wd wp Пошук:

Ашмянскі раён

Будынак райвыканкама

Ашмянскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе на захадзе з Літвой, на поўначы — з Астравецкім раёнам, на ўсходзе і поўдні — адпаведна са Смаргонскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці і на паўднёвым усходзе — з Валожынскім раёнам Мінскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна — 1,2 тыс. км². Падзелены на 10 сельсаветаў. Цэнтр раёна — горад Ашмяны.

Ашмянскі раён Вілейскай вобласці (студзень 1940)

Прырода

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Ашмянскага ўзвышша.

Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Працякаюць рэкі Ашмянка, Гальшанка, Клява, Загорнікі. Лясы пераважна хваёвыя, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха). Лясы займаюць 34,5 % тэрыторыі раёна.

Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,6 °C, ліпеня — 17,1 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў — 605 мм. Працягласць вегетацыйнага перыяду — 190 дзён.

Лясы пераважаюць іглічныя, сустракаюцца драбналістыя (бяроза, асіна, алешына). Лясы займаюць 34,5 % тэрыторыі раёна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Агульная плошча балотаў — 7,3 тыс. га.

Гісторыя

Ашмянскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 20 сельсаветаў: Анжадаўскі, Анкудскі, Ашмянскі, Гальшанскі, Граўжышкоўскі, Доргішкаўскі, Жупранскі, Каецяняцкі, Кальчунскі, Каменскі, Крайванцаўскі, Куцавіцкі, Лудскі, Маствілішкаўскі, Мураванаашмянкоўскі, Палянскі, Семярніцкі, Стульгінскі, Цудзенішкаўскі, Янканцаўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Анкудскі, Ашмянскі, Каменскі, Маствілішкаўскі, Стульгінскі, Цудзенішкаўскі і Янканцаўскі сельсаветы, утвораны Каменналогскі і Павяжынскі сельсаветы, Анжадаўскі сельсавет перайменаваны ў Гардзіеўцаўскі, Каецяняцкі — у Барунскі. 27 сакавіка 1959 года скасаваны Лудскі сельсавет. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 13 лютага 1960 года да раёна далучаны Багданаўскі сельсавет Іўеўскага раёна. 2 снежня 1961 года скасаваны Барунскі і Павяжынскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы скасаванага Астравецкага раёна, Багданаўскі сельсавет перададзены ў склад Іўеўскага раёна. 23 сакавіка 1964 года скасаваны Доргішкаўскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Астравецкаму раёну. 17 студзеня 1969 года ўтвораны Барунскі сельсавет. 11 лютага 1972 года скасаваны Гардзіеўцаўскі сельсавет. 12 лістапада 1973 года Куцавіцкі сельсавет перайменаваны ў Навасёлкаўскі. 20 чэрвеня 1988 года скасаваны Палянскі сельсавет, утвораны Гродзінскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Ашмянскі раён і горад Ашмяны аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. 15 снежня 1997 года скасаваны Семярніцкі сельсавет.

Насельніцтва

Насельніцтва раёна налічвае 32,3 тыс. чалавек (2009), гарадское насельніцтва складае 41,3 %. Раён мае 364 сельскіх населеных пунктаў (2011).

Гаспадарка

Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 65,7 тыс. га, з іх асушаных 8,4 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, рапс, агародніну.

Прадпрыемствы: харчовая (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — вытворчасць сухога абястлушчанага малака) прамысловасць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё, інструментальная вытворчасць), прыборабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, торфапрадпрыемствы.

Транспарт

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія Мінск — Вільнюс, магістраль Мінск — Ашмяны — граніца Літоўскай Рэспублікі (Каменны Лог) M7. На паўднёвы захад ад Ашмян адыходзіць рэспубліканская аўтадарога Ашмяны — Клявіца — граніца Літоўскай Рэспублікі (Клявіца) M146.

З поўдня на поўнач праз тэрыторыю раёна праходзіць рэспубліканская аўтадарога Іўе — Юрацішкі — Ашмяны — Варняны / пад’езд да граніцы Літоўскай Рэспублікі (Лоша) Р48. З усхода да Ашмян вядзе рэспубліканская аўтадарога Барысаў — Вілейка — Ашмяны Р63.

Праз паўднёва-усходнюю частку раёна праходзіць рэспубліканская аўтадарога Лынтупы — Свір — Смаргонь — Крэва — Гальшаны Р95.

Адукацыя і культура

У раёне 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пачатковых, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў, 1 спецшкола, дзіцячая спартыўная школа, сельгастэхнікум, ПТВ. На тэрыторыі знаходзяцца санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба», Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча і філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў вёсцы Гальшаны.

У 2001 і 2010 гадах раён (Ашмяны) быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля» [4], [5].

СМІ

Памятныя мясціны

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Ашмянскага раёна

Ашмяны

Архітэктурныя помнікі: манастыр базыльянаў (XVIII ст.) у вёсцы Баруны, кляштар францысканцаў (XVII ст.) і руіны замка (канец XVI — пачатак XVII ст.) у вёсцы Гальшаны, царква (XIX ст.) у вёсцы Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец XVIII — пачатак XIX ст.) у в. Граўжышкі, касцёл Св. Пятра і Паўла (XIX ст.) у вёсцы Жупраны, сядзіба (XIX ст.) у вёсцы Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец XVIII — пачатак XIX ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец XVI ст.) у вёсцы Мураваная Ашмянка.

У вёсцы Цюпішкі знаходзіцца пункт Дугі Струвэ, якая ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як частка аб’екту № 1187.

Археалагічныя помнікі

НазваДатаваннеМесцазнаходжаннеКатэгорыя
Гарадзішча перыяду СярэднявеччаXII-XIV, XV—XVIII стагоддзі1,5 км на ўсход ад вёскі Гальшаны3
Курганны могільнік перыяду СярэднявеччаXII-XIV стагоддзі0,5 км на поўнач ад вёскі Клявіца3
Курганны могільнік перыяду СярэднявеччаXII-XIV стагоддзі5 км на паўночны захад ад вёскі Клявіца3
Каменны могільнікXVI-XVIII стагоддзі0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Курганы3
Гарадзішча перыяду жалезнага векуIII-IV стагоддзі н.э.0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Шчапанавічы3

Старшыні райвыканкама

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Літаратура

Зноскі

  1. http://oshmiany.gov.by/ru/biografiya-rukovoditel/
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. На «Адной зямлі» гаспадарылі ашмянцы//«Рэгіянальная газета», 29 чэрвеня 2001 г., № 26 (323)
  5. Ашмяны прынялі «Адну зямлю» Архівавана 11 жніўня 2014.//«Рэгіянальная газета»
  6. Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Раёны, утвораныя ў 1940 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Ашмянскі раён
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак