wd wp Пошук:

Вацлаў Ластоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Вацлаў Ластоўскі.

Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі (27 кастрычніка (8 лістапада) 1883, засценак Калеснікаў Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці — 23 студзеня 1938, Саратаў, НКУС. Псеўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Васіль Люцьвяг[1]; Юры Верашчака; Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю.Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В…; В-…; В. Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю. В.) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі (1928).

Біяграфія

У 1902 уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904—1905 слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй, далучыўся да мясцовага беларускага руху. У 1906—1908 член БСГ.

З сакавіка 1909 у Вільні. У 1909—1914 рэдакцыйны сакратар газеты «Наша ніва». Рэдагаваў часопісы «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газету «Гоман» (1916—1917). Выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль беларускай літаратуры, у якой прынялі ўдзел Я. Купала, М. Гарэцкі, Л. Гмырак.

У час Першай сусветнай вайны заставаўся ў Вільні. У студзені 1915 разам з В. Святаполк-Мірскім, І. Луцкевічам і А. Луцкевічам падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў у прыватным выдавецтве, сам удзельнічаў у іх напісанні. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). Адзін з аўтараў «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя, 1916). У 1918—1919 член Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады БНР. Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР. У лістападзе 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Літоўскай Тарыбе, потым беларускі аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне.

3 1919 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У снежні 1919 узначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919; вызвалены ў лютым 1920; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цвікевічам і іншымі ўвайшоў у Камітэт загранічных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік 1920) у афіцыйным пасланні мірнай канферэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР. 20 кастрычніка 1920 на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўнінтвам В. Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі Камітэта замежных груп і ЦК БПС-Р (П. Бадунова, Я. Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снежні 1920 выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень 1921), якая прызнала ўрад Луцкевіча адзіным законным беларускім урадам. У 1920—1923 з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і іншыя краіны, выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі. 20 красавіка 1923 падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве.

У 1923—1927 выдаваў часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. Узначальваў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку: 1525—1925» (разам з К. Дуж-Душэўскім, А. Ружанцовым). Быў старшынёй Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. Запрошаны Інбелкультам на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін (літоўскі ўрад адмовіўся фінансаваць выданне «Крывіча» і Беларускі цэнтр у Коўне, палітычны пераварот 17 снежня 1926 у Літве) у красавіку 1927 пераехаў у БССР.

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, не маючы нават сярэдняй адукацыі. З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Рэдагаваў «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасвтечыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Пастановамі СНК БССР 20 лістапада 1929 вызвалены з пасады сакратара Беларускай АН. 21 ліпеня 1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. 6 снежня 1930 пазбаўлены звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я. Станкевіча «Дыспалаталізацыя і ў беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзела гуманітарных навук», выдадзеных Інбелкультам. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў біблітятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988; па другім — 16 верасня 1958. Адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990.

У палітыцы

У публіцыстыцы, асабліва ў нашаніўскіх артыкулах «Сплачвайце доўг» (1913), «Па свайму шляху!» (1914), выступаў супраць рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў літаратуры. Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі, непрыхільна ставіўся да марксізму.

«Для нас вельмі важна вырваць наш народ з-пад рускага гіпнозу, паказаць яму іншыя каштоўнасці і шляхі нацыянальнага жыцця, звярнуць увагу на неабходнасць больш цеснага збліжэння з нашымі прыбалтыйскімі суседзямі»[2], — пісаў ён у 1924 годзе.

У навуцы

Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Вокладка.

У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» у рубрыцы «З нашай мінуўшчыны» і ў газеце «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх склалі асобнае выданне «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918). У пачатку 1920-х гадоў працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія па сутнасці ўяўляюць сабой першую беларускую энцыклапедыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняццяў з беларускай мінуўшчыны (машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы). Даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. У 1924 годзе надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік», які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў: руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных — «Іменьнік расьцін». У слоўніку беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда» апроч народнай лексікі прапаноўваў шмат уласных лексічных вынаходак і да добрага, сапраўднага матэрыялу дадаў шмат выдуманага, і, паводле думкі Яна Станкевіча, выдуманага несістэмна. Апрацаваў разам з Тадэвушам Іваноўскім, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. У 1925 годзе апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. У 1926 годзе пабачыла свет галоўная праца Ластоўскага — манументальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя», у якой прыводзіліся цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.» Пасля пераезду ў БССР Вацлаў Ластоўскі апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX стагоддзяў.

Вацлаў Ластоўскі выставіў тэзіс ад тоеснасці крывіцкай (т. ч., Полацкай) і беларускай дзяржаўнасці, адзін з найбольшых прапагандыстаў назвы «Крывія» для Беларусі і «крывіцкая» для беларускай мовы. Перыядызацыя гісторыі Ластоўскага, нягледзячы на кампіляцыйны характар яго «Кароткай гісторыі», лічыцца ў радзе момантаў больш дасканалай[3] за пазней прапанаваную У. Ігнатоўскім і прынятую за афіцыйную аснову. Прыхільнік канцэпцыі «залатога веку». Шмат увагі ўдзяляў этнаграфіі, між іншым, лічыў племя волатаў старадаўнімі продкамі беларусаў[4].

Выступаў[5] за ўлік і асваенне ў беларускай мове не толькі сучаснага народнага, але і гістарычнага старабеларускага досведу. Таксама меркаваў, што пісанне мяккага знаку ў беларускай арфаграфіі карэніцца ў польскай арфаграфічнай практыцы[5]. Падтрымліваў праект Я. Лёсіка на акадэмічнай канферэнцыі (1926), адзначаючы, што тарашкевічава азбука фактычна русіфікуе вымаўленне беларускіх ётаваных галосных.

Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акадэмік АН Беларусі (1928).

Літаратурная творчасць

Друкаваўся з 1909 (псеўданімы Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.). Аўтар фантастычнай аповесці «Лабірынты» (Коўна, 1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923). Складаў чытанкі для дзяцей. Апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і іншых, успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг, Б. Мэон), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і іншых моў. У апавяданні «Дудар», зробленым на аснове накіду Казімежа Пшэрвы-Тэтмаера для планаванай аповесці, якая так і не была напісаная, Вацлаў Ластоўскі замяніў скрыпача на дудара. У 1923 годзе, у часопісе «Крывіч» пад псеўданімам Васіль Люцьвяг, Вацлаў Ластоўскі надрукаваў гісторыка-абычаёвы нарыс «Дуда», у якім прааналізаваў значэнне беларускай дуды для беларускай культуры і гісторыі. Менавіта ў вобразе дудара прадстаўлены таксама сам аўтар у вершы-прысвячэнні Янкі Купалы:

Аўтару «Беларускай Гісторыі» Власту

На кургане на адвечным,

Пад асінай векавой,

Сеў дудар, сагнуўшы плечы,

З пасівелай галавой[6].

Дакументы і матэрыялы з архіва В. Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Мінску, Саратаве.

Творы

Памяць

З 2003 года у Полацку ёсць Дуб Вацлава Ластоўскага[7]. У 2012 годзе ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага[8]. Памяць пра Вацлава Ластоўскага ўшаноўваецца ў межах фэсту Дударскі рэй[9].

Іншае

Вацлаў Ластоўскі быў аўтарам-складальнікам шэрага «чытанак», прызначаных для дзяцей і моладзі. Праз іх Ластоўскі ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак «гістарычныя песні», якія, на думку беларускага гісторыка Алега Ліцкевіча, былі яго ўласнымі творамі, сюды адносіцца і вядомая песня пра бітву пад Оршай («Слава Воршы ўжо не горша…»)[10].

Гісторык Аляксандр Гронскі мяркуе, што менавіта Вацлаў Ластоўскі сканструяваў «беларускасць» Кастуся Каліноўскага і паспрабаваў скласці яго біяграфію як ідэальнага беларускага героя. Таксама А. Гронскі сцвярджае, што менавіта ў В. Ластоўскага Канстанцін (або Канстанты) стаў Касцюком; пазней «Касцюк» трансфармуецца ў «Кастуся», што і замацавалася да нашых дзён[11]. Скарэктаваныя ў патрэбны для беларускага нацыяналізму бок былі і арыгінальныя тэксты Каліноўскага. Напрыклад, у арыгінальным тэксце[12]:

«Браты мае, мужыкі родныя!

Марыська, чарнаброва галубка мая»

Тэкст у Ластоўскага[13]:

«Беларусы, браты родныя!

Беларуская зямелька, галубка мая»

Сям’я

З 1904 года ў шлюбе з літоўскай пісьменніцай Марыяй Іваноўскай (1872 — 1957), ад якой меў двух дачок:

Зноскі

  1. Ластоўскі В. Аб найменьнях - “Гуды”, - “Крывічы”, - “Русь”
  2. Выбраныя творы. — Мн., 1997.
  3. Грыцкевіч…
  4. Лыч. Назвы зямлі беларускай, 1994.
  5. 1 2 БАК-1926…
  6. https://be.wikisource.org/wiki/%D0%94%D1%83%D0%B4%D0%B0%D1%80
  7. У гонар 120-годзьдзя Вацлава Ластоўскага ў Полацку зьявіцца дуб ягонага імя
  8. У Глыбокім усталявалі помнік прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму (нявызн.). Праверана 30 жніўня 2012.
  9. http://vitvesti.by/kultura/dudarsk-rei.html
  10. Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. — 2009. — № 3. — С. 92—99.
  11. Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. — 2008. — № 2. — С. 82—87.
  12. «Мужыцкая праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы»: Тексты і каментарый. — Нью-Йорк, 1980.
  13. Гронский…
  14. Знойдзеныя пашпарты старэйшай дачкі Вацлава Ластоўскага. ФОТА Архівавана 6 мая 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (35):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Перакладчыкі Беларусі
Вацлаў Ластоўскі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Грамадскія дзеячы Беларусі
Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі
Гісторыкі Беларусі
Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Памерлі ў 1938 годзе
Нарадзіліся ў Глыбоцкім раёне
Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Прэм’ер-міністры БНР
Пісьменнікі Беларусі
Нарадзіліся 8 лістапада
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Памерлі 23 студзеня
Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце
Асобы
Палітыкі Беларусі
Папулярызатары навукі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Літаратуразнаўцы Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Нарадзіліся ў 1883 годзе
Памерлі ў Саратаве
Публіцысты Беларусі
Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы