wd wp Пошук:

Алаіза Пашкевіч

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Цётка. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пашкевіч.

Алаі́за Сцяпа́наўна Пашке́віч (Псеўд.: Цётка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь Асака і інш.; 3 ліпеня 1876, фальварак Пешчын, Васілішкаўская воласць, Лідскі павет (Расійская імперыя), Віленская губерня, Расійская імперыя (сёння — Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь) — 5 лютага 1916) — беларуская паэтка, грамадская дзеячка, публіцыстка.

Біяграфія

Нарадзілася ў шматдзетнай шляхецкай сям’і. Бацька валодаў гаспадаркай у 100 га, а таксама меў «пустошу» Пяшчыну (200 га), якую аддаваў у арэнду сялянам. Мела двух братоў: Вацлаў і Язэп (памёр у 1915 г. на фронце) — афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка; сясцёр: Стэфанія, Караліна і Софія.

Ранняе дзяцінства прайшло пад апекай бабулі Югасі ў фальварку Тарэсін і ў маёнтку Стары Двор. Авалодвала ведамі спачатку дома, з дапамогай «дарэктараў», пакуль у 1884 годзе не паступіла адразу ў 4-ы клас Віленскага прыватнага сямікласнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Плата за навуку была вельмі высокая — 100 руб. на год, таму за вельмі старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыю[2]. У 1901 годзе, пасля заканчэння гімназіі, нейкі час працавала ў вёсцы хатняй настаўніцай.

З 1902 года ў Санкт-Пецярбургу. Тут Алаіза Пашкевіч пасялілася ў незнаёмай дагэтуль асобы — Сабіны Ячыноўскай, нявесты ўраджэнца маёнтка Лябёдка Вацлава Іваноўскага. Алаіза скончыла ў Пецярбургу гімназію Александроўскай і разам з Сабінай у 1902—1904 гг. вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта. Атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся ёю ў жыцці. Падчас яе вучобы ў Санкт-Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», А. Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Асяроддзе гэтага гуртка шмат у чым вызначыла яе грамадзянскую пазіцыю — актыўная барацьба з царызмам, сацыяльнае вызваленне працоўных, нацыянальнае вызваленне беларусаў.

Тады ж пачалася і літаратурная творчасць А. Пашкевіч. Ужо ў 1903 годзе ў Пецярбургу выйшла пад выглядам фальклорнага зборніка кніжка «Песні», тут побач з творамі Ф. Багушэвіча, змешчаны яе верш «Мужыцкая доля» (пад псеўданімам Банадысь Асака). У гэты ж час гектаграфічным спосабам былі выдадзены дзве падпольныя брашуры — «Калядная пісанка на 1904 год» (пісаная ад рукі лацінскімі літарамі, 1903 г.) і «Велікодная пісанка» (друкаваная на машынцы кірыліцай, 1904 г.). У абодва выданні ўвайшлі і вершы Цёткі: у першае — тая ж «Мужыцкая доля» і «Мужык не змяніўся» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка), у другое — «Нямаш, але будзе» і «Музыкант беларускі» (пад псеўданімам Гаўрыла). Творы паэтэсы займалі амаль палову гэтых невялічкіх выданняў, выяўляючы тым самым і яе ўдзел у нелегальнай выдавецкай дзейнасці «Круга беларускага», і яе значную працаздольнасць як літаратара.

Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі(руск.) бел..

Алаіза Пашкевіч (1904)

У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. Распачала актыўную прапагандысцкую работу. У 1904—05 — дзеячка Беларускай сацыялістычнай грамады. Арганізоўвала рэвалюцыйныя рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. У 1905 годзе была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы трымала шапірограф.

Каб пазбегнуць судовай адказнасці[3] ў канцы 1905 года эмігрыравала ў Галіцыю (тады Аўстра-Венгрыя). Жыла ў Львове, паступае вольнаю слухачкай на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. З 1907 да 1911 гг. праходзіла вучобу на гістарычна-філалагічным факультэце Львоўскага ўніверсітэта. На жыццё зарабляла працай масажысткі.

У Львове ў 1906 годзе надрукавала перакладзеную ёй з украінскай мовы на беларускую (пад псеўданімам Тымчасовы) дзіцячую чытанку «Гасцінец для малых дзяцей». Кансультавала ўкраінцаў, якія пісалі пра Беларусь і беларускую літаратуру (І. Свянціцкага, І. Крып’якевіча і інш.), знаёміла іх з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў. У Жоўкве (каля Львова) у базыльянскай манастырскай друкарні выдала ў 1906 годзе два зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) і «Хрэст на свабоду» (пад псеўданімам Гаўрыла). Абодва зборнікі невялікія: у першы ўвайшлі 12 вершаў, у другі — 9, напісаныя, за рэдкім выключэннем, у 1905—1906 гадах. Гэта абумовіла іх вядучы рэвалюцыйна-гераічны, патрыятычна-аптымістычны пафас, які не «ахалоджваюць» тры творы, напісаныя яшчэ ў адносна спакойныя 1902—1903 гады («Лета», «Восень», «Мужык не змяніўся»).

