wd wp Пошук:

Пагоня

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Пагоня (значэнні).

«Паго́ня» — асабісты герб польскага караля Уладзіслава Ягайлы, пазней агулам роду Гедзімінавічаў, атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім[1] у час валадарства вялікага князя Вітаўта[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў[3]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919) і Рэспублікі Беларусь (1991—1995), пад назвай «Віціс» дзяржаўны герб Літвы.

Уяўляе сабою выяву ўзброенага воіна на белым кані на чырвоным полі шчыта. Вершнік трымае ва ўзнятай правай руцэ меч, у левай — белы, чырвоны або сіні шчыт з залатым шасціканцовым крыжам. На левым баку ў вершніка похвы мяча, з-пад сядла звісае трохканцовая гунька (чапрак)[ru], яе колер ў розныя часы мяняўся ад сіняга да залаціста-жоўтага[4].

14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці[5].

Вытокі

Герб «Пагоня» з надмагілля Ягайлы (XV ст.) — адна з найстаражытнейшых выяў, найбольш выразны і каштоўны выяўленчы аўтэнтык эпохі[6]

На ўзнікненне герба «Пагоня» і замацаванне яго на землях Вялікага Княства Літоўскага ўплываў шэраг чыннікаў, кожны з іх асобна не быў вырашальным[7]:

Вершнік на пячатцы — спачатку конны партрэт вялікага князя літоўскага, пазней быў пераасэнсаваны як сімвал пагоні — даўняй традыцыі агульнага пераследу ворага. На думку Міхася Ткачова, сімвалізм «Пагоні» сягае ў даўніну да племянной ваеннай арганізацыі, калі кожны быў адказны за жыцці супляменнікаў. У выпадку нападу, кожны мужчына, які мог насіць зброю, быў абавязаны ўдзельнічаць у абароне і пагоні за ворагам. Традыцыя агульнай пагоні з’явілася ў часы ваеннай дэмакратыя, захоўвалася ў часы Кіеўскай дзяржавы і потым Вялікага княства Літоўскага. Пад уплывам еўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх традыцый ідэя абароны Айчыны, спалучаная з традыцыяй агульнай пагоні, увасобілася ў разуменні графічнага сімвала — герба «Пагоня»[9].

Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 года пісаў: «…паводле старажытнага звычаю, праследаванне ворага ёсць абавязак кожнага мужчыны ў нашым краі; такое паспалітае рушэнне дзеля выгнання ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „погоня“ (pogonia)»[10].

Працяглы час герб не меў уласнай назвы і падаваўся апісальна, напрыклад як «чоловека на кони з мечом» у Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцка[11]. Назва герба як «Пагоня» зафіксавана толькі з канца XVI ст.[2]. Версія пра ўжыванне такой назвы ўжо ў 1282 годзе, якую можна сустрэць у літаратуры[12], ідзе ад Тэадора Нарбута.

Гісторыя

Паходжанне

Наогул, выява конніка гэта адна з найбольш папулярных тэм сімволікі розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам «Пагоні» быў заходнееўрапейскі іканаграфічнае выражэнне тытула князь (dux) XI—XIII ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом ці прапарцом і са шчытом, на кані, які крочыць ці бяжыць галопам[13]. Выкарыстанне сімвала «Пагоня» як дынастычнага герба князёў літоўскіх на землях старадаўняй Беларусі апісваецца ў летапісах, пачынаючы з 1270 — 1290-х гг.

Вялікае Княства Літоўскае

«Пагоня» з рукапіснага гербоўніка Эразма Комніна (1575)

Першы пісьмовы ўспамін пра герб «Пагоня» сустракаецца ў літоўскіх (беларускіх) летапісах пад 1278 годам у сувязі з князем Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):

" Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня».
Хроніка Літоўская і Жамойцкая[14][15]
"

Густынскі летапіс кажа пра ўзнікненне герба «Пагоня» ў часы вялікага князя літоўскага Віценя (12941316):

" А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня.
Густынскі летапіс[16]
"
Выява «Пагоні» з віленскага выдання Статута Вялікага Княства Літоўскага (1614)[17]

«Пагоня» ўпершыню з’яўляецца[18] на пячатцы «караля Літвы і Русі» Гедзіміна (13161341)[19]. Выява герба крыху адрознівалася ад звычайнай: коннік трымае ў руцэ дзіду, а не меч. Гэтая пячатка захоўваецца цяпер у гістарычным музеі Вільні. Таксама выява «Пагоні» ёсць на пячатцы полацкага князя Глеба (Нарымонта), датаванай 1330[20][21] годам. Была «Пагоня» і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён замацаваў дагавор з польскім каралём Казімірам 1366 года (вакол «Пагоні» — рускі надпіс)[22]. Сімвал спярша належаў выключна вялікім князям.

У 14 стагоддзі выява вершніка размясцілася на шчыце і пачала выкарыстоўвацца як герб на пячатках Ягайлы (1386 і 1387) і Вітаўта (1401). Пазней «Пагоня» зрабілася дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. У канцы 14 стагоддзя «Пагоня» таксама ўжывалася як сімвал пінскіх і друцкіх князёў.

Выгляд герба «Пагоня» не быў аднолькавым: спярша коннік глядзеў у левы (геральдычны) бок, але пачынаючы з першай паловы 15 стагоддзя, паводле правілаў еўрапейскай геральдыкі, ён павярнуўся ў правы бок.

Першая выява «Пагоні» з шасціканцовым крыжом, ідэнтычным крыжу Еўфрасінні Полацкай — святыні Полацкай зямлі, з’явілася на гербавым шчыце надмагілля вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы[21]. Хоць пра вытокі гэтага крыжа (так званага «патрыяршага») і выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі, ён адназначна мае хрысціянскае (візантыйскае) паходжанне. Тым часам тлумачэнне крыжа з «Пагоні» як сімвала паганскага бога Ярылы трэба прызнаць не толькі бяздовадным, але і сутнасна немагчымым[2].

Згодна са Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, усе гарады і мястэчкі Літвы мусілі мець пячатку з выявай «Пагоні», якой замацоўваліся гаспадарскія (велікакняжацкія) позвы да абывацеляў (на Жамойць гэта правіла не пашыралася). Ніякія іншыя дакументы, апроч велікакняжацкіх позваў, не маглі замацоўвацца пячаткай з «Пагоняй»:

Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня», малюнак XVIII ст. з фондаў Дэпартамента Геральдыі[20]
" Тежъ мы, господаръ, даемъ подъ геръбомъ того паньства нашого, великого князства литовъского, «Погонею» печать до кожъдого повету, на которой естъ написани около геръбу имя того повету. А тую печать писаръ земъский присяжный у себе самъ, а не хъто инъшый, ховати маеть, которою печатью и под тытуломъ нашымъ позвы мають быти печатованы и выдаваны. А иные никоторые листы, выписы и сознанья, кроме только самыхъ позвовъ, тою печатю не маеть быть печатованы.
АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года
"

На працягу 1518 стагоддзяў «Пагоню» змяшчалі на брамах беларускіх местаў і замкаў[21]. Гэта знайшло адлюстраванне ў гарадской геральдыцы — напрыклад, на гербе Магілёва. Таксама «Пагоня» ўваходзіла ў склад гербаў Беластока, Дрысы, Лепеля, Магілёва, Пулаў, Рэчыцы, Седльцаў і Суража.

Розныя версіі «Пагоні» сталі гербамі шэрага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Мінскага, Берасцейскага, Новагародскага, Мсціслаўскага, Полацкага і іншых (акрамя Жамойці). Пры гэтым выявы «Пагоні» прыпадаюць толькі на этнічную тэрыторыю беларусаў, усе суседнія землі маюць іншыя гербы[23].

Увогуле, існавала пяць варыянтаў[24] сярэдневяковай «Пагоні»:

«Малая Пагоня» на гістарычным гербе Амсціслава
  1. Класічная — у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
  2. Такі ж яздок, але ва ўздзетай руцэ дзіда, якую ён рыхтуецца кінуць у ворага.
  3. Голы (без засцерагальнага ўзбраення) яздок на кані без сядла, уздымае над галавою меч. Іканаграфія такога варыянта не сустракаецца, але вядома падобная версія XVII ст. Маскоўскага герба.
  4. Т. зв. «Малая Пагоня»: на шчыце толькі асноўная дэталь герба — збройная рука з голым мячом. Колер поля чырвоны або залаты. Існуе дзве адметныя версіі «Малой Пагоні».
  5. «Татарская Пагоня»: у зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука ў сваіх насцігаючых.

З мінімальнымі стылістычнымі зменамі «Пагоня» была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай герба Рэчы Паспалітай да 1795 года, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскае імперыі.

Пад Расійскай уладай

Ротны сцяг Беларускай гусарскай харугвы

Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага Расійскай імперыяй (1772) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе ён быў укамплектаваны выхадцамі з Беларускай губерні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе шчыт падзелены на два полі: у верхнім, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з уздзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкецёрскі полк. Ён атрымаў у якасці герба на баявы сцяг рассечаны шчыт: у правым залатым полі выява палавіны чорнага расійскага арла, у левай, чырвонай, — «Пагоня». Згодна з указам ад 19 верасня 1827 году «Пагоняй» упрыгожваліся сцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палка.

Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраванне не толькі на штандарах вайсковых частак, што фарміраваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесніцтва, Магілёўскае намесніцтва, Віцебская губерня) ды «літоўскіх» (Гарадзенская губерня і Віленская губерня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай імперыі.

«Беларуская» частка (Полацк, Віцебск, Амсціслаў) вялікага герба Расійскай імперыі, 1857 г.

Апроч таго, былы агульнадзяржаўны сімвал увайшоў у склад гербаў шэрага ўсходніх беларускіх гарадоў (Віцебск, Веліж, Гарадок, Дзвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацк, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расійскімі ўладамі гербаў шчыт падзяляўся на дзве часткі: у верхняй, па геральдычных паняццях «пануючай», размяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — «Пагоня».

У канцы 1850-х гадоў «Пагоню» змясцілі на дзяржаўным гербе Расійскай імперыі як сімвал былых зямель Вялікага Княства Літоўскага.

У час паўстання 1863—1864 гадоў герб «Пагоня» ў спалучэнні з польскім «Арлом Белым» зрабіўся сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы за дэмакратычную перабудову грамадства. Кіраўнік задушэннем паўстання Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэнне аб забароне нашэння жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак з белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.

Такім чынам, герб «Пагоня» ў XIX ст. з аднаго боку з’яўляўся афіцыйным сімвалам, а з іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным. Але ва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[25].

Найноўшы час

Герб БНР
Паштовая картка часоў БНР з дзяржаўным гербам і гербам беларускіх ваяводстваў.

У пачатаку 20 стагоддзя герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртання да гістарычнага дзяржаўнага сімвала ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 года напісаў верш «Пагоня».

У 1918 годзе «Пагоню» абвясцілі дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе выява размяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных устаноў. Нацыянальны беларускі герб ужываўся ў сімволіцы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну (1920).

У 1920 годзе літоўцы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт герба Вялікага Княства Літоўскага — «Віціс». У літоўскай мове не было слова для яго абазначэння, Сіманас Даўкантас яшчэ ў 1845 годзе прапанаваў называць «Пагоню» словам «Віціс»[26]. Выкарыстанне герба Вялікага Княства Літоўскага мусіла падмацаваць прэтэнзіі Літоўскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасць з ім. Аднак у 19201930-я гады многія дзяржаўныя дзеячы Літвы адзначалі неадпаведнасць гэтага герба менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне «Пагоні» і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага герба. Відавочна, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[27][28].

У міжваенны час «Пагоня» ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляшскага і Наваградскага ваяводстваў Польскай Рэспублікі. Тым часам у БССР герб «Пагоня» ніяк не выкарыстоўваўся.

Падчас Другой сусветнай вайны герб «Пагоня» разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнула да ўжытку Беларуская Цэнтральная Рада. Але, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944)[29], гэтае выкарыстанне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі. Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтарам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца «Пагоняй» побач з нямецкай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці», аказалася, па выніках пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі[27].

25 сакавіка 1946 года для цырымоніі прыняцця прысягі сяброў Саюза беларускіх патрыётаў на вернасць Беларусі дзяячка нацыянальна-вызваленчага руху Алеся Фурс намалявала «Пагоню», за што была асуджаная да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лагераў.

У пасляваенны час беларускую нацыянальную сімволіку, у тым ліку і «Пагоню», выкарыстоўвала беларуская эміграцыя.

А ў 1980-я гады напярэдадні распаду СССР герб «Пагоня» разам з бел-чырвона-белым сцягам зрабіліся сімваламі нацыянальнага адраджэння Беларусі. Вяртанню беларускай нацыянальнай сімволікі спрыялі гістарычна-культурныя аб’яднанні і клубы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.) і Беларускі Народны Фронт, а таксама партыі дэмакратычнага кірунку (БСДГ, НДПБ, Сялянская партыя, АДПБ і інш.)[30].

Вокладка пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1993—1996 гадоў

Афіцыйнае прызнанне «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга як нацыянальных сімвалаў беларусаў адбылося разам з прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (1990). Пад гэтай сімволікай прайшлі красавіцкія і майскія забастоўкі працоўных Беларусі 1991 года, якія адыгралі сваю ролю ў крушэнні таталітарызму ў краіне[30]. А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[31]. Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб «Пагоня», Дзяржаўным сцягам Беларусі — Бел-чырвона-белы сцяг[30].

Выгляд той рэдакцыі герба «Пагоня», якая была прынята ў якасці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991 г., мае наступныя адметнасці:

Новы эталон «Пагоні» быў спецыяльна распрацаваны беларускімі мастакамі Яўгенам Кулікам, Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным[32].

