wd wp Пошук:

Пастаўскі раён

Пастаўскі раён — раён у складзе Віцебскай вобласці. Размешчаны на паўднёвым захадзе Віцебскай вобласці. Мяжуе з Глыбоцкім, Браслаўскім, Шаркаўшчынскім, Докшыцкім раёнамі Віцебскай вобласці, Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці, Астравецкім раёнам Гродзенскай вобласці, а таксама з Літвой.

Утвораны 15 студзеня 1940 ў складзе Вілейскай вобласці. 20 верасня 1944 перададзены Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 уваходзіць у Віцебскую вобласць. У сучасных межах з 1965.

Гісторыя

Пастаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — горад Паставы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Андронскі, Вярэнькаўскі, Груздаўскі, Загацкі, Курапольскі, Лотвінскі, Лучайкаўскі, Навасёлкаўскі, Нагаўкаўскі, Пастаўскі, Савіцкі, Свілельскі, Старадворскі, Юнкаўскі. 25 лістапада 1940 года да раёна далучаны Камайскі, Магунскі, Навасёлкаўскі, Оцкавіцкі, Палескі, Радуцкі, Старчунскі сельсаветы скасаванага Гадуцішскага раёна, Лынтупскі, Масляніцкі і Рынкянскі сельсаветы скасаванага Свянцянскага раёна, адначасова з Пастаўскага раёна перададзены Дунілавіцкаму раёну Лучайкаўскі і Старадворскі сельсаветы, Мядзельскаму раёну — Лотвінскі і Нагаўкаўскі сельсаветы, Навасёлкаўскі сельсавет, які знаходзіўся ў складзе Пастаўскага раёна, перайменаваны ў Навасёлкаўскі 1-шы, Навасёлкаўскі сельсавет, які знаходзіўся ў складзе Гадуцішскага раёна, — у Навасёлкаўскі 2-гі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 6 снежня 1944 года Курапольскі сельсавет перададзены Дунілавіцкаму раёну Полацкай вобласці. 9 жніўня 1946 года Курапольскі сельсавет вернуты Пастаўскаму раёну. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Вярэнькаўскі, Навасёлкаўскі 1-шы, Пастаўскі, Рынкянскі сельсаветы, 27 сакавіка 1959 года — Масляніцкі сельсавет, 2 снежня 1959 года — Андронскі, Навасёлкаўскі 2-гі, Радуцкі, Старчунскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 20 мая 1960 года скасаваны Груздаўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Варапаева, Белькаўскі, Валкалацкі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі сельсаветы Глыбоцкага раёна. 6 студзеня 1965 года Ваўкалацкі сельсавет перададзены ў склад Докшыцкага раёна. 8 снежня 1966 года Загацкі сельсавет перайменаваны ў Дварчанскі сельсавет. 14 ліпеня 1967 года скасаваны Лынтупскі сельсавет. 22 жніўня 1967 года вёска Лынтупы атрымала статус гарадскога пасёлка. 20 лістапада 1970 года Свілельскі сельсавет перайменаваны ў Ярэўскі, Ласіцкі — у Валкоўскі.

На цяперашні час у раёне 10 сельсаветаў:

Цэнтр раёна, горад Паставы, размешчаны на р. Мядзёлка, за 250 км ад Віцебска. У раён уваходзяць гарадскія пасёлкі Варапаева, Лынтупы, 507 сельскіх населеных пунктаў.

Геаграфія

Геалогія

У тэктанічных адносінах раён адносіцца да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту: паазерскага, сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў ад 70 да 150 м (у ледавіковых лагчынах), ніжэй — дэвонскія — да 70 м, ардовіцкія — да 120—140 м, верхнепратэразойскія (вендскія) — да 200—250 м адкладанняў. Пароды крышталічнага фундамента на глыбіні 350—500 м ніжэй узроўню мора.

У рэльефе сучаснай паверхні выдзяляецца некалькі ўчасткаў узгорыста-градавай марэннай раўніны (вёскі Валкі, Лучай, Палессе). Па лініі вёсак Вярэнькі, Кaмaі, Саранчаны, г. п. Лынтупы выдзяляецца буйна- і сярэднеўзгорыста-градавае марэннае ўзвышша з класічнымі камамі, озамі і азёрнымі катлавінамі. Наяўнасць трох кампанентаў Свянцянскіх град — Лынтупска-Камайскага, Мядзельска-Падсвільскага і Варапаеўскага — складае дугу канцова-марэнных і озава-камавых утварэнняў. У межах Свянцянскіх град, асабліва паблізу Паставаў і далей на ўсход, маецца шмат ледавіковых лагчын з чарадой азёр, у тым ліку Глодава, Доўжа. Шырыня такіх месцаў з дастаткова буйнымі бартамі не перавышае 1 км, даўжыня — да 20—30 км, глыбіня 10—15 м. На схілах Свянцянскіх град маюцца канавы даўжынёй да 0,2—0,3 км, а на асобных участках рачных далін адзначаны апоўзні, як, напрыклад, у даліне ракі Камайка.

Вядомы 62 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 16,2 млн т (самыя буйныя — Пурвіны, Халасенскае, Светлы Мох), 4 радовішчы пясчана-жвіровых сумесей з запасамі 4,8 млн м³ (Данеўскае, Слабадское, Сіманскае, Жданаўскае), 12 адкладанняў глін і суглінкаў — каля 22 млн м³ (Курапольскае, Альцоўскае, Кролікаўскае, Тарасаўскае, Рудакоўскае, Рэдуцкае, Цаліноўскае, Пастаўскае). 3 адкладанні пяску з запасамі 580 тыс. м³ (буйнейшае Лынтупскае), 12 адкладанняў азёрных сапрапеляў з запасамі 50 млн м³ (буйнейшыя Малыя і Вялікія Швакшты, Лучайскае, Лісіцкае, Задзеўскае).

Рэльеф

Паверхня паўночнай часткі раёна (прыкладна па лініі вёсак Ярэва, Сіўцы, Барэйкі) плоская, забалочаная ў межах Дзісненскай нізіны, паўднёвай — узгорыста-градавая, напаўзакрытая, з густой сеткай невялікіх рэк, ручайкоў, азёр у межах Свянцянскіх град, якія з’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі басейнаў Заходняй Дзвіны і Нёмана. 55 % тэрыторыі знаходзіцца на вышыні да 150 м, 23 % — 150—170 м, 21 % — 170—200 м.

Самы высокі пункт раёна — гара Маяк (240,4 м), што на адлегласці 0,2 км на ўсход ад вёскі Рынкяны Лынтупскага сельсавета. Самая нізкая адзнака — 120 м над узроўнем мора ў зліцці рэк Дзісна, Паловіца і Галбіца.

Гідраграфія

Гідралагічная сетка раёна складаецца з 86 рэк і праточных ручаёў, 115 азёр, 16 вадасховішчаў і меліярацыйных каналаў, даўжыня якіх складае 1489 км. Асноўныя крыніцы жыўлення вадаёмаў — атмасферныя ападкі, для некаторых — падземныя воды (крыніцы). Найбольшымі рэкамі Пастаўскага раёна лічацца Галбіца, Дзісна, Лучайка, Мядзелка; на паўднёвым захадзе выток ракі Страча.

Раён мае добрыя ўмовы для развіцця гідралагічнай сеткі, якая складаецца з 86 рэк і праточных ручаёў, 115 азёр, 16 вадасховішчаў і меліярацыйных каналаў, даўжыня якіх складае 1489 км. Асноўныя крыніцы жыўлення вадаёмаў — атмасферныя ападкі, для некаторых — падземныя воды (крыніцы).

Найбольшымі рэкамі Пастаўскага раёна лічацца Галбіца, Дзісна, Камайка, Лучайка, Мядзелка; на паўднёвым захадзе выток р. Страча. Усе рэкі нясуць воды ў паўночным накірунку, распрацаваўшы рэчышчы ў старажытнай ледавіковай лагчыне. Яшчэ ў XVIII ст. яны былі суднаходныя, па іх сплаўлялася драўніна, але зараз вадатокі моцна абмялелі і па іх цяжка нават праплыць на лодках.

Утварэнне большасці азёр звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых вод. Іх сучасныя катлавіны канчаткова сфарміраваліся прыкладна 9-10 тыс. год таму.

У ваколіцах Паставаў налічваецца каля трыццаці азёр. Самым вялікім возерам у ваколіцах Паставаў па плошчы паверхні з’яўляецца Доўжа. Найбольшую глыбіню мае возера Світа — 31 м.

Расліннасць

Пад лесам знаходзіцца 38 % тэрыторыі раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя. Пад балотам знаходзіцца 5 % тэрыторыі.

Ахова прыроды

На тэрыторыі раёна знаходзіцца частка Нацыянальнага парку «Нарачанскі», а таксама заказнікі рэспубліканскага значэння, заказнікі мясцовага значэння, ахоўваемыя тарфянікі[4].

Гаспадарка

Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мясамалочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу.

Перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляюць 6 прадпрыемстваў. Самае буйное па аб’ёме таварнай прадукцыі — ААТ «Пастаўскі малаказавод». КУП «Пастаўскі мясакамбінат» праводзіць першасную перапрацоўку сыравіны. РУП «Лынтупскі спіртзавод» выпускае спірт-сырэц і спірт-рэктыфікат. Перапрацоўку садавіны і гародніны ажыццяўляе УДП «Пастаўскі кансервавы завод». На мясцовыя і ўласныя рэсурсы зарыентавана работа ААТ «Пастаўскі ільнозавод», які выпускае ільновалакно. Лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена ДЛГУ «Пастаўскі лясгас», ААТ «Варапаеўскі ДАК», ААТ «Паставы — мэбля», УП «Пастаўскі мэблевы цэнтр», якія выпрацоўваюць мэблю, дзвярныя і аконныя блокі, піламатэрыялы. Радыёэлектронная прамысловасць у раёне прадстаўлена УП «Завод Беліт», якое ўваходзіць у мінскае аб’яднанне «Гарызонт». У г.п. Варапаева працуе завод жалезабетонных вырабаў, які забяспечвае будаўнічыя арганізацыі жалезабетоннымі канструкцыямі.

Транспарт

Праз раён праходзіць аўтатраса Полацк — Вільнюс, чыгункі Полацк — Вільнюс, Варапаева — Друя.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

Асноўны артыкул: Адукацыя ў Пастаўскім раёне У сістэме адукацыі раёна 57 устаноў: 12 сярэдніх, 19 базавых, 8 пачатковых школ, раённая гімназія, 16 дзіцячых дашкольных устаноў, Варапаеўская дапаможная школа-інтэрнат, дзіцячы дзяржаўны сацыяльны прытулак. Дзейнічаюць аб’яднанне пазашкольных устаноў і Цэнтр карэкцыйнага развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У агульнаадукацыйных школах арганізавана дыферэнцыраванае навучанне (6 ліцэйскіх, 25 профільных класаў і 13 груп, 44 класы і групы з паглыбленым вывучэннем прадметаў, 24 класы і групы з вывучэннем розных прадметаў на павышаным узроўні). Праводзіцца аздараўленне дзяцей. У час летніх канікул у раёне працуе 26 аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання, у якіх адпачывае каля 1100 дзяцей, тры лагеры кругласутачнага знаходжання на 75 месцаў, а таксама валанцёрскі і спартыўны лагеры.

Установа адукацыі «Пастаўскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці» рыхтуе спецыялістаў сярэдняга звяна і кадры масавых рабочых прафесій[5].

Ахова здароўя

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Пастаўская раённая цэнтральная бальніца»[6].

Рэлігія

На Пастаўшчыне жывуць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій, стараверы, засталіся рэшткі ісламу. На тэрыторыі Пастаўскага раёна размешчаны 6 праваслаўных цэркваў. У г. Паставы Свята-Мікалаеўская царква (1894), у г. п. Варапаева Свята-Васкрасенская царква, у в. Манькавічы Свята-Успенская царква (пачатак ХХ ст.), у в. Груздава Свята-Прадцечанская царква 1875 г., у в. Асінагарадок Свята-Пакроўская царква (пачатак ХХ ст.), у в. Ласіцы Свята-Пакроўская царква (пачатак ХХ ст.); 6 касцёлаў: у г. Паставы касцёл Антонія Падуанскага (1898—1904), у в. Камаі касцёл Яна Хрысціцеля (1603—1606), у в. Дунілавічы Троіцкі касцёл (1769—1773), у в. Лучай касцёл Тадэўша (1766—1778), у г. п. Лынтупы касцёл Святога Андрэя Баболі (1908—1914), адна стараверская царква ў в. Апідамы.

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. http://postavy.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Запаведнікі, заказнікі, паркі.
  5. Асвета. Пастаўскі раён
  6. Медыцына
  7. Іосіф Сушко — заслужаны артыст з Маладзечна, які прайшоў праз ГУЛАГ Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Пастаўскі раён
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Раёны, утвораныя ў 1940 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных