wd wp Пошук:

Жыгімонт I Стары

Жыгімонт Стары (1 студзеня 1467 — 1 красавіка 1548) — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (15061548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў Казяніцах Радамскага павета Каралеўства Польскага. Атрымаў добрую адукацыю, валодаў некалькімі мовамі. Атрымаў ад старэйшага брата, караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава II, Глогаўскае і Апольскае княствы ў Сілезіі. У 1504 годзе прызначаны каралеўскім намеснікам Сілезіі, пазней і Лужыцы. Пасля смерці вялікага князя літоўскага Аляксандра абраны панамі-радай 20 кастрычніка 1506 года на велікакняжацкі сталец. 8 снежня 1506 года, нягледзячы на апазіцыю сенатараў з Малой Польшчы, абраны і на польскі сталец. Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Унутраная палітыка

Імкнуўся ўмацаваць дзяржаву, але ваенныя і фінансавыя рэформы, спробы вяртання каралеўскіх і вялікакняжацкіх маёнткаў захопленых магнатамі, не мелі значнага поспеху. У 1537 годзе супраць Жыгімонта Старога і магнатаў узняўся феадальны мяцеж польскай сярэдняй шляхты — г.зв. Курыная вайна. Баярства ВКЛ дамаглося роўных правоў для ўсяго вышэйшага стану, быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы — Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529). Для адбіцця нападаў крымскіх татараў на Украіне была створана памежная варта з мясцовых жыхароў — казакі. Падчас Жыгімонта Старога ў Польшчы і ВКЛ распаўсюдзілася Рэфармацыя розных плыняў, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Знешняя палітыка

У 1531 годзе ў барацьбе за Пакуцце атрымаў перамогу над малдаўскім гаспадаром Пятром Рарэшам. Праводзячы антыгабсбургскую палітыку заключыў у 1524 годзе саюз з Францыяй і ў 1533 годзе з Асманскай імперыяй. Быў вымушаны весці абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы (1507—1508, 1512—1522, 1534—1537), у выніку якіх быў страчаны Смаленск.

Падчас перамогі Рэфармацыі ў Прусіі Жыгімонт Стары згадзіўся на разцэркаўленне маёмасці, ў прыватнасці зямель, (секулярызацыю) Тэўтонскага ордэна і ўтварэнне на яго тэрыторыі васальнага ў адносінах да Каралеўства Польскага Прускага герцагства на чале з Альбрэхтам Гагенцолернам — сваім пляменнікам. Пры Жыгімонту Старым, пасля загадкавай смерці апошніх мазавецкіх князёў, у 15261529 гг. з Польшчай было ўз’яднанае Мазавецкае княства.

Другая жонка, з 1518 года, Жыгімонта Старога — Бона Сфорца, адыгрывала пры ім значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ свайму сыну Жыгімонту Аўгусту, у 1529 годзе было праведзена яго намінальнае абранне другім вялікім князем літоўскім.

Мецэнацтва

Жыгімонт Стары. Малюнак Яна Матэйкі

Жыгімонт вядомы як мецэнат. Ён меў значную бібліятэку, запрашаў да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапіцаў. Яго подпісам пазначаны дзве ахоўныя граматы для ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны.

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118797158 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 18 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  3. 1 2 Lundy D. R. The Peerage

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Памерлі 1 красавіка
Памерлі ў Кракаве
Ягелоны
Нарадзіліся ў 1467 годзе
Пахаваныя ў Вавельскім саборы
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Каралі польскія
Памерлі ў 1548 годзе
Асобы
Вялікія князі літоўскія
Нарадзіліся ў Польшчы
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Нарадзіліся 1 студзеня
Ягелоны