Гудага́йскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр — аграгарадок Палушы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Астравецкага раёна Вілейскай вобласці. Цэнтр — вёска Гудагай. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Балканскага сельсавета[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Гродзенскай вобласці. З 25 снежня 1962 года[3] да 6 студзеня 1965 года сельсавет знаходзіўся ў складзе Ашмянскага раёна. 11 лютага 1972 года ў склад Астравецкага сельсавета перададзены 5 населеных пунктаў (Задворнікі, Палушы, Расолы, Сяржанты, Чырвоны Бор), у склад сельсавета з адміністрацыйнага падпарадкавання Астравецкага пассавета перададзены 9 населеных пунктаў (Бліканы, Вайшнарышкі, Дзягенева, Індрубка, Каменка, Кермяляны, Пранюны, Сасноўка і Слабодка)[4]. На 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета было 28 населеных пунктаў[5]. 17 лістапада 1986 года ў склад сельсавета з Астравецкага сельсавета перададзены 23 населеныя пункты. У 1990-х гадах цэнтр сельсавета перанесены ў пасёлак Гудагай.
11 лістапада 2011 года былі ліквідаваныя хутары Вясёлая, Дайнава, Лабэлі, Стасюкішкі[6].
26 лютага 2013 года ў склад сельсавета былі перададзеныя населеныя пункты Альгіняны, Гуры, Дзірмуны, Едаклані, Ізабеліна, Келёйці, Ліпнішкі, Малі, Мацканы, Навікі, Радзюлі, Філіпаны, якія ўваходзілі ў склад ліквідаванага Астравецкага сельсавета; а хутар Каменка перададзены з Гудагайскага сельсавета ў склад горада Астравец[7].
24 мая 2013 года цэнтр сельсавета перанесены з пасёлка Гудагай у аграгарадок Палушы[8].
Паводле перапісу 2009 года насельніцтва сельсавета складала 2965 чалавек[9], з іх 88,4 % — беларусы, 7,7 % — палякі, 2,8 % — рускія[10].
На 1 лістапада 2017 насельніцтва складала 3712 чалавек[1].