wd wp Пошук:

Расонскі раён

Расо́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Расоны.

Раён размешчаны на поўначы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Верхнядзвінскім і Полацкім раёнамі Віцебскай вобласці, Невельскім і Себежскім раёнамі Пскоўскай вобласці Расіі.

У раён уваходзяць 139 сельскіх населеных пунктаў. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Сакалішчанскі, Янкавіцкі. Цэнтр — г.п.Расоны.

Прырода

Паверхня Расонскага раёна пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, на ўсходзе — Нешчардаўскага ўзвышша. Нахіл паверхні з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Найвышэйшы пункт — гара Гваздзіха, 224 м (знаходзіцца на захад ад в. Забор’е)[3], найбольш нізкая адзнака (112 м) — урэз р. Дрыса пры сутоку з Нішчай. Глыбіня расчлянення рэльефу на ўсходзе да 30 м/км², на Полацкай нізіне да 2,5 м/км².

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Латвійскай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў магутнасцю ад 25 да 70 м; ніжэй дэвонскія да 350—400 м, на 3 кембрыйскія да 100 м і ардовікскія да 30 м, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд) да 250—300 м адклады. Пароды крышт. фундамента на глыбіні 600—700 м ніжэй узроўню мора. Вядомы радовішчы торфу, глін і суглінкаў, пясчана-жвіровага матэрыялу.

Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (0,1), дзярнова-падзолістыя глебы (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (2,2), тарфяна-балотныя глебы 10,9; паводле механічнага складу глебы пераважна сугліністыя (50,7) і супясчаныя (30,6).

Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені −7,5, ліпені +17,4 °C. Выпадае 583 мм ападкаў за год. Вегетатыўны перыяд складае 182 сутак.

Найбольшая рака — Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Іншыя рэкі: рака Звёрынка. На тэрыторыі раёна шмат азёр. Найбольшымі з’яўляюцца Нешчарда, Усвечча, Валоба, Белае, Сіньша, Шэвіна, Расона, Дрысы, Межава, Межна. Іншыя азёры: возера Вядзета, возера Межна, возера Глыбочына.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — станцыя Расоны. 20 жніўня 1924 года падзелены на 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дзмітраўскі, Клясціцкі, Мілавідскі, Парэцкі, Руднянскі, Сакалішчанскі, Сяляўшчынскі, Юхавіцкі. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Круцікаўскі, Паповалуцкі, Старадворскі, Тродавіцкі, Чырванаборскі, Шнітаўскі сельсаветы скасаванага Краснапольскага раёна. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. У 1931 годзе цэнтр раёна перанесены ў вёску Станіславова, Паповалуцкі сельсавет перайменаваны ў Заборскі. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе адноўленай Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. У 1939 годзе цэнтр раёна перанесены ў вёску Расоны. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Круцікаўскі, Руднянскі, Старадворскі, Тродавіцкі, Шнітаўскі сельсаветы, утвораны Дудчынскі і Шуляцінскі сельсаветы, Мілавідскі сельсавет перайменаваны ў Раўнапольскі. 16 верасня 1957 года скасаваны Дзмітраўскі сельсавет. 14 сакавіка 1958 года Расоны атрымалі статус гарадскога пасёлка. 7 красавіка 1958 года скасаваны Альбрэхтаўскі сельсавет. 4 чэрвеня 1962 года Шуляцінскі сельсавет перайменаваны ў Тродавіцкі. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Расоны, Гарбачэўскі, Дудчынскі, Заборскі, Парэцкі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі і Чырванаборскі сельсаветы перададзены Полацкаму раёну, Клясціцкі, Раўнапольскі, Сакалішчанскі і Юхавіцкі сельсаветы — Верхнядзвінскаму раёну.

6 студзеня 1965 года Расонскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Расоны, Гарбачэўскі, Заборскі, Парэцкі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі, Чырванаборскі сельсаветы Полацкага раёна, Клясціцкі, Раўнапольскі, Сакалішчанскі і Юхавіцкі сельсаветы Верхнядзвінскага раёна. 2 жніўня 1966 года Тродавіцкі сельсавет перайменаваны ў Краснапольскі, 14 ліпеня 1967 года Сяляўшчынскі сельсавет — у Янкавіцкі, 7 чэрвеня 1968 года Чырванаборскі сельсавет — у Дварышчанскі, 19 красавіка 1973 года Парэцкі сельсавет — у Бірузоўскі, 3 лістапада 1983 года Раўнапольскі сельсавет — у Марачкоўскі. 20 кастрычніка 1995 года Расонскі раён і гарадскі пасёлак Расоны аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 16 лютага 1996 года Бірузоўскі сельсавет перайменаваны ў Альбрэхтаўскі. 4 красавіка 2004 года скасаваны Дварышчанскі, Заборскі, Марачкоўскі і Юхавіцкі сельсаветы[4].

Насельніцтва

1999 — 15,1 тыс. 2006 — 12,1 тыс. 2009 — 11,5 тыс. Пераважаюць сельскія жыхары.

Гаспадарка

Буйнейшыя прадпрыемствы:

Транспарт

Па тэрыторыі Расонскага раёна праходзяць аўтамабільныя дарогі Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш.

У паданнях

«Гара Рагнеды» знаходзіцца на паўвостраве Перавоз паміж вусцем ракі Ушчы пры яе ўпадзенні ў возера Дрысы і вытокам ракі Дрысы. Паводле народнага падання, тут быў забіты князь Рагвалод ударам каменнага молата, а потым тут жа пахавана княгіня Рагнеда. Паводле звестак А. Кіркора і А. Семянтоўскага, і на самой гары, і ў воз. Дрысы ў XIX ст. часта знаходзілі каменныя молаты і паліцы, што таксама можа сведчыць пра існаванне тут старажытнага скандынаўскага пасялення і кульце Тора.

Расонскі раён вядомы з нарысу ў творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Менавіта тут, у пушчах Паазер’я, адбываюцца падзеі апавяданняў.

Старшыні Расонскага райвыканкама

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. Горные вершины равнинной Беларуси / В. Э. Пасанен, Е. А. Дикусар, В. Е. Подлисских. — Минск: ГУ «Республиканский учебно-методический центр физического воспитания населения», 2014. — С. 150
  4. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  5. Працоўная слава Расоншчыны // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раена / Гал. рэд. Б. І. Сачанка і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн, 1994. — 557, [1] с.: іл. — С. 534. — ISBN 5-85700-118-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе
Раёны, утвораныя ў 1965 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Расонскі раён
Раёны, утвораныя ў 1924 годзе