wd wp Пошук:

Арашэнне

Самаходная франтальная арашальная прылада ў дзеянні

Арашэнне[1], таксама Абвадненне або Ірыгацыя[2] — падвядзенне вады на палі, якія адчуваюць нястачу вільгаці, і павялічэнне яе запасаў у пласце грунту, дзе знаходзяцца корні раслін, з мэтай павялічэння ўрадлівасці грунту. Ірыгацыя з’яўляецца адным з відаў меліярацыі. Арашэнне паляпшае сілкаванне корняў раслін вільгаццю і пажыўнымі рэчывамі, зніжае тэмпературу прыглебавага пласту паветра і павялічвае яго вільготнасць.

Гісторыя

Норыі на рацэ Аронт у Сірыі

Ужо ў найстаражытныя часы арашэнне дасягнула ступені мастацтва, на якім быў заснаваны дабрабыт цэлых дзяржаў. Пра правядзенне вады для ўвільгатнення палёў згадваецца ў многіх месцах Бібліі. Мясцовасць паміж Еўфратам і Тыграм славілася ўжо ў глыбокай старажытнасці сельскагаспадарчым прагрэсам, дасягнутым пры дапамозе сістэматычнага арашэння. З спрадвечных часоў існуюць узоры арашальных збудаванняў у краінах старажытнай культуры: у Кітаі, Індыі і Егіпце, а ў Новым Свеце — у абласцях зніклага царства ацтэкаў. Егіпцяне не здавольваліся перыядычнымі разлівамі Ніла для апладнення сваіх палёў, а правялі яго воды, з дапамогай разгалінаванай сістэмы каналаў, па ўсёй сваёй урадлівай вобласці да края пустэльні. Пасля перайшлі тут да водавычэрпальных колаў, падымалі ваду на вышыню.

У Еўропе найстаражытнымі майстрамі па частцы арашэння з’яўляюцца этрускі. Велічэзныя рэшткі каналаў паміж Адыджэ і По сведчаць і ў наш час аб каласальных инжынерных збудаваннях, выкананых гэтым народам выключна для абваднення палёў. Сваё мастацтва яны перадалі рымлянам. Апошнія высока шанавалі ваду, і яшчэ ў цяперашні час дзівяць сваімі гідратэхнічнымі збудаваннямі: узнёслыя басейны, вадаправодныя каналы, штучныя сажалкі і азёры, пышнае аздабленне крыніц і іншыя дасканалыя прылады для дастаўлення добрай вады.

Самым шырокім чынам арашальныя збудаванні развіліся ў Ламбардыі. Сетка арашальных каналаў у гэтай галіне, якая развівалася і ўдасканальвалась з часоў рымлян, ахоплівала да пачатку XX стагоддзя плошчу да 450 тысяч гектараў. Галоўныя каналы гэтай сеткі, у склад якіх увайшлі і старажытныя штучныя вадацёкі, пабудаваныя былі ў пачатку Сярэднявеччы часткова манахамі, часткова гарадамі Міланам, Крэмонай і іншымі пад валадарствам Вісконці, Сфорца, Палавічына, а ў вобласці Мантуі дынастыяй Ганзага. Найстаражытны канал Веталія быў пабудаваны ў 1057 годзе. Ужо ў 1216 годзе ў Мілане з’явіўся звод пастановаў пра карыстанне вадой, які пасля быў удасканалены і паслужыў падставай заканадаўства пра арашэнні 1747 года. У XI стагоддзі манахі Абацтва К’яравалле валодалі больш чым 8000 гектарамі арашаных лугоў і прадавалі лішак сваёй вады. Для вызначэння яе колькасці карысталіся адмысловымі вадамерамі, у якіх ваду прапускалі праз пэўную адтуліну шырынёй 0,029 м², пры сталым напоры 0,10 м. У хвіліну праз такую адтуліну працякае 2,1835 м³ вады, што называецца міланскай унцыяй. Пасля замест вадзяной унцыі сталі карыстацца для вымярэння выдатку іншымі прыладамі і прыборамі, званымі з часоў Саўдаці, першага вынаходніка такога прыбора ў XVI стагоддзі, модулямі.

З Ламбардыі нямецкія жаўнеры ў XVIII стагоддзі прынеслі з сабой мастацтва арашэння ў вобласць ніжняга Рэйна, дзе арашальныя прылады асабліва развіліся і ўмацаваліся ў наваколлях горада Зігена, дзякуючы намаганням бургамістра гэтага горада каля 1750 года. У Іспаніі арашэнне ўведзена было маўрамі, працамі якіх бязводныя наваколлі Валенсіі ператварыліся ў вобласць добрай урадлівасці. Разваліны гідратэхнічных збудаванняў маўраў у Іспаніі дагэтуль уражваюць сваёй веліччу. Маўрытанскія арашальныя прылады паслужылі ўзорам не толькі ў тэхнічных адносінах, але і ў дачыненні да заканадаўства і арганізацыі, бо тут з’явілася самая старажытная форма грамадскага карыстання арашэннем. Падведамныя маўрам правінцыі падзяляліся на арашальныя вучасткі, для якіх неабходная колькасць вады забяспечвалася загародай горных раўчукоў і рэчак у летні час. Для гэтага будаваліся вялікія плаціны. З створаных такім чынам вадасховішчаў вада праводзілася магістральнымі каналамі, а ад іх адгаліноўваліся бакавыя каналы, з якіх вада для арашэння асобных вучасткаў вычэрпвалі норыямі. Для кожнага з арашаных вучасткаў разлічана было дакладна патрэбная колькасць вады. Карыстанне ёю было строга рэгламентавана, і за выпуск залішняй вады ўсталяваныя былі штрафы. Для кантролю расходу вады карысталіся стрэлкавым вадамерам. У некаторых мясцовасцях Іспаніі прылады гэтыя захаваліся яшчэ ў цяперашні час. У Францыі вялікія арашальныя сістэмы знаходзяцца ў далінах Луары і Гароны, а таксама ў дэпартаментах Савоя, Верхняя Савоя, Буш-дзю-Рон, Эро, Гар і іншых. Англія, па ўласцівасцях клімату, патрабуе мала арашэння, але месцамі і тут сустракаюцца шырокія мясцовасці, якія карыстаюцца штучным абвадненнем, напрыклад самыя старажытныя арашальныя прылады знаходзяцца ва Уілтшыры, створаныя ў 1690-х1700-х гадах, займаюць плошчу каля 20 тысяч гектараў.

Спосабы арашэння

Да асноўных спосабаў арашэння ставіцца:

Гл. таксама

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы. Мн.:БелЭн, 2002, С.64.
  2. Напісанне ў адпаведнасці са Слоўнікам іншамоўных слоў у 2-х тамах., Мн., 1999, Т.1, С.547

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Арашэнне
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы