wd wp Пошук:

Калмыкі

Калмы́кі (саманазва хальмг) — народ мангольскага (айрацкага) паходжання, асноўная частка насельніцтва Калмыкіі.

Рассяленне

Большая частка калмыкаў пражывае на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі (183,4 тыс. чал. у 2010 г.), дзе складае асноўную частку насельніцтва Калмыкіі (57,4% у 2010 г.). Жывуць таксама ў суседніх рэгіёнах Расіі, Маскве і Сібіры, па-за межамі Расіі - у Кыргызстане (4,2 тыс. у 2009 г.), ЗША (прыблізна 2 тыс.) і Францыі (прыблізна 1 тыс.).

Этнонім

Мяркуюць, што этнонім калмыкаў паходзіць ад цюркскага слова калмак (адасобны, астатак) і першапачаткова азначаў частку заходніх манголаў-айратаў, якія не прынялі іслам. У рускіх афіцыйных дакументах ён фіксуецца XVI стагоддзем. З канца XVIII ст. ім сталі карыстацца самі калмыкі.

Гісторыя

Зыход калмыкаў у 1771 г.

Айраты, продкі сучасных калмыкаў, да XII-XIII ст. насялялі тэрыторыі паблізу возера Байкал, пазней адкачавалі ў Заходнюю Манголію і суседнія землі Алтая і Сярэдняй Азіі, дзе ў XIV-XVII стст. стварылі Джунгарскае ханства. У пачатку XVII ст. частка айратаў на чале тайшы Хо Орлюка па невядомых прычынах пакінула качэўі і рушыла на захад. У 1607 г. яны прынялі шэрць (прысягу) Васілю Шуйскаму. У 1608 г. расійскія ўлады вылучылі для іх качэўі ўздоўж рэк Іртыш, Ішым і Табол. Аднак супярэчанні з адміністрацыяй і сутыкненні з сібірскімі татарамі хутка прывялі да парушэння прысягі. Калмыкі рушылі ў бок Волгі. Канчатковы мір паміж расійскімі ўладамі і калмыкамі быў заключаны ў 1657 г., калі ўсе калмыцкія тайшы прынялі новую шэрць. Дагавор прадугледжваў “вечнае падданства і паслушэнства” рускаму цару і абавязак несці ваенную службу на карысць Расіі.

Тэрыторыі качэўяў калмыкаў не аднаразова мяняліся. У найбольш спрыяльныя перыяды XVII-XVIII стст. яны кантралявалі стэпы ад Каўказу на поўдні да Самары на поўначы, адкуль яны выціскнулі нагайцаў. У 1750-ыя гг. да расійскіх калмыкаў далучыліся новыя перасяленцы з Джунгарыі.

У 1664 г. расійскія ўлады афіцыйна прызналі Калмыцкае ханства, якое дасягнула росквіту пры хане Аюке (1642 - 1724 гг.). Калмыкі прымалі ўдзел амаль ва ўсіх войнах, якія вяла Расія ў якасці саюзнай кавалерыі ці нерэгулярных ваенных фарміраванняў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Аюка і іншыя ханы самастойна заключалі дамовы з Портай, уваходзілі ў ваенныя сутыкненні з суседнімі народамі, у тым ліку з рускімі і ўкраінцамі. У 1771 г. Кацярына II скасавала Калмыцкае ханства, што прывяло да масавага зыходу калмыкаў на чале хана Убашы на землі, падначаленыя Кітаю. Згодна паданню, у Расіі засталіся толькі калмыкі, якія качавалі на правым беразе Волгі і не здолелі далучыцца да астатніх у выніку вясновай паводкі.

У 1800 г. Павел I узнавіў Калмыцкае ханства на чале намесніка, але ў 1803 г. яно зноў было скасавана Аляксандрам I. Калмыцкія качэўі былі далучаны да Астраханскай губерніі. Калмыкі працягвалі службу ў рускай арміі. У 1812 г. прымалі ўдзел у парадзе пераможцаў у Парыжы. З друг. пал. XIX ст. частка калмыкаў спыніла качавы лад жыцця, наймалася на працу на нафтапромыслы ці займалася ловам рыбы, садаўніцтвам і агародніцтвам. У 1892 г. было адменена прыгоннае права.

Летам 1917 г. Часовы ўрад вылучыў у складзе Астраханскай губерніі Стэпавую вобласць калмыцкага народа з цэнтрам у Элісце (раней стаўка ханаў знаходзілася каля Самары). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі многія калмыкі далучыліся да белага руху і пазней пакінулі Расію. Іншыя змагаліся на баку бальшавікоў. У 1920 г. была створаная Калмыцкая аўтаномная вобласць, ператвораная ў 1935 г. у Калмыцкую Аўтаномную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (КАССР). У 1930-ых гг. у выніку калектывізацыі калмыкі былі вымушаныя пачаць весці аселы лад жыцця. Да 1937 г. былі зачынены ўсе будысцкія храмы. Праводзілася палітыка русіфікацыі. У 1943 - 1957 гг. КАССР была ліквідавана. Большасць калмыкаў падвергліся дэпартацыі ў Сярэднюю Азію, пад час якой загінула каля трэці народа. Пасля ўзнаўлення КАССР палітыка русіфікацыі працягвалася.

У 1990 г. Вярхоўны Савет КАССР прыняў дэкларацыю аб суверынетэце. У 1992 г. была абвешчана Рэспубліка Калмыкія у складзе Расійскай Федэрацыі.

Традыцыйная культура

Асноўным заняткам калмыкаў здаўна з’яўлялася качавая жывёлагадоўля, значна меней распаўсюджаны земляробства, лоў рыбы, паляванне. Гэта абумовіла шырокае ўжыванне мясной і малочнай ежы. У паўседзённым жыцці сілкаваліся мясным супам, локшынай з мясам, запечанай у яме баранінай, пяльменямі, якія запраўлялі цыбуляй. Звычайнымі таксама лічыліся тварог, кумыс, смятана, сухія вяршкі, праснакі, барцогі (смажаныя ў бараньім жыры кавалкі цеста). Галоўным пітвом лічылася джомба (падсоленая гарбата з малаком).

Традыцыйныя рамёствы: чаканка, гравіроўка, мастацкі гафт, цісненне па скуры, разьбярства па дрэве і інш.

Мужчынская вопратка: прыталены кафтан, мяккія скураныя боты. Жаночая вопратка: доўгая сукенка з камізэлькай, доўгая кашуля, штаны і боцікі. Адмысловае значэнне надавалася мужчынскім металічным наборным і жаночым вышытым паясам, якія сведчылі аб шляхетнасці ўладальніка. У святочныя дні апраналі галаўныя ўборы, упрыгожаныя чырвоным пэндзлікам. І мужчыны, і жанчылі насілі доўгія валасы з косамі, упрыгожваліся кольцамі, завушніцамі і бранзалетамі.

У мінулым калмыкі сяліліся ў кібітках, будавалі зямлянкавыя і паўзямлянкавыя жытлы. Былі распаўсюджаны сваяцкія паселішчы — хатоны, меўшыя круглую планоўку. У цэнтр зганялася жывёла, праводзіліся сямейныя і сваяцкія сходы. Сем’і былі пашыранымі і, у сваю чаргу складаліся з малых. Сем’і аб’ядноўваліся ў групы, меўшыя адзінае (не абавязкова сваяцкае) паходжанне. Усяго вылучалася 6 такіх груп (таргуты, дэрбеты, хойты і інш.). На іх аснове праводзіўся адміністрацыйны падзел на аймакі і ўлусы. Дзяўчат аддавалі замуж у суседнія хатоны, але звычайна ў межах сваёй групы. Сватаўство прадугледжвала шчодрыя падарункі сваякам нявесты, хаця выкуп, як у суседніх народаў, не меў месца. Зурхачы (астролаг) вызначаў спрыяльны дзень для вяселля. Поўны цыкл вясельнай абраднасці займаў тры дні і болей.

У вуснай народнай творчасці існавалі такія жанры, як працяглы спеў, доўгія пажаданні, выслоўі, казкі, прымаўкі. Спецыяльныя прафесійныя казачнікі-джангарчы апавядалі гісторыка-міфалагічны эпас «Джангар».

Мова

Калмыцкая мова (хальмг келн) належыць да мангольскай групы моў (Алтайская сям’я), але ў адрознненні ад сучаснай літаратурнай мовы Манголіі сфарміравалася на аснове айрацкіх дыялектаў. З XVII ст. калмыкі карысталіся джунгарскай пісьмовасцю тода бічыг, створанай будысцкім манахам Заем. У 1924 г. яна была зменена на кірыліцу. У 1930 - 1938 гг. таксама карысталіся лацінкай.

У ХХ ст. з’явілася прафесійная літаратура ( А. Амур-Санан, С. Каляеў, Д. Кугульцінаў, А. Бадмаеў і г. д.). У Калмыкіі маюцца выданні на калмыцкай мове, хаця выходзяць яны вельмі абмежаваным накладам. Гаворкавая калмыцкая мова хутка губляецца. ЮНЕСКА ўнесла калмыцкую мову ў спіс моў, што знаходзяцца пад пагрозай страты.

Рэлігія

Найбольш распаўсюджаная рэлігіябудызм у форме ламаізму (ваджраяны). Пасля перасялення ў Расію калмыкі працягвалі захоўваць сувязь з Тыбетам. У XVII ст. іх двойчы ад імя далай-ламы наведваў Зая. Аднак будысцкія кляштары-хурулы знаходзіліся ў залежнасці ад свецкіх улад ці пэўных сем’яў і родаў. У Калмыкіі не мелася філасофскіх школ, амаль адсутнічала спецыяльная рэлігійная адукацыя. У 1930-ыя - сяр. 1980-ых гг. усе хурулы былі зачынены. У наш час дзейнічае 27 хурулаў, створана адзіная іерархія на чале вярхоўнага Шаджын-ламы. З 1991 г. Калмыкію некалькі разоў наведваў Далай-лама XIV.

Знакамітыя калмыкі

Літаратура

Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994

Гл. таксама

Знешнія спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Расіі
Катэгорыя·Мангольскія народы
Катэгорыя·Народы Еўропы