wd wp Пошук:

Беларускі музей у Вільні

Беларускі музей у Вільні, або Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (польск.: Muzeum Białoruskie w Wilnie, літ.: I. Luckevičiaus baltarusių muziejus) — беларуская навуковая і асветніцкая установа, дзейнічала ў 1921—1945 гадах у Вільні па адрасе вуліца Вастрабрамская, 9 (у г.зв. «Базыліянскіх мурах», побач з Беларускім навуковым таварыствам і Віленскай беларускай гімназіяй).

Калекцыя Івана Луцкевіча

Іван Луцкевіч збіраў помнікі беларускай даўніны з часу навучання ў 3 класе гімназіі, яны склаліся багатую калекцыю і былі асновай створанага ў 1921 годзе музея. Да 1908 года, калі І. Луцкевіч перавёз сваю калецыю ў рэдакцыю «Нашай Нівы», у яе складзе ўжо былі асобнікі Бібліі Францыска Скарыны, Статута Вялікага Княства Літоўскага, некалькі слуцкіх паясоў, асобнікі «Мужыцкай праўды» і іншыя каштоўныя прадметы.

Калекцыя складалася з этнаграфічнага (адзенне, тканіны, хатнія вырабы, музычныя інструменты), археалагічнага (рэчы з курганаў і іншых раскопак), мастацкага (карціны, абразы, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), нумізматычнага аддзелаў, збору зброі і рыштунку, а таксама бібліятэкі (пераважна старадрукі і рукапісы).

Дуда Ігната Буйніцкага, падораная Людаміру Міхалу Рагоўскаму, а пасля ахвяраваная ў фонд калецыі Івана Луцкевіча.

На падставе публікацыі ў польскім часопісе «Сігналы» (Sygnały nr. 75 за 1939), якая дакладна апісвала калекцыю беларускага музея, вядома, якія экспанаты змяшчала секцыя фальклору і народных інструментаў. У калекцыі музея былі дуда (так званая дуда Ігната Буйніцкага), колавая ліра (падораная рэдакцыяй «Нашай Нівы» Людаміру Міхалу Рагоўскаму ў 1910 годзе), а таксама жалейкі, рогі, і пастушыныя трубы[1]. Іх абрысы дарэчы таксама бачныя на старым фотаздымку аднаго з пакояў музея. Іх выгляд у сваім вершы апісвае між іншым паэт Міхась Машара: «Там на сьцяне дуда, цымбалы/Спакойна ціхімі вісяць;/Іх час прайшоў,/І сэрцаў сьмелых і удалых/Яны ўжо больш не весяляць»[2].

Міжваенны час (1921—1939)

Экслібрыс музея
На аснове калекцыі Івана Луцкевіча у 1921 годзе Беларускім навуковым таварыствам створаны музей, у памяць ахвярадаўца называны «Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча» (поўная назва «Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча»)[[3]](/Беларускі_музей_у_Вільні#cite_note-3). Музей размяшчаўся ў «Базыльянскіх мурах» у невялікім памяшканні[[4]](/Беларускі_музей_у_Вільні#cite_note-4) з пяці[[5]](/Беларускі_музей_у_Вільні#cite_note-5)--шасці[[6]](/Беларускі_музей_у_Вільні#cite_note-6) пакояў. Упарадкаваннем музея займаліся брат Івана — [Антон Луцкевіч](/Антон_Луцкевіч "Антон Луцкевіч"), а таксама інжынер [Лявон Дубейкаўскі](/Лявон_Дубейкаўскі "Лявон Дубейкаўскі"). Антон Луцкевіч актыўна прапагандаваў дзейнасць установы ў віленскім асяродку, у тым ліку праз змяшчэнне інфармацыі пра музей у даведніках і навуковых зборніках.[[7]](/Беларускі_музей_у_Вільні#cite_note-7)

«Галоўнай думкай Івана Луцкевіча быў збор матэрыялаў, якія зрабілі б магчымымі даследавання матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў — перш за ўсё народнай, беларускай гісторыі — з асаблівым акцэнтам на перыяд Вялікага княства літоўскага»[8] — пісаў А. Луцкевіч пра мэту стварэння музея і выбар эпохі, якую ён мусіў ілюстраваць. У 1937 годзе на пытанне анкеты пра характар збору музея А. Луцкевіч адказаў: «Рэгіянальны і нацыянальны з тэрыторыі беларускіх земляў (перадваенных), якія знаходзяцца ў межах ВКЛ»[9].

Першы, вядомы цяпер, 278-старонкавы інвентар сладзены ў 1922 годзе. Ён падзяляе экспанаты на групы «Фольклёр» (106 прадметаў), «Рысункі ручныя — у папках» (797 малюнкаў), «Зброя» (126 прадметаў), «Кафлі, цэглы і т.п.» (435 прадметаў)[10].

У 1933 годзе А. Луцкевіч былі апісаны асобныя аддзелы. Дагістарычны аддзел складаўся з каля 200 экспанатаў — прадметаў з эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў з больш за 18 паветаў, знойдзеных пры археалагічных раскопках як Іванам Луцкевічам, так і Яўстафіем Тышкевічам. Асобна вылучаны сфрагістычная калекцыя (каля 103 пячатак), калекцыя пярсцёнкаў, прадметы рэлігійнага культу (старадаўнія крыжы, складні, царкоўныя апараты (што гэта, можа арнаты?), антымінсы, іконы і абразы, касцельныя апараты (што гэта, можа арнаты?) і вопраткі, абразы беларускія, рускія і візантыйскага стылю), свецкае малярства, графіка, збор дрэварытаў. Этнаграфічны аддзел складаўся з калекцыі тканін і вопраткі, твораў народных разбяроў, музыкальных інструментаў, гліняных, фаянсавых і шкляных вырабаў. Побытавы аддзел аб’ядноўвае старадаўнія вопраткі і прыборы да іх, слуцкія паясы, шапкі. Аддзел зброі складаўся са зброі старадаўняй і навейшага часу. Быў таксама аддзел рукапісаў і друкаў (старыя і навейшага часу дакументы)[11].

Паводле анкеты, запоўненай 1 студзеня 1937 годзе А. Луцкевічам, своеасаблівай справаздачы перад міністэрствам, у музеі 4228 экспанатаў, з іх у экспазіцыі 1511, у фондах — 2711. Колькасць экспанатаў у аддзелах: этнаграфія — 86, выяўленчае мастацтва — 161, скульптура — 65, мастацкія промыслы — 154, нумізматыка — 2492, археалогія — 184, бібліятэка — 10555 тамоў[12].

Другая сусветная вайна (1939—1944)

Пасля заняцця Вільні савецкімі войскамі 19 верасня 1939 года і падпісання 10 кастрычніка 1939 года «Дамовы пра перадачу Літоўскай Рэспубліцы г. Вільні і Віленскага краю ды аб узаемадапамозе паміж СССР і Літвой», устанавілася літоўская ўлада, а сябры Навуковай рады музея (сярод якіх А. Луцкевіч, Ул. Самойла, А. Неканда-Трэпка і іншыя) былі арыштаваны. Такім чынам, ад кастрычніка 1939 г. да 15 чэрвеня 1940 года музей фактычна быў нячынны (фармальна ён не быў зачынены, але штатных супраўцоўнікаў і вызначаных гадзін працы не было). Фактычна спыніла сваё існаванне Беларускае навуковае таварыства, а музей перадалі спачатку пад ведамства Інстытута літуаністыкі, а потым Акадэміі навук Літоўскай СССР, якая была створана на базе гэтага інстытута. Паводле Т. Поклад, музей быў пераўтвораны ў дзяржаўную ўстанову тагачаснай Літоўскай ССР, а ўласнасць БНТ фактычна экспрапрыявана[13].

З кастрычніка 1940 года музей пачаў рэгулярную працу. Прэзідэнт Акадэміі Навук ЛССР Вінцас Крэве-Міцкявічус прапанаваў абсальвенту Віленскага універсітэта, этнографу магістру Мар’яну Пецюкевічу, узначаліць Віленскі беларускі музей. У штат былі прыняты таксама мастак Пётра Сергіевіч, музейнік Александровіч і бібліятэкар Янка Шутовіч, таксама ў штаце музея быў літоўскі мастацтвазнавец Уладас Дрэма.

Дырэктарам быў Янка Шутовіч, ва ўспамінах ён згадвае намаганні на пашырэнні экспазіцыі. Супрацоўнікі марылі пра стварэнне шырокай карціннай галерэі, паказ твораў выяўленчага мастацтва, скульптур, аднак, паводле В. Лабачэўскай, вельмі багаты і вялікі збор Івана Луцкевіча не быў належным чынам апрацаваны: «Гэтым можна патлумачыць тое, што на дакументах беларускага фонду, які захоўваецца ў архіве літоўскага фальклору Інстытута літоўскай літаратуры і фальклору, няма пячатак Беларускага музея і яго інвентарных нумароў. Некаторыя дакументы маюць нататкі алоўкам на літоўскай мове, частка іх згрупавана ў падборкі, падпісана і з датай 23.03.1943.»[14].

На пачатку 1944 года нямецкія акупацыйныя ўлады загадалі перавезці калекцыю з Базыльянскіх муроў на вуліцу Святой Ганны, 4. Гэтае памяшканне было апошнім месцазнаходжаннем цэлых збораў Івана Луцкевіча, перад іх раздзелам.

Музей налічваў каля 14 тысяч рукапісаў і старадрукаў, у т.л. частка пражскай Бібліі Францыка Скарыны (1517), Статут ВКЛ (1588), Навагрудскае Евангелле (XIV ст.), кітабы, старабеларускія кнігі з друкарняў Вільні, Еўя, Супрасля, Нясвіжа, Слуцка і іншыя.

Ліквідацыя ў савецкі час (1944)

Спачатку планы раздзелу калекцыі музея хаваліся прапановамі яго пераезду ў Мінск. Паводле успамінаў Янкі Шутовіча: «Прыпамінаю апошні час маёй працы ў музэі. 19 лістапада 1944 году ў беларускі музэй зьявілася ўрадавая дэлегацыя БССР з прапановай пераезду музэю ў Менск. Гаварылася, што для пэрсаналу будзе забясьпечана жыльлё і ўмовы для працы, сулілі прывабныя перспектывы працы ў Менску… Я, улічваючы адказнасьць усёй прапановы, ня мог рашаць сам. Прапанаваў склікаць на панядзелак 21 лістапада шырэйшую нараду з удзелам як найбольшага ліку прадстаўнікоў віленскага беларускага грамадзянства. Няхай яна рашыць гэтае, так важнае для лёсу беларускага музэю ў Вільні, пытаньне. Нарада не адбылася. На заўтрашні дзень, г. зн. 20 лістапада, я быў пазбаўлены магчымасьці прабываць у Вільні на даўжэйшы час…»[15]. Наступным днём Янка Шутовіч быў арыштаваны і пазней асуджаны да 15 гадоў лагераў.

Праз некалькі дзён па арышце Я. Шутовіча, СНК ЛітССР прызначаны новы дырэктар — Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР кандыдат навук К. Мякас. Паводле пратаколаў ліквідацыйнай камісіі, якая скончыла працу ў чэрвені 1945 года, экспанаты, адабраныя для вывазу ў БССР, павінны быць апісаны, сфатаграфаваны і зафіксаваны малюнкамі, інвентарызаваны (на рускай і літоўскай мовах, беларускі характар збораў не браўся пад увагу) і перавезены. Цяпер знайсці часткі былога музея цяжка, напэўна, можна думаць, што працы па фіксацыі не быў выкананы прынамсі да канца.

Таксім чынам, у канцы 1944 года музей быў ліквідаваны. Калекцыі былі падзелены супольнай камісіяй паміж ЛітССР і БССР. З боку БССР у камісіі былі асобы не звязаныя з Беларуссю, якія адбіралі толькі экспанаты на беларускай мове, а ўсё звязанае з ВКЛ, найбольш важныя экспанаты, засталіся ЛітССР або вывезены ў Маскву.

Спроба аднаўлення ў 2000-х гадах

У 2001 годзе ў Вільні намаганнямі Сяржука Вітушкі зроблена спроба аднавіць інстытуцыю, у Літоўскай Рэспубліцы зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» з дэклараванымі мэтамі даследавання старажытнай гісторыі, фіксацыі гістарычнага працэсу і прэзентацыі гістарычных ведаў у грамадстве. Паводле заявы стваральнікаў (Галіны Войцік, Сяргея Вітушкі, Сяргея Дубаўца, Таццяны Поклад, Людвікі Вітушкавай (Кардзіс)): «Сваю дзейнасьць мы разумеем як працяг віленскай музэйнай традыцыі і таму падкрэсьліваем — мы ня проста ствараем — мы адраджаем Віленскі Беларускі Музэй»[16]

У 2021 годзе гэтае грамадскае аб’яднанне атрымала памяшканне па вуліцы Віленскай, 20. Па думку заснавальнікаў, яны аднавілі сімвал багатага гістарычнага мінулага і асяродак культурнага жыцця беларусаў у Вільні, працягнуць збор нацыянальнай спадчыны і працу над яе папулярызацыяй.[17] Дырэктарка музея — Людвіка Кардзіс.

4 жніўня — 16 верасня 2021 года ў музеі адбылася яго першая выстаўка «Чаму воля гэта жанчына», на якой выстаўляліся працы беларускіх мастачак (Зоя Коўш, Жана Гладко, Святлана Пятушкова, Алеся Жыткевіч, Анон)[18] і таксама творы саміх наведнікаў імпрэзы.

Другая выстаўка (5 снежня 2021 года) была прысвечаная 115-годдзю «Нашай Нівы», заснаванай Іванам Луцкевічам, і 100-годдзю самога музея. Выстаўка «Музей Івана Луцкевіча праз аналіз дадзеных і згадкі ў прэсе» прадставіла статыстычныя даныя па дзейнасці беларускага музея ў міжваенны час, сабраныя на аснове кнігі ўліку наведнікаў і тагачаснай віленскай прэсы (куратар Паўліна Вітушчанка, візуалізацыя даных Ігар Яноўскі).[19] Разам з тым 10 снежня адбылася і навуковая міні-канферэнцыя «Віленскі музей сто гадоў таму».

За першы год публічнай працы адноўленага музея былі арганізаваныя выстаўкі жівапісу, фотаграфіі і кніжнай графікі, ладзіліся прэзентацыі кніг Уладзіміра Някляева, Вольгі Гапеевай, Юрыя Дзікавіцкага, канцэрты Змітра Бартосіка, Змітра Вайцюшкевіча, Андрэя Хадановіча, паэтычныя фестывалі, майстэрні, спектаклі, адкрыліся шматлікія гурткі, бібліятэка.[20] Быў выдадзены гід «Вільня фальклёрная».

Памяць

З 15 кастрычніка па 12 снежня 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працавала выстаўка, прымеркаваная да 100–годдзя Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча[21].

Гл. таксама

Зноскі

  1. https://polona.pl/item/sygnaly-sprawy-spoleczne-literatura-sztuka-r-6-nr-75-15-sierpnia-1939,NTczMTg2NDY/9/#item
  2. «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  3. ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 33.
  4. ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 33.
  5. ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.
  6. Wilno i ziemia wileńska: zarys monograficzny: w 3 t., Wilno: Polska Drukarnia Nakładowa «LUX» Ludwika Chomińskiego, 1930, T. 1, S. 258.
  7. Саладоўнік А. (2010). Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект. [Бакалаўрская праца] Еўрапейскі Гуманітарны Ўніверсітэт.
  8. ŁUCKIEWICZ, Anton. Muzeum Białoruskie im. Jana Łuckiewicza w Wilnie. Balticoslavica: w 2 t., Wilno: Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej, 1933, T. 1, s.
  9. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына, 1995, № 5, с. 162.
  10. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 378. Інвентарная кніга Музэю ім. Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні № 1.
  11. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 378. Інвентарная кніга Музэю ім. Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні № 1.
  12. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына, 1995, № 5, с. 162.
  13. ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.
  14. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў. (не выданы)
  15. ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 39.
  16. Віленскі Музэй. Заархіаваная версія старонкі, 06.02.2003.
  17. Сцепаненка П. Людвіка Кардзіс спрабуе адрадзіць Беларускі музей у сучаснай Вільні // Беларускае Радыё Рацыя
  18. «Чаму воля — гэта жанчына». У Вільні адкрываецца выстава, прысвечаная пратэстам у Беларусі // Наша ніва, 04.08.2021
  19. 215 на дваіх: у Вільні адзначылі адразу два дні народзінаў // Рацыя, 20.11.2021
  20. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча: беларускае адраджэнне, вайна ва Украіне і пошукі ідэнтычнасці // Будзьма, 04.04.2022
  21. Афіша выстаўкі, прысвечанай 100-годдзю Беларускага музея ў Вільні Архівавана 23 кастрычніка 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Культура Вільнюса
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Беларуская культура
Катэгорыя·Гісторыя Вільнюса
Катэгорыя·Музеі Вільнюса
Катэгорыя·1921 год у Заходняй Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·З’явіліся ў 1921 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак