wd wp Пошук:

Старажытны Егіпет

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Егіпет.

Карта Старажытнага Егіпта

Старажытны Егіпет — адна з першых дзяржаў у гісторыі чалавецтва, якая ўзнікла на Афрыканскім кантыненце ў даліне Ніла прыкладна ў пачатку 4 тысячагоддзя да н.э. Лічыцца адной з першых так званых «рачных цывілізацый», якія адметныя моцнай дэспатычнай уладай, доўгім перыядам існавання. Назва краіны — «Егіпет» паходзіць ад назвы старажытнай егіпецкай сталіцы Хікупта (Хет-Ка-Птах — «дом Ка Птаха», грэч.: Мемфіс). Грэкі, перайначыўшы гэта слова, назвалі ўвесь Егіпет словам «Айгюптас». З гэтага, у сваю чаргу, назва перакачавала ва ўсе астатнія еўрапейскія мовы. Самі егіпцяне называлі сваю краіну kmt (Кемет) або Та-кемет, што ў перакладзе азначае «чорны» або «чорная зямля», а дакладней — «чарназём», — у гонар урадлівай чорнай зямлі, якой славіўся Егіпет ва ўсе часы.

Старажытны Егіпет развіваўся ў ніжнім і сярэднім цячэнні Ніла. У сувязі з неабходнасцю стварэння ірыгацыйных сістэм была вялікая патрэба ў арганізацыі кантролю. Гэта прывяло да з’яўлення ранняй дзяржавы. Спачатку гэта былі невялікія ўтварэнні, царамі якіх выступалі жрацы. Неабходнасць стварэння ірыгацыйнай сістэмы, а таксама аб’яднанне даліны з дэльтай патрабавала стварэння адзінай цэнтралізаванай дзяржавы. У эпоху Новага царства ўлада фараонаў прасціралася да чацвёртага нільскага парога на поўдні і распаўсюджвалася на значныя тэрыторыі ва Усходнім Міжземнамор’і, а таксама на ўзбярэжжа Чырвонага мора. Увесь Егіпет дзяліўся на дзве вялікія вобласці: Верхні і Ніжні Егіпет. А тыя, у сваю чаргу, мелі па некалькі дзясяткаў абласцей, якія грэкі называлі номамі. Больш за 90 % тэрыторыі Егіпта займае пустыня, так званая «Чырвоная зямля». Жыццё там было магчыма толькі ў аазісах і ў далінах перасохлых рэк. Эканоміка Егіпта асноўвалася на прадуктыўнай сельскай гаспадарцы ва ўрадлівай даліне Ніла. Егіпет развіваў зносіны з цывілізацыямі Міжземнамор’я, а таксама з Нубіяй, з якой Егіпет атрымліваў лес, золата, каштоўныя камяні ў асноўным захопам.

Егіпет дасягнуў вяршыні сваёй магутнасці падчас Новага царства, пазней Егіпет процістаяў Хецкай, Асірыйскай і Мітанійскай імперыям, пасля чаго ён уступіў у перыяд павольнага заняпаду. У Трэці пераходны і Позні перыяды Егіпет захоплівалі хананеяне, лівійцы, нубійцы, асірыйцы, вавіланяне, ахеменіды і македонскія грэкі. Пасля смерці Аляксандра Вялікага, Егіптам пачаў кіраваць адзін з яго военачальнікаў, Пталамей Сатэр, які заснаваў грэчаскую дынастыю фараонаў. Гэтая дынастыя кіравала краінай да 30 года да н.э., калі Егіпет быў далучаны да Рымскай імперыі ў якасці адное з правінцый[1]. Пераходныя перыяды, якіх было тры, азначаюць распад дзяржавы.

Перыядызацыя

У III стагоддзі да н.э. егіпецкі жрэц Манефон саставіў паслядоўнасць фараонаў ад Менеса да свайго часу і падзяліў яе на 30 дынастый, гэтая сістэма (з некаторымі дапрацоўкамі) выкарыстоўваецца і па сёння[1].

Усю гісторыю Старажытнага Егіпта дзеляць на наступныя перыяды:

  1. Дадынастычны — пачатак IVIII тысячагоддзе да н.э.
  2. Раннедынастычны — III тысячагоддзе да н.э. — 2800 да н.э.
  3. Старое царства — 2800 — 2300 гады да н.э.
  4. Першы пераходны перыяд
  5. Сярэдняе царства — 21001800 гады да н.э.
  6. Другі пераходны перыяд
  7. Новае царства — 16001100 гады да н.э.
  8. Трэці пераходны перыяд
  9. Позняе царства — 1000332 гады да н.э.
  10. Эліністычны перыяд — 32030 гады да н.э.
  11. Рымскі — 30 да н.э.395

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Старажытнага Егіпта Ніл быў жыццёваю артэрыяй для прылеглых зямель на працягу большай часткі чалавечай гісторыі[2]. Урадлівая пойма Ніла давала людзям магчымасць развіваць аселую сельскагаспадарчую эканоміку і больш складанае, цэнтралізаванае грамадства, якое стала краевугольным каменем у гісторыі чалавечай цывілізацыі[3]. Сучасны чалавек, у складзе плямён паляўнічых і збіральнікаў, пачаў жыць у даліне ў канцы сярэдняга плейстацэна прыкладна 120 тысяч гадоў назад. У познім палеаліце засушлівы клімат Паўночнай Афрыкі станавіўся ўсё больш гарачым і сухім, прымушаючы насельніцтва прылеглых зямель канцэнтравацца ўздоўж рачной даліны.

Дадынастычны Егіпет

Асноўны артыкул: Дадынастычны Егіпет

Тыповы збан культуры Накада II, упрыгожаны газелямі. (Дадынастычны перыяд)

У дадынастычныя і раннедынастычныя часы егіпецкі клімат быў не такім засушлівым, як цяпер. Вялікія абсягі Егіпта былі пакрыты саваннамі, там раслі дрэвы і пасвіліся статкі капытных жывёл. Расліннасць і жывёльны свет былі значна багацейшымі ва ўсім наваколлі, у даліне Ніла жылі вялікія папуляцыі вадаплаўных птушак. У егіпцян распаўсюджаным заняткам было паляванне. Таксама ў гэты перыяд былі ўпершыню прыручаны многія віды жывёл[4].

Прыблізна к 5500 г. да н. э. невялікія плямёны, якія жылі ў даліне Ніла, развіліся ў некалькі культур. Людзі гэтых культур ажыццяўлялі строгі кантроль сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі і мелі характэрныя для кожнай культуры посуд і прадметы асабістага карыстання, такія як расчоскі, бранзалеты і пацеркі. Найбольш значнай з гэтых ранніх культур у Верхнім (паўднёвым) Егіпце была Бадары. Яна, імаверна, зарадзілася ў Заходняй Пустыні і вядома па сваёй высокаякаснай кераміцы, каменных прыладах і выкарыстанні медзі[5].

Пасля Бадары былі Амрацкая (Накада I) і Герзейская (Накада II) культуры[6], якія прыўнеслі рад тэхналагічных удасканаленняў. Ужо ў часы Накады I дадынастычныя егіпцяне ўвозілі абсідыян з Эфіопіі і выраблялі з абсідыянавых сколкаў нажы і іншыя прадметы[7]. Да часоў Накада II адносяцца першыя сведчанні аб кантактах з Блізкім Усходам, асабліва з Ханаанам і ўзбярэжжам Бібла[8]. Прыкладна за 1000 гадоў культура Накада развілася з некалькіх сельскагаспадарчых супольнасцей у магутную цывілізацыю, правіцелі якой мелі поўную ўладу над людзьмі і рэсурсамі Нільскай даліны[9]. Устанавіўшы цэнтр улады ў Нехене, а пазней у Абідасе, кіраўнікі культуры Накада III пашырылі сваю ўладу на поўнач уздоўж Ніла[10]. Яны таксама гандлявалі з Нубіяй на поўдні, аазісамі Лівійскай пустыні на захадзе, і культурамі ўсходняга Міжземнамор’я і Блізкага Усходу на ўсходзе[10]. Знойдзеныя ў царскіх пахаваннях у Кустуле[de] (Нубія) артэфакты нясуць на сабе найстаражытнейшыя вядомыя выявы егіпецкіх дынастычных сімвалаў, такіх як белая карона Егіпта і сокал[11][12].

Людзі культуры Накада выраблялі самыя разнастайныя матэрыяльныя даброты (што адлюстроўвае рост улады і багацця эліты), у тым ліку прадметы асабістага карыстання, такія як расчоскі, маленькія статуэткі, распісны посуд, высакаякасныя дэкаратыўныя каменныя вазы[en], касметычныя палеткі[ru] і ювелірныя вырабы з золата, ляпіс-блакіту (лазурыту) і слановае косці. Яны таксама распрацавалі від палівы, вядомы як фаянс[en], які ў Рымскія часы шырока выкарыстоўваўся пры аздабленні кубкаў, амулетаў і фігурак[13]. Бліжэй к канцу дадынастычнага перыяду ў культуры Накада пачалі выкарыстоўвацца пісьмовыя сімвалы, якія з часам развіліся ў паўнацэнную іерагліфічную пісьменнасць для егіпецкай мовы[14].

Ранняе Царства

У 4-м тыс. да н.э. шматлікія дробныя княствы аб’ядналіся ў два дзяржаўныя ўтварэнні — так званыя Верхні Егіпет і Ніжні Егіпет (са сталіцамі ў Іераконпалі і Бута). Стварэнне адзінай дзяржавы прыпісваюць правіцелю Верхняга Егіпта Менесу. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы каля 3000 да н.э. стаў Мемфіс у паўднёвай частцы дэльты Ніла. Да кан. 4 — пач. 3 тыс. да н.э. адносяць першыя помнікі, напісаныя егіпецкім іерагліфічным пісьмом.

У 3028 стагоддзях да н.э. пачаліся сутыкненні з суседзямі: кушытамі (нубійцамі) — на поўдні, з лівійцамі — на захадзе і качэўнікамі з Сінайскага паўвострава — на паўночным усходзе. У 2823 стагоддзях да н.э. сфарміравалася старажытнаегіпецкая цывілізацыя.

Старое Царства

Адзінства Егіпта ўвасаблялася ва ўладзе фараонаў — неабмежаваных валадароў усёй краіны. Фараон быў галавой культаў усіх багоў Егіпта і сам быў абагаўляемы. Праяваю гэтага было будаўніцтва ў гэты перыяд пірамід — фараонавых магільняў, напрыклад, сусветна вядомыя піраміды Джосера, Снофру, Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра) і Мікерына (Менкаура). Узрасло значэнне геліопальскага культу бога сонца Ра, чыімі сынамі абвяшчалі сябе ўсе фараоны (у тытулах).

Першы пераходны перыяд

У 2321 стагоддзях да н.э. Егіпет распадаецца на мноства номаў.

Сярэдняе Царства

Новае аб’яднанне Старажытнага Егіпта пачалося з узвышэння намархаў Гераклеопаля (у Сярэднім Егіпце), пазней узмацніліся правіцелі паўднёвага горада Фівы, Егіпет. Фіванскі фараон Ментухатэп I стаў правіцелем аб’яднанага Егіпта. У 2118 стагоддзях да н.э. апекуном фараонаў абвешчан Амон. Аменемхет I перанёс сталіцу з Фіваў у Ітауі ў Файюмскім аазісе.

Другі пераходны перыяд

Новы распад Егіпта ў 18-16 стагоддзях да н.э. прывёў да захопу Егіпта азіяцкімі захопнікамі — гіксосамі, якія захапілі ўладу ў Ніжнім Егіпце і зрабілі сваёй сталіцай горад Аварыс ва ўсходняй частцы дэльты Нілу.

Новае Царства

Вытурыць гіксосаў змог Яхмас I. Пераследуючы іх, ён уварваўся ў Палесціну, Сірыю. Яго пераемнікі ўсталявалі панаванне Егіпта ў Палесціне, Фінікіі, Сірыі; краіна Куш да 4 нільскага парога стала егіпецкаю правінцыяй.

Пры Аменхатэпе III Старажытны Егіпет дасягнуў найбольшай магутнасці. З правінцый у Азіі і ў Кушы егіпецкая дзяржава палучала даніну драўнінай, меддзю, волавам, свінцом, серабром, а таксама быдла, рабоў, віна, ювелірныя вырабы, слановую косць. З краіны Пунт, куды царыца Хатшэпсут накіравала экспедыцыю, у Старажытны Егіпет паступалі духмяныя рэчывы. У гэты перыяд егіпецкае войска стала рэгулярным. Рэлігійная рэформа Аменхатэпа IV (Эхнатона) абвясціла культ адзінага для егіпцян бога Атона (сонечнага дыска). У гонар гэтага бога будуецца новая сталіца Ахетатон. Пасля смерці Эхнатона ў 1335 г. да н.э. было адноўлена шанаванне ранейшых багоў, і Фівы ізноў сталі сталіцай Егіпта. Заняўшыся рэлігійнай рэформай, Эхнатон закінуў кіраванне дзяржавай. Заняпад працягваўся і пасля яго смерці, але каля 1290 г. да н.э. фараон Рамзес II аднавіў магутнасць Егіпта. Ён вёў упартую барацьбу з хетамі і іх сірыйскімі саюзнікамі. Сталіцай Егіпта пры Рамзесе II стаў Пер-Рамсес, пабудаваны на месцы Аварыса.

Трэці пераходны перыяд

У 117 стагоддзях да н.э. умацавалася ўлада намархаў. У 945 г. да н.э. лівійскі палкаводзец Шэшонк I абвясціў сябе фараонам, зрабіўшы сваёй рэзідэнцыяй горад Бубастыс у дэльце Ніла. Ён узяў Іерусалім і разрабаваў яго. У 671 г. да н.э. асірыйскае войска Асархадона захапіла і разрабавала Мемфіс. У 667 да н.э. і 663 да н.э. асірыйцы авалодалі Фівамі.

Позняе Царства

Псаметых I змог ізноў аб’яднаць Старажытны Егіпет. Пры Неха II, сыне Псаметыха I, быў прарыт канал, які звязаў Ніл з Чырвоным морам.

У 528 да н.э. Старажытны Егіпет быў заваёван персідскім царом Камбісам і стаў персідскай правінцыяй (сатрапіяй). У 341 да н.э. персы ізноў уварваліся ў Егіпет, спустошыўшы яго.

Эліністычны Егіпет

У 332 да н.э. у Егіпет увайшло войска Аляксандра Македонскага, краіна стала часткай яго дзяржавы. Пасля падзелу яго імперыі паміж дыядохамі Егіпет дастаўся палкаводцу Пталамею Лагу — заснавальніку грэка-македонскай дынастыі Пталамеяў Лагідаў (305-30 да н.э.). Сталіцай стаў горад Александрыя.

Пры Пталемеях Егіпет стаў галоўным пастаўшчыком хлеба ў эліністычным свеце. У гэты перыяд егіпецкі флот панаваў у Міжземным моры. У кіраванне царыцы Клеапатры, апошняй з дынастыі Пталемеяў, Егіпет апынуўся ўцягнутым у палітычную барацьбу ў Старажытным Рыме. Пасля паражэння флоту Егіпта пры мысе Акцый у 31 да н.э. і самазабойства Клеапатры егіпецкая дзяржава была пераўтворана ў рымскую правінцыю (30 да н.э.). Пасля распаду Рымскай імперыі (395) Егіпет стаў правінцыяй Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Нашчадкі старажытных егіпцян — копты — успрынялі хрысціянскаю рэлігію монафізіцкага толку. У 639642 гадах Егіпет быў заваёван арабамі.

Культура

Літаратура

Разам з шумерскай літаратурай егіпецкая літаратура лічыцца першай літаратурай свету. К перыяду Старога царства (каля XXVIXXII стагоддзяў да н.э.) у літаратурную творчасць Егіпта ўваходзілі пахавальныя тэксты, пасланні і пісьмы, рэлігійныя гімны і вершы, а таксама памятныя аўтабіяграфічныя тэксты, якія расказвалі аб кар’ерах выдатных людзей. У пачатку Сярэдняга царства (каля XXIXVII стагоддзяў да н.э.) была створана апавядальная літаратура. Пачалася „рэвалюцыя сродкаў“ у выніку ўзвышэння інтэлектуальнага класа пісараў, новых культурных пачуццяў індывідуальнасці, небывалых раней узроўняў пісьменнасці і большага доступу да пісьмовага матэрыялу. Аднак, магчыма, што пісьменнасцю валодаў менш чым адзін працэнт усяго насельніцтва. Такім чынам, літаратурная творчасць належала людзям вышэйшага класа, якія працавалі пры архівах, канцылярыях і пры двары кіруючага фараона.

Мастацтва

Піраміды Гізы

Асноўны артыкул: Мастацтва Старажытнага Егіпта Мастацтва Старажытнага Егіпта цесна звязана з рэлігіяй, у т.л. з памінальным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці грамадскага ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона.

Пошукі дейснай мастацкай мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і распрацаваны асноўныя сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Егіпце былі выпрацаваны класічныя архітэктурныя формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўленчага мастацтва (круглая скулыпура, рэльеф, манументальны жывапіс і інш.). Кананічныя правілы, нязменныя выяўленчыя і выразныя сродкі, прыёмы будаўніцтва павінны былі ўлічваць у сваёй дзейнасці майстры ўсіх відаў мастацтва. Але ўпарадкавальная роля канона не стала перашкодай у эвалюцыі мастацтва.

Крыніцы

Асаблівасцю большасці старажытнаегіпецкіх крыніц з’яўляецца тое, што яны так або інакш звязаны з пахавальным культам. Справа ў тым, што пахавальныя помнікі ў параўнанні з астатнімі лепш захаваліся і дайшлі да нас у большай колькасці, найперш, таму што яны ствараліся з выкарыстаннем трывалых і даўгавечных матэрыялаў (найбольш распаўсюджаны — камень), бо ад таго, колькі праіснуе памінальны інвентар егіпцяніна, залежала яго замагільнае жыццё. З паўсядзённага ж жыцця егіпцян, прадметы для якога яны стваралі з меней трывалых матэрыялаў (псаванне якіх, да таго ж, узмацнялася ўплывам клімату нільскай даліны), помнікаў засталося мала, асабліва мала дайшло да нас помнікаў з дэльты Ніла.

Найважнейшыя пісьмовыя помнікі:

  1. Палермскі камень, своеасаблівы летапіс фараонаў Егіпта эпох Раннедынастычнага перыяду і Старога царства.
  2. Разецкі камень, для вывучэння ўласна гісторыі Старажытнага Егіпта яго каштоўнасць не дужа вялікая, але з гэтым помнікам звязана пераломная эпоха ў егіпталогіі. Іменна з дапамогай Разецкага каменя ўдалася расшыфраваць егіпецкія іерогліфы.
  3. Аналы Тутмаса III, апісанне паходаў вялікага фараона-ваяра 18 дынастыі.
  4. Амарнскі архіў, архіў клінапісных гліняных таблічак, выяўлены ў канцы 19 стагоддзя каля мястэчка эль-Амарна, дзе раней размяшчалася рэзідэнцыя фараона-ерытыка (або фараона-рэфарматара) Эхнатона. Амарнскі архіў уключае ў сябе перапіску правіцеляў Пярэдняй Азіі сярэдняй — позняй 18 дынастыі.
  5. Тэксты Пірамід“, найстаражытнейшая пісьмовая крыніца ў гісторыі чалавецтва, у якой адлюстраваны ўяўленні аб замагільным жыцці. Тэксты Пірамід — гэта зборнік розных тэкстаў з некалькіх пірамід цароў 5 — 6 дынастый.
  6. Тэксты Саркафагаў“ („Тэксты Каўчэгаў“), надпісы на старажытнаегіпецкіх трунах (а не саркафагах — проста такая назва зацвердзілася ў савецкай навуцы). Гэтыя надпісы звязаны з Тэкстамі пірамід, верагодна, што яны паходзяць ад Тэкстаў пірамід. Упершыню класічныя тэксты на трунах з’яўляюцца ў часы Старога царства.
  7. Кніга мёртвых“, генетычны працяг „Тэкстаў саркафагаў“ і „Тэкстаў пірамід“. Кніга мёртвых — гэта зборнік разрозненых памінальных малітваў-загавораў, які лажылі разам з пахаваным. Менавіта таму гэты зборнік і атрымаў такую назву: першыя папірусныя скруткі, што знаходзілі разам са старажытнымі муміямі ў пач. — сяр. 19 стагоддзя, арабы далі мянушку „Кнігі мёртвых“, гэтая назва пасля зацвердзілася і ў еўрапейскай навуцы. Аднак самі старажытныя егіпцяне называлі гэтыя пісанні „Кніга выхаду ў дзень“. Жыццё для егіпцяніна — гэта святло, а ў кнізе, як раз даюцца загаворы для таго, каб нябожчык перамог усе цёмныя сілы і перайшоў у вечнае жыццё з Ра — крыніцай святла. Асабліва добра прыжылася гэта назва ў заходняй егіпталогіі.
  8. Палетка Нармера, каменная стэла з Іераконпаля, датаваная часам кіравання фараона Нармера — аб’яднальніка Егіпта. Па легендзе, да Нармера не існавала адзінага Егіпта — былі дзве незалежныя краіны. Менавіта Нармер (яшчэ яго імёны — Міна і Менес) аб’яднаў Егіпет, і першым надзеў карону аб’яднанага Егіпта, а палетка гэтая, як лічыць большасць егпітолагаў, як раз зафіксавала працэс ваеннага аб’яднання Егіпецкай зямлі.
  9. Папірус Весткар, цяпер — папірус Брытанскага музея (інв. нумар — 3033), названы жа ён так у гонар першага яго ўладальніка — мадам Весткар. Першым яго даследаваў нямецкі егпітолаг Адольф Эрман, якому і быў падоран гэты рукапіс. Напісан (дакладней: перапісан, а стварэнне запісанага ў ім шматлікія егпітолагі адносяць дзесь на тысячу гадоў назад) гэты папірус быў у эпоху гіксосскага валадарства, а ўтрымоўвае ён адразу некалькі найпрыгажэйшых літаратурных твораў Сярэдняга царства — „Казкі сыноў Хуфу“.

Акрамя таго, добрымі крыніцамі служаць гарадскія і фараонскія некропалі (у Сакары, Гізе, Дашуры, Абідасе і іншых месцах), муміі — цудоўны антрапалагічны матэрыял, і, вядома ж, археалогія — гарадская і падводная.

Зноскі

  1. 1 2 Clayton, 1994
  2. Shaw (2002) pp. 17, 67-69
  3. Shaw (2002) p. 17
  4. Ikram, Salima (1992). Choice Cuts: Meat Production in Ancient Egypt. University of Cambridge. p. 5. ISBN 978-90-6831-745-9. OCLC 60255819. http://books.google.com/?id=1Am88Yc8gRkC&printsec=frontcover#PPA5,M1. Retrieved on 22 July 2009.
  5. Hayes (1964) p. 220
  6. Childe, V. Gordon (1953), New Light on the Most Ancient Near East, (Praeger Publications)
  7. Barbara G. Aston, James A. Harrell, Ian Shaw (2000). Paul T. Nicholson and Ian Shaw editors. “Stone, " in Ancient Egyptian Materials and Technology, Cambridge, 5-77, pp. 46-47. Also note: Barbara G. Aston (1994). “Ancient Egyptian Stone Vessels, « Studien zur Archäologie und Geschichte Altägyptens 5, Heidelberg, pp. 23-26. (See on-line posts: and .)
  8. Patai, Raphael (1998), ‘Children of Noah: Jewish Seafaring in Ancient Times (Princeton Uni Press)
  9. Chronology of the Naqada Period (нявызн.). Digital Egypt for Universities, University College London. Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2008. Праверана 9 March 2008.
  10. 1 2 Shaw (2002) p. 61
  11. Emberling, Geoff (2011). Nubia: Ancient Kingdoms of Africa. New York: Institute for the Study of the Ancient World. p. 8. ISBN 978-0-615-48102-9.
  12. The Qustul Incense Burner (нявызн.).
  13. Faience in different Periods (нявызн.). Digital Egypt for Universities, University College London. Архівавана з першакрыніцы 30 сакавіка 2008. Праверана 9 March 2008.
  14. Allen (2000) p. 1

Літаратура

Крыніцы

Гістарыяграфія

Рэлігія

Больш падрабязныя артыкулы

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Старажытны Егіпет
Катэгорыя·Былыя краіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай