Ко́брын[2] (трансліт.: Kobryn) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Кобрынскага раёна, на сутоках Мухаўца і Дняпроўска-Бугскага канала. За 52 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. Насельніцтва 52 964 чал. (2017)[3].
Існуе некалькі версій паходжання тапоніма «Кобрын». На думку беларускага географа В. Жучкевіча, назва горада ўтварылася ад імя зніклага народа «обры», які паводле старажытных летапісаў насяляў Заходняе Палессе[4]. Згодна з меркаваннем І. Сташэўскага тапонім утварыўся праз засваенне кельцкага імя Кобрунус[5], тым часам А. Трубачоў адкідаў кельцкае паходжанне як неабгрунтаванае і тлумачыў слова «Кобрын» як вынік складання прыстаўкі к- са стараславянскім -брьние (бруд)[6].
Ад часоў даваеннага польскага лінгвіста А. Брукнера прынята звязваць назву Кобрына з балцкім прускім тапонімам Kobrun (назва леса, зафіксаваная пад 1354 г.), у сувязі з літоўскім kauburys, kūbrys, прускім kaubri “пагорак, узвышша”. Той жа корань прысутны і ў назвах рэк Kubra (басейн Нарава), Кубрь (у Падмаскоўі), якія звязваюць з літоўскім kubrinti “ісці пахіліўшыся”. Абодва значэнні аб’ядноўвае семантыка няроўнасці, адхілення.[7]
Першы пісьмовы ўспамін пра Кобрын як уладанне князёў уладзіміра-валынскіх змяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287:
Се аз, князь Володимер, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есмь княгине своей, по своем животе город свой Кобрынь и с людьми, и с данью, како при мне даяли, тако и по мне ать дають княгине моей… Іпацьеўскі летапіс |
У пачатку XIV ст. паселішча далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 Кобрын знаходзіўся ва ўладанні вялікага князя Альгерда. На працягу XIV ст. на месцы старажытнага дзядзінца і пасада збудавалі драўляныя замкі (існавалі да канца XVIII)[8]. У 1404 горад стаў сталіцай княства, што знаходзілася ва ўладанні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 упершыню згадваецца Спаскі манастыр. У 1-й палавіне XVI ст. у месце збудавалі касцёл[8].
У 1519 Кобрын стаў цэнтрам староства, а ў 1520 — сталіцай павета Падляшскага ваяводства. З 1532 горад знаходзіўся ва ўладанні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і пачаліся меліярацыйныя работы (канал каралевы Боны)[8]. Станам на 1563, паводле рэвізіі, у Кобрыне было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Брэсцкая, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая[9]; дзейнічалі касцёл, 3 праваслаўныя царквы, Спаскі манастыр[10]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад страціў павятовы статус і ўвайшоў у склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства.
У 1586 Кобрын перайшоў да каралевы-ўдавы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрознівалася актыўнасцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 снежня 1589 яна надала гораду Магдэбургскае права, каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю і павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява святых Ганны і Марыі з немаўлём Ісусам на руках»[11]. У 1589 Ганна Ягелонка асабіста прыбыла ў горад і ўрачыста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587—1632). Кобрын меў магдэбургскае права да 1766. У 1596 Спаскі манастыр прыняў унію[10].
У пачатку XVII ст. у Кобрыне было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў[9]. Станам на 1597 год горад складаўся з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесця, налічваў 550 сядзібных участкаў. У цэнтры была рыначная плошча з ратушай і 32 участкамі забудовы[10]. У 1626 адбыўся Кобрынскі сабор[9], пры Спаскім манастыры адкрылася школа[10].
У 2-й палове XVII — пачатку XVIII стагоддзя Кобрын значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. У верасні 1648 года казацкія атрады акружылі Кобрын і разбілі харугву стольніка Вінцэнта Корвін Гасеўскага, практычна ўвесь горад быў спалены. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 1700 жыхароў, 478 дамоў.
З-за страты эканамічнага значэння ў 1766 яго перавялі ў разрад мястэчак[12]. У 1784 тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыццё Каралеўскага канала. Станам на 1790 у месце было 2160 жыхароў і 360 дамоў[10]. У 1791 Кобрын зноў стаў сталіцай павета. 14 верасня 1794 расійскія акупацыйныя войскі А. Суворава разбілі пад Дзівінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Т. Касцюшкі і занялі горад.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кобрын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета[12]. Імператрыца расійская Кацярына II падаравала колішні магдэбургскі горад Сувораву.
У вайну 1812 года 27 ліпеня пад Кобрынам расійскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. Па стане на 1817 тут было 326 будынкаў, з іх 4 камяніцы. У 1845 гораду даравалі новы, расійскі герб. У 1882 пачаўся рух на лініі Палескае чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыне з’явілася чыгуначная станцыя. У 1895 пажар знішчыў трэць горада. У пачатку ХХ ст. у Кобрыне было 25 камяніц і 1202 драўляныя будынкі, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, касцёл, сінагога і некалькі яўрэйскіх малітоўных школ, павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча з жаночай зменай, прыватнае жаночае 1-класнае вучылішча, яўрэйскае жаночае вучылішча і некалькі хедараў.
У 1915 годзе Кобрын быў акупаваны нямецкімі войскамі, а ў 1919 годзе заняты польскай арміяй. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Кобрын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павета Палескага ваяводства.
У 1939 Кобрын увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 20 ліпеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Падчас вайны генацыду падверглася яўрэйскае насельніцтва горада, якое складала тады 70 % жыхароў. У паваенны перыяд горад бурна развіваецца, хутка расце насельніцтва. У 1959 годзе ў горадзе было 13,7 тысяч жыхароў, у 1970 — 24,9 тысяч жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовы, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Гасцініцы «Беларусь», «Сувораў». Кобрын — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, кінатэатр, дом культуры, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.
У Кобрыне працуюць Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, 8 сярэдніх, гімназія, музычная і спартыўная школы, школа-інтэрнат, установы дадатковай адукацыі. Працуюць 14 дзіцячых садоў.
Медыцынскія паслугі аказвае гарадская бальніца, паліклініка, дзіцячыя бальніца і паліклініка.
Планаванне і забудова Кобрына маюць шматвекавую гісторыю. Ля месца ўпадзення рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасці заклалі першае ўмацаванне, на якім пазней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII—XIX стагоддзяў цэнтр Кобрына забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крам і майстэрань.
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Кобрына