wd wp Пошук:

Міжземнае мора

Рэльеф дна

Міжземнае мора — міжземнае, міжмацерыковае мора Атлантычнага акіяна, злучаецца з ім на захадзе Гібралтарскім пралівам, знаходзіцца паміж Паўднёвай Еўропай, Заходняй Азіяй і Паўночнай Афрыкай і амаль цалкам зачыненае. Мора лічыцца часткай Атлантычнага акіяна, хоць яго часцяком атаясамляюць як цалкам асобны вадаём. Мора ахоплівае плошчу ў 2,5 млн км², але яго злучэнне з Атлантыкай праз Гібралтарскі праліў складае ўсяго 14 км у шырыню. Міжземнае мора мае сярэднюю глыбіню ў 1500 м, а самым глыбокім месцам з’яўляецца ўпадзіна Каліпса ў Іанічным моры, яе глыбіна складае 5 267 м.

У Міжземным моры вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Крыцкае, Эгейскае. У басейн Міжземнага мора ўключаюць Мармуровае мора, Чорнае мора, Азоўскае мора.

Абмывае берагі Іспаніі, Францыі, Італіі, Манака, Мальты, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Харватыі, Славеніі, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Рэспублікі Кіпр, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра і Марока.

Этымалогія

Жыхары Старажытнага Егіпта называлі Міжземнае мора — «Вялікая зялёная вада». У Старым Запавеце Міжземнае мора названа «Вялікім морам» (Лічбы 34:6,7 Архівавана 10 ліпеня 2012.; Ян. 1:4, 9:1, 15:47; Іез. 47:10,15,20). Таксама сустракаецца назва «мора філістымлян» (Выхад 23:31 Архівавана 23 верасня 2013.), ад людзей, якія насялялі значную частку яго берагоў паблізу Ізраіля.

Назву Міжземнае мора (грэч.: Μεσόγειος Θάλασσα, лац.: Mare Mediterranea — мора пасярод Зямлі) упершыню ўвёў у абарот антычны пісьменнік Гай Юлій Солін, абапіраючыся на ўяўленні свайго часу, паколькі старажытныя еўрапейскія і паўночнаафрыканскія цывілізацыі развіваліся ў басейне менавіта гэтага мора, якое служыла натуральным шляхам зносін паміж імі.

У часы росквіту Рымскай імперыі рымляне называлі гэта мора — Наша мора (лац.: Mare Nostrum), або Унутранае мора (лац.: Internum mare)[1] паколькі ў тыя часы ўсе землі ўзбярэжжа гэтага мора ўваходзілі ў склад імперыі.

Гісторыя

Сучаснае Міжземнае мора з’яўляецца рэліктам старажытнага акіяна Тэціс, які быў значна шырэй і распасціраўся далёка на ўсход. Рэліктамі акіяна Тэціс з’яўляюцца таксама Аральскае, Каспійскае, Чорнае і Мармуровае моры, прымеркаваныя да яго найболей глыбокім упадзінам. Верагодна, Тэціс некалі быў цалкам акружаны сушай, і паміж Паўночнай Афрыкай і Пірэнейскім паўвостравам, у раёне Гібралтарскага праліва, існаваў пярэсмык. Такі жа сухапутны мост звязваў паўднёваўсходнюю Еўропу з Малой Азіяй. Не выключана, што пралівы Басфор, Дарданэлы і Гібралтарскі ўтварыліся на месцы затопленых рачных далін, а шматлікія астраўныя ланцугі, асабліва ў Эгейскім моры, злучаліся з мацерыком.

Гісторыя Міжземнаморскага рэгіёна мае вырашальнае значэнне для разумення паходжання і развіцця шматлікіх сучасных грамадстваў. «Тры чвэрці зямнога шара было аб’яднана паміж сабой праз Міжземнае мора, якое было цэнтрам сусветнай гісторыі»[2].

Фізіка-геаграфічныя характарыстыкі

Схема пануючых марскіх цячэнняў чэрвеня ў Міжземным моры. Стрэлкамі паказаны напрамкі, лічбамі — хуткасць цячэння ў м/с
Два найбуйнейшыя астравы Міжземнага мора — Сіцылія і Сардзінія
Свеці-Стэфан у Чарнагорыі
Заліў Ліндаса, востраў Родас, Грэцыя
Марское ўзбярэжжа Трыпалі, Лівія

У паўночнай частцы Міжземнага мора акіянографы вылучаюць адносна адасобленыя буйнымі паўвостравамі і астравамі ад асноўнай часткі басейна моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае, Кіпрскае. У басейн Міжземнага мора ўключаюць Мармуровае, Чорнае і Азоўскае моры.

Значныя залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра (Вялікі Сірт), Габес (Малы Сірт). У басейне мора шматлікія астравы, больш за тры тысячы, найбуйнейшыя з іх — Балеарскія, Сіцылія, Сардзінія, Кіпр, Крыт, Корсіка . У мора ўпадаюць буйныя рэкі: Ніл, Эбра, Рона, По.

Сярэдняя тэмпература вады на паверхні ў лютым ад 8—12 °C да 17 °C, у жніўні ад 19 °C ў Ліёнскім заліве да 27-30 °C на ўсходзе. Салёнасць ад 36 ‰ на захадзе да 39,5 ‰ на ўсходзе. Прылівы сутачныя і змяшаныя, іх велічыня ў большасці раёнаў складае 0,1-0,5 м.

Берагі Міжземнага мора каля гарыстых узбярэжжаў з большага абразіўныя, выраўнаваныя, каля пенепленаў — лагунна-ліманныя і дэльтавыя. Для ўсходняга ўзбярэжжа Адрыятычнага мора характэрныя берагі далмацінскага тыпу.

Клімат

Асноўны артыкул: Міжземнаморскі клімат Клімат Міжземнага мора вызначаецца яго становішчам у субтрапічным поясе і адрозніваецца вялікай спецыфікай, якая вылучае яго ў самастойны міжземнаморскі тып клімату, які характарызуецца мяккай зімой і гарачым засушлівым летам. Узімку над морам усталёўваецца фронт паніжанага ціску атмасферы, што вызначае няўстойлівае надвор’е з частымі штармамі і шчодрымі ападкамі; халодныя паўночныя вятры зніжаюць тэмпературу паветра. Развіваюцца мясцовыя вятры: містраль ў раёне Ліёнскага заліва, бора на ўсходзе Адрыятычнага мора і мелтэмі ў акваторыі Эгейскага мора. Улетку большую частку Міжземнага мора ахоплівае грэбень Азорскага антыцыклону, які вызначае перавагу яснага надвор’я з невялікім воблачнасцю і малой колькасцю ападкаў. У летнія месяцы назіраюцца сухія туманы і пыльная імгла, якая прыносіцца з Афрыкі паўднёвым ветрам сірока. Ва Усходнім басейне развіваюцца ўстойлівыя паўночныя вятры — этэзіі.

Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені змяняецца ад 14-16 °C ля паўднёвых берагоў да 7-10 °C на поўначы, у жніўні — ад 22-24 °C на поўначы да 25-30 °C у паўднёвых раёнах мора. Выпарэнне з паверхні Міжземнага мора дасягае 1250 мм у год (3130 км ³). Адносная вільготнасць паветра змяняецца ад 50-65 % летам да 65-80 % зімой. Воблачнасць летам 0-3 балы, зімой каля 6 балаў. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў 400 мм (каля 1000 км ³), яна змяняецца ад 1100—1300 мм на паўночным захадзе да 50-100 мм на паўднёвым усходзе, мінімум — у ліпені — жніўні, максімум — у снежні. Характэрныя міражы, якія часта назіраюцца ў Месінскім праліве (Фата-маргана).

Тэмпература марской вады
на папулярных курортах Міжземнага мора (°C)
Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне
Марсель 13 13 13 14 16 18 21 22 21 18 16 14
Барселона 13 13 13 14 17 20 23 25 23 20 17 15
Валенсія 14 13 14 15 17 21 24 26 24 21 18 15
Неапаль 15 14 14 15 18 22 25 27 25 22 19 16
Малага 16 15 15 16 17 20 22 23 22 20 18 16
Гібралтар 16 15 16 16 17 20 22 22 22 20 18 17
Афіны 16 15 15 16 18 21 24 24 24 21 19 17
Іракліян 16 15 15 16 19 22 24 25 24 22 20 18
Мальта 16 16 15 16 18 21 24 26 25 23 21 18
Пафас 18 17 17 18 20 24 26 27 26 24 22 19
Ларнака 18 17 17 18 20 24 26 27 27 25 22 19
Лімасол 18 17 17 18 20 24 26 27 27 25 22 19
Александрыя Архівавана 5 студзеня 2014. 18 17 17 18 20 23 25 26 26 25 22 20
Тэль-Авіў 18 17 17 18 21 24 26 28 27 26 23 20

Галоўныя порты

Гл. таксама

Зноскі

  1. Внутреннее море//Реальный словарь классических древностей Архівавана 22 жніўня 2014.
  2. Georg Wilhelm Friedrich Hegel. «The Philosophy of History», p. 87, Dover Publications Inc., 1956 ISBN 0-486-20112-0; 1st ed. 1899

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Моры Атлантычнага акіяна
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Міжземнае мора
Моры Зямлі