wd wp Пошук:

Глыбоцкі дом рамёстваў

Глыбоцкі Дом рамёстваў — заснаваны ў 1989 годзе, з’яўляецца найстарэйшым[1] домам рамёстваў у Віцебскай вобласці.

Гісторыя

Сёння ў Доме рамёстваў прадстаўлена 11 напрамкаў, сярод якіх разьба і роспіс па дрэве, ганчарства і лепка з гліны, вышыўка, бісерапляценне, выраб беларускай лялькі. Кожны кабінет – свайго роду музей па захаванні народнай творчасці. Неаднаразова майстры прэзентавалі свае вырабы на розных выставах, станавіліся прызёрамі, пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў.

Упершыню ідэя адраджэння традыцыйных рамёстваў выразна прагучала на Глыбоччыне ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады ж быў створаны і клуб народных майстроў «Крыніца», які ў хуткім часе атрымаў званне народнага. Творчае аб’яднанне, у склад якога ўваходзіла каля 350 мясцовых умельцаў, узначальвала Аліна Юргель.

Праз некалькі гадоў у райцэнтры адкрыўся Дом рамёстваў. Сёння майстры актыўна займаюцца навукова-даследчай працай, напрыклад, па вывучэнні старадаўняй тэхналогіі роспісу па палатне. Майстры займаюцца адраджэннем традыцыі маляваных дываноў, запачаткаваных вядомым рэгіянальным мастаком Язэпам Драздовічам. Таксама праводзіцца праца па рэканструкцыі і адраджэнні вырабу мясцовых традыцыйных строяў, рознага часу, ад глыбоцкай старажытнасці да першай паловы XX ст.

Майстры прымаюць актыўны ўдзел у афармленні ўсіх традыцыйных святаў Глыбокага і Глыбоцкага раёну: Вішнёвага фэсту, Дударскага Рэю, купалля, дажынак, мядовага спасу і інш.

Кіруе творчым калектывам народны майстар Беларусі Святлана Скавырка. У гарадскім пасёлку Падсвілле працуе філіял Дома рамёстваў. У 2010 гадзе пры Доме Рамёстваў адчыніўся салон-крама сувеніраў.

Зноскі

  1. Глыбоцкі дом рамёстваў адзначыў 30-гадовы юбілей

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Глыбокае
Катэгорыя·Адукацыя ў Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Культура Віцебскай вобласці