wd wp Пошук:

Герб Магілёва

Герб Магілёва — афіцыйны геральдычны сімвал Магілёва, нададзены гораду каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам Казімірам у 1661 годзе.

Апісанне

Афіцыйнае апісанне:

Герб места Магілёва ўяўляе сабой выяву ў блакітным полі барочнага шчыта трох сярэбраных веж, у адчыненай браме сярэдняй з якіх знаходзіцца сярэбраны рыцар у даспехах з паднятым над галавой мячом. Угары над варотамі на ўсечаным па сваёй аснове круглым чырвоным шчыце пад дахам цэнтральнай вежы знаходзіцца сярэбраны ўзброены коннік з мячом і шчытом. Ніжні вугал шчыта, аддзелены выявай веж, зялёны.

Арыгінальны тэкст (руск.)   

Герб города Могилева представляет собой изображение на голубом фоне барочного щита трех серебряных башен, в открытых воротах средней из которых находится серебряный рыцарь в доспехах с поднятым над головой мечом. Вверху над воротами на усеченном по своему основанию круглом красном щите под кровлей центральной башни находится серебряный вооруженный всадник с мечом и щитом. Нижний угол щита, отделенный изображением башен, зеленый.

Гісторыя

Першы герб Магілёва 1577 года

Першы гарадскі герб Магілёву разам з поўным Магдэбургскім правам надаў 28 студзеня 1577 вялікі князь Стэфан Баторый: «вежа мураваная, высока выведзеная».

Вытрымка з адпаведнага велікакняжацкага прывілея:

А иж бы тое место неякою помноженья оздоб своих не мело, с тое ласки нашего господарское надаем тому месту печать мескую. Вежу мурованую, высоко выведеную, которую врат того места. У судов и инших справах и потребах печатовоти и того герба уживати мает вечными часы.

З канца XVI ст. дайшоў ананімны верш «На зацный клейнот места… Могилева, герб, названый вежа», унікальны прыклад эпіграмы на гарадскі герб[1]:

От могилок Могилов чому бы прозвано,
Вежу за герб пры праве Майдебурском дано?
С тых мер же, бы мешканцы на смерть памятали,
А над цноту вышшого ничого не знали.
При совитой до Бога и до пана вере,
Без одмены сталыми были в кождой мере
Даючи дань, повинность, почесть ведлуг стану
Духовенству од души, а од тела пану

Аднак па сканчэнні вайны Расіі з Рэччу Паспалітай за праяўленую мужнасць у час паўстання супраць маскоўскіх акупантаў Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй і 9 чэрвеня 1661 надаў яму новы геральдычны сімвал з «Пагоняй»: «у блакітным полі тры вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар у панцыры з уздзетай шабляй у руцэ; на вежы круглы шыльд з выявай дзяржаўнага герба „Пагоня“»[2].

У сучаснай Беларусі гістарычны герб Магілёва атрымаў афіцыйны статус 3 студзеня 2005[3].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу : манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 50. — 376 с. — ISBN 978-985-6976-10-3.
  2. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
  3. Указ президента Республики Беларусь от 3 января 2005 г. № 1 «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Могилевской области».

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Магілёў
Катэгорыя·Гербы гарадоў Беларусі
Катэгорыя·Гербы паводле алфавіта