Белару́скі лаці́нскі алфаві́т (таксама «Белару́ская лаці́нка» ці ва ўласным запісе — «Biełaruskaja łacinka») — варыянт лацінскага алфавіта, прыстасаванага для запісу беларускай мовы.
На сённяшні дзень у сучаснай форме ўжываецца некаторымі пісьменнікамі[1], вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, створаная на аснове беларускай лацінкі, афіцыйна выкарыстоўваецца для транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі.
За час існавання лацінкі яе алфавіт неаднаразова змяняўся. Сучасны алфавіт беларускай лацінкі, які ўжываецца з першай паловы 1940-х гадоў, выглядае наступным чынам:
Aa | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Dz dz | Dź dź | Dž dž |
Ee | Ff | Gg | Hh | Ch ch | Ii | Jj | Kk | Ll |
Łł | Mm | Nn | Ńń | Oo | Pp | Rr | Ss | Śś |
Šš | Tt | Uu | Ŭŭ | Vv | Yy | Zz | Źź | Žž |
У Сярэднявеччы (XVI ст.) з’явіліся першыя вядомыя запісы беларускага тэксту лацінскім пісьмом з патрэбы ўключаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаннем правілаў польскай арфаграфіі над старабеларускімі гукамі. Ужо на ранняй стадыі развіцця старабеларуская пісьмовасць лацінскім алфавітам не была абмежаваная толькі дакументамі на паперы або пергаменце, але выкарыстоўвалася таксама для шырокага спектру іншых афіцыйных і публічных функцый. Так, звон з Моладава (Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць), адліты ў 1583 годзе, аздоблены надпісам старабеларускай лацінкай[2].
У XVII ст. паступова пашырылася выкарыстанне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускімі рыма-католікамі.
У XVIII ст. лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. У канцы 2013 года ў Горацкім раёне быў знойдзены курганны могільнік і надмагільны камень, датаваны сярэдзінай XVIII ст., з надпісам зробленым беларускай лацінкай: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750»[3].
У XIX ст. некаторыя польскія пісьменнікі і беларускія пісьменнікі з польскага культурнага асяроддзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы з якіх выйшаў у 1861 годзе[4].
Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на той факт, што бальшыня пісьменных людзей сярод простага люду Беларусі былі пісьменныя менавіта ў сэнсе лацінскага алфавіту[2].
Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова знікаў з ужытку на працягу XX ст., хоць яшчэ ў пачатку XX ст. назіралася суіснаванне двух шрыфтоў. Шматлікія беларускія выданні друкаваліся лацінкай ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газета «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з перыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай.
У 1907 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» апублікавала ў Санкт-Пецярбурзе новую «абэцэду» лацінкай, у якім аўтары здзейснілі мадэрнізацыю беларускай лацінскай графікі. Так, аўтары ўвялі літару č замест ранейшай cz, а таксама літары š і ž замест sz і ż. Захаваліся літары ł і w. Іншыя беларускія выдавецтвы ў Вільні, Менску і Санкт-Пецярбурзе таксама пайшлі ўслед за гэтай рэформай. Неўзабаве гэтая форма стала практычна агульнапрынятым стандартам друку, вядомым як «Нашаніўская лацінка»[2].
Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя ўжо абноўленай лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусляр» (у арыгінале — Huślar) з’явіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай[4].
У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі змешчаныя спісы кніг, якія магчыма заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзвюма графікамі, і таму пры іх замаўленні таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданне — «рускімі» ці «лацінскімі»[5].
На аснове лацінскага алфавіта Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасці — Сцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася ненавуковай з парушэннямі законаў беларускай мовы.
Газета «Гоман», якая выходзіла ў Вільні з лютага 1916 да канца 1918 года, напачатку друкавалася кірыліцай, а пазней — кірыліцай і лацінкай[4].
Пасля заняцця ў часе Першай сусветнай вайны Віленшчыны і Заходняй Беларусі нямецкімі войскамі, за беларускай мовай быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай лацінкі. У 1917 годзе нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).
У 1917 годзе ў Вільні лацінкай выйшла кніга Антона Луцкевіча «Як правільна пісаць па беларуску» («Jak prawilna pisać pa biełarusku»). У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сістэма лацінкі, не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для пазначэння мяккасці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і ch[6].
У 1920-я — 1939 гады, пасля падзелу Беларусі (1921) паміж Польшчай і СССР, лацінскі алфавіт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, каля 35 % заходнебеларускіх выданняў выходзіла лацінкай. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага алфавіта і колькі звязаных граматычных правіл у 5-е (неафіцыйнае) выданне сваёй граматыкі (Вільня, 1929). У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік» складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога была выкананая адначасова кірыліцай і лацінкай[7][8].
Aa | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Ee | Ff | Gg | Hh |
Ii | Jj | Kk | Ll | Łł | Mm | Nn | Ńń | Oo | Pp |
Rr | Ss | Śś | Šš | Tt | Uu | Ŭŭ | Ww | Yy | Zz |
Žž | Źź |
У канцы 1930-х адбылася апошняя графічная трансфармацыя ў беларускай лацінцы, звязаная з тым, што некаторыя выдаўцы, верагодна, імкнучыся пазбегчы даволі ненавісных у тыя часы для некаторых беларусаў прыкметаў «польскасці», пачалі адмаўляцца ад гістарычнага w на карысць v, што стала пераважнай практыкай у другой палове 1930-х гадоў[2].
Лацінскі алфавіт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941—1944), і ў Празе, беларускай дыяспарай (1920-я — каля 1945 гады). У 1937—1941 гадах Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, у выглядзе якога яна і дайшла да нашых дзён[9]. У снежні 1941 Альфрэд Розенберг, галоўны ідэолаг Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Работніцкай Партыі (NSDAP), рэйхсміністр па справах усходніх земляў ад 1941, выступіў з ініцыятывай аб пераводзе беларускіх школ і друку на «лацінку». Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25 чэрвеня 1942) аб паступовым увядзенні «лацінкі» ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ. Юры Туронак адзначае, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх абласцях, была малой, а друкаваць іх не было тэхнічна магчыма бліжэй за Вільню[10]. Тым самым часам нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала, апроч увядзення «лацінкі», яе бліжэй невядомае рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напрыклад, Ян Станкевіч)[10].
Пасля гэтага часу ў Беларусі лацінка амаль не ўжывалася, але працягвала развівацца ў эміграцыі. Адным з вядомых пазнейшых надпісаў з’яўляецца надпіс беларускай лацінкай на надгробку ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна, зроблены ў сярэдзіне 1970-х[2].
Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозьвішчаў» (Бацькаўшчына, № 8, Мюнхен, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазбегнуць скажэнняў у вымаўленні беларускіх прозвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай. Фанетычны прынцып перадачы прозвішчаў, які цяпер пераважна выкарыстоўваецца ў сучаснай Беларусі, добры тым, што прынамсі часткова перадае гукавы бок прозвішча, але ў сваю чаргу вядзе да хаосу ў ягоным напісанні ў розных мовах з прычыны адсутнасці адзінага міжнароднага алфавіта і дыякрытычных знакаў[4]. У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лацінскім алфавітам, перадаюць свае прозвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім алфавітам) за рэдкімі выняткамі без ніякіх зменаў.
Пасля Другой сусветнай вайны беларуская лацінка выкарыстоўвалася беларускай дыяспарай у не-савецкай Еўропе (асабліва ў Заходняй Германіі, таксама пэўныя прыклады ў Польшчы) і ў Амерыцы (пераважна ў ЗША). У 1947—1950 гадах у Лондане выходзіў беларускі грамадска-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку[4]. Значнае беларускае кнігавыданне было разгорнутае ў Рыме ў 1940—1970-х гадах, галоўным чынам намаганнямі ксяндза і доктара тэалогіі Пятра Татарыновіча, які з 1950 па 1975 год выдаў 120 нумароў рэлігійнага часопіса Źnič. Сярод яго выданняў лацінкай акрамя некалькіх перакладаў Святога Пісання, літургічных і багаслоўскіх публікацыяў былі таксама, прыкладам, беларускі пераклад «Quo Vadis?» Генрыка Сянкевіча (1956) і паэма «Kałychanka» Рыгора Крушыны (1963)[11]. Часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне «Rada Kruhu», першы нумар якога выйшаў у 1951 годзе, друкаваўся ў Чыкага лацінкай. Лацінкай выдаваўся навуковы часопіс «Łitva» (Чыкага, 1967 — каля 1973, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч), а ў 1972 годзе таксама ў Чыкага выйшла кніга Вацлава Пануцэвіча «Bieraściejskaja vunija»[4].
