wd wp Пошук:

Дудка беларуская

«Dudka biаłaruskaja», «Дудка беларуская» — паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча, выдадзены (пад псеўданімам Мацей Бурачок) восенню 1891 г. у Кракаве.

Прадмова Францішка Багушэвіча да зборніка «Дудка беларуская» стала своеасаблівым маніфестам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння і моцным штуршком развіцця прафесійнай беларускамоўнай культуры[1].

Гісторыя выдання

4 лютага 1890 г. Францішак Багушэвіч пасылае свайму даўняму сябру Яну Карловічу свой праграмны верш «Мая Дудка»[2]. У сваім лісце ад 23 жніўня (4 верасня) 1891 г. да Яна Карловіча Францішак Багушэвіч называе свой зборнік вершаў не як «Дудка беларуская», а «Жалейка», і паведамляе, што карэктура зборніка пакуль вельмі няўдалая і мае процьму памылак[3]. Восенню 1891 г. у Кракаве пры дапамозе свайго даўняга сябра — Яна Карловіча — у прыватным выдавецтве Уладзіслава Анчыца быў надрукаваны зборнік вершаў Францішка Багушэвіча пад назвай «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок і накладам 3000 экземпляраў[4]. Зборнік пранік кантрабандным шляхам у межы Расійскай Імперыі.

У тым жа выдавецтве ў Кракаве ў 1892 г. была выдадзена навела Францішка Багушэвіча «Тралялёначка»[5].

Значэнне ў беларускай літаратуры

«Дудка беларуская» — вяршыня развіцця беларускай літаратуры ХІХ ст. Яе выхад у свет быў нечаканы, як выбух, быў менавіта мастацкім першаадкрыццём беларускага працоўнага мужыка, народа, бо ў парэформенны час, у канцы ХІХ ст., ніхто ўжо не памятаў пра Паўлюка Багрыма, не быў шырока вядомы і Ян Баршчэўскі.

Кампазіцыя кнігі

Прадмова

Зборнік «Дудка беларуская» адкрываецца «Прадмовай», якая па сваім патрыятычным пафасе нагадвае агітацыйна-публіцыстычныя артыкулы К. Каліноўскага ў паўстанцкай газеце «Мужыцкая праўда». У яе аснове праблема гістарычнага лёсу беларускага народа, развіцця яго мовы і культуры. На Багушэвічаву думку, сапраўдным носьбітам нацыянальнага пачатку з’яўляецца працоўная, сялянская маса — народ, аб’яднаны не толькі духоўнай супольнасцю, як сцвярджалі прыхільнікі рамантычнай самабытнасці, але і адзінствам нацыянальна-вызваленчых мэтаў.

У «Прадмове» Францішак Багушэвіч настойліва пепраконвае свайго адрасата (нaрод), што яны — беларусы, што іх радзіма — Беларусь, каб заўсёды і перад усімі кожны годна нёс прыналежнасць да яе, каб адчуваў сябе сынам свайго народа. Імкненне давесці чытачам, што яны менавіта беларусы, што так павінны сябе адчуваць і называць, падкрэсліваецца назваю зборніка. У назве ёсць слова «беларускі», якое займае інверсійнае становішча да назоўніка, чым падкрэсліваецца яго значнасць. Пісьменнік звяртаецца да сваіх сучаснікаў, а праз стогоддзі і да беларусаў з заклікам-маленнем: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».

Вершы

Зборнік складаецца з 16 вершаў («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона», «Як паўды шукаюць», «У судзе», «Воўк і авечка», «Мая хата», «Праўда», «Здарэнне», «Думка», «З кірмашу», «Хрэсьбіны Мацюка», «Бог не роўна дзеле», «Хцівец і скарб на святога Яна», «Гдзе чорт не можа, там бабу пашле», «У астрозе», «Быў у чыстцы!») і паэмы «Кепска будзе!».

Зборнік «Дудка беларуская» шмат у чым увогуле судовая адысея беларускага парэформеннага мужыка. Прычым народныя ўяўленні аб справядлівым судзе кантрастуюць у ёй з паказам царскага суда, які быў шырмай, што прыкрывала рэальнае бяспраўе народных нізоў. Тэма крытыкі царскага суда становіцца вядучай у зборніку. паэт свядома адыходзіць ад фальклорнага алегарызму, усё больш шырокавыкарыстоўваючы рэалісычныя сродкі адлюстравання рэчаіснасці. Найбольш пашыранай формай грамадзянскай лірыкі Багушэвіча становіцца маналог, верш-роздум, поўны горычы і трагізму. У іх аснове кантрастуе супастаўленне багатых і бедных, паказ сацыяльных бар’ераў, якія падзяляюць грамадства на варожыя класы і якія непазбежна вядуць да заняпаду і маральнай дэградацыі. Гэты агульнагуманістычны матыў надзвычай ярка выяўлены ў вершы «Бог не роўна дзеле».

Стылістыка

Устаноўка на вуснае бытаване твораў Багушэвіча, іх сувязь з ананімнымі народнымі «гутаркамі», вершаванымі апавяданнямі і быліцамі прыкметная ў характары вобразнага ўвасаблення, паэтычных сродкаў, манеры развіцця сюжэта. Характэрны ў гэтых адносінах праграмны для ўсяго зборніка «Дудка беларуская» верш «Дурны мужык, як варона».

Творы, знешне простыя і непрэцэнтыёзныя па форме, характарызуюцца выключнай жыццёвай пераканаўчасцю, рэалістычнай глыбінёй і дзейснасцю. Нягледзячы на выразную сувязь з традыцыямі вуснай паэзіі, Францішак Багушэвіч паспяхова пераадольвае аднабаковасць фальклорнай тыпізацыі, імкнецца да індывідуалізацыі мастацкага вобраза.

Такім чынам, у зборніку «Дудка беларуская» ў цэлым пераважае аспект сацыяльна-бытавога паказу жыцця, асноўным жа ў яго ідэйным гучанні было асуджэнне сацыяльнай няроўнасці і парадкаў, якія зрабілі мужыка бяспраўным. Гэта зборнік выключна сацыяльны, і адзінкавымі вершамі выходзіць ён з тэм сацыяльна-бытавых (вершамі «Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка» — у патрыятычную тэматыку, вершам «Праўда» — у сацыяльна-філасофскую, «З кірмашу» — у любоўную). Чарговай задачай мастака было, такім чынам, пераадоленне толькі сацыяльна-бытавога аспекту паказу жыцця, на якое менавіта і арыентаваўся Францішак Багушэвіч.

Зноскі

  1. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі — Мінск : Беларус. навука, 2010. — Т. 2. — С. 383.
  2. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты. — Мінск : Маст.літ., 1991. — С. 295.
  3. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты. — Мінск : Маст.літ., 1991. — С. 218, 296.
  4. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты. — Мінск : Маст.літ., 1991. — С. 296.
  5. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты. — Мінск : Маст.літ., 1991. — С. 296.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Літаратурныя творы на беларускай мове
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Выданні на беларускай мове лацінкай
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Зборнікі вершаў
Творы Францішка Багушэвіча
Кнігі 1891 года
Беларуская літаратура XIX стагоддзя