wd wp Пошук:

Верхнебярэзінская нізіна

Верхнебярэзінская нізіна (2001)
Верхнебярэзінская нізіна (1977)

Верхнебярэ́зінская нізіна — фізіка-геаграфічны раён у Беларусі, на поўначы Мінскай і поўдні Віцебскай абласцей.

Геаграфія

Займае частку Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і частку Барысаўскага, Вілейскага, Крупскага, Лагойскага, Смалявіцкага раёнаў Мінскай вобласці. На поўначы нізіна мяжуе з Свянцянскімі градамі, на ўсходзе — з Ушацка-Лепельскім узвышшам і Чашніцкай раўнінай, на поўдні — з Докшыцкім і Плешчаніцкім узвышшамі (якія ўваходзяць у склад Мінскага ўзвышша), на захадзе — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з поўначы на поўдзень на 100 км, з захаду на ўсход на 15—50 км, плошча 4,3 тыс. км².

Геалогія

Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на паўднёвым усходзе — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найбольш пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў.

Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял.

Рэльеф

Асноўныя рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі сожскага ледавіка і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення. На поўначы вышыня нізіны 180 м над узроўнем мора, на поўдні — 160—155 м.

У рэльефе пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазёрскага ледавіка, які з поўначы падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на поўначы), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі вышынёю да 5—7 м. На поўдні Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вялікае возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найбольш высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае нізіну з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, яна сфарміравалася пасля адступання паазёрскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу вышынёю 3—4 м.

Гідраграфія

Па нізіне цякуць: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна, Сергуч, Лукомка і Эса, пачынаецца Ушача (басейн Заходняй Дзвіны); Бярэзінскі канал. Азёры Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Окана, Домжарыцкае, на ўсходзе возера Лукомскае і Сялява.

Клімат

Сярэднія тэмператур студзеня −7,2 °C, ліпеня 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год.

Глебы і расліннасць

Распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя глебы на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Пад лесам каля 42 % тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя.

Пад ворывам 20 % тэрыторыі. У межах Верхнебярэзінскай нізіны знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Геаграфія Вілейскага раёна
Геаграфія Чашніцкага раёна
Геаграфія Глыбоцкага раёна
Геаграфія Ушацкага раёна
Геаграфія Докшыцкага раёна
Геаграфія Крупскага раёна
Геаграфія Смалявіцкага раёна
Геаграфія Лагойскага раёна
Геаграфія Барысаўскага раёна
Нізіны Беларусі
Геаграфія Лепельскага раёна