Бойча, або Ягелонскі крыж[1] (польск.: Bojcza, Boycza; лац.: Boyncza[2]) — герб Ягелонаў, частка герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». У Польшчы герб з’явіўся ў канцы XIV стагоддзя[3].
У першапачатковым выглядзе: у блакітным шчыце, залаты шасціканцовы Патрыяршы крыж[4]. У XVI стагоддзі крыж становіцца срэбным.
Пасля заключэння Люблінскай уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе для крыжа або шчыта традыцыйным становіцца чырвоны колер: чырвоны крыж на сярэбраным полі; сярэбраны крыж на чырвоным полі; залаты крыж на чырвоным полі.
Герб з шасціканцовым крыжам сфарміраваўся пасля заключэння Крэўскай уніі ў 1385 годзе і каталіцкага хрышчэння Уладзіслава II Ягайлы ў 1386 годзе як асабісты герб Польскага караля і Вялікага князя Літоўскага[5], а затым стаў гербам і дынастыі Ягелонаў. Герб быў змешчаны на шчыце вершніка — гербе Вялікага княства Літоўскага.
У першай палове XV стагоддзя склаліся два варыянты герба ВКЛ: У Ягайлы — вершнік з мечам і шчыт з «Бойчай», у Вітаўта — такі самы вершнік, але шчыт з «Калюмнамі». Згасанне роду Кейстутавічаў абумовіла замацаванне за ВКЛ герба з «Бойчай»[6].
Звычайна на гербе Ягайлы ў крыжа папярочкі размешчаны ў верхняй частцы, і верхняя папярочка карацей за ніжнюю. Аднак крыж могуць выяўляць і з дзвюма роўнымі па даўжыні папярочкамі; пры гэтым яны могуць размяшчацца не толькі ў верхняй частцы фігуры[7]. Візантыйскі[8] патрыяршы крыж лічыўся сімвалам перамогі над паганствам і тым часам у Польскім каралеўстве сімвалізаваў перамогу хрысціянства ў палітыцы. Першапачаткова ў гербе адлюстроўваўся залаты крыж на блакітным шчыце. У канцы XVI стагоддзя з’яўляецца іншы каляровы варыянт герба — у чырваневым (пунсовым, чырвоным) полі залаты крыж[1]. Да сярэдзіны XIX стагоддзя чырвоны колер шчыта становіцца асноўным[9][10].
Сваю назву «Бойча» герб атрымаў у сярэдзіне XV стагоддзя[11].
Распаўсюджана версія, што падвойны крыж Ягайлы запазычыў з герба Венгрыі, ажаніўшыся з Ядзвігай — прынцэса Венгрыі і Польшчы. Гісторык[12] М. Загаруйка лічыць, што гэта супярэчыць існай геральдычнай практыцы. Гербам Венгрыі быў «у чырваневым полі срэбны патрыяршы крыж, лапчасты на канцах, які вянчаў зялёную гару з трыма вяршынямі» (карона з’явілася ў XVII стагоддзі). Калі б Уладзіслаў Ягайла пазычыў свой сімвал з герба Венгрыі, то па правілах геральдыкі ён бы ўзяў поўную кампазіцыю, захаваў чырвоны колер шчыта і зялёную гару[13]. Аднак колеры і склад фігур венгерскага герба яшчэ не былі жорстка фіксаваны і маглі выяўляцца па рознаму[14].
Першапачаткова крыж змяшчаўся на каралеўскіх пячатках на асобным шчыце над асноўным гербам. Гэтае размяшчэнне мае на ўвазе радавы, а ў выпадку Ягайлы і асабісты характар герба. Паказальна, што асобны шчыт з падвойным ягелонскім крыжам выяўляўся толькі на каралеўскіх пячатках — на пячатках некаранаваных нашчадкаў польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх з дынастыі Ягелонаў гэтага герба асобна няма, што пацвярджае яго блізкую сувязь з каралём. Унікальнасць падвойнага крыжа падкрэслена тым, што герб з’яўляўся на пячатках у прывілеяваным, радавым становішчы, суправаджаў вялікі герб, якія ўключаў Польскага Арла, Пагоню, герб Вялікай Польшчы, Куявіі і, у выпадку пячаткі Яна Альбрахта, таксама Галіцка-Валынскай Русі.
Падчас валадарства Казіміра Ягелончыка герб перажыў змены: папярочкі сталі аднолькавай даўжыні і размяшчаюцца сіметрычна на тронках, на роўнай адлегласці ад іх канцоў[15].
Далейшы лёс падвойнага крыжа ставіць пад сумнеў яго ролю як дынастычнай эмблемы Ягелонаў. На вялікай кароннай пячаткі Яна Альбрахта герб з’яўляецца пад асноўным гербам, што прадугледжвае яго родавую інтэрпрэтацыю. Змяненне размяшчэння герба, а значыць, і яго тлумачэння, аказалася трывалым, і з гэтага часу герб заўсёды будзе фігураваць на пячатках польскіх каралёў у шэрагу зямельных гербаў. Можна думаць, што ён перастаў выконваць функцыю герба дынастыі і стаў выконваць ролю герба-дамагання на венгерскі сталец. У XV стагоддзі падвойны крыж мог фігураваць і як герб Венгрыі, і як герб Ягелонаў. Геральдычная фігура ў выглядзе трайной гары была варыятыўнай і не заўсёды адлюстроўвалася ў венгерскім гербе, а карона была дададзена толькі ў XVII стагоддзі[14].
Пасля заключэння Люблінскай уніі і стварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе для крыжа або шчыта пачынаюць ужываць чырвоны колер. Пасля смерці ў 1572 годзе апошняга прадстаўніка дынастыі Ягелонаў на стальцы – Жыгімонта Аўгуста, у гербе з’яўляецца трэцяя папярочка для арыстакратыі некаралеўскага паходжання. У гербоўніку Барталамея Папроцкага 1584 года прыведзена менавіта такая выява, але без апісання.
Дзве сярэднявечныя крыніцы змяшчаюць каляровы малюнак або апісанне гэтага герба: гербоўнік Stemmata Polonica (каля 1555) і «Кляйноты» (1464—1480) Яна Длугаша, дзе пазначана, што герб мае сіняе поле. У Stemmata Polonica дадаткова паказаны колер крыжа — сярэбраны[16].
У сучаснай Літве Ягелонскі крыж называюць «Крыжом Віціса»[17].
Герб Ягайлы
Фрагмент сцяга ВКЛ, скарыстаны падчас Канстанцкага сабора 1416 года
Гербы Ягелонаў
Партрэт Уладзіслава Варненчыка, караля Польшчы і Венгрыі ў 1434—1444 гг.
Бойча на гербе Казіміра IV. Пасля 1447 г.
Фрагмент герба Вялікага княства Літоўскага з хронікі Ульрыха Рыхенталя, 1536
Герб Спішскага староства Рэчы Паспалітай на аснове герба Венгрыі. Мал. па апісанні 1575 г.
Шляхецкі герб Бойча з гербоўніка Б. Папроцкага, 1584
З герба Пагоня на браме горада Вільня «Вострая брама», Кон. XVI — пач. XVII стст.
Герб з флага Вялікага княства Літоўскага, 1764