У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы вы́клад беларускага лацінскага алфавіта.
Oo | Aa | Ee | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Ff | Gg |
Hh | Chch | Ii | Jj | Kk | Ll | Łł | Mm | Nn | Ńń |
Pp | Rr | Śś | Šš | Tt | Vv | Uu | Ŭŭ | Dzdz | Dźdź |
Dždž | Zz | Źź | Žž |
У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да сучаснага, розніца толькі ў перадачы спалучэння гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасці з вымаўленнем спалучэннем літараў «ji», што характэрна бальшыні заакіянскіх выданняў па-беларуску лацінкай, а не проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі[12].
У 1990-х гадах, пасля атрымання Беларуссю незалежнасці, павялічылася цікавасць да беларускай лацінкі. Лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе (Наша Ніва, Arche, Arche-Скарына, Спадчына). У 1993 годзе адзін нумар газеты Наша Ніва быў выдадзены цалкам лацінкай[13].
У XXI стагоддзі пашырылася выкарыстанне лацінкі ў інтэрнэце. З’яўляюцца прапановы па адмове ад літары ł (для цвёрдага л ужываць літару l, а мяккасць гуку перадаваць як і для астатніх зычных: ль абазначаць літарай ĺ паводле аналогіі з ć, ń, ś і ź), на ўзор Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў[9].
У 2000 годзе была зацверджана Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта — метад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года).[14] Апошнія змены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года. Галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам[15].
У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[16].
Пасля ўвядзення Інструкцыі выпусцілі карты, а таксама ўсталявалі некалькі лацінкавых шыльдаў у цэнтры Мінска. Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубляванае напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[17][18]. Інструкцыя па транслітарацыі выкарыстоўваецца для навігацыі ў населеных пунктах па ўсёй Беларусі.
Адпаведнасць альфавіта кірыліцы літарам лацінкі | ||||
Кірыліца | Лацінка паводле перыядаў выкарыстання | |||
каля 1840-х — 1920-х гг.[а 1] | каля 1906—1929 гг.[а 2] | каля 1937—1941 гг.[а 3] | Сучаснае напісанне[а 4] | |
Аа | Aa | Aa | ||
Бб | Bb | Bb | ||
Вв | Ww | Ww | Vv | Vv |
Гг | Hh | Hh | ||
Ґґ | Gg | Gg[а 5] | ||
Дд | Dd | Dd | ||
Ее | JEje/IEie[а 6] | JEje/IEie[а 6] | ||
Ёё | JOjo/IOio[а 6] | JOjo/IOio[а 6] | ||
Жж | Żż | Žž | Žž | Žž |
Зз | Zz/Źź | Zz/Źź[а 7] | ||
Іі | Ii | Ii[а 8] | ||
Йй | Jj | Jj | ||
Кк | Kk | Kk | ||
Лл | Ll/Łł[а 9] | Ll/Łł[а 9][а 7] | ||
Мм | Mm | Mm | ||
Нн | Nn/Ńń | Nn/Ńń[а 7] | ||
Оо | Oo | Oo | ||
Пп | Pp | Pp | ||
Рр | Rr | Rr | ||
Сс | Ss/Śś | Ss/Śś[а 7] | ||
Тт | Tt | Tt | ||
Уу | Uu | Uu | ||
Ўў | Uu[а 10] | Ŭŭ | Ŭŭ | Ŭŭ |
Фф | Ff | Ff | ||
Хх | CHch | CHch | ||
Цц | Cc/Ćć | Cc/Ćć[а 7] | ||
Чч | CZcz | Čč | Čč | Čč |
Шш | SZsz | Šš | Šš | Šš |
Ыы | Yy | Yy | ||
Ьь | —[а 7] | —[а 7] | ||
Ээ | Ee | Ee | ||
Юю | JUju/IUiu[а 6] | JUju/IUiu[а 6] | ||
Яя | JAja/IAia[а 6] | JAja/IAia[а 6] | ||
апостраф ’ | не выкарыстоўваецца | не выкарыстоўваецца |
Заўвагі
|
|