Пад чужым пашпартам наведвае Расійскую імперыю, нелегальна прыязджала на радзіму, прымала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля», дзе было надрукана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». Пісала розныя творы, дасылала іх у «Нашу ніву», іншыя беларускія выданні. Матэрыяльная незабяспечанасць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх (сухоты). Праз хваробу выязджала ў Закапанэ.

У 1908—1909 А. Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні ў Ягелонскім універсітэце. Была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта «Спуйня» («Згуртаванасць»).

Пад уплывам І. Сольскай зацікавілася тэатрам, і пэўны час наведвала драматычную студыю Сольскай[4]. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Дзеля атрымання навуковай ступені выканала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». Аўтарка брашуры «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках Беларусі» (Вільня, 1910).

У 1911 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч (будучая жонка Янкі Купалы) былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні.

У лютым 1912 года Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Вільню. Яна ўдзельнічала ўва ўсіх значных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару, нават іграла ў некаторых спектаклях трупы Ігната Буйніцкага, друкавалася ў беларускіх выданнях. Калі ў 1914 годзе ў Мінску стварыўся першы дзіцячы беларускамоўны часопіс «Лучынка» — усклала на сябе абавязкі яго галоўнага рэдактара. Пакладала шмат натугаў, каб арганізаваць і падрыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па мястэчках Віленшчыны[5]. Каб паправіць здароўе, на некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю і Швецыю.

Алаіза Пашкевіч-Кайрыс (БДАМЛМ)

Ва ўмовах Першай сусветнай вайны з вясны да восені 1915 года А. Пашкевіч як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя. Яна таксама прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў. Была сярод выкладчыкаў на першых Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1915). Першая беларуская школа была адкрыта ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай.

У 1916 г. памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Аслаблены сухотамі і голадам арганізм не адолеў хваробы. Памерла ў ноч на 5 лютага 1916 года.

Пахаваная на могілках у родным Старым Двары.

Творчасць

«Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906

Пісаць пачала ў 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла не ажыццёўленае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906). У прадмове да зборніка яна пісала:

"

Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, «Дудка», грай і мне голас дай».

"

У творчасці Алаізы Пашкевіч яскрава выявіліся асаблівасці фарміравання нацыянальных моўна-стылістычных сродкаў рамантычнай паэзіі, псіхалагічнай прозы, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў. Яе творчасць — і адбітак рамантычнага бачання свету, і выява драматычнага лёсу «жанчыны з бунтарскай душой» — паэткі, рэвалюцыянеркі, міласэрнай сястры, настаўніцы і акторкі.

Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», некаторыя даследчыкі (Я. Колас, П. Мядзёлка, Л. Арабей) лічылі яе аўтарам першага «Беларускага лемантара». Пісала публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

Мастацкая, публіцыстычная, эпісталярная спадчына Цёткі — вялікі набытак нацыянальнай культуры. Мова яе твораў багатая на самабытныя, індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні і арыгінальнае скарыстанне іх у кантэксце, на разнастайныя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні, што складае непаўторнасць творчай манеры пісьненніцы. Яе творчасць адлюстроўвае асноўныя працэсы ўзбагачэння вобразна-выяўленчай сістэмы мастацкага твора, сведчыць пра жанрава-стылявую дыферэнцыяцыю і нармалізацыю беларускай літаратурнай мовы ў перыяд яе станаўлення.

Паэзія

У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (абедзьве 1904) паэтэса надрукавала вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем цяжкай долі селяніна.

Вершы А. Пашкевіч (Цёткі) «Лета» і «Восень» апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасці Цёткі.

Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі раздрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод паднятых на рэвалюцыйнае змаганне ў 1906.

З дапамогай рамантычна-сімвалічнай тропікі, «вясёлых» харэічных памераў, бадзёрага рытма-інтанацыйнага ладу паэтэса выяўляе настрой рэвалюцыйнай рамантыкі. Як, у прыватнасці, у вершы «Вера беларуса» (1905):

"
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон,
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.
"

Верш заканчваецца адкрытым заклікам да актыўнага рэвалюцыйнага дзеяння: «Рука цвёрда, грудзь акута, Пара, братцы, парваць пута!»

Саму ж рэвалюцыю 1905 года Цётка паказвае ў алегарычным вобразе бурнага мора:

"
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
"

Каб чытачы ці слухачы адназначна ўспрымалі змястоўную сутнасць твора, паэтэса раскрывае сэнс алегорыі ў падзагалоўку: «Мора (Рэвалюцыя народная)» (1905). Стварыць аратарскую інтанацыю гэтага верша (як, зрэшты, папярэдняга і многіх іншых) дапамагае не толькі рытміка (чатырохстопны харэй), але і фігуры паэтычнага сінтаксісу: паўторы (анафары, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць), градацыі, паралелізм, рытарычныя воклічы, пытанні і г. д.

У эміграцыі стварыла верш «Суседзям у няволі» (1906), звернуты да ўкраінцаў, якія ў той час таксама, як і беларусы, пакутавалі ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, толькі ўжо ад іншага рэжыму — аўстра-венгерскага. У вершы пасля змрочнага малюнка тагачаснай беларускай рэчаіснасці, пададзенага з дапамогай яскравых мастацкіх дэталей («нагаек царскіх звон», «у нас там ноч», «мы ацямнелі з страшных мук» і г. д.), гучыць просьба-заклік да «суседзяў у няволі»:

"
Нас катуюць! Чуйце, людзі!
Чуйце, чуйце, руку дайце!
Мы вам родны! Праўду знайце:
Ці у долі, ці ў нядолі —
З вамі станем ў адным полі,
Рука ў руку з вашым братам
За свабоду перад катам.
"

Верш гэты з’явіўся асноўнай прычынай забароны ў Расіі не толькі зборніка Цёткі «Скрыпка беларуская», але і кнігі І. Свянціцкага «Адраджэнне беларускага пісьменства» (Львоў, 1908 г.), у якой ён быў таксама змешчаны.

Не толькі ўздым, але і ўтаймаванне рэвалюцыйнай хвалі выявіліся ў лірыцы Цёткі, пра што сведчыць верш «Мае думкі». Пачаты ён быў у 1905 годзе, закончаны — у 1906 годзе. Гэта выразна патрыятычны верш. Лірычны герой паэтэсы хацеў бы стаць то «зярном пшаніцы», то «рэчкай быстрай», то «ветрам буйным». І ўсё — дзеля людзей, каб іх накарміць, напаіць. Урэшце, каб разбудзіць іх, бо «ад цямноты людзі спяць». Заканчваецца верш даволі песімістычным прызнаннем «ветра»:

"
Я там біўся, я там віўся,
Я ім хаты паламаў,
А ўсё ж такі не дабіўся,
Каб народ свой голас даў!..
"

Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Шырока карысталася народна-песеннай сімволікай (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). Для твораў перыяду рэвалюцыі (1905-07) характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса» і інш. сталі хрэстаматыйнымі. Упершыню ў беларускай паэзіі стварыла вобраз рабочага («Пад штандарам»).

Асобны перыяд у яе творчасці склалі вершы 1908-14 гадоў, дзе пераважалі матывы грамадскай журбы і смутку, тугі па радзіме, выявіліся засяроджанасць на долі адзінокага чалавека, зварот да фальклорных вобразаў («З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне» і інш.).

Проза

Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы.

Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Зялёнка», «Асеннія лісты», «Лішняя» і інш.). Адлюстравала цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве («Міхаська»). Апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і яе вершы, друкавалася ў якасці пракламацыі.

Выступала як нарысіст («Успаміны з паездкі ў Фінлндыю», «3 дарогі»). Фальклорна-паэтычная стылістыка, а таксама індывідуальна-аўтарскае ўжыванне слова, выразу ў нарысе «3 дарогі» — тыя прыёмы, што ствараюць эмацыянальнасць, рамантычную ўзнёсласць, лірызм.

Цётка ставіць беларусам фінаў у прыклад — як народ, які «не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаціць», але пры гэтым захаваў і адметнасць, і мову, і культуру. Літаратар Альгерд Бахарэвіч, які ўвогуле невысока ацэньвае паэзію Алаізы Пашеквіч, заўважае, што падарожныя нататкі з паездкі ў фінскую вёску Лотала паказваюць «зусім іншую Цётку, спакойную, удумлівую, назіральную»… Ён дапускае што, адна гэтая кароткая журналісцкая проза Цёткі мае большую мастацкую каштоўнасць за ўсе яе колішнія прапагандысцкія вершы[6].

Публіцыстыка

Публіцыстычная спадчына пісьменніцы выяўляе грамадзянскую пазіцыю аўтара, яе высокі дух і эмоцыі ў змаганні за нацыянальнае адраджэнне беларускага народа, будучыні Беларусі — маладых людзей. Звярталася да моладзі з заклікам шанаваць родную мову, рыхтаваць сябе да грамадскай работы:[7]

"

На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!

"

Выступленні пісьменніцы ў перыядычным друку 1914 г. («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Папараць-кветка») — гэта ўсхваляванае слова да сваіх сучаснікаў і нашчадкаў — берагчы родную мову, захаваць яе як вечны скарб душы. Артыкул «Шануйце роднае слова!», які Сцяпан Александровіч назваў «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле», пераклікаецца з «Пагоняй» М. Багдановіча, з «Ворагам беларушчыны» Я. Купалы, з «У чатырохлецце „Нашай нівы“» А. Гаруна. Выразнасці і эмацыянальнасці выказвання дасягае аўтарка ўмелым скарыстаннем агульнанароднай лексікі, семантычных адценняў слоў, іх эмацыянальна-ацэначнай афарбоўкі.

Навукова-папулярныя артыкулы

Асаблівасці станаўлення навуковага стылю выявіліся ў артыкулах і нарысах на навуковыя тэмы. Так, у навукова-папулярным артыкуле «Наша народная беларуская песня» пераважаюць лексіка-сінтаксічныя прыёмы, уласцівыя народнай гаворцы, фальклору, мастацкай літаратуры. Моўна-выяўленчыя сродкі, сінтаксічная арганізацыя артыкула «Да дзяўчатак» і нарыса «Гутаркі аб птушках» маюць характэрныя рысы народнай прозы. Спецыфіка фарміравання навуковай тэрміналогіі выяўляецца ў артыкуле «Да школьнай моладзі», у нарысах «Пералётныя птушкі», «Газа». Так, у артыкуле «Да школьнай моладзі» побач са спецыяльнай запазычанай лексікай (батаніка, гіграскапічны) Цётка ўжывае ў якасці спецыяльных батанічных найменняў словы жывой народнай мовы — стрымбульнык, каліва, зёлкі. У яе навуковых артыкулах — выразная тэндэнцыя да стылявой дыферэнцыяцыі беларускай мовы, хоць і надзвычай адчувальныя працэсы ўзаемапранікнення і ўзаемаўплыву.

Бібліяграфія

Ушанаванне памяці

Вобраз Цёткі ўвасоблены ў літаратурных творах — вершах (у тым ліку Янкі Купалы), аповесцях і раманах («На струнах буры» і «Стану песняй» Л. Арабей, «Крыж міласэрнасці» В. Коўтун), у мастацкіх палотнах (Л. Шчамялёва, М. Купавы, І. Раманоўскага і інш.),

Помнікі А. Пашкевіч (Цётцы) пастаўлены ў г. Шчучын, г.п. Астрына, в. Шастакоўцы Шчучынскага раёна.

Зноскі

  1. 1 2 Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
  2. Вітан-Дубейкаўская, Ю. Cor Ardens: Успаміны пра Цётку — Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс / Ю. Вітан-Дубейкаўская // Конадні. — 1955. — № 3. — С. 49 — 54: іл. Перадрук: На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі; Тэкстал. падрыхт. С. Б. Сачанка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 303 с. — С. 6 — 11. — С. 7. — ISBN 5-340-01158-5.
  3. Беларуская мова: Энцыклапедыя — Мн.: БелЭн, 1994. С. 602
  4. Кайрыс, С. З маіх успамінаў пра Цётку / Стэпонас Кайрыс // Конадні. — 1954. — № 2. — С. 68 — 78. Перадрук: На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі; Тэкстал. падрыхт. С. Б. Сачанка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 303 с. — С. 12 — 23. — С. 16 — 17. — ISBN 5-340-01158-5.
  5. Кайрыс, С. З маіх успамінаў пра Цётку… — С. 68 — 78. Перадрук: На суд гісторыі… — С. 16 — 18.
  6. Бахарэвіч А. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.
  7. Цётка. Творы. Мн., 1976. С. 218

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (31):
Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Асобы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Нарадзіліся 3 ліпеня
Памерлі ад тыфу
Нарадзіліся 15 ліпеня
Памерлі ў Лідзе
Беларускамоўныя пісьменнікі
Памерлі 18 лютага
Паэтэсы
Сёстры міласэрнасці Расійскай імперыі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Паэты паводле алфавіта
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Памерлі 5 лютага
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Нарадзіліся ў 1876 годзе
Паэты Беларусі
Беларускамоўныя паэты
Нарадзіліся ў Шчучынскім раёне
Публіцысты Беларусі
Пісьменнікі паводле алфавіта
Выпускнікі Львоўскага ўніверсітэта
Пахаваныя ў Шчучынскім раёне
Памерлі ў 1916 годзе
Грамадскія дзеячы Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Нарадзіліся ў Лідскім павеце (Расійская імперыя)