wd wp Пошук:

Верхнядзвінскі раён

Верхнядзві́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Верхнядзвінск. Падзелены на 9 сельскіх саветаў.

Мяжуе з Мёрскім, Полацкім і Расонскім раёнамі Віцебскай вобласці Беларусі, а таксама з Себежскім раёнам Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Зілупскім, Дагдскім і Краслаўскім краямі Латвійскай Рэспублікі. У якасці натуральнай мяжы з Мёрскім раёнам выступае Заходняя Дзвіна.

Геаграфія

Тэктанічна раён цалкам адносіцца да Латвійскай седлавіны. Пад антрапагенавымі адкладамі на глыбіні больш за 50 м залягаюць 300 метровыя тоўшчы верхняга дэвону — стракатакаляровыя гліны, пясчана-алеўралітавыя і сульфатныя пароды, мергелі і даламіты. Даламітызаваныя вапнякі выходзяць на паверхню ў сярэднім цячэнні ракі Сар’янкі, ля былой вёскі Камоты. Тут яны ўтвараюць парогі ў рэчышчы, а па берагах захаваліся рэшткі земляных печаў для выпальвання вапны. Дэвонскія адклады пакрытыя ледавіковымі і водна-ледавіковымі пародамі. У канцавых марэн на Асвейшчыне і Латвійскім памежжы яны складзены з гліністых і суглінкавых грунтаў, на большай частцы тэрыторыі — з азёрных сярэдніх і цяжкіх суглінкаў.

Ледавік адышоў з Дрысеншчыны 10 тысяч гадоў таму, пакінуўшы свае знакі ў рэльефе. Большую частку раёна займае Полацкая нізіна, перасечаная далінамі шматлікіх рэк. На захадзе і паўночным захадзе, на мяжы з Латвіяй узняліся ўскраіны Латгальскага ўзвышша, засеяныя валунамі. На Асвейскай градзе каля вёскі Гарадзілавічы, вышэйшы пункт раёна — гара Гарадзілаўская (191,8 м над узроўнем мора). Паўночна-ўсходні кут заняты пяскамі дзюннага тыпу, пакрытымі лясамі.

Асвейскае возера

Амаль уся тэрыторыя раёна ляжыць у басейне Дзвіны, толькі на крайняй поўначы вада сцякае праз раку Сінюху ў раку Вялікую. Водападзел, які праходзіць па Асвейскім балоце, настолькі плоскі, што калі балота набрыняе вадой, яна сцякае па канале, што злучыў Сінюху з воз. Асвейскім, адразу ў два бакі — і ў раку, і ў возера. Рака Заходняя Дзвіна з’яўляецца прыроднай мяжой паміж Верхнядзвінскім і Мёрскім раёнамі на працягу 65 км. Асноўныя яе прытокі: Дрыса, Сар’янка, Вужыца, Свольна (прыток Дрысы). Іншыя рэкі: Балгач, Горнаўка. Раён налічвае 25 азёр, найбуйнешыя з іх: Асвейскае — 43,8 км², Лісна — 15,71 км², Белае — 5,52 км², Цятна — 1,6 км², Стралкоўскае — 0,93 км², Росіца — 0,4км².

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя — ад цяжкіх суглінкаў у цэнтры раёна да неўрадлівых пяскоў Лісняншчыны. Асобнымі масівамі размешчаны тарфянікі, пад сельгасугоддзямі іх нязначная частка.

У раёне створаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Асвейскі», налічваецца 9 заказнікаў мясцовага значэння, 7 помнікаў прыроды. Вылучаецца 16 рэдкіх і знікаючых відаў раслін, водзіцца 5 відаў млекакормячых і 36 відаў птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Карысныя выкапні

Раён мае значныя запасы торфу, цагельнай гліны і мінеральнай вады. Распрацоўваюцца радовішчы будаўнічага пяску і даламітызіраванага вапняку.

Гісторыя

Археалагічныя даследаванні сведчаць аб тым, што на тэрыторыі раёна чалавек упершыню пачаў сяліцца ў эпоху мезаліту. Мезалітычнае насельніцтва ў заходняй частцы Падзвіння пакінула помнік кундскай археалагічнай культуры. Найбольш характэрным помнікам гэтай культуры на поўначы Беларусі з’яўляецца паселішча Замошша I, якое знаходзіцца на першай надпоймавай тэрасе правага берага Зах. Дзвіны, на паўночны захад ад вёскі Замошша Боркавіцкага сельсавета.

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года як Дрысенскі раён у складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — горад Дрыса. 20 жніўня 1924 года падзелены на 7 сельсаветаў: Бялькоўшчынскі, Бігосаўскі, Велікаплейкаўскі, Дрысенскі, Малінаўскі, Росіцкі, Сар’янскі. 21 кастрычніка 1924 года Малінаўскі сельсавет перайменаваны ў Каркалецкі. 3 ліпеня 1925 года Дрыса аднесена да катэгорыі мястэчак. 21 жніўня 1925 года Дрысенскі сельсавет перайменаваны ў Цястоўскі, Бялькоўшчынскі сельсавет — у Жоўнінскі, Велікаплейкаўскі — у Сардыцкі. Пасля скасавання акруговага падзелу раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Боркавіцкі, Валынецкі, Галубаўскі, Дзёрнавіцкі, Луначарскі, Прудзінкаўскі, Юзафоўскі сельсаветы скасаванага Боркавіцкага раёна. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе адноўленай Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — у Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Дрысе вернуты статус горада. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Росіцкі і Сар’янскі сельсаветы. 8 жніўня 1959 года да раёна далучаны Відоцкі, Задзежскі, Кісялёўскі, Каханавіцкі, Красоўскі, Малашкаўскі, Савейкаўскі, Сенькаўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Асвея скасаванага Асвейскага раёна. 20 мая 1960 года скасаваны Задзежскі, Каркалецкі, Савейкаўскі, Цястоўскі, Юзафоўскі сельсаветы, 22 снежня 1960 года — Красоўскі і Луначарскі сельсаветы, 29 снежня 1961 года — Відоцкі сельсавет. 14 верасня 1962 года Кісялёўскі сельсавет перайменаваны ў Чапаеўскі. 25 сежня 1962 года горад Дрыса перайменаваны ў Верхнядзвінск, Дрысенскі раён перайменаваны ў Верхнядзвінскі раён.

Насельніцтва

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 244 населеных пункта.

Колькасць насельніцтва:

1992 — 32,6 тыс. чал. 2006 — 27,4 тыс. чал. 2007 — 26,2 тыс. чал. 2009 — 24,6 тыс. чал.[4] 2013 — 22,95 тыс. чал.[5] Гарадское насельніцтва раёна ў 2009 г. налічвала 8,6 тыс. чал., у 2013 г. — 8,47 тыс. чал.

Адміністрацыйны падзел

Раён падзелены на 9 сельскіх саветаў: Асвейскі, Бігосаўскі, Боркавіцкі, Бялькоўшчынскі, Валынецкі, Дзёрнавіцкі, Каханавіцкі, Сар’янскі і Шайтараўскі.

Гаспадарка

Раён мае 9 прамысловых прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх:

Транспарт

Праз тэрыторыю раёна праходзяць чыгунка і дзве аўтадарогі рэспубліканскага падпарадкавання:

Культура, адукацыя, друк

Мясцовая прэса прадстаўлена грамадска-палітычнай газетай «Дзвінская праўда». Наклад — каля 4 тыс. асобнікаў (2011). Гл. Дзвінская праўда.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

Асноўны артыкул: Адукацыя ў Верхнядзвінскім раёне У раёне функцыянуюць 34 установы адукацыі.

Ахова здароўя

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва забяспечваюць: УАЗ «Верхнядзвінская цэнтральная раённая бальніца», Асвейская раённая бальніца, а таксама ўчастковыя бальніцы, урачэбныя амбулаторыі, фельчарска-акушэрскія пункты, здраўпункты. У в. Валынцы адкрыта бальніца сястрынскага догляду.

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Верхнядзвінскага раёна Батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага ўзроўня:

У 1982 г. Васілём Паўлючковым у Верхнядзвінскім лясгасе быў створаны дэндрапарк плошчай 6,3 га, ён з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. Тут высаджана 312 драўніна-кустарнікавых парод, ёсць экзатычныя расліны з Сібіры, Далёкага Усходу, Паўночнай Амерыкі, Крыма, Каўказа, Паўночнай Азіі і г.д. Растуць 14 відаў елак, 15 відаў сасны, 10 — піхт, 8 — лістоўніц.

Каля вёскі Прошкі на граніцы Беларусі, Расіі і Латвіі насыпаны Курган Дружбы.

Археалагічныя помнікі

НазваДатаваннеМесцазнаходжаннеКатэгорыя
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку-2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Абрамова3
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага векуIV-III стагоддзі да н.э.2,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Барсукі3
Курганны могільнікX-XII стагоддзі0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дзянісенкі3
ГарадзішчаVI стагоддзе да н.э. — II стагоддзе н.э.1 км на поўдзень ад вёскі Дубровы3
Курганны могільнікVII-XII стагоддзі1,5 км на паўночны захад ад вёскі Ігналіна3
Курганны могільнікIX-XIII стагоддзі2-3 км на ўсход ад вёскі Лешня3
Курганны могільнікIX-XII стагоддзі1,5 км на поўдзень ад вёскі Лісна3
Курганны могільнікIX-XIII стагоддзі1,6 км на паўночны ўсход ад вёскі Любасна3
ГарадзішчаV стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Маскалёнкі3
ГарадзішчаX-XIII стагоддзі1,5 км на поўнач ад вёскі Пескаватка3
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага векуV стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.1 км на поўнач ад вёскі Урагава3

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Зноскі

  1. http://verkhnedvinsk.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ на 14-10-2009
  5. Артыкул «Колькі нас?» у раённай газеце «Дзвінская праўда»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Верхнядзвінскі раён
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле