскага, Полацкага і іншых (акрамя Жамойці). Пры гэтым выявы «Пагоні» прыпадаюць толькі на этнічную тэрыторыю беларусаў, усе суседнія землі маюць іншыя гербы[23].
Увогуле, існавала пяць варыянтаў[24] сярэдневяковай «Пагоні»:
З мінімальнымі стылістычнымі зменамі «Пагоня» была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай герба Рэчы Паспалітай да 1795 года, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскае імперыі.
Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага Расійскай імперыяй (1772) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе ён быў укамплектаваны выхадцамі з Беларускай губерні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе шчыт падзелены на два полі: у верхнім, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з уздзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкецёрскі полк. Ён атрымаў у якасці герба на баявы сцяг рассечаны шчыт: у правым залатым полі выява палавіны чорнага расійскага арла, у левай, чырвонай, — «Пагоня». Згодна з указам ад 19 верасня 1827 году «Пагоняй» упрыгожваліся сцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палка.
Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраванне не толькі на штандарах вайсковых частак, што фарміраваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесніцтва, Магілёўскае намесніцтва, Віцебская губерня) ды «літоўскіх» (Гарадзенская губерня і Віленская губерня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай імперыі.
Апроч таго, былы агульнадзяржаўны сімвал увайшоў у склад гербаў шэрага ўсходніх беларускіх гарадоў (Віцебск, Веліж, Гарадок, Дзвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацк, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расійскімі ўладамі гербаў шчыт падзяляўся на дзве часткі: у верхняй, па геральдычных паняццях «пануючай», размяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — «Пагоня».
У канцы 1850-х гадоў «Пагоню» змясцілі на дзяржаўным гербе Расійскай імперыі як сімвал былых зямель Вялікага Княства Літоўскага.
У час паўстання 1863—1864 гадоў герб «Пагоня» ў спалучэнні з польскім «Арлом Белым» зрабіўся сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы за дэмакратычную перабудову грамадства. Кіраўнік задушэннем паўстання Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэнне аб забароне нашэння жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак з белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.
Такім чынам, герб «Пагоня» ў XIX ст. з аднаго боку з’яўляўся афіцыйным сімвалам, а з іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным. Але ва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[25].
У пачатаку 20 стагоддзя герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртання да гістарычнага дзяржаўнага сімвала ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 года напісаў верш «Пагоня».
У 1918 годзе «Пагоню» абвясцілі дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе выява размяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных устаноў. Нацыянальны беларускі герб ужываўся ў сімволіцы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну (1920).
У 1920 годзе літоўцы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт герба Вялікага Княства Літоўскага — «Віціс». У літоўскай мове не было слова для яго абазначэння, Сіманас Даўкантас яшчэ ў 1845 годзе прапанаваў называць «Пагоню» словам «Віціс»[26]. Выкарыстанне герба Вялікага Княства Літоўскага мусіла падмацаваць прэтэнзіі Літоўскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасць з ім. Аднак у 1920—1930-я гады многія дзяржаўныя дзеячы Літвы адзначалі неадпаведнасць гэтага герба менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне «Пагоні» і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага герба. Відавочна, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[27][28].
У міжваенны час «Пагоня» ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляшскага і Наваградскага ваяводстваў Польскай Рэспублікі. Тым часам у БССР герб «Пагоня» ніяк не выкарыстоўваўся.
Падчас Другой сусветнай вайны герб «Пагоня» разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнула да ўжытку Беларуская Цэнтральная Рада. Але, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944)[29], гэтае выкарыстанне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі. Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтарам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца «Пагоняй» побач з нямецкай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці», аказалася, па выніках пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі[27].
25 сакавіка 1946 года для цырымоніі прыняцця прысягі сяброў Саюза беларускіх патрыётаў на вернасць Беларусі дзяячка нацыянальна-вызваленчага руху Алеся Фурс намалявала «Пагоню», за што была асуджаная да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лагераў.
У пасляваенны час беларускую нацыянальную сімволіку, у тым ліку і «Пагоню», выкарыстоўвала беларуская эміграцыя.
А ў 1980-я гады напярэдадні распаду СССР герб «Пагоня» разам з бел-чырвона-белым сцягам зрабіліся сімваламі нацыянальнага адраджэння Беларусі. Вяртанню беларускай нацыянальнай сімволікі спрыялі гістарычна-культурныя аб’яднанні і клубы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.) і Беларускі Народны Фронт, а таксама партыі дэмакратычнага кірунку (БСДГ, НДПБ, Сялянская партыя, АДПБ і інш.)[30].
Афіцыйнае прызнанне «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга як нацыянальных сімвалаў беларусаў адбылося разам з прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (1990). Пад гэтай сімволікай прайшлі красавіцкія і майскія забастоўкі працоўных Беларусі 1991 года, якія адыгралі сваю ролю ў крушэнні таталітарызму ў краіне[30]. А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[31]. Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб «Пагоня», Дзяржаўным сцягам Беларусі — Бел-чырвона-белы сцяг[30].
Выгляд той рэдакцыі герба «Пагоня», якая была прынята ў якасці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991 г., мае наступныя адметнасці:
Новы эталон «Пагоні» быў спецыяльна распрацаваны беларускімі мастакамі Яўгенам Кулікам, Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным[32].
Аднак у 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка, які быў абраны прэзідэнтам краіны ў 1994, ініцыяваў рэферэндум, у выніку якога «Пагоню» пазбавілі статусу дзяржаўнага герба, і яна трапіла пад негалосную забарону.
У 2000-я гады герб «Пагоня» быў уключаны ў дзяржаўны спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі, а ў 2009 годзе «Пагоня» стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласці.
Падчас расійскага ўварвання ва Украіну, распачатага ў 2014 годзе, а таксама падчас другога ўварвання ў 2022 годзе, гербам «Пагоня» карысталіся беларускія добраахвотнікі на баку Украіны, у прыватнасці атрад «Пагоня», тактычная група «Беларусь», полк Каліноўскага і беларускі полк «Пагоня».
У наш час «Пагоняй» як нацыянальным гербам працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі. Акрамя таго, герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваецца ў спартыўных і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны.
Сёння «Пагоня» ёсць на эмблемах некалькіх беларускіх грамадскіх аб’яднанняў:
«Пагоню» маюць у сваім складзе гербы наступных населеных пунктаў:
Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць «Пагоню» ў складзе сваіх гербаў:
Таксама версія «Пагоні» з’яўляецца гербам Літвы.
Апроч гэтага, стылізаваная выява «Пагоні» як герба Вялікага Княства Літоўскага прысутнічае на найвялікшым у свеце фарфоравым пано «Шэсце князёў» у Дрэздэне.
Гістарычныя выявы Пагоні
З I Статута, 1531
Харугва Аўгуста Моцнага, 1702
З Сенатарскай залы, 1720-я
Вайсковая харугва ВКЛ, 1764—1792
Сучасныя выявы Пагоні
Герб БНР
Пагоня ў Вікіцытатніку | |
Пагоня ў Вікікрыніцах | |
Пагоня на Вікісховішчы |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |