wd wp Пошук:

Кіргізы

Кіргі́зы (кірг.: кыргыздар) — народ, асноўнае насельніцтва Кыргызстана. Кампактна жывуць у Таджыкістане, Узбекістане, крайнім паўночным усходзе Афганістана і на захадзе Кітая. У выніку міграцыйных працэсаў склалася значная абшчына кіргізаў у Расіі, значна меншыя па колькасці — у Турцыі, Туркменістане, Украіне і іншых краінах. Агульная колькасць (2013 г.) - 4 527 тыс.[1]

Паходжанне і гісторыя

У другой палове 3 тысячагоддзя да н. э. - першай палове 1 тысячагоддзя н. э. аснову насельніцтва заходняй часткі Цянь-Шань складалі прадстаўнікі індаіранскіх народаў, што падцвярджаецца шматлікімі археалагічнымі знаходкамі, а таксама сучаснымі генетычнымі даследаваннямі, якія выявілі, што 63% кіргізаў маюць ДНК-спадчыну, характэрную для усходніх індаеўрапейскіх народаў[2]. З другой паловы 1 тысячагоддзя да н. э. з усходу на тэрыторыю Кыргызстана мігрыравалі цюркскія плямёны цюркітаў, вусуняў, карлукаў і інш.

Назва кіргізаў паходзіць з цюркскіх моў, і, як мяркуецца, утворана ад кораня кырк (“сорак”) або кырг (“светлы”, “паўднёвы”) і канчатка -ыз, які можа значыць прыналежнасць да цюркаў-агузаў[3]. Упершыню кіргізы ўзгадваліся кітайскім гісторыкам Сымам Цанем (каля 145 г. да н. э. - 90 г. да н. э.) як племя ва Усходняй Манголіі, падначаленае гунамі. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. енісейскія кіргізы стварылі на поўдні Сібіры магутную дзяржаву[4][5], якая ў 840 г. знішчыла дзяржаву старажытных уйгураў і падчас паходу супраць іх дасягнулі Цэнтральнай Азіі.

Да нашага часу створана некалькі навуковых гіпотэз аб паходжанні цянь-шаньскіх кіргізаў[6]:

Згодна вусным паданням і назвам некаторых кыргызскіх плямёнаў, іх продкамі былі кіпчакі[7], калмыкі або джунгары (калмак), казахі (чала-казак), манголы і інш.

У пісьмовых крыніцах кіргізы на тэрыторыі Кыргызстана фіксуюцца не раней за XVI ст. У 1685 г. яны былі заваяваны джунгарамі. Пасля разгрому джунгарскай дзяржавы ў сярэдзіне XVIII ст. маньчжурамі паўночная частка кіргізскіх плямёнаў трапіла пад уплыў імперыі Цын, а паўднёвая — у склад Какандскага ханства. Да 1831 г. какандскія ханы падпарадкавалі паўночных кіргізаў.

У 1855 - 1876 гг. Какандскае ханства было далучана да Расійскай імперыі. Захопу расійскімі войскамі Чуйскай даліны садзейнічала моцнае паўстанне мясцовых кіргізаў супраць какандцаў[8]. З пачатку XX ст. адбывалася перасяленне рускага цывільнага насельніцтва (пераважна рабочых) на тэрыторыю Кыргызстана. Расійскія імперскія ўлады ўжывалі назву “кіргізы” не толькі ў дачыненні саміх кіргізаў, але і іх суседзяў-казахаў (руск.: киргиз-кайсаки)[9], што часам выклікала пэўную блытаніну. У 1916 г. адбылося паўстанне кіргізаў супраць расійскай адміністрацыі. Яно было жорстка задушана. Частка насельніцтва была вымушана мігрыраваць ў суседнія раёны Кітая.

У 1918 - 1924 гг. тэрыторыя былой Расійскай імперыі, населеная кіргізамі, уваходзіла ў склад Туркестанскай АССР. У 1924 г. была створана Кіргізская аўтаномная вобласць у складзе РСФСР. У 1926 г. яна была пераўтворана ў Кіргізскую АССР у складзе РСФСР. У 1936 г. была абвешчана Кіргізская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў складзе СССР. 31 жніўня 1991 г. была абвешчана незалежная Кыргызская Рэспубліка.

Традыцыйная культура

Кіргіз каля юрты

Гаспадарка

Асноўным заняткам кіргізаў доўгі час заставалася качавая жывёлагадоўля. Трымалі пераважна коняў, курдзючных авечак, нізкарослых кароў, двухгорбых вярблюдаў, на Памірыякаў. Кожнае племя і род качавалі на вызначанай для іх тэрыторыі ў вертыкальным кірунку з нізкіх горных далін да высакагорных альпійскіх паш жайлоа і зваротна. Зімовыя пашы падзяляліся на набліжаныя для жытла кыгітоа і аддаленыя атор. На апошніх пасвілі большую частку жывёлы. На кыгітоа трымалі толькі кароў і неабходных коняў. Багатыя наймалі ў зімовы перыяд пастухоў звонку. Астатнія сямейныя гаспадаркі былі вымушаны аб’ядноўваць свае намаганні. Авечак і кароў трымалі на паўднёвых схілах гор, не замеценых снегам, а коняў, якія ўмелі здабываць траву з-пад гурбаў, — на паўночных. На пашу жывёлу пускалі па парадку. Першымі ішлі коні, потым каровы і толькі за імі — авечкі. Увесну статкі пераганялі ў нізкія месцы, улетку — да жайлоа, увосень — на асобныя восеньскія пашы. Даўжыня качавых шляхоў у розных раёнах была неаднолькавая, яна вагалася ад некалькіх дзясяткаў да 100—120 км, а месцамі дасягала 150— 200 км[10]. З XIX ст. класічная качавая гаспадарка пачала змяняцца адгоннай[11]. У нашы дні адгонам жывёлы ў Кыргызстане займаецца да 700 тысяч чалавек[12].

Земляробства вядома ў кіргізаў з XVII - XVIII стст.[13] У асноўным, засявалі збожжавыя культуры, за якімі назіралі на працягу цёплых сезонаў. На поўдні вырошчвалі рыс, бавоўнік, гародніну і г. д. Каля Ферганскай даліны меліся даволі складаныя ірыгацыйныя збудаванні. Доўгі час земляробства захоўвала дапаможны характар. Пасля далучэння земляў кіргізаў да Расіі царскі ўрад садзейнічаў пашырэнню аселасці, але імкнуўся захаваць састарэлыя формы землекарыстання[14]. У пачатку XX ст. у раёне Бішкека жыло ўсяго 15,1% аселых[15]. Аднак у савецкі час земляробства стала адыгрываць вызначальную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі. З’явіліся пчалярства, птушкагадоўля, вырошчванне садавіны, шаўкагадоўля.

Багатая прырода дазваляла кіргізам займацца паляваннем. У кіргізскім народным каляндары пяць месяцаў носяць назовы прамысловых жывёл. Палявалі з лоўчымі птушкамі і са стрэльбамі, ставілі жалезныя кап­каны і пасткі. На горных бараноў і казлоў арганізоўвалі калектыўныя аблавы. З дапамогай навучаных беркутаў і сабак здабывалі лісіц, ваўкоў, казуль[16]. Рыбалоўства ўзнікла позна пад уздзеяннем рускіх перасяленцаў. У нашы дні лоў рыбы мае вялікае значэнне для жыхароў возера Ісык-Куль.

Традыцыйныя рамёствы звязаны ў першую чаргу з забеспячэннем гаспадаркі і прадстаўлены апрацоўкай воўны, драўніны, металаў, шыццём вопраткі і г. д.

Жытло

Асноўным тыпам паселішча кіргізаў доўгі час быў аіл, качавы стан, які складалася з пераносных юрт уй. Кіргізскія аілы былі вялікамі, да 200 жытлаў. Чальцамі кожнага качавога паселішча звычайна былі сваякі па мужчынскай лініі. Жывёла і юрты належылі асобным сем’ям, але землі, на якіх пасвілі статкі і спыняліся качэўнікі, лічыліся абшчыннымі. Юрты заставаліся асноўным жытлом нават аселых кіргізаў амаль да сярэдзіны XX ст. Іх можна бачыць паабапал дарог у Кыргызстане і ў нашы дні.

Юрта складаецца з драўляных рашэцістых сцен керэге, якія ставяцца па колу, на яго у форме купала ставяцца драўляныя жэрдкі уук, умацаваныя зверху вобадам тундук з мацаваннямі чэгір. Вобад падпіраюць тычкамі бакан. На спецыяльную ўваходную раму вешаюць двухстворкавыя дзверы або цыноўку. Сцены накрываюцца лямцом ора кіііз і цыноўкамі, потым сцягваліся вяроўкамі чалма бао і кырчао[17].

Іншымі распаўсюджанымі тыпамі жытла былі буданы, малыя юрты алачык або кош, падстрэшкі, крытыя загоны, з канца XIX ст. — цагляныя будынкі на фундаменце і г. д.

Народная вопратка

Кіргізскія народныя строі захоўваюць прыстасаванасць да качавога ладу жыцця і верхавой язды. Яны доўгія, шырокія, з запашнымі крысамі, абцягнутыя на стане тканным поясам або скураным рамянём. Раней вопратку шылі з тонкага лямцу, ваўняных тканін. Традыцыйная жаночая вопратка – сукенкі кайнок, распашная спадніца белдэмчы, галаўны ўбор элечэк, капялюшыкі шакуло і кеп такыя, мяккія скураныя боты з лёгкай падэшвай ічыг або маас. Мужчынскае традыцыйнае адзенне ўключае штаны са скуры або замшы чалбар, кандагай, жаргак шым, лямцавы халат кементай, футра ічык, галаўны ўбор цебецей, калпак, малакай, паўботы чакой і чарык, пайчэк з недубленай скуры[18].

Кухня

Для харчавання кіргізаў-качэўнікаў былі характэрны малочныя і мясныя стравы. Мяса звычайна варылі без спецый. Конскае мяса і ў нашы дні выкарыстоўваецца пераважна як рытуальная ежа, з яго робяць каўбасу з тлушчам чучук. Старадаўняй стравай лічыцца бешбармак — вараная бараніна з булёнам і лапшой. Малако кіпяцілі або кіслілі, дадавалі да іншай ежы, рабілі сухі тварог. З прадуктаў расліннага паходжання пераважалі проса, ячмень, пшаніца. Проса, якое вырошчвалі здаўна, ішло на прыгатаванне кашы, заціркі, здробненай масы талкан. З мукі гатавалі смажаныя кавалкі цеста баарсок.

З другой паловы XIX ст. у кіргізскай кухні з’явіліся стравы, запазычаныя ў суседніх народаў — плоў, лагман, суп шарпо, пельмені манты, шашлык, розныя салаты і г. д. Развіццё земляробства і пчалярства садзейнічала абагачэнню кулінарных традыцый стравамі з садавіны і гародніны, бульбы, яек, мёду, птушынага мяса, у меншай ступені — рыбы. На поўдні Кыргызстана асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гарбузы. У нашы дні выкарыстоўваюцца разнастайныя метады прыгатавання. Нягледзячы на значныя змены, у наш час захоўваецца звычай есці сытныя мясныя стравы ўвечары.

Найбольш папулярны напой — чай, які п’юць некалькі разоў на дзень з закускамі, малаком і вяршкамі. З проса робяць напой базо, з малака — кымыз, са спецыямібал[19][20]. З алкагольных напояў найчасцей ужываецца гарэлка.

Сацыяльная арганізацыя

Да XIX ст. у кіргізаў склалася вельмі складаная сацыяльная і племянная арганізацыя. Яны падзяляліся на тры значныя групы племянных аб’яднанняў атуз уул, канурат і ічкілік[21], якія адрознівалі сябе па паходжанню. Знутры іх вылучаліся галіны плямёнаў і асобныя плямёны. Апошнія падзяляліся на роды. Кожнае аб’яднанне, галіна племені і род мелі свой сацыяльны статус, часцяком адрозніваліся месцам пражывання або заняткамі. У наш час гэты падзел мала ўздзейничае на штодзённае жыццё, аднак працягвае аказваць істотны ўплыў на палітычны і эканамічны лад[22][23][24].

Асноўнай малой сацыяльнай адзінкай была малая нуклеарная сям’я з бацькі, маці, дзяцей, часам старых бацькоў. У багатых сем’ях практыкавалася палігінія. Існавалі розныя формы сватаўства і шлюбнай дамовы, у тым ліку дамова аб шлюбе нованароджаных, выдача ўдавы замуж за малодшага брата яе памерлага мужа і жаніцьба ўдаўца на малодшай сястры памерлай жонкі, абмен сёстрамі або сваячніцамі без выплаты, але найчасцей шлюбу папярэднічала дамова, згодна якой бацькі нявесты атрымоўвалі ад жаніха выкуп. Перавагай карысталіся шлюбы з сваякамі па лініі маці, у тым ліку шлюбы дзяцей сясцёр і нават шлюбы з сястрой маці. Брат жанчыны адыгрываў значную ролю ў выхаванні дзяцей. Нявеста прыходзіла ў сям’ю мужа з пасагам[25]. Главой кіргізскай сям’і лічыцца бацька. Маёмасць у мінулым перадавалася толькі па мужчынскай лініі. У наш час закон гарантуе роўныя правы спадкаемцаў, незалежна ад полу.

Вялікую сацыяльную важнасць у асяроддзі качэўнікаў мелі пэўныя звычаі — гасціннасці, падарункаў і ўзаемадапамогі[26]. Госця гаспадар заўсёды сустракаў каля юрты, прапаноўвалі найлепшую ежу і начлег. Слава пра гасціннасць гаспадара падвышала яго статус у вачах іншых. Звычай падарункаў белек злучаў розныя катэгорыі насельніцтва. Даравалі жывёлу, паляўнічых птушак, конскую збрую, музычныя інструменты, ювелірныя вырабы і іншыя каштоўнасці. Абавязковую ўзаемадапамогу аказвалі ў першую чаргу бліжэйшыя сваякі і чальцы рода.

Фальклор

Кіргізская вусная народная творчасць уключае вялікую колькасць міфаў, легенд, казак, самы аб’ёмны ў свеце эпас «Манас», некаторыя малыя эпічныя творы. Вылучаецца прафесія казачнікаў-манасчы. Акрамя таго, у мінулым было папулярна мастацтва народных паэтаў акынаў, якія падзяляліся на імправізатараў і пісьменнікаў[27]. Яны складалі працяжныя песні. Народная музыка мае дыятанічную аснову. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — варган камуз, флейта чаор, смычковы інструмент кыяк і г. д.

Мова

Кіргізская мова адносіцца да кыпчакскай групы цюркскіх моў, з’яўляецца дзяржаўнай у Кыргызстане[28]. Падзяляецца на шэраг мясцовых дыялектаў. Да 1928 г. у Кыргызстане, а ў Кітаі і ў нашы дні — пісьмовасць на аснове арабскай графікі. У 1928 - 1940 гг. у Кыргызстане выкарыстоўвалася лацінка. Сучасная літаратурная мова на аснове кірыліцы.

Рэлігія

У сучасных кіргізаў захаваліся толькі некаторыя звычаі і вераванні, звязаныя з іх старажытнай рэлігіяйшаманізмам[29], у форме шанавання гор, рэк, астранамічных аб’ектаў, вера ў магію і духаў.

Іслам на тэрыторыі сучаснага Кыргызстана вядомы з VIII - X стст.[30] Адным з першых распаўсюджвальнікаў ісламу непасрэдна сярод саміх кіргізаў быў суфій Хаджы Ісхак (XVI ст.)[31]. У XVII - XVIII стст. пад ціскам джунгараў частка кіргізаў перасялілася ў Ферганскую даліну, дзе сталыя кантакты з мясцовымі мусульманамі садзейнічалі ўкараненню новай веры. Барацьба супраць джунгараў таксама праходзіла як змаганне з “нявернымі”. Аднак мусульманскія аўтары з іншых краін доўгі час сумняваліся ў шчырым спавяданні ісламу большасцю кіргізаў[32]. Умацаванне мусульманскіх традыцый адбылося толькі ў перыяд панавання Какандскага ханства.

Большасць сучасных вернікаў-кіргізаў з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі. Хаця дзяржава захоўвае нейтралітэт у дачыненні рэлігіі, пасля 1991 г. адбылося імклівае адраджэнне суніцкай абшчыны[33]. Канстытуцыя Кыргызстана 1993 г. прызнае мусульманскую спадчыну народа[34].

Памірскія кіргізы

Памірскія кіргізы — група кіргізаў з аддзялення ічкілік, якія насяляюць адносна ізаляваныя высакагорныя землі Усходняга Паміра з XVI - XVIII стст.[35] Генетычна яны бліжэй да сібірскіх продкаў, чым цянь-шаньскія кіргізы[36]. У 1892 г. колькасць кіргізаў на Паміры, які трапіў у склад Расійскай імперыі, — 10 тысяч чал.[37] Усталяванне савецкай улады на Паміры ў 1920-ыя гг. вымусіла частку качэўнікаў перасяліцца на поўдзень, на тэрыторыю суседняга Афганістана. У 2010 г. у Таджыкістане жыло ўсяго 60 715 кіргізаў[38]. Аднак большасць іх прадстаўляюць кіргізы поўначы гэтай краіны. У Афганістане ў наш час жыве каля 1100 кіргізаў[39].

У адрозненні ад народаў Заходняга Паміра, кіргізы займаюцца выключна жывёлагадоўляй, трымаюць якаў, авечак, радзей коняў, вярблюдаў і аслоў. Важную ролю адыгрывае паляванне. Мясцовы лад жыцця, прыстасаваны да суровых умоў пустынных горных далін, найлепей захаваўся сярод памірскіх кіргізаў Афганістана. У зімовы сезон яны будуюць зямлянкі з тоўстымі сценамі ў цёплай паўднёвай частцы даліны, улетку перамяшчаюцца разам з жывёлай на поўнач, дзе жывуць у часовых юртах. Вядуць менавы гандаль з суседзямі з Афганістана, Пакістана і Таджыкістана. Адзінкай абмену звычайна з’яўляецца авечка[40]. У другой палове XX ст. для памірскіх кіргізаў Афганістана важным з’яўляўся гандаль з савецкімі і расійскімі памежнікамі[41]. У мясцовай кухні адсутнічаюць многія стравы, характэрныя для Кыргызстана. Звычайнай ежай лічацца вараны рыс, прэсны жытні хлеб, вяршкі, цвёрды сыр курут, зрэдку мяса[42]. У таджыкскім Паміры распаўсюджаны сталыя паселішчы з дамамі, якія будуюць з каменю і гліны, дахі з-за малой колькасці ападкаў робяць плоскімі[43]. Жывёлагадоўля мае сезонны адгонны характар, пастухі жывуць як у юртах, так і часовых хацінах з каменю.

Кіргізы ў Беларусі

У 2009 г. у Беларусі жыло 95 кіргізаў[44]. 33 з іх лічылі сваёй роднай мовай кіргізскую, 7 - беларускую. Найбольш вядомым кіргізам-жыхаром Беларусі з’яўляецца Курманбек Бакіеў, зрынуты прэзідэнт Кыргызстана, які атрымаў у 2010 г. у Беларусі прытулак і грамадзянства[45].

Славутыя кіргізы

Зноскі

  1. Kyrgyz
  2. History of Kyrgyzstan Архівавана 6 снежня 2014.
  3. Этноним «кыргыз» и этнические корни кыргызов
  4. Енисейские кыргызы. Кыргызский каганат
  5. Т. Акеров: Енисейские кыргызы и Великий Кыргызский каганат (VIII-X века) Архівавана 2 ліпеня 2012.
  6. Рустам Абдуманапов, ИСТОРИОГРАФИЧЕСКИЙ ОБЗОР ПРОБЛЕМЫ ПРОИСХОЖДЕНИЯ КИРГИЗОВ Архівавана 21 снежня 2014.
  7. А.Гончаров: От рода к этносу? Кто такие киргизы Архівавана 19 мая 2015.
  8. Завершение процесса формирования киргизской народности
  9. Как казахи стали киргизами. К истории одной терминологической путаницы
  10. Сельское хозяйство киргизов в прошлом Архівавана 13 сакавіка 2014.
  11. Симаков Г. Н., Опыт типологизации скотоводческого хозяйства у киргизов Архівавана 8 лютага 2022.
  12. Карта мира. Неисправимые кочевники. Путешествие в Кыргызстан
  13. С. М. Абрамзон Киргизы и их этногенетические и историко-культурные связи
  14. А. Болпонова, Процесс оседания кыргызов в конце XIX – начале ХХ вв.
  15. Смешанное хозяйство Архівавана 4 сакавіка 2016.
  16. Охота Кыргызов. Домашние промыслы и ремесла. Охота, рыболовство, шелководство
  17. АЛЫМБАЕВА Б., Юрта киргизов в прошлом и настоящем
  18. Кыргызская национальная одежда
  19. Современная киргизская кухня. / Сост. С. Ш. Ибрагимова. - Ф., 1991. С. 3 - 5
  20. kulinar.np.by Архівавана 6 кастрычніка 2013.
  21. ethnomuseum.ru Архівавана 14 жніўня 2007.
  22. М.Оленев: Роды и кланы Средней Азии
  23. Д.Орлов: Широкие крылья киргизского народа и Проклятие Коканда(недаступная спасылка)
  24. Сыргак Аттокуров, Кыпчаки, ичкилики, саяки, сарбагыши. Кыргызстану не выбраться из трясины феодализма и племенных отношений Архівавана 6 жніўня 2016.
  25. Семья и брак киргизов Архівавана 5 сакавіка 2016.
  26. Обычаи и обряды
  27. Акынская поэзия
  28. Самарын В. І., ДА ПЫТАННЯ АБ ЗАБЕСПЯЧЭННІ РОЎНАСЦІ ДЗЯРЖАЎНЫХ МОЎ У РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
  29. Казахи и другие народности тюркской языковой группы
  30. М. Н. Абу Хасан, НАЧАЛО РАСПРОСТРАНЕНИЯ ИСЛАМА НА ТЕРРИТОРИИ КЫРГЫЗСТАНА (середина VIII-X вв.) Архівавана 5 лютага 2011.
  31. Исторические предпосылки развития ислама среди кыргызов
  32. ВЕРОВАНИЯ, ТРАДИЦИИ, ОБЫЧАИ
  33. ARNE C. SEIFERT, ESEN USUBALIEV, Kyrgyzstan: Relations Between the State and the Muslim Community
  34. Islam in Kyrgyzstan
  35. История, быт и нынешнее положение памирских кыргызов в Афганистане (Фото)
  36. Балаганская О. А. Полиморфизм Y-хромосомы у тюркоязычного населения Алтая, Саян, Тянь-шаня и Памира в контексте взаимодействия генофондов западной и восточной Евразии
  37. Памирские киргизы
  38. Ҳайати миллӣ, донистани забонҳо ва шаҳрвандии аҳолии Ҷумҳурии Тоҷикистон. Ҷилди III. - Агентии омори назди Президенти Ҷумҳурии Тоҷикистон, 2012. Архівавана 14 кастрычніка 2013. - С. 7
  39. Kyrgyz of Afghanistan
  40. ОСЕВШИЕ НА КРЫШЕ МИРА
  41. Абрамов Виктор Николаевич, Достояние истории
  42. ПАМИРСКИЕ КИРГИЗЫ АФГАНИСТАНА
  43. ОЗЕРО И ПОСЕЛОК КАРАКУЛЬ ( ВОСТОЧНЫЙ ПАМИР )
  44. belstat.gov.by
  45. Курманбек Бакіеў у Беларусі: па слядах хана Тахтамыша
Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Народы Таджыкістана
Катэгорыя·Народы Афганістана
Катэгорыя·Цюркскія народы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Народы Кыргызстана
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Народы Кітая
Катэгорыя·Народы Узбекістана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле