wd wp Пошук:

Асвейскі ландшафтны заказнік

Асвейскі — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння, утвораны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 4 ад 03.01.2000 года. Знаходзіцца ў паўночнай частцы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі.

Міжнародны статус аховы

Заказнікі атрымаў статус тэрыторыі, важнай для птушак у 1998 годзе (код — BY001, крытэрыі В2, В3), з 2002 года — водна-балотнага угоддзя міжнароднага значэння (крытэрый 1а).[1][2]

Апісанне

Тэрыторыя заказніка ўяўляе сабой буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот, нізінных балот адносна мала. Ядром заказніка з’яўляецца возера Асвейскае, якое мае важнае гідралагічнае і кліматаўтвараючае значэнне для вялікага рэгіёна паўночнай часткі Беларусі. Вялікую частку ўгоддзя займаюць верхавыя і пераходныя балоты, якія пакрыты хвойнікамі, бярэзнікамі і алешнікамі. Сярод балот раскіданы нешматлікія мінеральныя астравы. Лясы займаюць каля 30 % агульнай плошчы заказніка, лугі — 6 %, хмызнякамі пакрыта 4 % тэрыторыі.

Гідраграфія

Гідраграфічная сетка добра развіта і прадстаўлена азёрамі, рэкамі і шматлікімі меліяратыўнымі каналамі. Галоўная водная артэрыя тэрыторыі — рака Свольна, якая адносіцца да басейна Заходняй Дзвіны. Найбольш значным натуральным вадаёмам з’яўляецца возера Асвейскае, плошча якога складае 47,95 км² (пасля Нарачы гэта другі па велічыні прыродны вадаём Беларусі). Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу, яно мелкаводнае, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У яго ўпадаюць некалькі невялікіх рэк і каналаў, аднак прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія дваццаць гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады, якая выцякае з возера па каналу Дзегцяроўка. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, на гэтым канале было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой верагоднай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Выкарыстанне

Лесагаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі заказніка вядзецца ў рацыянальных памерах. З іншых відаў гаспадарання пераважаюць здабыча торфу, прамысловы і аматарскі збор грыбоў і ягад, рэгламентаванае паляванне. У Асвейскім возеры ёсць значныя запасы сапрапеляў высокай якасці, прыгодных для прамысловай здабычы.

Фаўна

На тэрыторыі заказніка гняздуецца 164 віды птушак, 36 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку вялікі бугай (Botaurus stellaris), нырок-сівак (Aythya ferina), беркут (Aquila chrysaetos), скапа (Pandion haliaetus)[2].

Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню. З млекакормячых, якія сустракаюцца на ТВП, ахове належаць 3 віды: буры мядзведзь (Ursus arctos), барсук (Meles meles), рысь звычайная (Lynx lynx)[2].

Іхціяфаўна

У азёрах заказніка сустракаюцца наступныя віды рыб: шчупак звычайны (Esox lucius), плотка (Rutilus rutilus), лешч (Abramis brama), верхаводка (Alburnus alburnus), гусцяра (Blicca bjoerkna), краснапёрка (Scardinius erythrophthalmus), карась звычайны (Carassius carassius), карась сярэбраны (Carassius auratus), сазан (Cyprinus carpio), карп (Cyprinus carpio carpio), лінь (Tinca tinca), язь (Leuciscus idus), жэрах (Aspius aspius), акунь звычайны (Perca fluviatilis), звычайны джгір (Gymnocephalus cernuus), судак (Lucioperca lucioperca), сом (Silurus glanis), мянтуз (Lota lota), вугор (Anguilla anguilla), уюн звычайны (Misgurnus fossilis)[1].

Флора

З рэдкіх раслін, якія сустракаюцца на тэрыторыі заказніка, трэба адзначыць гібрыдныя формы вольхі чорнай (Alnus glutinosa) і шэрай (Alnus incana), высокаствольныя формы бярозы карэльскай (Betula pendula var. carelica), буйныя папуляцыі гарлачыка жоўтага малога (Nuphar pumila), а таксама рэліктавую насякомаедную расліну — альдраванду пухіраватую (Aldrovanda vesiculosa). Увогуле, у заказніку выяўлена 16 відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Неспрыяльныя фактары

Краявід на ўсход ад в. Гарадзілавічы

Меры аховы

У студзені 2009 пачаліся работы па рэнатуралізацыі парушанага тарфянога балота Асвейскае. Аднавіць гідралагічны рэжым тэрыторыі плануецца шляхам каскаднага перакрыцця перамычкамі асушальнай сеткі. За 3 месяцы работ праектам прадугледжана будаўніцтва 11 перамычак на дрэнажных каналах, а таксама стварэнне сістэмы плыткіх вадаёмаў з рэгуляванай глыбінёй вады.[3]

Мерапрыемствы ажыццяўляюцца ў рамках праекту ПРААН і Глябальнага экалягічнага фонду (ГЭФ) «Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі дзеля перадухілення дэградацыі земляў, змянення клімату і забеспячэння захавання глябальна значнай біялягічнай разнастайнасці», выканаўчым агенцтвам якога з’яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Заказник «Освейский» (руск.)
  2. 1 2 3 Асвея Архівавана 10 лістапада 2011.
  3. У рамках праекту ПРААН-ГЭФ распачатае аднаўленьне балота Асьвейскае(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Верхнядзвінскі раён
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі
Катэгорыя·Тэрыторыі, важныя для птушак