wd wp Пошук:

Асвейская града

Асвейская града на карце Беларусі

Асве́йская града — узвышша на крайняй поўначы Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, утварае геамарфалагічны раён Беларускага Паазер’я, належыць да фізіка-геаграфічнага раёна Асвейска-Браслаўскіх град.

Працягнулася ад даліны ракі Сар’янка (правы прыток Заходняй Дзвіны) на ўсход па паўднёвым беразе Асвейскага возера да возера Белага больш як на 30 км. Града лічыцца ўсходнім адгор’ем Латгальскага ўзвышша, асноўная частка якога знаходзіцца ў межах Латвіі.

Краявід на ўсход ад в. Гарадзілавічы (Верхнядзвінскі раён).

Найвышэйшы пункт — г. Гарадзілаўская (191,8 м). Гара ўяўляе сабой эталонную форму рэльефа бакавой канечна-марэннай грады (даўжыня — 1,4 км, шырыня дасягае 0,5 км, адносная вышыня складае 20-25 м, крутасць схілаў — да 20°.

Узвышша сфарміравалася ў час апошняга на Беларусі паазерскага зледзянення, было натуральнай падпрудай старажытнага прыледавіковага возера. Складзена з марэнных завалуненых супескаў і суглінкаў. Цягнецца ў выглядзе магутнага вала, які ўзвышаецца над урэзам Асвейскага возера. Паўночны схіл грады абрываецца да возера некалькімі тэрасамі, утварае над ім амфітэатр вышынёй 50—60 м. Паўднёвы схіл паката спускаецца да Полацкай нізіны.

Над Асвейскім возерам.

Паверхня грады ўзгорыста-хвалістая з ваганнямі адносных вышыняў ад 5-6 м да 15-20 м. На поўнач ад Асвейскага возера знаходзіцца плоская, у значнай ступені забалочаная ледавікова-азёрная раўніна, абмежаваная ў самай паўночнай частцы невялікім камавым масівам. Асноўныя формы рэльефа — краявыя ледавіковыя ўзгоркі і грады, камы, озы.

Глебы сельгасугоддзяў дзярнова-падзолістыя. Куставая і лугавая расліннасць асталася на паўночным схіле.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Геаграфія Верхнядзвінскага раёна
Катэгорыя·Узвышшы Беларусі