wd wp Пошук:

Ушацкі раён

Уша́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Шумілінскім, Бешанковіцкім, Лепельскім, Докшыцкім, Глыбоцкім і Полацкім раёнамі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Ушачы.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Ушачы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Весніцкі, Вялікадолецкі, Гарадзецкі, Жарскі, Завячэльскі, Кубліцкі, Маладолецкі, Мосарскі, Плінскі, Сарочынскі, Ушацкі, Чарапоўшчынскі. 24 верасня 1926 года з Завячэльскага сельсавета выдзелены Вацлавоўскі нацыянальны латышскі сельсавет, Ушацкі сельсавет перайменаваны ў Востраў-Сарочынскі. У 1930 годзе вёска Кублічы аднесена да катэгорыі мястэчак. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Гарбаціцкі, Глыбачанскі, Зарачанскі (Зарэцкі) і Усайскі сельсаветы скасаванага Ульскага раёна. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе Лепельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. 5 ліпеня 1938 года скасаваны Вацлавоўскі нацыянальны латышскі сельсавет. 27 верасня 1938 года мястэчка Ушачы аднесена да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў, мястэчка Кублічы — да катэгорыі паселішчаў сельскага тыпу (вёска). З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці. 9 верасня 1946 года Глыбачанскі, Зарачанскі і Усайскі сельсаветы перададзены адноўленаму Ульскаму раёну. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Завячэльскі, Маладолецкі і Чарапоўшчынскі сельсаветы, Гарадзецкі сельсавет перайменаваны ў Старынкаўскі, Востраў-Сарочынскі сельсавет — у Лутаўскі, Плінскі сельсавет — у Селішчанскі. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Глыбачанскі, Дубраўскі, Зарачанскі і Усвейскі сельсаветы скасаванага Ульскага раёна. 19 лютага 1958 года скасаваны Зарачанскі і Усвейскі сельсаветы. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Бабыніцкі і Варонецкі сельсаветы скасаванага Ветрынскага раёна. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Ушачы, Весніцкі, Вялікадолецкі, Гарбаціцкі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі, Старынкаўскі сельсаветы перададзены Лепельскаму раёну, Бабыніцкі і Варонецкі сельсаветы — Полацкаму раёну.

30 ліпеня 1966 года Ушацкі раён утвораны зноў, у склад раёна перададзены гарадскі пасёлак Ушачы, Вялікадолецкі, Гарбаціцкі, Глыбачанскі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі сельсаветы і 10 населеных пунктаў Пышнянскага сельсавета (Антунова, Ветча, Казімірова, Лагі, Малыя Дольцы, Мацюшы, Мірны, Новая Жызнь, Пуцілкавічы і Храмёнкі) Лепельскага раёна[4]. 22 красавіка 1980 года Гарбаціцкі сельсавет перайменаваны ў Вяркудскі. 20 кастрычніка 1995 года Ушацкі раён і гарадскі пасёлак Ушачы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года скасаваны Дубраўскі, Мосарскі і Селішчанскі сельсаветы, Лутаўскі сельсавет перайменаваны ва Ушацкі[5].

Прырода

Большая частка тэрыторыі раёна знаходзіцца ў межах Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Паўночна-ўсходняя частка размешчана ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоскахвалістая, на захадзе — узгорыстая. Характэрны рэзкія ваганні адносных вышынь каля шматлікіх азёрных і балотных катлавін. 50 % тэрыторыі ляжыць на вышыні 150—200 метраў. Каля вёскі Гушчынская Слабодка знаходзіцца самы высокі пункт вышынёй 238 м, найбольш нізкі — 127 м (урэз вады возера Янова).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходняй часткі Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з паазерскіх марэнных, флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых адкладаў, ніжэй утварэнні сожскага, дняпроўскага, у ледавіковых лагчынах — бярэзінскага зледзяненняў.

З карысных выкапняў ёсць пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны, сапрапель, торф. Вядомы 40 невялікіх радовішчаў торфу (найбольшае Выдрыца); 2 радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу (найбольшае Наташына); 2 радовішчы пяскоў (найбольшае Кавалеўшчынскае радовішча пяскоў); 2 радовішчы глін. Раён мае значныя запасы сапрапелю. Аб’ём азёрнага сапрапелю ў першачарговых для здабычы аб’ектах складае каля 7 тыс. кубічных метраў. Раён характарызуецца вялікай забяспечанасцю разведанымі радовішчамі ўсіх катэгорый гравійна-пясчанага матэрыялу.

Важнейшы прыродны рэсурс — зямельныя ўгоддзі. Агульная плошча складае 83,1 тыс. га, з якіх сельскагаспадарчых угоддзяў — 65,9 тыс. га (79,3 %), раллі — 32,4 тыс. га (38,9 %).

Глебы сельгасугоддзяў дзярновыя і дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя (85 %), поймавыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Глебы сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя, тарфяныя.

Ушацкі раён характарызуецца добрай забяспечанасцю воднымі рэсурсамі. Найбольшымі рэкамі з’яўляюцца Заходняя Дзвіна, яе прыток Ушача і рака Дзіва. Усяго ў раёне налічваецца 18 малых і сярэдніх рэк, у тым ліку Бельская, Выдрыца.

Па колькасці азёр Ушацкі раён займае адно з вядучых месцаў у краіне. Тут налічваецца звыш 200 азёр, вялікіх і маленькіх. Яны займаюць каля 10 % плошчы раёна. Асабліва выдзяляецца Ушацкая група азёр. Сярод іншых азёр — Вечалле, Ваўчо, Дземінец, Доўгі Дземінец, Доўжына, Плесна, Астравіта, возера Глыбач, Бярозаўскае, Адворанскае, Акунь, Арэхаўна, Ашыцік, Гародна, Глыбачка, Дубраўскае, Лешва, Лешна, Лутава, Лінка, Пліна, Полазна, Рукшанскае, Салонец, Трошча, Усвея, Глыбокае. Іншыя азёры: Сверзна, Колпіна.

Мінеральныя воды Ушаччыны былі вядомы ўжо ў XVI ст., пры дапамозе іх вылечвалі захворванні апорна-рухальнага апарату.

Лясы раёна займаюць 41 % тэрыторыі раёна. Структура лясоў раёна прадстаўлена рознымі дравеснымі пародамі: елка, сасна, асіна, бяроза, дуб, рабіна, арэшнік, вольха, крушына і інш. Хваёвыя лясы займаюць 50,6 % лясной плошчы, дамінуе сасна.

На тэрыторыі Ушацкага раёна ёсць біялагічныя мікразаказнікі мясцовага значэння — Глыбачанскі, Чарсцвяцкі, гідралагічны заказнік — Крывое.

Насельніцтва

На першае студзеня 2007 г. ва Ушацкім раёне пражывала 17800 чалавек. Па колькасці насельніцтва Ушацкі раён займае адно з апошніх месц у Віцебскай вобласці.

Дынаміка змянення колькасці насельніцтва раёна:

2005 — 19,1 тыс. чал. 2006 — 18,6 тыс. чал. 2007 — 17,8 тыс. чал. Гарадское насельніцтва раёна складае 31%.

Нацыянальны склад:

беларусы — 94,1% рускія — 4,5% украінцы — 0,7% На тэрыторыі раёна налічваецца 256 населеных пунктаў, найбуйнейшыя вёскі: Вялікія Дольцы, Кублічы, Сарочына, Селішча.

Адміністрацыйны падзел

Падзяляецца на 7 сельскіх саветаў: Вялікадолецкі, Вяркудскі, Глыбачанскі, Жарскі, Кубліцкі, Сарочынскі, Ушацкі.

Транспарт

Праз Ушацкі раён праходзяць аўтадарогі: Полацк — Ушачы — Лепель — Мінск, Полацк — Лепель — Мінск, Ушачы — Віцебск і інш. Аддаленасць г. п. Ушачы ад г. Мінска — 210 км, ад Віцебска — 150 км. Чыгункі раён не мае.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

Асноўны артыкул: Адукацыя ў Ушацкім раёне Ва Ушацкім раёне працуюць 12 сярэдніх школ, некаторыя з іх называюцца школы-дзіцячыя сады, адна з іх — школа-інтэрнат (Вяркудская). Самая значная, вялікая па колькасці вучняў — Ушацкая СШ, дзе налічваецца 1135 вучняў.

У 1998 годзе была адкрыта новая сярэдняя школа ў вёсцы Арэхаўна, якая на сённяшні дзень з’яўляецца «школай — эталонам». У Арэхаўскай СШ з першага дня яе існавання працуе добра ўкамплектаваны камп’ютэрны клас. Праводзіцца значная работа з вучнямі па ахове навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў; у школе створаны цудоўны «зялёны куток», дзе растуць рэдкія расліны; ёсць свая цяпліца, дзе вырошчваецца расада розных культур, свой школьны агарод; наладжана цесная сувязь з мясцовым лясніцтвам.[6].

Ахова здароўя

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Ушацкім раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Ушацкая цэнтральная раённая бальніца».

На тэрыторыі раёна паміж азёрамі Баркоўшчына і Доўжына знаходзіцца санаторый “Лясныя азёры.

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. http://www.belpatriot.by/?p=23552
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб утварэнні новых раёнаў Беларускай ССР ад 30 ліпеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 23 (1143).
  5. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  6. Асвета.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе
Раёны, утвораныя ў 1966 годзе
Ушацкі раён
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай