wd wp Пошук:

Францішак Багушэвіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багушэвіч.

Франці́шак Бенедыкт Казімі́равіч Багушэ́віч (21 сакавіка 1840, фальварак Свіраны, Віленская губерня — 28 красавіка 1900, вёска Кушляны, Віленская губерня) — беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Ф. Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасвядомасць беларусаў, яго ідэйная спадчына з’явілася фундаментам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст.

Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Сям’я

Дом-музей у Кушлянах

Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Свіраны, каля Вільні (сучасная Літва) у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі (у дзявоцтве — Галаўня) Багушэвічаў. Доўгі час лічылася, што двор гэты арандаваўся бацькам паэта. Але Свіраны належалі Галаўням, з роду якіх паходзіла маці, Канстанцыя. Яна і паехала да сваіх бацькоў-дзядоў нараджаць ім чарговага ўнука (першым быў сын Уладзіслаў-Антон, старэйшы за Францішка на чатыры гады)[1].

У перыяд паміж 1841 і 1846 гг. сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які належаў Багушэвічам з сярэдзіны XVIII ст. Паводле купчай, запісанай у актавыя гродскія кнігі Ашмян 13 сакавіка 1749 г., продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых «набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны» з сялянамі ад Кунцэвічаў.

Перш чым прапісацца на Ашмяншчыне, род Багушэвічаў на пачатку XVIII ст. абжываўся ў Полацкім ваяводстве. Паводле архіўных матэрыялаў, 7 чэрвеня 1729 г. Міхал Савіцкі падпісаў дарчую, згодна з якой маёнтак Шкірлава або Бароўшчына з вёскамі Хвашчаны і Мышкавічы (разам з сялянамі) у Полацкім ваяводстве падараваў швагру свайму Юрыю Аўгусцінаву Багушэвічу і яго сыну Казіміру, а іншых яго сыноў Антона і Франца Багушэвіча «грашыма адарыў».

Продкі Ф. Багушэвіча перабіваліся не толькі з зямельнага арандатарства, але служылі і ў войску (прадзед Казімір у 1783 г. атрымаў чын ротмістра Ашмянскага павета, Аляксандр стаў ротмістрам Літоўскай кавалерыі). Бацька ж паэта жыў выключна з зямлі і паводле «ўводнага акта» ад 1 ліпеня 1837 г. стаў валодаць маёнткам Кушляны з 34 сялянскімі душамі.

Сваякі паэта яшчэ ў канцы XVIII ст. (па рэвізіі 1795) былі запісаны шляхтай Віленскай губерні, а ў 1830 і 1845 іх шляхецкія прывілеі пацвердзіў сенат геральдыі. Уладзіслаў-Антон (1835 г. нар.), Франц-Бенядзікт (1840 г. нар.), Валяр’ян-Язэп (1841 г. нар.) і Апалінар (1846 г. нар.), сыны Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў былі запісаны ў першую кнігу мясцовай геральдыі[2].

Біяграфія

Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага.

Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі[3], якую скончыў 26 ліпеня 1861 года. Пасябраваўся з Цітусам Далеўскім, Юллянам Чарноўскім, Вінцэнтам Віткоўскім, Канстанты Далеўскім, Зыгмунтам Мінейка, якія сталі пазней актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1863—1864 г і аказалі ўплыў на станаўленне светапогляду Багушэвіча. Падчас навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры края, усталяваў сувязі з музеем старажытнасцей у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 г. некалькі прадметаў краязнаўча-археалагічнага характару[4].

У тым жа годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт[3], аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях[3][5].

Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі[6], Лідскага павета (цяпер — Воранаўскі раён) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Звяровічам. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».

Актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах[3]. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам.

Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў ва Украіну. 7 мая 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі(руск.) бел.[3]. Яго прашэнне аб вызваленні ад аплаты за навучанне не была задаволена «з прычыны адсутнасці вакансій». Нежын быў абраны Багушэвічам невыпадкова: пад час яго вучобы тут працаваў старшым лектарам сваяк па маці Аляксандр Галаўня. Новаспечаны ліцэіст імкнуўся зарабляць на жыццё рэпетытарствам.

Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г. А 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет (цяпер Сумская вобласць) судовым следчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) зноў быў у Чарнігаве[3], але не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі ён быў прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Праз год ён вяртаецца на Украіну, каб сем месяцаў папрацаваць старшым следчым Барзнянскага павета і перайсці на службу ў Канатоп[3].

У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 годзе ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць са службы — фактычна, пайсці ў адстаўку. Кавалер ордэна Св. Станіслава 3-й ступені, калежскі саветнік, падарваў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка Ф. Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці — Вільню[3]. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкай, з якой узяў шлюб у 1874 г., меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма[7].

Магіла паэта.

Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj(руск.) бел.» («Край») па-польску. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.

Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. 20 мая 1898 Ф. Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе наспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам, каб аддацца творчай працы[8].

Пасля звальнення жыў у в. Кушляны (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна.

Творчасць

Аўтограф верша Багушэвіча «Маліся, бабулька, да Бога»
«Дудка беларуская»

Вытокі творчасці Ф. Багушэвіча ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі.[9]

Першымі вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча лічаць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта?» («Nowy rok 1886», «Widmo nadziei», «Kto to?»), напісаныя ў 1885—1886 г. Верш «Nowy rok 1886» — узор альбомнай лірыкі сярэдняга гатунку; верш «Kto to?» уяўляе сабой палітычную сатыру на аднаго з тагачасных дзяржаўных мужоў — магчыма Бісмарка. І толькі «Widmo nadziei» вылучаецца сваім настроем і ўзлётам духу, як філасофская спроба асэнсаваць высокія паняцці чалавечага быцця. У архіве Я. Карловіча захаваўся аўтограф байкі Ф. Багушэвіча на беларускай мове «Воўк, ягня, авечка» (па зместу, 1886). Відаць, польскамоўныя спробы паэта не на шмат апярэджвалі беларускамоўныя[10].

Першае вядомае публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 г. на старонках польскага часопіса «Край» («Kraj»), што выдаваўся ў Пецярбургу. Віленскі карэспандэнт пісаў пра эканамічны крызіс, гаспадарчае жыццё і судовую практыку ў Паўночна-Заходніх губернях. За сем гадоў (1885—1891) «Край» змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псеўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэння прозвішча), Ten, Tamten, Demos і інш. Яго віленскія допісы саркастычныя і балюча-праўдзівыя, статыстычна-інфармацыйныя і ярка публіцыстычныя. Праз іх выкоўвалася, сталела, удасканальвалася майстэрства Багушэвіча-публіцыста. Выступленні Ф. Багушэвіча на старонках «Краю» ў канцы 1880-х гг. спыніліся і амаль канчаткова перарваліся. Разрыў супрацоўніцтва трэба разумець як нежаданне пісьменніка падтрымліваць згодніцкую палітыку, да якой схіляліся польскія ліберальныя дзеячы.[11]

Увосень 1891 г. у Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок, хоць яшчэ ў лісце ад 23 жніўня (4 верасня) 1891 г. да Яна Карловіча Багушэвіч называў свой зборнік не як «Дудка беларуская», а «Жалейка»[12]. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).

Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дагэтуль нявысветлены. У некаторых некралогах па аўтару згадвалася, што кніжка паспела выйсці ў свет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выдання дагэтуль не выяўлена. Польскі літаратар Люцыян Узембла ў адным са сваіх артыкулаў напісаў нават пра змест «Скрыпачкі»: «Складаюць яе выдатныя творы, напісаныя таленавіта: маналогі байка, сялянская элегія, з’едлівая аповесць»[13].

У 1906 г. выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» паведамляла на старонках «Нашай Нівы», што ў хуткім часе збіраецца выдаць «Скрыпачку», але ўрэшце, гэта так і не было зроблена. Пра тое, што рукапіс «Скрыпачкі» меў прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, захавалася нямала сведчанняў, найбольш аўтарытэтнае сярод якіх — сведчанне яго асабістага знаёмага прафесара Міхаіла Піятуховіча. Пасля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гг. з Мінска ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы. Ва ўсялякім выпадку, у Беларускую акадэмію навук рукапіс не быў перададзены разам з яго бібліятэкай.[14].

Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», які за год да смерці паэта быў здадзены ў Віленскую губернскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка[15].

Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком сялянства. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстання беларускай народнай песні і насычэння яе сацыяльным і філасофскім зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй».[13].

Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналог («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зместам і формай звязаны з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасоблена расслаенне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам.[13].

У творчасці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэння. Палітычнае і грамадскае крэда паэта найбольш выразна выказана ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзены погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас святую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існавання нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб не ўмерлі». У прадмове акрэслены вехі гісторыі края з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).[16]

Светапогляд і ідэйныя перакананні адлюстроўвалі наспелыя патрэбы нацыянальнага адраджэння і развіцця народаў, пазбаўленых сваіх суверэнных правоў на самастойнае грамадскае і духоўна-культурнае існаванне, адбудову сваёй дзяржавы. У публіцыстычных прадмовах (напр., да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Ф. Багушэвіч выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Ф. Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці А. Гурыновіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі.

Мова Багушэвіча

Верш «Немец» са зборніка Францішка Багушэвіча. Беларуская лацінка
Фотаздымак Багушэвіча 1889 г.

Багушэвіч пісаў і друкаваў свае творы лацінкай[17]. Зараз яны выдаюцца кірыліцаю, таму сучасны чытач не можа ўявіць усіх асаблівасцей Багушэвічавага пісьма, спосабы перадачы паэтам беларускай фанетыкі лацінкай. Так, зваротная часціца -цца перадаецца як -tca — zdajetca, razlijetca, śmiajetca (у рукапісах паэта часціца гэта паслядоўна пішацца -cca, але пры наборы «Дудкі беларускай» яе не стала). мяккае беларускае в (вясёлы, весела, вяселле) у Багушэвіча цвёрдае — wasoły, wasoła, wasele. На радзіме Багушэвіча, у Кушлянах, прынамсі так і гавораць. З яго родных гаворак і форма miłości (мілосьці), radości (радосьці); дыялектныя канчаткі ў давальным і месным склонах у назоўнікаў першага скланення: awieczca, na dudca, pry darożce, u chatce, pa reczca. У друкаваных лацінкаю творах амаль не перадаецца падаўжэнне зычных: hranie, powitanie, zboże (выключэнне — plamienniach, zdarennie). Пад уплывам польскай мовы альбо дыялектаў Багушэвіч піша: afiara — сучаснае ахвяра, afiarujuczy (ахвяруючы), fala (хваля); часам не перадае дзеканне: dwie, dmie («Хрэсьбіны Мацюка»), razadmie, ledwie («Сватаны»); непаслядоўна ўжывае прыстаўное w: u wastrozie, nawuki — nauki, wajczym-ajczym («Дурны мужык, як варона»). Больш-менш паслядоўна перадае Багушэвіч мяккасць зычных перад наступным зычным: aśminki (асьмінкі), imość (імасць), gości (госьці), адмоўе не як ня: niaznaisz, niawiedaisz. Лацінская графіка дазваляла Багушэвічу перадаваць выбухное г: szmygnuŭ.

Мова пісьменніка ўвабрала ў сябе важныя стыхіі ўсяго нацыянальнага, пачынаючы ад гукавога афармлення лексічных адзінак і канчаючы структурай фразы. Найбольш значная рыса Багушэвіча-мастака — пранікненне ў глыбіні слова, раскрыццё яго гістарычна абумоўленых сэнсавых і гістарычных адценняў, дзякуючы якім яно становіцца першаэлементам літаратуры, ёмістай характаралагічнай дэталлю пры абмалёўцы пэўных з’яў рэчаіснасці, прадметаў, а таксама пры стварэнні вобразаў.

Галоўны герой у літаратурнай спадчыне пісьменніка — селянін, таму аўтар «надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову апавядальніка селяніна, дасягаючы пры гэтым глыбокага адзінства формы і зместу» [18]. Мастак цалкам прытрымліваецца народнай эстэтыкі слова, імкнецца да максімальнай сэнсавай самастойнасці кожнай моўнай адзінкі. Вось, напрыклад, некаторыя дзеясловы: Каб жыта ўдалося («Мая дудка»); Па судах агалеў («Як праўды шукаюць»); Унадзіўся надта ён [ураднік] лазіць па хатах («У судзе»). Трапнасць выдзеленых слоў абумоўлена глыбокім веданнем жыцця, назіральнасцю і вопытам пісьменніка.

На народную словатворчасць зарыентаваны ў мове Багушэвіча афіксальныя і бязафіксныя ўтварэнні. Ён ужывае чыста фальклорныя, народна-паэтычныя формы слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: Хмаркі цёмныя, мае братанькі // Вецер гоне вас без дарожанькі, // І нідзе ж для вас няма хатанькі..// адпачнеце аж у Божанькі («Хмаркі»). Словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі сустракаюцца і ў празаічных творах (у апавяданні «Трылялёначка» — паненачка, сіротачка, кузынка, кузінятачка, дзіцятка, цяньклявенкая, драбнюсенькая і інш.).

Лёгка і натуральна ўпісваюцца ў агульную моўную палітру твораў Багушэвіча дзеяслоўныя ўтварэнні тыпу: закасіўся, заараўся: Да навукі ён не браўся // Закасіўся, заараўся («Дурны мужык, як варона»); Пераеўся хлеб да крышкі («Кепска будзе»). Хораша служаць майстру слова гукапераймальныя дзеясловы-выклічнікі, якія абазначаюць імгненнае аднаразовае дзеянне: Калі дзверы «скрыпель». а я «шусць» праз людзей, // Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы барздзей («У судзе»); Аж пан хап за рукі, трэсь мяне па твары («Скацінная апека»). Імкнучыся максімальна прыблізіць мову сваіх твораў да мовы селяніна, Багушэвіч шырока выкарыстоўвае прастамоўную лексіку з грубаватай эмацыянальнай афарбоўкай: А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў («У судзе»); Морду круце набок і за кудлы трасе («Быў у чысцы»). падобныя лексічныя адзінкі былі патрэбныя аўтару, як архітэктурная дэталь у збудаванні, — гэта ўзоры народнай словатворчасці, заснаваныя на канкрэтна-пачуццёвым, а не паняційным успрыманні рэчаіснасці, таму і абагульненні ў такой мове мастацка-вобразныя, а не абстрактна-паняційныя.

Усё самае выразнае і лепшае ўвабраў пісьменнік з народных моўных глыбінь, з фальклору. Гэта традыцыйна-народныя эпітэты: Той куртаты зашчыт, як кадзіла, памог («У судзе»); А кума ж была праворна («Кепска будзе»); разгалінаваная сістэма метафар: Бедна ж мая хатка расселася з краю («Мая хата»); [Гора] улезла ў хату («Гора»); каб умеў кіраваць я пяром («Не цурайся»); метанімія і сінекдаха: Тут кажух. і шынель, і бурнос, лапсардак, // І сурдут, і мундзір… («У судзе»).

Ф. Багушэвіч часта карыстаўся параўнаннем. Амаль у кожны верш ці апавяданне ён увёў трапныя і арыгінальныя параўнанні. Сярод іх, як і ў фальклоры, пераважаюць г. зв. лакальныя адзінкі, пабудаваныя на супастаўленні са з’явамі і прадметамі навакольнага жыцця: Каб скакалі горы…// Як паны на балі («Мая дудка»); Скрабуць шкуру нажом, як на боты тавар («Быў у чысцы»). Большасцю параўнанняў мастак падкрэсліваў сутнасць сацыяльнай вобразнай псіхалогіі. Паэт спачувае селяніну, які маркотны, як магіла («Кепска будзе»); цянюсенькі, як той кнот («Бог не роўна дзеле»); паважае чалавека працы, што пры спрыяльных умовах гэтак жа, як і пан, кніжку б счыркаў, як папар («не цурайся»). Гнеўную, сатырычную накіраванасць маюць аўтарскія параўнанні пры абмалёўцы пана, у якога рукі, як падушкі, // Як кісель дрыжыць жывот («Бог не роўна дзеле»), кашуля…// як той снег, як папер («Не цурайся»). Багушэвіч выкарыстоўвае менавіта такія параўнальныя звароты, якія ў цесным узаемадзеянні з іншымі моўнымі сродкамі набываюць дадатковыя сэнсавыя адценні.

Шырока прадстаўлены ў творах Ф. Багушэвіча фразеалагізмы, якія надаюць мове сакавітасць, нацыянальную самабытнасць[крыніца?]. Пераважаюць агульнавядомыя ўстойлівыя словазлучэнні з ярка выражаным прастамоўным адценнем: У сведкі ўлезці, ні села — ні пала («Як праўды шукаюць»); Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы («Балада»). Часам у творы арганічна ўключаюцца прыказкі і прымаўкі, утвараючы адпаведны стылявы каларыт: Смачны жабе гарэх, бо зубоў Бог не даў («У судзе»). Глыбока авалодаўшы фразеалагічнымі скарбамі роднай мовы, паэт не толькі выкарыстаў гатовае, але і сам стварыў афарыстычныя выслоўі: І авечка, хоць дурная, // А воўка ж пазнае! («Воўк і авечка»); Не надта ж свабодна ў гэтай свабодзе («Быў у чысцы»).

Багацце мовы Багушэвіча ярка праяўляецца ў сінаніміцы, ён выкарыстоўвае цэлую сістэму найменняў прадметаў і з’яў. Слова селянін мае эквіваленты — мужык, наш брат, гаспадар, браце мой, братцы, бядота, дзеці Зямлі-маткі. Надзвычай багатая ў пісьменніка дзеяслоўная сінанімія. Два і больш блізкія па значэнні словы, а таксама словазлучэнні пісьменнік часта размяшчае адно за адным (градацыя) ці праз некалькі лексічных адзінак, каб узмацніць сэнсавае ці эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне: Іх, закіпеў той князь, аж зароў, // Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў*… («Хрэсьбіны Мацюка»);* Каб душа балела, гледзячы на долю*, //* Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? («Праўда»).

Паўтор слоў, словазлучэнняў і сказаў — адзін з эфектыўных сінтаксічных прыёмаў у мове мастацкіх твораў. У Багушэвіча ён сустракаецца неаднаразова: Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў («У судзе»); А ўсе піша, піша, піша // І нагой усё калыша, // Пісаў, пісаў, даў другому («Кепска будзе») і інш. Пісьменнік выкарыстоўваў традыцыйна-фальклорныя прыёмы двух- або трохразовага паўтору для ўзмацнення экспрэсіі выказвання, падкрэслівання лейтматыву якой-небудзь думкі ці ідэі. У некаторых вершах ён цалкам арыентаваўся на фальклорныя ўзоры (напрыклад, «Песні» са зборніка «Смык беларускі»). Тут спецыфічныя для фальклору рытарычныя фігуры, словазлучальныя структуры, вонкавыя афармленні, жывыя размоўныя інтанацыі — найважнейшыя элементы эстэтыкі пісьменніка.

Ф. Багушэвіч жыў і пісаў у той час, калі яшчэ не былі выпрацаваны адзіныя агульнанацыянальныя моўныя нормы. У яго творах, як і ў творах іншых пісьменнікаў 2-й паловы ХІХ ст., яскрава адлюстраваліся агульныя заканамернасці развіцця беларускай літаратурнай мовы. Побач з агульнаўжывальнай лексікай сустракаюцца тэрытарыяльна абмежаваныя словы: наўда (карысць), ройсты (кусты на балоце), ляк (страх), цёнгле (заўсёды), гілёс (балота) і іншыя. Сустракаюцца таксама непаслядоўныя напісанні, нематываваныя запазычанні, адхіленні ад агульнапашыраных фанетычных і марфалагічных з’яў.[19]. Тым не менш, трэба прызнаць, што творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Ацэнкі дзейнасці

Адам Гурыновіч

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею,
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзе у калейку
I будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст. Павел Церашковіч лічыць, што Багушэвіч сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ці не ў самай радыкальнай форме. Прадмову да «Дудкі» можна лічыць тыповым нацыянальным маніфестам.[20]

На думку беларускага гісторыка Алеся Смаленчука літаратурная дзейнасць Багушэвіча моцна паўплывала на афармленне беларускай культурнай традыцыі. Яго з поўным правам можна назваць адным з тых «філалагічных падбухторшчыкаў», ролю якіх у нацыянальных працэсах вельмі ацэньваў Бенедыкт Андэрсан.[21]

Вядомы беларускі дзеяч ксёндз Адам Станкевіч напісаў наступнае:

Ф. Багушэвіч памёр, як ведаем, у 1900 г. Год гэты сапраўды сымбалічны. Год гэты — гэта рубеж, мяжа, ад якой пачынаецца новы XX век — новы ў рахунку часу і новы ў жыцці беларускага народу. Ф. Багушэвіч, адходзячы на той свет, пакінуў свайму народу тэстамант ягонага адраджэньня.

Ф. Багушэвіч падабраў жывыя расткі беларускага жыцця з XIX ст., агледзеў іх: прышчапіў на цалком новы, сведама нацыянальны і адраджэнскі грунт. Даканаў ён гэтага ў сваей несьмяротнай «Беларускай дудцы» і «Беларускім смыку».

Ф. Багушэвіч, у працівенстве да сваіх многіх папярэднікаў, ужо ад народу не аддзяляецца сваей клясавасьцяй-шляхоцкасьцяй, а чуецца з народам нечым адным, цалком супольным і неразьдзельньм. Для яго мова беларуская — гэтаўжо ня мова «kmiotków» але мова беларуская такая, «як і кожная іншая», мова самастойная, а да народу ён ня кажа ўжо «вы і ваша мова», але «мы і мова наша». Словам, Ф. Багушэвіч ужо цалком зьліваецца з народам, ад імя яго гаворыць, ды больш таго — ён у творах сваіх сам народ гаварыць аб сабе змушае. У творах Багушэвіча мы ўжо спатыкаем думкі аб ідэале поўнага беларускага адраджэньня, як палітычна-грамадзкага, так і культурна-нацыянальнага. І калі аб гэтых ідэалах не напісана там выразна, дык думкі аўтара, лягічна іх развіваючы і ў іх унікаючы, на гэта паказваюць цалком ясна. У аснову гэтага беларускага адраджэнскага ідэалу Багушэвіч кладзе прадусім адраджэньне нацыянальна-культурнае «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», — кажа ён.

Кліч гэты беларускага Патрыярха быў пачуты шырока. «Дудка» і «Смык», выдаваныя дзеля цэнзурных прычын ня ў краю, а за граніцай, шырока расходзіліся па шэрых беларускіх вёсках, будзячы і ўсведамляючы цёмных сыноў іх да сведама нацыянальнага жыцця. «Дудка» і «Смык» — гэта былі бадай адзіныя беларускія кніжкі, якія служылі. абуджэньню ў народзе яго нацыянальнай сведамасьці ў першьм дзясятку XX ст. Уся, бадай без выняткаў, беларуская інтэлігенцыя ў гэтым часе нацыянальна ўсведамлялася дзякуючы Багушэвічавай «Дудцы» і «Смыку». І сяньняшнія многія старыя дзеячы на ніве беларускага адраджэньня сведамасьць сваю вядуць пераважна ад тых жа Багушэвічавых кніжак.[22]

Цікавыя факты

Сябар Багушэвіча Зыгмунт Нагродскі, які меў краму сельскагаспадарчых прылад у Вільні, надзяляў «Дудкай беларускай» сваіх пакупнікоў-сялян[13].

Будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі (зямляк Нагродскага) у маладосці асабіста кіраваў кантрабандай «Дудкі беларускай» з Кракава на Беларусь[23].

Беларускі дзеяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі ў часе адбудовы аднаго з касцёлаў на Магілёўшчыне пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю для архітэктара стала «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам са сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць[24].

Цалкам напамяць ведаў «Дудку беларускую» Алесь Гарун[25].

З лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 года, калі з’яўляецца першае выданне «Дудкі беларускай», штогод з’яўляюцца кнігі на беларускай мове[26].

Францішак Багушэвіч, акрамя стварэння літаратурных твораў, займаўся і лексікаграфічнай працай. Па даручэнні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх слоў[27].

Польскі даследчык Рышард Радзік адзначае, што ў кніжцы твораў Багушэвіча, якая налічвае больш за 200 старонак, польскамоўныя тэксты складаюць больш чым палову аб’ёму[28]. Але ўсяго ў паэтычнай спадчыне Багушэвіча 48 вершаваных твораў, з якіх толькі 14 на польскай мове[29]. Прычым прыжыццёва выдадзеныя зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», якія зрабілі славу Багушэвіча менавіта як беларускамоўнага паэта, склалі вершы выключна на беларускай мове. З той прычыны многія сучаснікі (напрыклад, Максім Гарэцкі) і адзначалі, што пісаў Багушэвіч «толькі па-беларуску»[29].

Сярэдняе і заможнае каталіцкае дваранства паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі вызначала сябе і як «літоўцы» (ці па-польску «літвіны»), і як «палякі»[30]. Тэрмін «палякі» быў для іх палітонімам і звязваўся з ідэяй адраджэння «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай[30]. Францішак Аскерка ўспамінаў, што паўплывала на паэта заняцца творчасцю на беларускай мове: «Багушэвіч, мой блізкі сусед і добры знаёмы (…) — паўстанец 1863 года, гарачы патрыёт паляк, які ў асабістых са мной даволі частых размовах сказаў, што адзінай прычынай, якая падштурнула яго і яго папярэднікаў пісаць на гэтым нарэччы, быў страх перад магчымай русіфікацыяй мясцовага сялянства»[31]. Самавызначэнне «беларусы» было непапулярным сярод многіх карэнных каталіцкіх дваран, што азначала б факт абрусення, бо ў Расійскай імперыі «беларусы» (галоўным чынам, сялянскае праваслаўнае насельніцтва края) паводле афіцыйнай расійскай ідэалогіі і навукі лічыліся за складовую частку «рускага народа», адзінага ў трох галінах («вялікарусах», «беларусах» і «маларусах»)[32][33]. Па той прычыне сын Францішка Багушэвіча не пагадзіўся са сваім бацькам вызначаць сябе як «беларус», вызначаў сябе толькі як «паляк», стаў «польскім шавіністам» (г. зн. прыхільнікам ідэй Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі) і адмовіўся аддаць зацікаўленым асобам архіў бацькі[34].

Спадчына

Паштоўка часоў БНР з цытатай Францішка Багушэвіча

Пры жыцці творы Францішка Багушэвіча ў царскай Расіі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905—07, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У Савецкай Беларусі ўпершыню выдадзены ў 1922 («Дудка беларуская»). Аднак у канцы 1920-х—30-я г. ў БССР творчасць Ф. Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 яго кнігі не друкаваліся. 3 чэрвеня 1937 г. Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім віленскія, ковенскія і нават БССР-аўскія выданні твораў Ф. Багушэвіча павінны былі спальвацца[35]

У Заходняй Беларусі імя паэта было сцягам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, выходзілі яго кнігі, навуковыя працы пра творчасць паэта. Творы Францішка Багушэвіча ў Заходняй Беларусі перавыдаваліся пяць разоў, пры гэтым «Дудка» перавыдавалася чатыры разы (1921, 1927 і два выданні ў 1930 г.) — большай папулярнасцю карысталіся толькі творы Якуба Коласа[36]. «Смык» і «Дудка» былі выдадзены ў міжваеннай Літве ў Коўне ў 1922 г. Міністэрствам беларускіх спраў у Літве[37]. У Вялікую Айчынную вайну вершы Ф. Багушэвіча друкаваліся ў газеце «Савецкая Беларусь», іх патрыятычныя радкі клікалі змагацца за волю і незалежнасць Беларусі.[38]

Захаваўся сямейны альбом Багушэвічаў (Нацыянальны музей Беларусі), лісты да Я. Карловіча (ЦДГА Літвы, Аддзел рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя В. Стафаніка), Э. Ажэшкі (Інстытут літаратурных даследаванняў Польскай АН), А. Карповіча (Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы). Гэта важныя дакументальныя сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця.

Аляксандр Памідораў і Лявон Вольскі запісалі песню на словы верша Багушэвіча «Немец» для таго, каб асучасніць паэзію класіка[39].

Выбраная бібліяграфія

Ушанаванне памяці

Беларусь

Камень-помнік Багушэвічу ў бары ля Кушлянаў. Малюнак Язэпа Драздовіча
Артыкул Напалеона Роўбы «Паэт Белай Русі» аб Францішку Багушэвічу ў газеце «краёўцаў» «Kurier Litewski» у шостую гадавіну смерці паэта, 1906 г.

На месцы пахавання Багушэвіча, могілках каля касцёла ў вёсцы Жупраны сям’ёй і сябрамі паэта быў усталяваны драўляны крыж, які прастаяў да 1940 г.

На магілу паэта былі ўскладзены жалобныя вянкі з вялікіх палотнішчаў з надпісамі «Мацею Бурачку ад мужычкоў-беларусаў», «Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы», «Паэту і прыяцелю ад сялян і рамеснікаў» (па-польску), «Цнатліваму і заслужонаму».

У 1901 г. у інтэр’еры Жупранскага касцёла ўстаноўлена белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, з надпісам «FRANCISZKOWI BOGUSZEWICZOWI 1840—1900 PRZYJACIELE» (бел.: Францішку Багушэвічу 1840—1900 сябры).

Камень Багушэвіча знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Ля валуна Багушэвіч сустракаўся з сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі класіка беларускай літаратуры быў высечаны надпіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

У савецкі час імя Багушэвіча было прысвоена калгасу (зараз — СВК у Ашмянскім раёне)(1951), Жупранскай сярэдняй школе (1962), Ашмянскаму краязнаўчаму музею (1953).

Вялікі постар з тварам Багушэвіча на адным з дамоў у Смаргоні.

У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча, аўтарам якога з’яўляецца скульптар Заір Азгур. 22 сакавіка 1970 годзе ў Жупранах адкрыўся Музей Францішка Багушэвіча, дзе захоўваюцца каля 300 экспанатаў, якія датычацца жыцця літаратурнага класіка [40].

У мясцовым касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў 1990 годзе адкрыта мемарыяльная дошка памяці Ф.Багушэвіча[41].

Ягоным імем названая адна з плошчаў Мінску2000 г.)[42], а таксама станцыя трэцяй лініі метро, размешчаная на гэтай плошчы.

16 чэрвеня 2006 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У мастацкім афармленні ўваходнага партала бібліятэкі на тэму развіцця сусветнага і славянскага пісьменства выкарыстана таксама вядомая цытата Багушэвіча з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» — «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі».

6 верасня 2009 года ў Смаргоні быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу[43].

С. А. Адашкевіч у 1980-х гадах стварыў бюст «Францішак Багушэвіч»[44]. Я. М. Ціхановіч у 1980 напісаў «Партрэт Францішка Багушэвіча»[45]. М. М. Купава стварыў каляровыя лінарыты «Партрэт зачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча» (1976)[46] і «Францішак Багушэвіч 1840—1900», таксама лінарыт «Францішак Багушэвіч» (1976). У. І. Мелехаў для помніка «Змагарам за родную мову» адліў барэльеф «Францішак Багушэвіч» (2004)[47].

Іншыя краіны

Багушэвічаўскія мясціны ўшаноўваюцца і па-за межамі сучаснай Беларусі. Так, на Украіне, у горадзе Нежыне, на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мемарыяльная дошка. Яго іменем названая вуліца ў горадзе Канатопе.[48].

У незалежнай Літве памятныя шыльды былі ўсталяваныя ў вёсках Свіраны і Савічуны Віленскага раёна, у Савічунах — на будынку размешчанай на вуліцы Багушэвіча (з 1997) бібліятэкі, якая таксама носіць імя Францішака Багушэвіча (з 2001)[49].

У верасні 2010-га года ў Вільні, на будынку па вуліцы Arklių, 18 (Конскай), які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё яшчэ адной мемарыяльнай шыльды. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада і мэр Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам[50].

Бібліятэка ім. Ф. Багушэвіча ў Савічунах, Вільнюскі раён, Літва
Памятныя шыльда ў Свіранах, Вільнюскі раён, Літва
Памятныя шыльда на Бібліятэце ў Савічунах, Вільнюскі раён, Літва

У філатэліі

Зноскі

  1. Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі. — 2. — Мн.: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — С. 373. — ISBN 978-985-08-1167-7.
  2. Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі. — 2. — Мн.: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — С. 374. — ISBN 978-985-08-1167-7.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Богушевич Франтишек Бенедикт Казимирович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 66. — 737 с.
  4. У спісе вучняў Віленскай гімназіі, няздольных уносіць устаноўленую за навучанне плату, прозвішча Францішка сустракаецца побач з імем яго малодшага брата Валяр’яна. У пастанове педагагічнай рады ад 17 чэрвеня 1861 года яго імя названа ў ліку чатырох лепшых выпускнікоў навучальнай установы. Паводле: Багушэвіч Ф. Творы: Для сярэд. і ст. шк. узросту. — 2. — Мн., 2001. — С. 6.
  5. На знак пратэсту супраць новых універсітэцкіх правілаў, якія абмяжоўвалі правы навучэнцаў, студэнты, вярнуўшыся з летніх вакацый, адмовіліся прымаць матрыкулы (заліковыя кніжкі). Барацьба скончылася крывавай сутычкай на ўніверсітэцкім ганку 24 кастрычніка. 14 лістапада Багушэвіч скіраваў новую заяву на імя рэктара з просьбай звольніць яго з універсітэта з прычыны цяжкай хваробы і неспрыяльнага клімату.
  6. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 — Мн., 2015. С. 561.
  7. Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі. — 2. — Мн.: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — С. 379. — ISBN 978-985-08-1167-7.
  8. Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі. — 2. — Мн.: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — С. 389. — ISBN 978-985-08-1167-7.
  9. Александровіч С. Багушэвіч // БЭ. Т. 2. С. 211
  10. Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч… С. 380
  11. Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч… С. 381—382.
  12. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты. — Мінск: Маст.літ., 1991. — С. 218.
  13. 1 2 3 4 Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. — Мн. 1971.
  14. Аднак на думку Адама Мальдзіса, гэты экзэмпляр са збораў даваеннага Інстытута літаратуры АН БССР трапіў падчас вайны ў рукі беларускага дзеяча Канстанціна Езавітава. «Скрыпачка» была выдадзена за мяжой з партрэтам аўтара і амаль цалкам перахоплена на граніцы падчас перапраўкі. Захаваўся толькі адзін асобнік. Мальдис А. Белорусские сокровиша за рубежом. Мн., 2009. С. 188.
  15. Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008. С. 968.
  16. Содаль У. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 276.
  17. Беларускі літаратуразнавец доктар Павел Каравайчык (псеўд. Павел Любецкі) сцвярджаў, што паэт завяшчаў аддаць зборнік у друк толькі пры ўмове, што кніга будзе надрукавана лацінскімі літарамі (Павел Любецкий. О белорусском литературном языке. // Чырвоны шлях, 1918, № 7 — 8, С. 13.)
  18. Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1963. С. 233
  19. Ламека У., Содаль У. Багушэвіч Францішак Казіміравіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 68
  20. Терешкович П. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в.: В контексте Центрально-Восточной Европы. Мн., 2004. С. 133.
  21. Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864 — люты 1917 г. СПб, 2004.
  22. Станкевіч А. кс. Беларускі хрысціянскі рух (гістарычны нарыс) // Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. — Вільня, 2008. — С. 466.
  23. Латышонак А. Жаўнеры БНР. Беласток-Вільня, 2009. С. 262
  24. Ляхоўскі У. Рупіўся дзеля Бога і людзей: Жыццёвы шлях Лявона Вітан-Дубейкаўскага // Наша вера. 1997. № 4
  25. На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. Сачанка. Мн., 1994, С. 40
  26. Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. Мн. 1971. С. 106.
  27. Луцкевіч А. Жыццё і творчасьць Фр. Багушэвіча ва ўспамінах ягоных сучасьнікаў // Спадчына, № 1-2, 2001, С. 56
  28. Radzik R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowościowych w Europie Srosdkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. S. 238.
  29. 1 2 Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі — 2. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — С. 387. — ISBN 978-985-08-1167-7.
  30. 1 2 Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 115—124.
  31. Małgorzata Moroz. “Krynica”. Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2001. — С. 33. — 230 с. — ISBN 83-915029-0-2.
  32. Czapska, M. Florian Czarnyszewicz … С. 166—167.
  33. Цікава, што беларускамоўная паэтэса і дваранка Алаіза Пашкевіч (Цётка) словамі «Гаўрылы з Полацка» расказала, што паўплывала на яе ўласны выбар пачаць вызначаць сябе не «полькай» і «літоўкай» (што было характэрна для мясцовых каталіцкіх дваран), а беларускай: «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова „тутэйшы“ мне неяк не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся, то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі „Дудка“ Мацея Бурачка; яна то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцкаму, значыцца ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, той беларус». Гл.: Цётка. Творы…С. 5.
  34. Цьвікевіч А. Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. Мн., 1993. С. 190
  35. Лукашук А. 421° паводле Галоўліту // Спадчына, 1996, № 3, С. 80, 88
  36. Туронак Ю. Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы. (у) Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 294
  37. Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 184; Казлоўскі М. Пра кніжнікаў і кнігі. Нататкі бібліяфіла, эпісталярная спадчына. Мн., 2010. С. 96.
  38. Содаль У. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // ЭГБ у 6 т. Т. 1. — Мн., 1993. С. 276
  39. Вольскі і Памідораў з песняй пра немца Тузін Гітоў, 9 сакавіка 2010 г. Архівавана 26 лістапада 2011.
  40. Лукша, Г. А памяць жыве: 25 гадоў музею Ф. Багушэвіча ў Жупранах // Роднае слова. — Мінск: 1995. — № 3. — С. 70—71.
  41. Адвакат, паэт, народны заступнік Ашмянскі веснік, 6 сакавіка 2010 г.]
  42. В Минске появится площадь Богушевича и улица Сырокомли, Белорусская деловая газета, 19 июля 2001 г.
  43. Айцец беларускай нацыянальнай ідэі паўстаў у бронзе Наша Ніва, 8 верасня 2009 г. Архівавана 15 верасня 2009.
  44. Сяргей Аляксандравіч Адашкевіч (1918, Мінск). 80-я гады. Бюст «Францішак Багушэвіч».
  45. Яўген Мікалаевіч Ціхановіч. «Партрэт Францішка Багушэвіча»
  46. Мікола Мікалаевіч Купава. «Партрэт зачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча»
  47. Уладзімір Іванавіч Мелехаў. На помніку «Змагарам за родную мову» Барэльеф «Францішак Багушэвіч»
  48. Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 184
  49. Памяць пра Багушэвіча на Віленшчыне Наша Ніва, 1 красавіка 2009 г.(недаступная спасылка)
  50. Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Беларускамоўныя паэты
Калежскія саветнікі
Францішак Багушэвіч
Памерлі ў Ашмянскім павеце (Расійская імперыя)
Перакладчыкі Беларусі
Памерлі ў 1900 годзе
Памерлі 28 красавіка
Нарадзіліся 21 сакавіка
Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Выпускнікі Ніжынскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Мікалая Гогаля
Пахаваныя ў Ашмянскім раёне
Вікіпедыя:Добрыя артыкулы па літаратуры
Беларускамоўныя пісьменнікі
Паэты Беларусі
Нарадзіліся ў Віленскім павеце (Расійская імперыя)
Пісьменнікі Беларусі
Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Нарадзіліся ў 1840 годзе
Асобы
Вікіпедыя:Добрыя артыкулы пра асоб
Публіцысты Беларусі
Пісьменнікі паводле алфавіта
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы