wd wp Пошук:

Кобрынская эканомія

Кобрынская эканомія — феадальнае зямельнае ўладанне, падапарадкаванае каралю і вялікаму князю, «сталовы маёнтак» у Вялікім Княстве Літоўскім у XVIXVIII стст.

Фактычна ўзнікла ў 1519 годзе як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформілася ў 1532 годзе, калі каралева Бона Сфорца атрымала ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога правы на Кобрынскае староства. У адміністрацыйных адносінах уваходзмла спачатку ў Падляшскае, з 1566 года — у Берасцейскае ваяводствы. Канчаткова Кобрынская эканомія як «сталовае ўладанне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 года ў выніку падзелу паміж дзяржаўным і каралеўскім скарбам. Апрача Боны Сфорцы ў XVI—XVII стагоддзях Кобрынскай эканоміяй валодалі каралевы Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. У 1549, 1563, 1597 гадах праводзіліся рэвізіі, матэрыялы якіх з’яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай.

На 1563 год у Кобрынскай эканоміі было каля 77 тыс. дзесяцін зямлі, у т.л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын, мястэчка Гарадзец. Лепшая арганізацыя працы, інтэнсіфікацыя гаспадарчай вытворчасці, асваенне новых зямель (меліярацыя, высяканне лясоў) у спалучэнні з узмацненнем эксплуатацыі сялян павысілі даходнасць эканоміі пад канец XVII ст. амаль у 8 разоў.

З пачатку XVIII стагоддзя Кобрынская эканомія збліжаецца з Берасцейскай, разам яны выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. У 1757 годзе Ян Ежы Флемінг атрымаў агульнае дзяржаўства на Берасцейскую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў. Замест падзелу на воласці (Кобрынская, Блудзенская, Вежацкая, Гарадзецкая, Дабучынская, Чаравачыцкая) і войтаўствы адбыўся падзел на губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі, фальваркі і іншыя. Такім чынам узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў (Кобрынскага (Кобрын і Агароднікі Кобрынскія, вёскі Дубовая, Лахчыцы, Лягаты, Паляцічы, Патрыкі, Плоскае, Рухавічы, Сухоўчыцы, Хідры, фальваркі Гарыздрычы і Залессе), Вежыцкага (Агароднікі Вежыцкія, вёскі Глінянкі, Лышчыкі, Мацясы, Песцянькі і Стаўпы), Гарадзецкага (мястэчка Гарадзец, вёскі Асмаловічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін і Чалішчавічы), Закросніцкага (вёскі Заскросніца, Астромеч, Быстрыца, Сялец і Турна), Ліцвінкаўскага (вёскі Ліцвінкі, Вострава, Клешчы, Ластаўка і Пруска), Ілоўскага (вёскі Ілоўск, Баршчы, Бярэзна, Засімы, Лышчыкі і Стрыі), Тэвельскага (вёскі Тэўлі, Залессе, Мацы і Рымкі), Чаравачыцкага (Агароднікі Чаравачыцкія, вёскі Батчы, Глінянкі, Мельнікі, Пяркі, Пяскі, Шыпавічы і Якаўчыцы), да якога яшчэ былі прыпісаны фальварак і сяло Шматы, фальваркі Адамкаў, Пельчыцы і Фаўстынаў, сяло Плоскае.

Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад прывялі да скасавання ў 1766 годзе самакіравання, але Кобрынская эканомія захавалася. Яе рэрэарганізацыяй заняўся ў 1768 годзе Антоні Тызенгаўз, аднак скарачэнне колькасці насельніцтва, прыцягненне значных сіл да будаўніцтва Каралеўскага канала, агульнае палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне не далі станоўчых вынікаў. У 1795 годзе Кобрынская эканомія ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Землі эканоміі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Эканоміі Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Гісторыя Брэсцкай вобласці
Катэгорыя·Гісторыя Кобрына