wd wp Пошук:

Мсціслаў

Мсцісла́ў[2] (трансліт.: Mscislaŭ, руск.: Мстислав[3]) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мсціслаўскага раёна, на рацэ Віхра. За 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша — Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы; Хіславічы (Расія). Насельніцтва 10 370 чал. (2017)[4].

Этымалогія

Тапонім «Мсціслаў» утварыўся ад імя Мсціслаў (напэўна, ад асновы мост — масціць, ці месць (помста) — месціць, на што ўказвае адсутнасць каранёвага /о/)[5][6] і з’яўляецца адной з назваў гарадоў ранняй феадальнай эпохі, якая сваім ўзнікненнем абавязана рэальнай гістарычнай асобе[7]. Летапісны заснавальнік горада, князь смаленскі Расціслаў Мсціслававіч, унук Уладзіміра Манамаха, ушанаваў у яго назве памяць пра свайго бацьку Мсціслава Вялікага[8]. Каб засведчыць факт валодання князем горадам, да яго імя быў дададзены старажытны суфікс прыналежнасці -j (-ёт), перад якім пасля губных зычных паяўляўся -л (Мстислав + j — Мстиславль). Назваў з падобным паходжаннем амаль не захавалася, і таму яе адносяць да катэгорыі рэліктавых[7].

Форма Мсціслаў з’яўляецца традыцыйна-пісьмовай і больш блізкай па структуры да старажытнай формы (Мстиславль), у адрозненне ад формы Амсціслаў, якая адлюстроўвае адну з характэрных фанетыка-арфаграфічных асаблівасцей беларускай мовы (наяўнасць прыстаўных галосных), і таксама можа прэтэндаваць на нарматыўную[7].

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Мсціслаў змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца 11361150[9] гг., хоць у пазнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш ранняя дата заснавання паселішча — 1135[8]. Пад 1156 г. Мсціслаў згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзнікла на Замкавай гары (даследчыкі ў 19591969 гг. выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХIIXVII стст., драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. У 2-й пал. ХII ст. Мсціслаў, імаверна, з’яўляўся другой рэзідэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расціслаў Раманавіч — першы князь мсціслаўскі.

У сярэдзіне XІV ст.[9] Мсціслаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе застаўся ва ўладанні тутэйшай княжацкай дынастыі. Тагачаснае Мсціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхра і яе прытока Малохвы.

У XІVXV стст. Мсціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна звязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разанню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Мсціславе свайго намесніка, а пазней перадаў горада свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсціслаўскіх[9]. У 1386 годзе каля горада адбылася Мсціслаўская бітва. 15 ліпеня 1410 года мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдскай бітве.

У 1501 годзе пад Мсціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымала маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, не здолелі захапіць горад. З 1527[9] Мсціслаў перайшоў у валоданне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) горад атрымаў статус сталіцы Мсціслаўскага ваяводства, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іхняга складу[10]. У 1614 г. у Мсціславе збудавалі першы касцёл па фундацыі старосты Пятра Паца.

16 жніўня 1634 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Мсціславу Магдэбургскае права і гарадскі герб: «у залатым полі збройная рука з мячом — Малая Пагоня»[11]. У 1637 насупраць Замкавай гары збудавалі касцёл і кляштар кармелітаў, з 1654 пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканцаў. У 1641 недалёка ад Мсціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 у месце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазней — рэзідэнцыю і калегіум[9]. 22 ліпеня 1654 у пачатку Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Мсціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 мяшчан[12]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Мсціслаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтр павета Магілёўскай губерні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная ўніяцкая царква. У 1781 расійскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй частцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы («каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют»), у верхняй частцы — палавіна герба Расійскай імперыі, аднак у 1797 імператрыца расійская Кацярына II унесла змены ў герб: «червлёный волк голова влево». У 1791 г. у Мсціславе адкрылася дваранскае, а ў 1810 — духоўнае вучылішча. У 1802 г. у горадзе збудавалі свечачны завод. На 1852 г. у Мсціславе дзейнічалі двухкласнае народнае вучылішча, дваранскае вучылішча, прыватная жаночая школа і 2 яўрэйскія вучылішчы. Неўзабаве з-за вялізных пажараў (у 1858 і 1863 гг.), якія ўшчэнт знішчылі Мсціслаў, пачаўся эканамічны заняпад горада.

Паводле перапісу (1897) у Мсціславе дзейнічалі гарадская, духоўная і прыходская вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. Станам на 1914 г. тут было 1048 будынкаў, з іх 25 — мураваныя, мелася 28 фабрык і заводаў з агульнай колькасцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месце была адна бальніца на 28 месцаў, амбулаторыя, аптэка, тры аптэкарскія магазіны, тры лекары, чатыры аптэкары, 6 акушэрак і 6 фельчараў на ўвесь павет. Па колькасці шынкоў Мсціслаў займаў другое месца ў губерні пасля Магілёва. Места асвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і калодзежаў.

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Мсціслаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Мсціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай акругі (з 1938 г. у Магілёўскай вобласці). У Другую Сусветную вайну 14 ліпеня 1941 да 28 верасня 1943 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

2 снежня 2000 г. на чарговым пасяджэнні ўлады Мсціслава зацвердзілі герб горада і раёна, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.

Насельніцтва

Эканоміка

У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі. Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца.

Культура

Архітэктура

Рэгулярны план Мсціслава 1839 года

Архітэктурна-планіровачная структура Мсціслава фарміравалася на працягу стагоддзяў. Горад узнік на Замкавай гары. Складаўся з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. Архітэктурнае аблічча сярэдневяковага горада вызначалі драўляныя храмы і нерэгулярная жылая забудова ўздоўж р. Віхра. У 1778 г. створаны рэгулярны план, які прадугледжваў прамавугольную сетку вуліц і сістэму плошчаў[16].

Сучасны Мсціслаў забудоўваўся паводле генпланаў, распрацаваных у 1961 г. інстытутам «Белдзяржпраект» і ў 1977 г. Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва, з захаваннем гістарычнаіі сеткі вуліц і архітэктурных помнікаў. Развіваецца ўздоўж р. Віхра, пераважна ў паўночным напрамку. У раёне плошчы Пятра Мсціслаўца (створана на перакрыжаванні вуліц Варашылава і Савецкай) і вуліц Леніна (галоўная кампазіцыйная вось), Калініна, Пралетарскай сфарміраваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр горада. Тут знаходзяцца будынкі райкама КПБ, райвыканкама, Дома культуры, Палаца шлюбаў і ўрачыстасцей (былога кінатэатра), рэстарана, гасцініцы, універмага, магазінаў і інш. Значнае месца ў архітэктурна-нланіровачнай кампазіцыі горада займаюць помнікі архітэктуры, а таксама гістарычныя зоны — Замкавая, Троіцкая і Дзявочая горы. Новы раён капітальнай жылой забудовы створаны ўздоўж аўтамабільнай дарогі Мсціслаў — Магілёў. Аднапавярховыя драўляныя дамы сядзібнага тыпу размешчаны на ўсёй гарадской тэрыторыі[16].

Вуліцы і плошчы

Асноўны артыкул: Спіс вуліц Мсціслава З урбананімічнай спадчыны Мсціслава да нашага часу гістарычныя назвы часткова захавалі вуліцы Кармеліцкая і Пірагоўская (афіцыйна гэтыя назвы вярнулі 2 верасня 2016 года[17]). Гістарычны Рынак атрымаў назву ў гонар Пятра Мсціслаўца.

Афіцыйная назваГістарычная назва
Варашылава вуліцаШамаўская вуліца
Калініна вуліцаКрасная вуліца
Камсамольская вуліцаБернардзінская вуліца
Камунарная вуліцаМанастырская вуліца
Карла Маркса вуліцаПравальная-Слабадская вуліца
Кірава вуліцаКармеліцкая вуліца
Леніна вуліцаКіеўская вуліца
Пралетарская вуліцаСмаленская вуліца
Рэспубліканская вуліцаПустынская вуліца
Савецкая вуліцаПарадная вуліца
Урыцкага вуліцаПірагоўская вуліца
Юрчанкі вуліцаСпаская вуліца[18]

Славутасці

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, выгляд з боку Замкавай гары.
Выгляд на касцёл Святога Міхала Арханёла і будынак былой мужчынскай гімназіі.
Царква Святога Аляксандра Неўскага.
Помнік Пятру Мсціслаўцу на цэнтральнай плошчы горада.

Гістарычныя будынкі

Культавае дойлідства

Помнікі археалогіі

Помнікі гісторыі

Страчаная спадчына

Зоны адпачынку

У цэнтры горада знаходзяцца паркі імя Н. К. Крупскай і Піянерскі, зона адпачынку на р. Віхра, прылеглыя лясныя масівы[16].

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Мсціслава і Ганаровыя грамадзяне Мсціслава

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаюцца таксама варыянты Мсці́слаў, Мсцісла́ўль, Амсці́слаў
  3. Шырока распаўсюджаны, у тым ліку ў афіцыйных дакументах, варыянт напісання Мстиславль, які, аднак, не з’яўляецца нарматыўным
  4. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 246.
  6. Этымалагічны слоўнік Макса Фасмэра: от мстить и сла́ва, собственно “мсти за славу
  7. 1 2 3 Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
  8. 1 2 Алег Трусаў. Старажытны Мсціслаў — сэрца беларускай Смаленшчыны // Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў. — Мн.: Полымя, 1992.
  9. 1 2 3 4 5 Батвіннік М. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  10. Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  11. Мсціслаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  12. Нашэсце // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  13. 1 2 3 Беларусь, 1995
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  15. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. 1 2 3 4 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  17. В Мстиславле переименовали улицы и площадь // «Святло Кастрычніка», 2.09.2016.
  18. План з гістарычна-археалагічнага музея
  19. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8. — С. 462.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Мсціслаў
Населеныя пункты паводле алфавіта
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Населеныя пункты Мсціслаўскага раёна
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных