wd wp Пошук:

Мергель

Мергель

Мергельасадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу: 50 — 75% карбанат (кальцыт, радзей даламіт), 25 — 50% — нерастваральны астатак (SiO2 + R2O3). Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы мергель (25—50% карбанатаў), уласна мергель (50—75%) і вапнавы мергель (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць мергелі даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэментнай прамысловасці.

На Беларусі для вытворчасці цэменту, будаўнічага матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца мергель марскога паходжання. Найбольш радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці), дзе прамысловыя запасы складалі 386,5 млн. т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага мергелю з агульнымі запасамі да 200 млн. т.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Асадкавыя горныя пароды