Аднак у 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка, які быў абраны прэзідэнтам краіны ў 1994, ініцыяваў рэферэндум, у выніку якога «Пагоню» пазбавілі статусу дзяржаўнага герба, і яна трапіла пад негалосную забарону.

На пікеце каля Дома ўрада плакат беларускай лацінкай: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: гэрб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, — а таксама назоў краіны Літва, сталіцы — Менск!» (19 верасня 1991 г.)

У 2000-я гады герб «Пагоня» быў уключаны ў дзяржаўны спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі, а ў 2009 годзе «Пагоня» стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласці.

Падчас расійскага ўварвання ва Украіну, распачатага ў 2014 годзе, а таксама падчас другога ўварвання ў 2022 годзе, гербам «Пагоня» карысталіся беларускія добраахвотнікі на баку Украіны, у прыватнасці атрад «Пагоня», тактычная група «Беларусь», полк Каліноўскага і беларускі полк «Пагоня».

Сучаснасць

У наш час «Пагоняй» як нацыянальным гербам працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі. Акрамя таго, герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваецца ў спартыўных і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны.

Сёння «Пагоня» ёсць на эмблемах некалькіх беларускіх грамадскіх аб’яднанняў:

Выява «Пагоні» часоў ВКЛ на пано «Шэсце князёў» у Дрэздэне

«Пагоню» маюць у сваім складзе гербы наступных населеных пунктаў:

Себеж

Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць «Пагоню» ў складзе сваіх гербаў:

Таксама версія «Пагоні» з’яўляецца гербам Літвы.

Апроч гэтага, стылізаваная выява «Пагоні» як герба Вялікага Княства Літоўскага прысутнічае на найвялікшым у свеце фарфоравым пано «Шэсце князёў» у Дрэздэне.

У філатэліі

Галерэя

Заўвагі

  1. ЭнцВКЛ, 2005
  2. 1 2 3 Насевіч В. Сімвал Вялікага княства Архівавана 18 красавіка 2010. // «Чырвоная Змена» № 33 (13891), 28 сакавіка 1995.
  3. М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 391.
  4. Дайнюс Разаўскас. Белы Вершнік з узнятым мячом на чырвоным фоне. Сімволіка герба Вялікага княства Літоўскага // DRUVIS №2. Almanach Centru etnakasmalohiji «Kryuja» / Пад. рэд. Тодара Кашкурэвіча. — Мн., 2008. — С. 137. — 242 с. — 299 экз.
  5. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей»
  6. Сьцяг і герб // «Мастацтва» № 8, 1992.
  7. Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 98.
  8. А. Л. Хорошкевич. «Конные печати» Александра Невского и традиции средневековой сфрагистики // Князь Александр Невский и его эпоха. — С-Пб., 1995.
  9. М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы
  10. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В. К. Шчарбакоў, K. I. Кернажыцкі, Д. I. Даўгяла. Т. 1. — Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936.
  11. ПРСЛ, т. XXXV.
  12. Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. с.132
  13. Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. с.131-132
  14. Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  15. Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  16. Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 40. — СПб., 2003.
  17. Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 106.
  18. У. А. Юргенсон. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі i нумізматыкі Архівавана 14 студзеня 2010. // «Беларускі гістарычны часопіс» № 8, 2003.
  19. Аляксей Шаланда. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага // «Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne» № 16.
  20. 1 2 Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 99.
  21. 1 2 3 М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 392.
  22. Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
  23. Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 25—26.
  24. Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 144.
  25. Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 36.
  26. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Сверчанка, Зм. Занько. ― Мн.: рэдакцыя газета «Звязда», 1993. ― с. 54
  27. 1 2 Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  28. Міхась Скобла. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» Архівавана 11 жніўня 2011. // Радыё Свабода, 31 студзеня 2008.
  29. Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 156.
  30. 1 2 3 М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 393.
  31. s:Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь (1992)
  32. Артыкул С.Мікулевіча «Сапраўдныя беларускія сімвалы» ў «Нашай Ніве»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Вікіпедыя:Добрыя артыкулы па гісторыі Беларусі
Гісторыя Беларусі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Беларусы
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедычны даведнік Беларусь (1995) без нумароў старонак
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Гербы Беларусі
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Дзяржаўныя сімвалы Беларусі
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедычны даведнік Беларусь (1995) без назвы артыкула
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Гербы паводле алфавіта
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Вікіпедыя:Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Прыватнаўласніцкія гербы
Гісторыя Беларусі (пасля 1990 года)
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Гербы Вялікага Княства Літоўскага