wd wp Пошук:

Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі

Адміністрацыйны падзел Галіцыі ў 1777—1782
Адміністрацыйны падзел Галіцыі і Ладамерыі ў 1914 годзе.

Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі з Вялікім княствам Кракаўскім, княствамі Асвенціма і Затора (лац.: Regnum Galiciae et Lodomeriae, ням.: Königreich Galizien und Lodomerien mit dem Großherzogtum Krakau und den Herzogtümern Auschwitz und Zator; польск.: Królestwo Galicji i Lodomerii wraz z Wielkim Księstwem Krakowskim i Księstwem Oświęcimia i Zatoru; укр.: Королівство Галичини та Володимирії з Великим князіством Краківським і князівствами Освенцима і Затору) — каронная зямля на ўсходзе Габсбургскай манархіі, са сталіцай у Львове, утвораная пасля падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 годзе. Складалася з Галіцыі і Малой Польшчы. Была пераважна населена палякамі, украінцамі і яўрэямі.

Гісторыя

Упершыню гэта назва была выкарыстана венгерскім каралём Андрашам II, які пасля смерці ў 1205 г. Рамана Мсціславіча Вялікага прэтэндаваў на прастол Галіцка-Валынскай Русі і быў каранаваны як «Божай літасцю кароль, Венгрыі, Далмацыі, Харватыі, Рыма, Галіцыі і Ладамерыі» (лац.: Dei gratia, Hungariae, Dalmatiae Croatiae, Romae, Seruiae, Galliciae, Lodomeriaeque rex). Манархі з дынастыі Раманавічаў таксама выкарыстоўвалі ў сваіх тытулах даная назва. Нашчадкі Данііла Раманавіча Галіцкага мелі тытул «Rex Russiae» (часцей «Regis Rusie») і «duces totius terrae Russiae, Galicie et Ladimirie» («кароль Русі» і «князь усёй зямлі рускай, галіцкай і ўладзімірскай».

У старажытнарускай Галіцка-Валынскай дзяржаве пасля згасання мужчынскай лініі роду кіруючай дынастыі Раманавічаў, быў закліканы на прастол унук караля Русі Юрыя I Львовіча Баляслаў-Юрый Тройдзенавіч, сын Марыі Юр’еўны і Тройдзеня І Пяста. Пасля яго смерці ў 1340 г. пачаліся войны за галіцка-валынскую спадчыну, у выніку якіх Галіцкая зямля ўвайшла ў склад Польскага каралеўства Казіміра Вялікага з дынастыі Пястаў, а Валынь засталася за Гедзімінавічамі. Яшчэ ў канцы XIII стагоддзя як пасаг за дачкой Льва Данілавіча ўладанні ў Закарпацці адышлі да венгерскай кароны. Венгерскі і потым кароль польскі Людовік I Вялікі ўключыў Галіцкую зямлю ў склад Венгрыі на 1372—1387 гг., але яго дачка Ядвіга, каралева Польшчы, уключыла Галіцкае каралеўства ў склад каралеўства Польскага ў 1387 г. У 1434 годзе з Галіцка-Валынскага земляў кароль Уладзіслаў III Варненчык утварыў ваяводствы і затым Галічына нароўні з Валынню ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай у якасці польскіх каронных земляў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Рускае і Белзскае ваяводствы ўвайшлі ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі, потым Аўстрыйскай імперыі і затым Аўстра-Венгрыі ў якасці ўсходняй часткі каралеўства Галіцыі і Ладамерыі. У 1775 годзе да яго, у якасці Чарнавіцкай акругі, адышла і Букавіна, гістарычна румынская (малдаўская) вобласць, анексаваная Расійскай імперыяй у Турцыі і затым саступленая ёю Аўстрыйскай імперыі. У каралеўстве ўвесь час ішла палітычная барацьба паміж палякамі і ўкраінцамі.

У Львове да пачатку XX стагоддзя колькасць палякаў была ўтрая больш за колькасць украінцаў; горад лічыўся адной з польскіх культурных сталіц. Палякі пераважалі ва Усходняй Галіцыі сярод гарадскога насельніцтва і эліты (асабліва землеўладальніцкай), што падтрымлівала іх уяўленне аб Галіцыі як пра цалкам польскую зямлю. Усяго паводле даных перапісу 1910 года, ва Усходняй Галіцыі з 5 300 000 жыхароў польскую мову назвалі роднай 39,8 %, украінскую — 58,9 %; зрэшты, гэту статыстыку падазраюць у неаб’ектыўнасці, бо чыноўнікі, якія праводзілі перапіс, былі галоўным чынам этнічныя палякі. Акрамя таго, у польскамоўнае насельніцтва ўваходзяць таксама этнічныя яўрэі[1].

Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на тэрыторыі Галіцыі кароткі час існавалі Руская народная рэспубліка лемкаў, Заходне-Украінская народная рэспубліка і Галіцыйская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка, аднак па выніках савецка-польскай і ўкраінска-польскай войнаў уся тэрыторыя каралеўства ўвайшла ў склад Другой Рэчы Паспалітай.

Адміністрацыйны падзел Галіцыі і Ладамерыі

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай частка Польшчы ўвайшла ў склад новастворанай аўстрыйскай правінцыі — Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі. Сталіцу правінцыі планавалася зрабіць у Ярославе (горадзе, размешчаным у цэнтры каралеўства), разглядалася таксама кандыдатура Пшэмысля, аднак урэшце ўлады спыніліся на Львове, як на самым вялікім горадзе правінцыі[2].

Спачатку ў 1774 годзе тэрыторыя каралеўства была падзелена на 6 цыркулаў: белзскі, чарвонарускі, кракаўскі, люблінскі, падольскі і сандамірскі. Тыя адпаведна былі падзелены на 59 дыстрыктаў. У 1777 годзе колькасць раёнаў было паменшана да 19, а ў 1782 годзе адміністрацыйны падзел быў рэарганізавана, і каралеўства стала дзяліцца на 19 цыркулаў.

Канчатковыя межы правінцыі былі ўсталяваны на Венскім кангрэсе, а каронным краем яна стала з 1850 года.

Зноскі

  1. Piotr Eberhardt. Ethnic groups and population changes in twentieth-century Central-Eastern Europe: history, data, analysis. — M.E. Sharpe, 2003. P. 92-93. — ISBN 978-07-65606-65-5.
  2. M. Wieliczko, 500 zagadek o Rzeszowie i Ziemi Rzeszowskiej, Warszawa 1973; F. Persowski, Przemyśl pod rządami austriackimi 1772—1918, w: Tysiąc lat Przemyśla. Zarys historyczny, Kraków 1974.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Дзяржавы ў гісторыі Польшчы
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
1772 год у Еўропе
XVIII стагоддзе ў Польшчы
З’явіліся ў 1772 годзе
Галічына
Каралеўствы
Дзяржавы ў гісторыі Украіны
XVIII стагоддзе ва Украіне
Дзяржаўны лад Аўстра-Венгрыі
Зніклі ў 1918 годзе