wd wp Пошук:

Сож

Сож — рака ў Смаленскай вобласці Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях і на мяжы Беларусі з Расіяй і з Украінай[1], а таксама на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны[2]. Левы прыток р. Дняпро. Даўжыня 648 км, у межах Беларусі 493 км. Вадазбор 42,14 тыс. км²[3], у межах Беларусі 21,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 219 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,17 .

Агульнае

Пачынаецца за 12 км на поўдзень ад г. Смаленск і цячэ па Смаленскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, вусце каля г.п. Лоеў. У вярхоўях з’яўляецца дзяржаўнай мяжой Беларусі з Расіяй, у апошніх 20 км цячэння з Украінай.

Агульная даўжыня рачной сістэмы (3410 рэк) 16220 км, густата рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². На вадазборы ў межах Беларусі больш за 300 рэк і ручаёў часткова або поўнасцю каналізаваны, пракладзена больш за 170 меліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і больш. Верхняе цячэнне на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у Гомельскім Палессі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Сож працякае праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Суднаходства ад в. Барысавічы Клімаўскага р-на (за 373 км ад вусця) — пры высокіх узроўнях, рэгулярнае — ад г. Слаўгарад.

57 % гадавога сцёку прыпадае на перыяд веснавога разводдзя. Пад’ём узроўняў вясной пачынаецца звычайна ў 3-й дэкадзе сакавіка (радзей — у пачатку сакавіка) або ў сярэдзіне красавіка, доўжыцца 10—15 сутак у верхнім цячэнні, 20—25 сутак у нізоўі. Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4—5 м, найбольшая 6— 7,5 м. Зімовыя ўзроўні ў сярэднім на 10—20 см вышэй за летнія, але ў асобныя гады ў выніку адліг павышаюцца ў нізоўі да 2,5 м. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусця да вярхоўя. Веснавы крыгаход 3—5 сутак. На Беларусі найбольшая таўшчыня лёду ў рацэ 62—65 см. Сярэдняя тэмпература вады ў чэрвені — жніўні 19—21 °C, найбольшая ў ліпні — да 28 °C.

Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця Проні — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5—3 км, пры зліцці з далінамі рэк Асцёр і Проня — 5 км, ніжэй г. Ветка — да 7 км, пры зліцці з далінай Дняпра — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца пойма з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнямі і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах. Паверхня яе перасечана лагчынамі, старарэччамі і невялікімі азёрамі-старыцамі. Затапляецца на 5—10 сутак на глыбіню 0,5—2,5 м, у вусцевай частцы — да 4—5 м.

Землечарпальныя работы (Гомель, 2022).
Землечарпальныя работы (Гомель, 2022).

Рэчышча звілістае. У ніжнім цячэнні вялікая колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да Гомеля трапляюцца астравы (даўжыня 30—300 м, шырыня 10—50 м). Шырыня ракі ў верхнім цячэнні 40—80 м, у ніжнім 90—125 м, месцамі да 230 м. Дно роўнае. Берагі да вусця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5—4 м, ніжэй па цячэнні спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напрыклад, каля в. Гайшын Слаўгарадскага раёна), абрывістыя, вышынёй 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй г. Ветка па берагах пясчаныя пляжы.

Асноўныя прытокі

Фаўна

Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра, мінога ўкраінская, галавень, судак.

На рацэ

Гарады: Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель. Гарадскія пасёлкі: Хіславічы (Расія), Лоеў.

Этымалогія

Паходжанне гідроніма «Сож» выглядае цьмяным і дагэтуль не раскрыта. Існуе некалькі версій адносна вырашэння гэтага пытання:

Згодна з К. Бугам, назва Сажа таго ж паходжання, што і літоўскія тапонімы Sużany (цяпер літ. Sužionys) і Suże, латышскія тапонімы Suži, Suzis, і звязаная з ліўскім suž, эстонскім suzi, фінскім susi «воўк»[8]. Згодна з У. М. Тапаровым, аналаг з Верхняга Паволжа — назва ракі Созь (каля Цвяры), якую стала звязваюць з фінскім susi. Ён таксама заўважыў, што на Пасожжы сустракаюцца балцкія «ваўчыныя» гідронімы, у першую чаргу Воўчас[4], а таксама Аўчоса, якія абодва роднасныя літоўскаму гідроніму Vilkesa і звязаныя з vilkas «воўк»[9]. На думку К. Бугі, менавіта тут, на Верхнім Сажы ў нейкі момант была зона балцка-фінскага судотыку[10]. Літоўская рака Vilkesa працякае паміж згаданымі ў К. Бугі паселішчамі Sużany і Suże, і менавіта ў гэтай частцы Літвы вядомыя рэшткі фіна-вугорскіх паселішчаў грабеньчата-ямкавай культуры[11].

У культуры

Ціхі Сож. Валавяныя воды.
Бурштынее зара ў берагах.
Дзесь глухія гудкі параходаў
Аблятаюць разліўны размах.

Як у люстры, густою сцяною
Кучаравіцца лес у вадзе,
Абярнуўшыся ўніз галавою,
К водам пільнае вуха кладзе.

Леанід Гаўрылаў. «Сож».

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
  2. desna-buvr.gov.ua Архівавана 9 красавіка 2018.
  3. Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора ≥ 200 км²) Гомельской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
  4. 1 2 3 Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья [Текст] / В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев ; Акад. наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд-во Акад. наук СССР, 1962. — С. 208.
  5. Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья [Текст] / В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев ; Акад. наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд-во Акад. наук СССР, 1962. — С. 208, 227.
  6. 1 2 Рогалев, А. Ф. Топонимия Беларуси : Гомельская область. Лоевский район / А. Ф. Рогалев ; М-во образования РБ, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2015.  — С. 74.
  7. Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья [Текст] / В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев ; Акад. наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд-во Акад. наук СССР, 1962. — С. 227.
  8. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. P. 541.
  9. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. P. 547.
  10. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. P. 898.
  11. A. Girininkas. Baltai prie Suomijos įlankos // Lietuvos archeologija. T. 19, 2000. С. 103-108.
  12. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 173.
  13. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 176-177.
  14. Пульнер, И. Из жизни города Гомеля / И. Пульнер // Еврейское местечко в революции : Очерки / Под ред. проф. В. Г. Тана-Богораза. — Москва ; Ленинград : Гос. изд-во, 1926. — С. 156.
  15. Лебедев С. М. Гомель: краткий историко-экономический очерк. — Минск: Государственное издательство БССР, Редакция политической литературы, 1957 . — С. 9.
  16. Легенды і паданні / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — С. 269.
  17. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1887. — Вып. 3. — С. 262.
  18. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Заговоры, апокрифы и духовные стихи. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1891. — Вып. 5. — С. 23, 149, 150.
  19. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Быт белорусса; Словарь условных языков. — Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1912. — Вып. 8. — С. 288.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Сож
Катэгорыя·Рэкі Смаленскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Рэкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Прытокі Дняпра
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Памежныя рэкі
Катэгорыя·Рэкі Гомельскай вобласці
Катэгорыя·Рэкі Магілёўскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэкі Чарнігаўскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам