wd wp Пошук:

Глыбоцкі раён

Глыбоцкі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Размешчаны на паўднёва-заходняй частцы Віцебскай вобласці. На ўсходзе мяжуе з Полацкім і Ушацкім раёнамі, на захадзе — з Шаркаўшчынскім і Пастаўскім, на поўначы — з Мёрскім, на поўдні — з Докшыцкім раёнамі.

Гісторыя

У верасні 1939 года тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна ўвайшла ў склад БССР (на той момант гэта была Глыбоцкая гміна Дзісенскага павета Віленскага ваяводства).

15 студзеня 1940 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР» былі ўтвораны Глыбоцкі і Пліскі раёны, як адміністрацыйныя адзінкі Вілейскай вобласці. Тэрыторыя Глыбоцкага раёна складала 592 кв. км, насельніцтва раёна налічвала больш за 35 тыс. чалавек (з іх гарадскіх жыхароў — 9650). У кастрычніку таго ж года было ўтворана 10 сельскіх саветаў: Вярхнянскі, Дзеркаўшчынскі, Залескі, Капыльшчынскі, Літоўшчынскі, Лучайкаўскі, Мамайскі, Ластавіцкі, Тумашаўскі, Узрэцкі. Арганізавана і дзейнічала 11 калгасаў.

З 2 ліпеня 1941 па 3 ліпеня 1944 года тэрыторыя раёна была акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У Глыбокім быў створаны цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд».

20 верасня 1944 года Глыбоцкі раён увайшоў у склад Полацкай вобласці, са студзеня 1954 года — у складзе Маладзечанскай вобласці. 20 студзеня 1960 года Маладзечанская вобласць была скасавана, Глыбоцкі і Пліскі раёны перададзены ў склад Віцебскай вобласці. У той жа дзень быў ліквідаваны Дунілавіцкі раён, у выніку чаго былы Гулідаўскі сельсавет увайшоў у склад Карабоўскага сельсавета. 25 снежня 1962 года да Глыбоцкага раёна былі далучаныя Докшыцкі і Пліскі раёны (у 1965 годзе Докшыцкі раён быў адноўлены). 30 ліпеня 1966 года быў адноўлены Шаркаўшчынскі раён, частка населеных пунктаў Залескага сельсавета Глыбоцкага раёна была перададзена Шаркаўшчынскаму раёну. Пасля 1966 года сур’ёзных зменаў межаў Глыбоцкага раёна не адбывалася[3].

Геаграфія

Краявід ля гарадзішча ў Латыгалі

Паверхня большай часткі раёна раўнінная, у цэнтры і на поўдні ўзвышаная. Агульны нахіл з поўдня на поўнач. Значную плошчу (55 %) займаюць Свянцянскія грады, выцягнутыя праз цэнтр з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. На поўначы і паўночным захадзе Дзісненская нізіна з характэрнай плоскай паверхняй і балотнымі масівамі. На паўднёвым усходзе Верхнебярэзінская нізіна. Найвышэйшы пункт 226,4 м (каля в. Кавалі, за 6 км на ўсход ад Глыбокага), найбольш нізкая адзнака 130 м (урэз ракі Авута на поўначы).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага (на поўначы), сожскага, дняпроўскага, радзей бярэзінскага зледзяненняў.

Сярэдняя тэмпература ў студзені −7,1, ліп. +17,6 °C. Ападкаў 599 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 сут. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы.

30 % плошчы раёна займаюць лясы, 54 % — сельгасугоддзі.

Крывое возера ля Глыбокага
Акунёўскае возера

Па тэрыторыі раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў — Заходняй Дзвіной і Дняпром. Найбольшыя рэкі — Бярозаўка з Дабрылаўкай, Мнюта, Авута (правыя прытокі Дзісны), Шоша з Чысцянкай, Свіліца з Агурнёўкай. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 106 азёр, у тым ліку і самае глыбокае возера на Беларусі — Доўгае. Азёры аб’яднаны ў сістэму пратокаў і малых рэк, якія звязаны з рэкамі Заходняя Дзвіна і Бярэзіна. Найбольшыя азёры: Шо, Пліса, Мнюта, Вялікае, Пятроўскае, Белае, Царкавішча і інш.

Іхтыяфаўна азёр — 30 відаў рыб. Флора налічвае больш за 800 відаў раслін. Найбольш распаўсюджаныя віды жывёл: дзік, лось, лісіца, куніца, заяц, бабёр і іншыя.

Адміністрацыйны падзел

Сельскія саветы Глыбоцкага раёна

Глыбоцкі раён падзелены на 13 сельсаветаў, мае ў сваім складзе 418 населеных пунктаў.

Назва Адміністрацыйны цэнтр Плошча (км кв.) Колькасць вёсак Насельніцтва (чал.) Кіраўнік
1 Абрубскі сельсавет Абруб 95,18 17 1 382 Славецкі Анатоль Міхайлавіч
2 Азярэцкі сельсавет Азярцы 105,9 23 2168 Анашкевіч Святлана Вацлаваўна
3 Галубіцкі сельсавет Галубічы 164,3 27 952 Супранёнак Пётр Макаравіч
4 Залескі сельсавет Залессе 89,1 30 1165 Заяц Барыс Ільіч
5 Зябкаўскі сельсавет Зябкі 87,3 32 981 Ціманоўскі Ігар Іванавіч
6 Карабоўскі сельсавет Карабы 2 188,1 37 3655 Татун Яўгеній Клаўдзіевіч
7 Ломашаўскі сельсавет Ломашы 68,96 15 905 Цярэшка Франц Іосіфавіч
8 Падсвільскі сельсавет Падсвілле 123,1 36 1148 Ерашэвіч Анатолій Вацлававіч
9 Пліскі сельсавет Пліса 196,3 51 2347 Плісско Васіль Мікалаевіч
10 Празароцкі сельсавет Празарокі 87,93 34 1061 Міхайлоўская Інеса Іванаўна
11 Псуеўскі сельсавет Псуя 261,8 31 1027 Гіль Аляксандр Віктаравіч
12 Удзелаўскі сельсавет Удзела 155 35 2883 Карман Віктар Казіміравіч
13 Узрэцкі сельсавет Пятроўшчына 126,4 24 1017 Дашкевіч Пётр Эдуардавіч

Насельніцтва

Агульная колькасць насельніцтва раёна на 2019.01.01 г. — 36 565 чалавек, у тым ліку 17 644 — мужчын, жанчын — 18 921 чалавек. Колькасць працаздольнага насельніцтва складала 19 632 чалавека, старэйшых за працаздольны ўзрост — 10 749 чалавек.

Гарадскія паселішчы: Глыбокае, Падсвілле.

Буйныя населеныя пункты (аграгарадкі)[4]: Абруб, Азярцы, Бабічы, Галубічы, Гатаўшчына, Карабы 2, Ломашы, Марцыбыліна, Мнюта 1, Празарокі, Прошкава, Псуя, Удзела, Чарневічы.

Нацыянальны склад (1999): беларусы (88,4 %), палякі (5,7 %), рускія (4,6 %) і інш. Па дадзеных Рэспубліканскага перапісу насельніцтва 2009 года колькасць насельніцтва Глыбоцкага раёна складала 41043 чалавека. У горадзе Глыбокае пражывала 20352 чалавека, у сельскай мясцовасці — 20691 чалавек.

Гаспадарка

Буйнейшыя прадпрыемствы:

Сельская гаспадарка раёна прадстаўлена 14 сельскагаспадарчымі арганізацыямі, у тым ліку: 3 камунальнымі ўнітарнымі прадпрыемствамі, 3 адкрытымі акцыянернымі таварыствамі, 2 адасобленымі сельскагаспадарчымі філіяламі, 6 сельскагаспадарчымі ўнітарнымі прадпрыемствамі, якія належаць юрыдычным асобам недзяржаўнай формы ўласнасці, 37 сялянскімі фермерскімі гаспадаркамі. Раён спецыялізуецца ў раслінаводстве на вытворчасці зерня, ільну, бульбы, рапсу, гародніны; у жывёлагадоўлі на вытворчасці малака, мяса. У сельскагаспадарчай вытворчасці занята каля 2000 чалавек.

Транспарт

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Маладзечна — Полацк і Крулеўшчызна — Варапаева, аўтамабільныя дарогі Полацк — Вільнюс, Докшыцы — Глыбокае — Шаркаўшчына, Глыбокае — Дзісна і інш.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

Асноўны артыкул: Адукацыя ў Глыбоцкім раёне На 01 студзеня 2020 года ў раёне функцыянавала 29 устаноў адукацыі, у тым ліку: дзіцячы сад — базавая школа — 5, сярэдніх школ — 3, дзіцячы сад — сярэдняя школа — 7, гімназій — 1, дашкольных устаноў — 8, устаноў дадатковай адукацыі — 1, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. У 2019/2020 навучальным годзе колькасць навучэнцаў складала 5106 чалавек.

Ахова здароўя

Медыцынскае абслугоўванне ажыццяўляецца ў 2 раённых бальніцах, у 20 фельчарска-акушэрскіх пунктах і 7 урачэбных амбулаторыях. Для аказання медыцынскай дапамогі і догляду адзінокім жыхарам раёна састарэлага ўзросту, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў, арганізаваны 3 сельскія ўчастковыя бальніццы «сястрынскага догляду» на 45 ложкаў з урачэбнымі амбулаторыямі. У Глыбоцкай ЦРБ адкрыта міжраённае аддзяленне хранічнага гемадыялізу, яякое абслугоўвае пацыентаў паўночна-заходняга рэгіёна Віцебскай вобласці.

Трупа Ігната Буйніцкага ў 1912 годзе

Культура, спорт

Карціна «Глыбоцкія дудары-мядзведнікі» Юліі Арэхавай

Глыбоцкі край з’яўляецца адным з найбольш дударскіх рэгіёнаў Беларусі. На сённяшні дзень, паводле розных крыніц, вядома пра некалькіх дудароў, звязаных з Глыбоцкім краем, сярод якіх найбольш вылучаецца дудар з акцёрскай трупы Ігната Буйніцкага — Адам Шульга, а таксама Пётр Бурэц з вёскі Асінаўка. З неіснуючай вёскі Верацеі, на Глыбоччыне, паходзіць найстарэйшая беларуская дуда 1849 года, так званая Глыбоцкая дуда. Яе копія захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. З Глыбоцкім краем таксама звязаная так званая дуда Ігната Буйніцкага, падораная дырыжору Людаміру Міхалу Рагоўскаму, які ў сваю чаргу ахвяраваў інструмент у фонд калецыі Івана Луцкевіча, якая ў 1921 годзе сталася часткай Беларускага музею ў Вільні. У Глыбоцкай раённай бібліятэцы створаная адмысловая калекцыя і экспазіцыя, прысвечаная беларускай дудзе. У мясцовай Школе мастацтваў (музычнай школе) існуе магчымасць дадатковага вывучэння ігры на дудзе. У гонар тутэйшай дударскай традыцыі ў раёне штогод праводзіцца фэст «Дударскі рэй».

Імаверна, што з дудой звязана было таксама існаванне Глыбоцкага брацтва мядзведнікаў, якое магчыма было звязаны, або супернічала са славутай Смаргонскай мядзведжай акадэміяй. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам — спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам. Паводле інвентароў, у пачатку XVIII ст. у Глыбокім сярод рознага тыпу рамеснікаў былі таксама скамарохі і мядзведнікі. У кнізе «Литовские епархиальные ведомости» № 23 за 1869 год пра візітаванне ў грэкакаталіцкіх цэрквах у 1784 годзе напісана, што ў Глыбокім была царква Святой Тройцы, якая мела філіяльную царкву на вуліцы Дворнай (вядомая па інвентарах царква Святога Пятра). Пры царкве Святога Пятра было брацтва Святога Антонія, якое падзялася на тры аддзелы: св. Антонія (шаўцоў і гарбароў), Трох Свяціцеляў (краўцоў) і св. Мікалая — мядзведнікаў. Розныя крыніцы пацвярджаюць існаванне ў Глыбокім вялікай колькасці скамарохаў-мядзведнікаў. Майстрыха Юлія Арэхава з Глыбоцкага дому рамёстваў прысвяціла тэме глыбоцкіх дудароў-мядзведнікаў карціну ў тэхніцы саломкі.

На Глыбоччыне запісаны і адноўлены абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Упершыню абрад быў адноўлены ў 1998 годзе, намаганнямі Наталлі Нікіфаровіч і калектыву, які пазней узяў назву народны тэатр фальклору «Цярэшка». На Глыбоччыне абрад з’яўляецца папулярнай каляднай забавай і штогод ладзіцца там у перадкалядны перыяд.

З Глыбоцкага раёна выводзяцца многія беларускія пісьменнікі, мастакі і інш. вядомыя дзеячы краіны, сярод іх Вацлаў Ластоўскі, Янка Пачопка, Ігнат Буйніцкі, Адам Шульга.

У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору “Цярэшка”, праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый  першага  беларускага тэатра  І.Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч.

Памятны знак Прысвячэнне кнізе
Глыбоцкі край — радзіма многіх аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, такіх як Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран», Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба, Абрад «Насіць намётку», Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Клёцкі з душамі» і інш.

У раёне функцыянуе 49 устаноў культуры і мастацтва, з іх 26 бібліятэк, 19 устаноў клубнага тыпу, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, дзіцячая мастацкая школа імя Я. Драздовіча, гісторыка-этнаграфічны музей.

Для развіцця фізічнай культуры і спорту маецца 137 спартыўных збудаванняў, з іх: 1 стадыён з трыбунамі на 2500 пасадачных месцаў, 22 спартыўныя залы, 36 прыстасаваных памяшканняў, 2 стралковых ціра, 61 пласкасное збудаванне і іншыя.

Выдаецца раённая газета — «Веснік Глыбоччыны».

Удзела. Касцёл XVIII ст.

Рэлігія

У Глыбоцкім раёне зарэгістравана 37 рэлігійных абшчын: 19 праваслаўных, 12 каталіцкіх, 3 пратэстанцкіх, 1 стараабрадная, 1 мусульманская, 1 Сведак Іеговы. У раёне дзейнічае 36 культавых будынкаў, 14 з якіх з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, 4 храма маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.

Старшыні Глыбоцкага райвыканкама

Вядомыя асобы

Памятныя мясціны

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Глыбоцкага раёна

Літаратура

Зноскі

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. Фарміраванне тэрыторыі Глыбоцкага раёна Архівавана 11 жніўня 2020. Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
  4. Деревня Верхнее: жила, живет, будет жить! СБ. Беларусь сегодня(руск.)
  5. Фарміраванне тэрыторыі, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Глыбоцкага раёна Мой родны край — Глыбоччына
  6. «Канферэнцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу, прайшла ў Маладзечне» Архівавана 24 верасня 2015. («Рэгіянальная газета»)
  7. «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва» Архівавана 19 красавіка 2014. («Рэгіянальная газета»)
  8. http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19571

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе
Катэгорыя·Глыбоцкі раён