wd wp Пошук:

Вільгельм Орлік-Рукеман

Вільге́льм Казі́мер О́рлік-Рукема́н (польск.: Wilhelm Orlik-Rückemann; 1 жніўня 1894, Львоў, Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі — 18 кастрычніка 1986, Атава, Канада) — польскі ваенны дзеяч, брыгадны генерал Войска Польскага, галоўнакамандуючы польскімі войскамі ў бітве пад Шацкам, апошні камандзір Корпуса аховы памежжа (1939).

Біяграфія

Вільгельм Орлік-Рукеман нарадзіўся 1 жніўня 1894 года ў Львове ў польскамоўнай сям’і яўрэйскага паходжання[1]. Навучаўся ў першай гарадской рэальнай гімназіі, дзе ў 1910—1911 гадах арганізаваў скаўцкі атрад «Вугольчыкі» (польск.: Zarzewie). У наступным годзе паступіў у Вышэйшую політэхнічную школу на факультэт дарожна-маставога будаўніцтва, які не скончыў з-за пачатку Першай сусветнай вайны.

У 1914 годзе далучыўся да польскіх легіёнаў, дзе выслужыўся да афіцэра шостага пяхотнага палка. Ад 13 лістапада да 26 снежня 1915 г. часова выконваў абавязкі каменданта першага батальёна шостага пяхотнага палка, а ад 15 сакавіка да 4 красавіка 1916 г. знаходзіўся на аналагічнай пасадзе ў трэцім батальёне. У 1917 г., пасля крызісу, выкліканага адмовай часткі жаўнераў прысягнуць на вернасць Польскаму Каралеўству, Рукеман быў пераведзены ва ўзброеныя сілы Аўстра-Венгрыі, дзе служыў, у тым ліку, у 19-ым стралковым палку. У наступным годзе скончыў школу афіцэраў рэзерву. 4 лістапада таго ж года быў прыняты на службу ў Войска Польскае. Падчас польска-ўкраінскай вайны быў узяты ў палон, аднак вызвалены пасля падпісання дамовы паміж Юзафам Пілсудскім і Сымонам Пятлюрам. У польска-савецкай вайне зарэкамендаваў сябе як здольны вайскавод і ўжо 16 жніўня 1920 года быў прызначаны камандзірам першага танкавага палка, у якім праслужыў да 1921 года[2].

У 1921 годзе атрымаў дазвол на даданне да радавога прозвішча Рукеман дадатковае імя Казімер Орлік[3]. У 1921—1922 г. працаваў інспектарам танкавых часткаў у Дэпартаменце пяхоты Міністэрства вайсковых спраў. Ад 1922 да мая 1927 г. зноў узначальваў першы танкавы полк. У гэты час паспеў скончыць адукацыйны курс для камандзіраў танкавых падраздзяленняў у французскай Вышэйшай вайсковай школе, пасля сканчэння якога быў прызначаны начальнікам бронетанкавага аддзелу Дэпартамента інжынерыі Міністэрства вайсковых спраў[4]. У студзені 1928 года стаў працаваць на пасадзе другога камандзіра пяхоты 23-й Верхнесілезскай пяхотнай дывізіі ў Катавіцах[5]. Ад 6 снежня 1930 да 31 ліпеня 1931 г. Вільгельм Орлік-Рукеман лічыўся слухачом пятага курсу Цэнтра вышэйшага ваеннага навучання ў Варшаве, пасля заканчэння якога вярнуўся на апошняе месца службы ў якасці першага камандуючага дывізійнай пяхотай.

27 лютага 1932 г. узяў камандаванне дзявятай пяхотнай дывізіяй. 21 снежня таго ж году польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі павысіў колішняга палкоўніка да брыгаднага генрала са старшынствам у адпаведным корпусе з 1 студзеня 1933 г. У снежні 1938 года быў прызначаны на пасаду намесніка камандзіра Корпуса аховы памежжа, а 31 жніўня 1939 года цалкам прыняў камандаванне гэтым памежным фармаваннем.

Пасля пачатку польскай вераснёвай кампаніі узначаліў давераныя яму ўзброеныя падраздзяленні. Пасля далучэння Савецкага Саюза да ўдзелу ў Другой сусветнай вайне Вільгельм Орлік-Рукеман загадаў перадыслакавацца разам з падлеглымі яму войскамі ў кірунку Варшавы разам з адзінкамі Самадзейнай аператыўнай групы «Палессе» генерала Францішака Клееберга. 20—22 верасня 1939 г. ён вырашыў сканцэнтраваць вялікую колькасць незадзейнічаных у баях з савецкімі войскамі адзінак з двухсоткіламетровага адрэзка ўсходняй мяжы і распачаў паход у заходнім кірунку. Яго злучэнне налічвала каля 9000 памежнікаў, дзве артылерыйскія батарэі, невялікую колькасць узбраення і ежы.

У ноч з 27 на 28 верасня 1939 года злучэнне падыйшло да ўкраінскага мястэчка Шацк. Пасля непрацяглай бітвы з савецкімі войскамі мясцовасць была адваявана ў 52-й стралковай дывізіі, якая пры гэтым панесла значныя страты. 30 верасня акружаныя польскія адзінкі фарсіравалі Буг і падыйшлі да вёскі Вытычна. 1 кастрычніка яны былі атакаваны 45-й савецкай стралковай дывізіяй. Пасля абароны, якая працягвалася цэлы дзень, генерал Орлік-Рукеман выдаў загад аб расфармаванні Корпуса аховы памежжа і адыходзе невялікімі часткамі. Некаторая колькасць жаўнераў, здольная да аброны, уначы адыйшла да тэрыторыі, на якой дзейнічала аператыўная група «Палессе» і працягнула ўдзел у вайне.

Брыгадны генерал разам з жаўнерамі ўцёк ад савецкіх войскаў і неўзабаве эміграваў у Літву, а пасля — у Швецыю. Адтуль, з дапамогай польскага консульства ён выехаў у Вялікабрытанію. Да канца Другой сусветнай вайны працягваў займаць розныя штабавыя пасады, у 1945—1947 гадах служыў у Генеральным сакратараце Польскага корпуса перасялення і размяшчэння ў Вялікабрытаніі. У 1947 годзе Вільгельм Орлік-Рукеман выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі: спачатку жыў у Лондане, а ў 1972 г. пераехаў да сям’і ў Канаду. Памёр у Атаве 18 кастрычніка 1986 года і быў пахаваны на мясцовых могілках[6].

Быў жанаты на Розе Фаянс, якая паходзіла з вядомай варшаўскай сям’і Фаянсаў, уладальнікаў судаходнай кампаніі «Рух па Вісле» і актыўных дзеячоў яўрэйскай грамады.

Вайсковыя званні

Узнагароды

Зноскі

  1. Bukowski, 1974, с. 172
  2. Odprawa Nr 44, 1917, с. 96
  3. Dziennik M.S.Wojsk, 1921
  4. Dziennik M.S.Wojsk Nr 14, 1927
  5. Dziennik M.S.Wojsk Nr 28, 1927
  6. Z żałobnej karty, 1971, с. 115

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Узнагароджаныя Залатым Крыжам Заслугі
Кавалеры сярэбранага знака ордэна Virtuti Militari
Кавалеры крыжа Храбрых
Выпускнікі Львоўскай палітэхнікі
Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
Асобы
Памерлі 18 кастрычніка
Корпус аховы памежжа
Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Адраджэння Польшчы
Нарадзіліся ў 1894 годзе
Памерлі ў 1986 годзе
Кавалеры Крыжа Незалежнасці
Нарадзіліся 1 жніўня
Нарадзіліся ў Львове
Генералы Польскай Рэспублікі (1918—1939)